Навошта ўзмацняецца ціск на палітвязьняў?

Супраць палітзьняволеных Андрэя Саньнікава, Зьмітра Дашкевіча, Міколы Статкевіча ўжываюцца новыя мэтады ўзьдзеяньня. Чаго дамагаюцца ўлады? Ці можна лічыць гэта ціскам на Захад?
Удзельнікі: былы палітвязень Алег Гнедчык і экспэрт праваабарончага цэнтру «Вясна» Ўладзімер Лабковіч.

Уладзімер Лабковіч
Алег Гнедчык
Валер Карбалевіч

Ці выпадковы гэты ціск?


Валер Карбалевіч: «Андрэя Саньнікава, Зьмітра Дашкевіча раптам пераводзяць у іншыя калёніі. Ёсьць інфармацыя і пра ціск на Міколу Статкевіча. Ці можна лічыць гэта выпадковым? Ці гэта нейкая мэтанакіраваная палітыка?».

Алег Гнедчык: «Гэта мэтанакіраваны ціск. Яго мэта — зламаць людзей, прымусіць іх ці пісаць прашэньні аб памілаваньні, ці зьехаць з краіны. Лукашэнка ж казаў нядаўна, што быў бы рад, каб усе яны зьехалі за мяжу.

Трэба рабіць захады ў іх абарону. Напрыклад, абнародаваць прозьвішчы начальнікаў тых калёній, у якіх для палітвязьняў ствараюцца нечалавечыя ўмовы існаваньня».
Улады хацелі б атрымаць дывідэнды ад ужо вызваленых палітвязьняў.

Уладзімер Лабковіч: «Безумоўна, гэта мэтанакіраваныя дзеяньні на загад зьверху. У сваёй заяве мы адзначылі, што лічым дзеяньні ў дачыненьні да Саньнікава і Дашкевіча катаваньнем і бесчалавечнымі адносінамі. Бо ўлады груба парушаюць беларускае заканадаўства, крымінальна-выканаўчы кодэкс.

Думаю, гэта робіцца дзеля таго, каб падштурхнуць Захад хутчэй перайсьці да выкупу палітвязьняў і на ўмовах беларускіх уладаў. І адначасова гэта сыгнал, што калі Захад ня пойдзе на саступкі, то рэпрэсіі супраць палітвязьняў будуць большымі і мацнейшымі. Гэта азначае, што ўлады хацелі б атрымаць дывідэнды ад ужо вызваленых палітвязьняў».

Ці можна лічыць гэта ціскам на Захад?


Карбалевіч: «Зьвяртае на сябе ўвагу, што ўлады робяць так, каб ціск на палітвязьняў стаў вядомы грамадзкасьці. Да Саньнікава дапусьцілі адваката, які паведаміў пра ўмовы, у якіх знаходзіцца былы кандыдат у прэзыдэнты. Ліст Дашкевіча з інфармацыяй пра невыносныя ўмовы таксама прыйшоў да ягонай нявесты Палажанкі. То бок гэта нейкая дэманстрацыя. Таксама зьявілася інфармацыя, што можа аднавіцца крымінальная справа ў адносінах да Лябедзькі.

Ці можна пагадзіцца з сп. Лабковічам, што гэта крокі ў перамоўным працэсе афіцыйнага Менску з Захадам, спроба падвысіць цану? Вызвалілі большасьць палітвязьняў, аднак сустрэчных крокаў з боку Захаду не атрымалі. На саміт праграмы „Ўсходняе партнэрства“ Лукашэнку не запрасілі. І ў адказ пачаўся ціск на палітвязьняў. Маўляў, не разумееце такой мовы, то можам зрабіць і горш. Ці сапраўды гэта так?».

