Хвастоў адказаў Эўразьвязу

  • БелаПАН
Улады Беларусі рэкамэндуюць Эўразьвязу ня ўмешвацца ў палітычную барацьбу ў іншых краінах. З такой заявай выступіў 22 верасьня прадстаўнік Беларусі пры аддзяленьні ААН у Жэнэве Міхаіл Хвастоў падчас дэбатаў у рамках 18-й сэсіі Рады па правах чалавека ААН, якая праходзіць з 12 па 30 верасьня, паведамляе БелаПАН.

Паводле зьвестак прэсавай службы Рады па правах чалавека ААН, Хвастоў падзякаваў краінам, якія падтрымалі Беларусь падчас гэтых дэбатаў. Што да ЭЗ, то, як заявіў прадстаўнік афіцыйнага Менску, «у вольным сьвеце ніхто ня можа загадваць людзям, як яны павінны жыць і куды рухацца».

Хвастоў таксама падкрэсьліў: улады Беларусі будуць дамагацца таго, каб пытаньне аб сытуацыі ў краіне быў зьнятыя з парадку дня Рады ААН па правах чалавека. Паводле яго слоў, незадаволенасьць прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі зьяўляецца ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы краіны, а абмеркаваньне беларускага пытаньня «паказала усе дэфэкты» Рады па правах чалавека.

Прадстаўнікі краінаў ЭЗ выказалі сваю занепакоенасьць сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і, у прыватнасьці, наяўнасьцю ў краіне палітвязьняў. Акрамя таго, яны выказалі занепакоенасьць сытуацыяй з затрыманьнем праваабаронцы Алеся Бяляцкага.

Пасьля завяршэньня дэбатаў па сытуацыі ў Беларусі Рада па правах чалавека прыступіла да абмеркаваньня сытуацыі з правамі чалавека ў сьвеце.