Халіп: Саньнікава кінулі ў "прэс-хату"

Другі тыдзень палітвязьня Андрэя Саньнікава вязуць па этапу з Наваполацкай калёніі ў Бабруйскую. Цяпер былы кандыдат на прэзыдэнта знаходзіцца ў транзытнай камэры Магілёўскага сьледчага ізалятара. Учора яго наведаў адвакат Андрэй Варвашэвіч.

Экс-кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава яшчэ 20 верасьня накіравалі этапам з Наваполацку ў Бабруйск. Паводле жонкі палітвязьня Ірыны Халіп, большую частку часу Андрэй Саньнікаў знаходзіўся ў транзытнай камэры Віцебскай турмы і толькі 25 верасьня яго давезьлі да Магілёва. У панядзелак сям'і Андрэя Саньнікава нарэшце ўдалося даведацца, дзе ён. Пры гэтым родныя і паплечнікі Саньнікава выказваюць непакой за ягонае жыцьцё і здароўе.

Адвакат Саньнікава Андрэй Варвашэвіч, які наведаў яго ў панядзелак, кажа, што сьлядоў зьбіцьця на палітвязьні няма, але выглядае ён надзвычай кепска:

ягоны стан надзвычай прыгнечаны ...

"Я яго бачыў, ягоны стан надзвычай прыгнечаны, ён не разумее, для чаго гэты этап, ён лічыць, што гэта не зусім законная сытуацыя. Ён спрабаваў зьвярнуцца да лекара, але лекара на ўчорашні дзень яму не далі. Ён кепска сябе адчувае. Абаронай робяцца захады, каб ягоныя правы аднавіць".

Жонка Саньнікава Ірына Халіп сёньня наведала Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС, каб высьветліць, што адбываецца з мужам, але там ёй нічога не паведамілі. Ірына Халіп, спасылаючыся на словы Саньнікава, сказаныя адвакату, зазначыла, што яе мужа ў СІЗА ўтрымліваюць у так званай "прэс-хаце":

майго мужа "прэсуюць" ...

"Мне афіцыйна нічога не паведамляюць. Андрэй у жудасных умовах. Я ведаю, што майго мужа "прэсуюць", прычым проста так, зь яго не выбіваюць прашэньняў, а ціснуць проста так. Прычым відавочна, што гэта заданьне".

Ірына Халіп заўтра склікае тэрміновую прэсавую канфэрэнцыю з нагоды сытуацыі, у якую трапіў яе муж.

Былы палітвязень Аляксандар Малчанаў занепакоены інфармацыяй, што Саньнікава так доўга вязуць па этапу і што яго кінулі ў "прэс-хату". Такія адмысловыя камэры неафіцыйна дзейнічаюць амаль ва ўсіх беларускіх турмах, кажа ён:

Аляксандар Малчанаў

"Прэс-хата — гэта камэра, дзе зьбіраюць розны зброд, якому небясьпечна знаходзіцца разам з усімі зьняволенымі, з-за таго, што яны калісьці зрабілі нейкія ўчынкі, за якія іншыя вязьні іх могуць пакараць. У турме іх пакідаюць для таго, каб яны ламалі іншых зьняволеных. Яны могуць псыхалягічны ціск чыніць, могуць зьбіваць, карыстацца іншымі мэтадамі, яны ня грэбуюць нічым і будуць выконваць любыя ўказаньні адміністрацыі СІЗА".

Цесьць палітвязьня Ўладзімер Халіп перакананы, што з Саньнікава адмыслова зьдзекуюцца паводле ўказаньня Лукашэнкі:

Уладзімер Халіп

"Ён утрымлівае сваю ўладу, зьнішчае палітычных апанэнтаў. Цяпер ён перайшоў да апошняй стадыі, ён зьбіраецца зьнішчыць фізычна Саньнікава, Статкевіча, Вуса, Бандарэнку і ўсіх тых, хто можа арганізаваць нейкія пратэсты, хто можа выступаць ад імя гэтага заняволенага народа".

Турэмны этап, які Андрэй Саньнікаў цярпіць ужо другі тыдзень, былыя палітвязьні са свайго досьведу характарызуюць як жорсткае выпрабаваньне. Зьняволеныя вымушаныя падоўгу знаходзіцца ў транзытных камэрах у нялюдзкіх умовах, пазбаўленыя нават тых магчымасьцяў атрымліваць перадачы, лісты, прэсу, якія яны маюць у калёніях.

Тым часам этап іншага палітвязьня Зьмітра Дашкевіча завяршыўся — яго даставілі ў Глыбоцкую турму. А маці Дзьмітрыя Вуса сёньня дамаглася пазаплянавага спатканьня з сынам у менскім СІЗА:

"Ён на лячэньні. Яго прывезьлі сюды ў суботу, у яго высокі ціск, ён прыйшоў чырвоны як рак. Але ён ня хоча мяне расстройваць, казаць пра хваробу".