Лябедзька заклікае лічыць асуджаных анархістаў вязьнямі сумленьня

Сёньня лідэр АГП Анатоль Лябедзька і бацькі зьняволеных беларускіх анархістаў заявілі пра пачатак кампаніі, якая мае на мэце прызнаньне асуджаных сёлета актывістаў анархісцкага руху палітвязьнямі і вызваленьне іх з турмаў.

Анатоль Лябедзька паведаміў, што ў часе свайго знаходжаньня ў СІЗА КДБ ён амаль паўтара месяца знаходзіўся ў адной камэры з арыштаваным анархістам Ігарам Аліневічам:

"Я вельмі рашучы ў тым, каб лічыць яго ды іншых асуджаных анархістаў палітычнымі вязьнямі, паколькі ён мне ў падрабязнасьцях распавядаў усе дэталі гэтай справы, пачынаючы ад таго, што яго скралі ў Расеі, а потым аформілі, што затрымалі быццам бы ў Беларусі. Ужо адно гэта прымушае зрабіць ясны вывад на гэты конт. Падчас знаходжаньня ў СІЗА ён быў зьбіты, але трымаўся вельмі годна ".

У часе нядаўняй паездкі ў Вашынгтон Анатоль Лябедзька на перамовах з амэрыканскімі палітыкамі прадставіў сьпіс палітвязьняў, якія сядзяць зараз у беларускіх турмах, агулам з 13 чалавек. У гэты сьпіс, апрача пакараных за Плошчу, уваходзяць актывісты "Маладога фронту" Дашкевіч і Лобаў, прадпрымальнік Аўтуховіч, а таксама асуджаныя анархісты Аліневіч, Францкевіч, Дзядок і Васьковіч. Пра іх лёс Анатоль Лябедзька гаварыў і з прадстаўнікамі Эўразьвязу, у прыватнасьці з уладамі Польшчы. І амэрыканскія, і эўрапейскія палітыкі настойваюць ня толькі на вызваленьні ўсіх беларускіх палітвязьняў, але і на іх рэабілітацыі, падкрэсьліў спадар Лябедзька.

Маці Ігара Аліневіча Валянціна яшчэ раз заявіла пра незаконнасьць і палітычныя матывы крымінальнага перасьледу яе сына. "Ён кінуў выклік уладам, і таму яго пакаралі",— перакананая яна. Цяпер жа ў калёніі абмяжоўваюць правы Ігара:

Валянціна Аліневіч

"Месяцамі я ня мела ад яго ўвогуле ніякай інфармацыі. Я разумела, што могуць быць катаваньні, магчымае нейкае ўзьдзеяньне, але старалася пра гэта ня думаць. Цяпер я з кожным днём даведваюся пра гэта ўсё болей і болей. Па-першае, ён сам распавёў, па-другое, ён піша пра гэта ў тых лістах, якія даходзяць да нас. Хаця пошта цяпер абмежаваная, за цэлы месяц я атрымала толькі адзін ліст, ніводнага тэлефанаваньня з калёніі не было".

Валянціна Аліневіч заклікае лічыць яе сына палітвязьнем. Такой жа думкі і бацька іншага зьняволенага, Мікалая Дзядка — Аляксандар:

Аляксандар Дзядок

"Тое, што яны палітзьняволеныя, бачна ня толькі з матэрыялаў крымінальнай справы, гэта бачна нават з выказваньняў дзяржабвінаваўцы на працэсе, які адкрыта заяўляў пра тое, што яны выступілі супраць улады. Справы аб анархістах — гэта справы безумоўна створаныя ў палітычных мэтах, для вырашэньня палітычных задач, і ў тым ліку каб прэвэнтыўна прыбраць у месцы пазбаўленьня волі маладых людзей, якія думаюць і якія неабыякавыя да нашай рэчаіснасьці".

Старшыня Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак кажа, што ягоная арганізацыя зараз дадаткова вывучае матэрыялы асуджэньня анархістаў, і ў праваабаронцаў ёсьць прэтэнзіі да законнасьці гэтых прысудаў:

Алег Гулак

"Праблема, безумоўна, існуе. Папярэдне ацэньваючы, можна сказаць, што ёсьць і сур'ёзныя парушэньні, асабліва ў адносінах да Дзядка… Але ёсьць там пэўныя пазыцыі, што іх дзеяньні былі не заўсёды мірнымі. Але пытаньне — ува ўсіх ці не, яшчэ таксама трэба з гэтым разабрацца. Бабруйскія працэсы супраць анархістаў таксама адрозьніваюцца ад таго, што было ў Менску… Дастаткова складанае пытаньне, але праблема ёсьць, і таму мы зараз над ёю працуем, і я думаю, што ў бліжэйшы час нейкае рашэньне будзе, і мы яго будзем спрабаваць узгадняць з нашымі калегамі".

Тым часам былыя палітвязьні, нядаўна вызваленыя з турмаў — Фёдар Мірзаянаў і Ільля Васілевіч — сёньня заявілі, што зьбіраюцца зьехаць зь Беларусі.

Фёдар Мірзаянаў і Ільля Васілевіч

Фёдар Мірзаянаў:

"У Беларусі я заставацца намеру ня маю, бо я лічу, што тут знаходзіцца мне небясьпечна. Тыя людзі, якія мяне пасадзілі ў турму, яны застаюцца на волі, пры сваіх пасадах, некаторыя нават атрымалі падвышэньне ў званьні. І вельмі слабая пэрспэктыва таго, што яны будуць пакараныя за свае злачынствы".

Ільля Васілевіч:

"Я не адчуваю сябе вольным, гэта псэўдасвабода, я не адчуваю сябе ў бясьпецы. У любы момант могуць скласьці адміністратыўны пратакол пра тое, што я, напрыклад, нецэнзурна лаяўся. Тры пратаколы, адміністратыўны нагляд — пасадзіць у турму чалавека ў Беларусі вельмі проста".

Ільля Васілевіч і Фёдар Мірзаянаў заявілі, што пасьля вучобы за мяжой могуць вярнуцца ў Беларусь — калі зьменіцца рэжым.

Каго А.Лябедзька прапануе лічыць палітвязьнямі:


Ігар Аліневіч
Мікалай Аўтуховіч
Дзьмітры Бандарэнка
Алесь Бяляцкі
Яўген Васьковіч
Дзьмітры Вус
Дзьмітры Дашкевіч
Мікалай Дзядок
Эдуард Лобаў
Мікалай Статкевіч
Андрэй Саньнікаў
Павал Севярынец
Аляксандар Францкевіч