Гнедчык: «Калі мы сядзелі, у горад прыехаў Лукашэнка, і на нас адразу ўзмацніўся ціск. Мы хацелі перадаць інфармацыю пра гэта на волю. Але нам адразу забаранілі тэлефанаваць, да мяне і да Новіка не дапусьцілі адваката. Таму, калі цяпер інфармацыя адтуль праходзіць, то гэта не выпадкова.
Rалі цяпер інфармацыя адтуль праходзіць, то гэта не выпадкова. Гэта спроба торгу з Захадам.
Гэта спроба торгу з Захадам. Але заходнія краіны займаюць правільную пазыцыю, патрабуючы вызваленьня ўсіх палітвязьняў».

Лабковіч: «Гэта ня столькі торг з боку рэжыму, колькі шантаж Захаду. Маўляў, ня выкупіце ў нас палітвязьняў, то атрымаеце іх яшчэ ў большай колькасьці, і пры гэтым умовы іх зьняволеньня будуць суцэльнымі катаваньнямі.

Вельмі спадзяюся, што такі курс ня будзе мець посьпеху. Мы з захапленьнем ставімся да мужнасьці гэтых людзей, якія зазнаюць катаваньні. Захад павінен быць пасьлядоўным і ісьці на мінімальныя крокі насустрач рэжыму толькі пасьля безумоўнага вызваленьня ўсіх палітвязьняў. Каб у будучым у Беларусі не было палітзьняволеных, цяпер трэба праявіць гэтую вытрымку».

Ці трэба было рабіць крокі насустрач Лукашэнку?


Карбалевіч: «Існуе пункт гледжаньня, што такая жорсткая пазыцыя Захаду можа даць адваротны эфэкт. Магчыма, каб ЭЗ у адказ на вызваленьне большасьці палітвязьняў зрабіў нейкія сымбалічныя крокі насустрач рэжыму, то гэта стварыла б больш спрыяльную атмасфэру для перамоваў і дзеля палягчэньня лёсаў людзей, якія яшчэ знаходзяцца за кратамі?».

Гнедчык: «Думаю, цяперашняя пазыцыя Захаду правільная: ніякіх размоваў, пакуль ня будуць вызваленыя ўсе палітвязьні. І толькі потым могуць быць перамовы аб крэдытах і інш. А Лукашэнка вызваляе іх порцыямі. Засталося некалькі чалавек закладнікаў».
Трэба не ісьці на павадку ў сёньняшняга рэжыму і ня ўдзельнічаць у гандлі па ягоным сцэнары.

Лабковіч: «Палітвязьняў у краіне не павінна быць у прынцыпе. Таму трэба не ісьці на павадку ў сёньняшняга рэжыму і ня ўдзельнічаць у гандлі па ягоным сцэнары. Таму што ў адваротным выпадку пасьля кожнай палітычнай кампаніі рэжым будзе набіраць палітвязьняў і пасьпяхова імі гандляваць. Таму трэба не ісьці на саступкі і працягваць ціск. Ня выключана, што рэжым пойдзе на ўзмацненьне рэпрэсій. Але калі разважаць стратэгічна, то пазыцыя міжнароднай супольнасьці слушная. Бо ў іншым выпадку замкнёнае кола па набіраньні вязьняў, катаваньні, потым іх продажы будзе бясконцым».

Жаданьне выціснуць у эміграцыю?


Карбалевіч: «Вось сп. Гнедчык выказаў думку, што мэта гэтага ціску ў тым, каб прымусіць палітвязьняў ці пісаць прашэньні аб памілаваньні, ці зьехаць з краіны. Ці рэальна ажыцьцявіць такі плян?».

Лабковіч: «Думаю, улады страцілі надзею прымусіць вязьняў, якія засталіся, пісаць прашэньне аб памілаваньні. Цяперашнія рэпрэсіі — пэрсанальная помста вязьням за гэта. Плян іх эміграцыі малаверагодны. Лічу, што гэтыя рэпрэсіі скіраваныя на зьнешніх гульцоў».

Гнедчык: «Цяпер за кратамі засталіся моцныя людзі, таму прашэньне аб памілаваньні не атрымаецца. Бо я трохі ведаю гэтых людзей».