У палітвязьня Зьмітра Бандарэнкі пагоршылася здароўе

Зьміцер Бандарэнка застаецца у турэмным шпіталі, у яго пагоршылася здароўе. Андрэй Саньнікаў абураны далейшым утрыманьнем за кратамі Зьмітра Бандарэнкі. Андрэя Саньнікава і Міколу Статкевіча прымушаюць пісаць зварот аб памілаваньні. Дзьмітрыя Вуса абмяжоўваюць у тэлефанаваньнях. Зьміцер Дашкевіч працягвае галадоўку пратэсту.

Палітвязень Зьміцер Бандарэнка застаецца ў турэмным шпіталі пасьля апэрацыі на хрыбетніку. Учора зь ім сустрэліся адвакат і жонка Вольга. Яна і паведаміла «Свабодзе», што здароўе ў Зьмітра пагоршылася:

«Размаўлялі стоячы, бо ён ня можа сядзець, ён увесь час абапіраўся на калена. Сказаў, што са здароўем стала горш. Я заўважыла, што калі ідзе, то валачэ нагу — чапляецца за падлогу — гэта пальцы правай нагі сталі горш працаваць. Мяркую таму, што калі ён быў у пятым шпіталі, то яму рабілі электрастымуляцыю і яму было лепш, а цяпер бяз гэтай працэдуры пагоршала. Баліць грудная клетка і калені апухлі. Таксама сказаў, што ня можа піць асьпірыну, бо ў яго ж яшчэ праблема і са страўнікам. Таму вялікі гемаглябін, а гэта вельмі густая кроў і верагоднасьць тромбу».

Сустрэчу з адвакатам сёньня меў экс-кандыдат на прэзыдэнта Андрэй Саньнікаў. Пра гэта паведаміла жонка палітвязьня Ірына Халіп:

«Ніякіх тэлефонных званкоў яму не дазвалялі, хоць паводле правілаў унутранага распарадку асуджаныя маюць права тройчы на месяц тэлефанаваць дахаты. Яшчэ Андрэй распавёў адвакатцы, што нумар „Народнай волі“ за аўторак, дзе было надрукаванае маё з Андрэем інтэрвію пра праблемы асуджаных, пра тое, як адміністрацыя парушае правы асуджаных, увесь гэты нумар, а газэту выпісваюць вельмі многія ў калёніі, адміністрацыя канфіскавала. Ніхто не атрымаў гэтага нумару, і ўсё ж нейкі адзін асобнік зараз ходзіць па руках. Андрэй вельмі рады, што многіх людзей вызвалілі, але быў абсалютна разьюшаны, што сярод вызваленых няма Дзімы Бандарэнкі. Сказаў, што выпускаць людзей паводле прынцыпу гуманнасьці і не ўключыць у гэты сьпіс Дзьмітрыя зь ягонымі праблемамі са здароўем — гэта проста зьдзек з прынцыпаў гуманнасьці».
Выпускаць людзей паводле прынцыпу гуманнасьці і не ўключыць у гэты сьпіс Дзьмітрыя зь ягонымі праблемамі са здароўем — гэта проста зьдзек з прынцыпаў гуманнасьці.

Яшчэ адзін экс-кандыдат на прэзыдэнта, Дзьмітрый Вус, днямі тэлефанаваў дахаты і паведаміў, што адміністрацыя Магілёўскай турмы, дзе ён адбывае пакараньне, увяла новыя абмежаваньні на кантакты з роднымі, паведаміла жонка палітвязьня Яўгенія Вус:

«Патэлефанаваў ён мне ў нядзелю і паведаміў, што зараз яны маюць права не на пэўную колькасьць тэлефанаваньняў, а адбываецца гэта неяк паводле жэрабя: выцягваюць, і каму не пашанцуе, ня выцягне ніводнага разу, то цягам месяца ці двух можна ніводнага разу і не патэлефанаваць».

Карэспандэнтка: «Ці ведае ён аб вызваленьні 11 палітвязьняў?»

«Ня ведаю, бо пасьля гэтага ні ліста, ні тэлефанаваньня не было. Але думаю, што ведае, бо ён жа газэты атрымлівае: «Нашу ніву», «Народную волю» я яму выпісала і, здаецца, «Советскую Белоруссию».

