Туск: Беларусь магла б атрымаць 9 мільярдаў даляраў

У Варшаве завяршыўся саміт "Усходняга партнэрства", які праходзіў без удзелу прадстаўнікоў афіцыйнага Менску. Інфармацыя пра адсутнасьць беларускай дэлегацыі сталася практычна дамінантнай цягам другога і апошняга дня саміту.

Прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск і старшыня Эўрапейскай рады Гэрман ван Ромпэй вітаюць удзельнікаў саміту "Ўсходняга партнэрства" ў Варшаве. Сотні рэпартэраў, камэры, здымкі – трансьляцыя амаль ува ўсёй Эўропе. Гэтак пачаўся саміт "Усходняга партнэрства". Безь беларускай дэлегацыі.

Прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск і старшыня Эўрапейскай рады Гэрман ван Ромпэй

"Раніцай мы атрымалі ад беларускага боку інфармацыю, што беларускай дэлегацыі ня будзе. Шкада, што беларускі рэжым ізалюе 10-мільённы эўрапейскі народ ад карыснага супрацоўніцтва ў межах "Усходняга партнэрства", – заявіў прэсавы сакратар польскага прэзыдэнцтва ў ЭЗ Конрад Ніклевіч.

МЗС Польшчы запрасіў на саміт міністра замежных справаў Беларусі Сяргея Мартынава, але той адмовіўся, панізіўшы ранг дэлегацыі да беларускага амбасадара ў Польшчы Віктара Гайсёнка.

"У пятніцу беларускі амбасадар зможа ўзяць удзел ува ўсіх мерапрыемствах, пленарных паседжаньнях саміту, калі, натуральна, захоча", – казаў у чацьвер міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі.

У пятніцу, а не ў чацьвер – бо ранг беларускай дэлегацыі занадта нізкі, каб узяць удзел ва ўрачыстай вячэры зь лідэрамі 32 эўрапейскіх краінаў. Магчыма, менавіта на гэта і пакрыўдаваў беларускі бок, адмаўляючыся ад удзелу ў форуме з прычыны "дыскрымінацыі беларускай дэлегацыі".

"Мы сёньня ня ў поўным складзе, бо, нягледзячы на запрашэньне, у сёньняшніх нарадах не бярэ ўдзелу Беларусь – адна з краінаў "Усходняга партнэрства". Гэта яшчэ адзін моцны сыгнал аб тым, наколькі важныя для Эўропы і Беларусі перамены, якіх мы ўсе чакаем», – заявіў на пачатку другога дня саміту прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск.

У саміце ў Варшаве ўзялі ўдзел прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў

Дэмарш беларускай дэлегацыі стаўся адной з галоўных падзеяў форуму, адставіўшы на другі плян шэраг іншых пытаньняў, якія маюць ключавое значэньне для рэшты краінаў, што ўваходзяць у праграму.

На выніковай прэсавай канфэрэнцыі Дональд Туск заявіў, што да канца бягучага году будзе падпісанае пагадненьне паміж Украінай і Эўразьвязам аб партнэрстве, пачнуцца перамовы з Малдовай і Грузіяй аб паглыбленьні эканамічнага супрацоўніцтва.

Міхаіл Саакашвілі, Ільхам Аліеў і Віктар Януковіч падчас саміту ў Варшаве

Гаворачы пра Беларусь, Туск пацьвердзіў неафіцыйную інфармацыю аб тым, што Эўразьвяз выказаў намер падрыхтаваць адмысловы пакет дапамогі для Беларусі, вартасьць якога складае 9 мільярдаў даляраў. Гаворка ідзе пра гранты і крэдыты у тым ліку ад МВФ і Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку, інвэстыцыі, а акрамя эканамічных пытаньняў у пакеце – зьмякчэньне візавага рэжыму.

"Мы вельмі выразна падкрэсьлівалі гэта ў часе спатканьняў зь беларускай апазыцыяй і перакажам гэты адназначны сыгнал беларускім уладам, што ўмовай пачатку працы над гэтым пакетам ёсьць вызваленьне і рэабілітацыя ўсіх палітвязьняў, пачатак размоваў паміж уладамі і апазыцыяй і, па-трэцяе, правядзеньне выбараў у адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ", – заявіў Дональд Туск.

Дональд Туск вітае Ўладзімера Някляева

Між тым, як неафіцыйна паведамлялася раней, на саміце плянавалася ўхваліць адмысловую дэклярацыю, у якой краіны-падпісанты асудзілі б парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

“Аднак гэтага дакумэнту не падпісалі дзяржавы-ўдзельніцы праграмы "Ўсходняга партнэрства", і ён ня быў у выніку прыняты”, – заявіў старшыня Эўпрапарлямэнту Ежы Бузэк.


Беларусь асудзілі толькі ў дадатку. І ня ўсе


Удзельнікі саміту "Ўсходняга партнэрства" Эўразьвязу прынялі палітычную дэклярацыю сустрэчы, у якой асуджэньне Беларусі за палітычных вязьняў ды рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і СМІ было выключанае з асноўнага тэксту і далучанае да яе як дадатак.

Дадатак суправаджаецца заўвагай, што ён быў зацьверджаны толькі прадстаўнікамі краінаў-сяброў Эўразьвязу, а ня ўсімі ўдзельнікамі саміту, то бок не зацьверджаны краінамі-ўдзельнікамі "Ўсходняга партнэрства".

Тэкст дадатку да дэклярацыі адносна Беларусі гучыць так:

«Кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў і прадстаўнікі ЭЗ і яго дзяржавы-сябры выказваюць сваю глыбокую заклапочанасьць пагаршэньнем сытуацыі з правамі чалавека, дэмакратыяй і вяршэнствам закону ў Беларусі, асуджаюць няспыннае пагаршэньне стану свабоды прэсы ў Беларусі і патрабуюць неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зьняволеных, спыніць рэпрэсіі грамадзянскай супольнасьці і сродкаў масавай інфармацыі ды пачаць палітычны дыялёг з апазыцыяй.

ЭЗ таксама глыбока занепакоены паведамленьнямі аб тым, што зьняволеныя ня маюць кантакту зь сем'ямі і адвакатамі і доступу да мэдычнай дапамогі ды знаходзяцца пад псыхалягічным і фізычным ціскам. ЭЗ неаднаразова прапаноўваў паглыбіць свае адносіны зь Беларусьсю; пацьвярджаючы цяпер сваю палітыку ўзаемадзеяньня, ЭЗ зноў заяўляе, што такое паглыбленьне залежыць ад таго, ці беларускія улады пакажуць прагрэс у пашане дэмакратыі, вяршэнства закону і правоў чалавека».