Маккейн будзе гаварыць пра Беларусь у сэнаце ЗША

Уплывовы амэрыканскі сэнатар Джон Маккейн, які быў прэтэндэнтам на пасаду прэзыдэнта ЗША на апошніх выбарах, выступіць у сэнаце на тэму сытуацыі ў Беларусі.

Пра гэта спадар Маккейн паведаміў лідэру Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку, які знаходзіцца зь візытам у Вашынгтоне.

Паводле Лябедзькі, размова з Маккейнам вялася па трох кірунках – вызваленьне палітзьняволеных, правядзеньне свабодных выбараў і выпрацоўка "пляну Маршала" для Беларусі.

Інфармацыю пра сустрэчу з апазыцыйным беларускім палітыкам сэнатар Маккейн разьмясьціў ў свіам твітэры, дзе ў яго каля двух мільёнаў чытачоў.

Лідэр АГП удзельнічаў у Парлямэнцкім форуме новых дэмакратыяў, які праходзіў у сталіцы ЗША. На ім былі прадстаўленыя як дзейныя, так і былыя парлямэнтары з розных краінаў. У свой час Анатоль Лябедзька абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 12 і 13 скліканьняў.