Манаеў: "Страчаныя Лукашэнкам працэнты як бы растварыліся ў паветры"

Алег Манаеў

Толькі 24,5% апытаных у верасьні Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў давяраюць дзейнаму кіраўніку дзяржавы Аляксандру Лукашэнку. У сьнежні 2010-га Лукашэнку давярала 55% апытаных.

"Аднак страчаныя кіраўніком дзяржавы працэнты, як сьведчаць іншыя вынікі апытаньня, ні да кога не перайшлі і як бы растварыліся ў паветры", — адзначае сацыёляг, прафэсар Алег Манаеў. Гэтую зьяву ў размове са "Свабодай" ён тлумачыць так:

"З цэлага шэрагу прычын беларуская апазыцыя за ўсе гады супрацьстаяньня з рэжымам Лукашэнкі так і не змагла стаць прадстаўнічым суб'ектам беларускай палітыкі і беларускага грамадзтва наагул. Нават той патэнцыял пратэстны, крытычны, які быў і раней і які заўжды ахоплівае ад чвэрці да траціны насельніцтва, ніяк ня зьвязваецца з большай часткай апазыцыйных структур, лідэраў, праграм і г.д.

Але тут важней іншае — наколькі за апошнія год-два мяняецца стаўленьне насельніцтва да апазыцыі? Я бачу, што яно пакрыху зьмяняецца. І пацьверджу гэта двума фактамі. Першы — спроба руху Мілінкевіча працаваць у масах, размаўляць зь людзьмі зразумелай для іх мовай. І другі — кампанія "Гавары праўду" Някляева, якая актыўна засьвяцілася зь вясны 2010 году. Там таксама падобная ідэалёгія — павярнуцца тварам да простага беларуса, а не абмяжоўвацца вузкімі тусоўкамі.

Але гэта зьява адносна новая — ну, паўтара-два гады ад сілы. Але ж да гэтага 15 гадоў тое, што і як рабіла ў сваёй масе беларуская апазыцыя, фактычна не супадала з тым, чаго чакала значаная частка беларускага грамадзтва. Нават тая, якая была незадаволеная ўладай і яе курсам. Вось гэта і ёсьць галоўная прычына".