У Авальную залю бел-чырвона-белы сьцяг унесла Галіна Сямдзянава

Радкі ў памяць Галіны Сямдзянавай я пішу ў дзень, калі адзначаецца 20-годзьдзе прыняцьця бел-чырвона-белага сьцяга і герба “Пагоня” ў якасьці дзяржаўных сымбаляў. Дакладней – павінна было б адзначацца, калі б краіна была такой, як Галіна пра яе марыла і дзеля якой працавала.

У такой краіне ў гэты дзень яе імя было б на першым месцы – бо менавіта Сямдзянава ўнесла ў Авальную залю бел-чырвона-белы сьцяг.

Відаць, мне трэба было б прыгадаць, якім чалавекам была Галіна, расказаць нейкія пазапалітычныя эпізоды, і так бы зрабіў – зноў жа, пры іншых абставінах, калі б кожны школьнік ці студэнт ведаў пра тых, хто здабыў краіне Незалежнасьць. У Беларусі – інакш. Прозьвішчы гэтых людзей выцертыя з афіцыйнай гісторыі. Таму сёньня скажу пра Галіну як пра палітыка і колішняга калегу па Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце.

Паводзіны Галіны Сямдзянавай у Вярхоўным Савеце XII скліканьня можна назваць толькі адным словам – гераічныя.

Бачу яе ў дні красавіцкіх страйкаў 1991-га, калі яна ўвайшла ў залю, дзе ішло паседжаньне Прэзыдыюму ВС, і перадала ўльтыматум аршанскіх рабочых: “Калі праз 7 хвілінаў ня будзе адказу, людзі лягуць на рэйкі”. Рэплікі раззлаваных дэпутатаў-камуністаў яна выслухала з усьмешкай. Міністар унутраных спраў і старшыня КДБ не абмежаваліся рэплікамі; на Сямдзянаву прамовы генэралаў не падзейнічалі.

Прыгадваю яе выступ 13 чэрвеня 1991 году, калі дэпутаты БНФ дамагаліся праўды пра Чарнобыль (відэазапіс таго выступу, на шчасьце, захаваўся).

Your browser doesn’t support HTML5

Navumchyk 1991 - 5



У дні путчу 19-21 жніўня Галіна сярод першых падпісала заяву Апазыцыі БНФ, у якой путчысты былі названыя злачынцамі.

Дні 24-25 жніўня 1991-га, калі надзвычайная сэсія Вярхоўнага Савету абвясьціла незалежнасьць, упісалі імя Галіны Сямдзянавай у беларускую гісторыю назаўсёды.

Гэта менавіта Галіна Сямдзянава на просьбу Пазьняка ўнесла перад пачаткам сэсіі ў прэзыдыюм авальнай залі бел-чырвона-белы сьцяг (нарэшце знайшоўся здымак, і спадзяюся, што цяпер “вэрсіі” легенды з удзелам дырэктара саўгасу ці касманаўта зьнікнуць).

Галіна Сямдзянава ўнесла нацыянальны сьцяг у Вярхоўны Савет, раніца 24 жніўня 1991 г.

А потым, калі на трыбуну пайшоў 1-ы сакратар ЦК КПБ, Сямдзянава стала паміж ім і мікрафонам – і колішні ўладар рэспублікі быў вымушаны паплесьціся на месца. Менавіта гэта псыхалягічна зламала пракамуністычную дэпутацкую большасьць, і мы дамагліся Незалежнасьці.

Дэпутаты зганяюць з трыбуны 1-га сакратара ЦК КПБ А. Малафеева. У цэнтры - Галіна Сямдзянава. 24 жніўня 1991 г.


Your browser doesn’t support HTML5

Малафеева не пускаюць на трыбуну (1991 год)





У пачатку верасьня 1991-га Галіна Сямдзянава курыравала стварэньне “вайсковага блёку” законапраектаў, якія Апазыцыя БНФ падрыхтавала на 6-ю нечарговую сэсію – гэтых законапраектаў было 16. Калі тэксты перадаваліся ў сакратарыят ВС на раздрукоўку, нехта з дэпутатаў павінен быў завізаваць іх сваім подпісам, гэта была простая фармальнасьць, але тое, што пад прапановамі на верасьнёўскую 1991 году сэсію аб стварэньні ўласнага войска і аб прыняцьці бел-чырвона-белага сьцяга і герба “Пагоня” ў якасьці дзяржаўных сымбаляў стаіць подпіс менавіта Галіны Сямдзянавай, якая ўнесла ў Авальную залю нацыянальны сьцяг, сёньня мне бачыцца сымбалічным.

Пасьля дасягненьня незалежнасьці Галіна займалася праблемамі стварэньня беларускага войска – фактычна насуперак генэралітэту, які бачыў сябе пад маскоўскім Генштабам, і міністру абароны, які звольніў з войска сотні беларускіх патрыётаў. Неяк у тыя гады адзін генэрал у мяне запытаўся: "Ну і каго вы, БНФ, маеце ў міністры абароны, калі прыйдзеце да ўлады, няўжо Сямдзянаву?" Генэрал ня мог паверыць, што ў дэмакратычных краінах жанчыны займаюць гэтую пасаду. Бясспрэчна, што Сямдзянава была б ідэальным міністрам абароны. Ды сталася інакш, і цяпер генэралы аддаюць чэсьць не жанчыне, а сямігадоваму хлапчуку.

Вясной і летам 1992 году Галіна Сямдзянава езьдзіла па абласьцях і раёнах, дамагаючыся ад чыноўнікаў выкананьня працэдураў Закону аб рэфэрэндуме – калі б тады была прынятая ініцыятыва БНФ аб датэрміновых выбарах, гісторыя Беларусі, перакананы, пайшла б іншым шляхам.

11 красавіка 1995 году, калі мы, 19 дэпутатаў БНФ, абвясьцілі галадоўку супраць зьнявагі нацыянальных дзяржаўных сымбаляў і беларускай мовы, то, добра ведаючы, які чалавек сядзіць ззаду нас за прэзыдэнцкай трыбунай, не дапускалі варыянту ўдзелу ў галадоўцы жанчыны. Але менавіта праз Галіну мы трымалі сувязь з даверанымі асобамі ў тую ноч.

Галіна Сямдзянава ўзначальвала Беларускую асацыяцыю вайскоўцаў “Вяртаньне” і працавала ў Камісіі па экалёгіі ВС Беларусі. Шкада, што, уратаваўшы больш як чатыры тысячы вайскоўцаў (а вяртаньне іх у Беларусь зь месцаў, якія былі “гарачымі пунктамі” ці патэнцыйна маглі імі стаць, інакш чым ратаваньнем не назавеш) і невядома колькі тысяч жыхароў Беларусі (дэпутатам тады ўдавалася дамагацца і перасяленьня з забруджаных Чарнобылем раёнаў, і выкананьня экалягічных нарматываў), Галіна не ўратавалася сама ад хваробы, якая косіць усё больш людзей у Беларусі, і зусім не старога веку.

Мы, яе калегі і сябры, будзем заўсёды памятаць Галіну Сямдзянаву, а надыдзе час – успомніць пра яе і Беларусь.