Карэспандэнтка: «Вы яе таксама выпісалі?».

«Не, „Советской Белоруссии“ я яму дакладна не выпісвала, ня ведаю, адкуль яна ў яго».

Таксама абмежаваны ў кантактах яшчэ адзін кандыдат на прэзыдэнта, Мікола Статкевіч. Адміністрацыя шклоўскай турмы забараняе яму тэлефанаваць жонцы, шлюб зь якой не аформлены юрыдычна. Тым ня менш стала вядома, што на Міколу Статкевіча ізноў пачаўся ціск з патрабаваньнем пісаць ліст аб памілаваньні, кажа Марына Адамовіч:

«Калі вы заўважылі, то ўсе, каго вызвалілі, паведамілі, што на іх пачалі ціснуць у пятніцу-суботу. Ёсьць зьвесткі, што ад суботы пачалі моцна ціснуць і на Міколу. Нават ня кажучы аб прашэньні аб памілаваньні, бо гэта было б недарэчна і сьмешна — напішы хоць што-небудзь. Проста асабіста зьвярніся — самае галоўнае. У гэтым сэнсе Шклоўская калёнія сапраўды вельмі адметная ў сваім імкненьні выслужыцца і нежаданьні бачыць далей за свой нос».

Нявеста лідэра Маладога фронту Зьмітра Дашкевіча Наста Палажанка паведаміла, што Зьміцер ужо чацьвёрты дзень трымае галадоўку пратэсту. Ён знаходзіцца ў штрафным ізалятары, і ніякай інфармацыі ад яго няма.

Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка
Грамадзкі актывіст, сябра ГА «БАЖ». Нарадзіўся ў Менску 28 верасьня 1963 году.

У 1984 г. скончыў Інстытут фізычнай культуры.

У 1995–1996 гг. працаваў на незалежным Радыё 101.2 FM, зачыненым уладамі.

Адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97», каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь».

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Першапачаткова ў дачыненьні да яго было высунутае абвінавачваньне па арт. 293 КК (масавыя непарадкі), які прадугледжвае пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі, аднак 4 красавіка яно было перакваліфікавана на больш мяккае.

Зьміцер Бандарэнка абвінавачваецца па ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Артыкул прадугледжвае пакараньне штрафам, або арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.

Андрэй Саньнікаў

Андрэй Саньнікаў
Нарадзіўся ў Менску 8 сакавіка 1954 года. Скончыў Менскі дзяржаўны інстытут замежных моваў, Дыпляматычную акадэмію Міністэрства замежных справаў СССР у Маскве. Валодае чатырма мовамі. Працаваў у Таварыстве дружбы з замежнымі краінамі, у сакратарыяце ААН у Нью-Йорку, быў дарадцам прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь у Швайцарыі.

У 1995-1996 гг. — намесьнік міністра замежных спраў Беларусі. Пакінуў гэтую пасаду ў лістападзе 1996 год на знак пратэсту супраць правядзеньня рэферэндуму. У лістападзе 1997 году стаў стваральнікам і міжнародным каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя’97».

У 2008 годзе ініцыяваў грамадзянскую кампанію «Эўрапейская Беларусь».

Ляўрэат міжнароднай прэміі імя Бруна Крайскага ў галіне абароны правоў чалавека (2005 г.).

Кандыдат у прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах-2010.

Мікола Статкевіч

  • 12 жніўня 1956 году Нарадзіўся ў вёсцы Лядна Слуцкага раёну Менскай вобласьці ў сям'і настаўнікаў.
  • 1978 Скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню.
  • 1986 Абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
  • Працаваў выкладчыкам Менскай вышэйшай інжынэрнай зэнітна-ракетнай вучэльні.
  • Люты 1991 На знак пратэсту супраць падзей у Вільні выйшаў з КПСС.
  • 1991 Сябра Цэнтральнай рады і выканаўчага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).
  • 1995 Старшыня БСДП (НГ).
  • 1991-1995 Стваральнік і кіраўнік Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.
  • 2000 Удзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў.
  • 2005 Асуджаны на тры гады абмежаваньня волі за арганізацыю 18-19 кастрычніка 2004 году ў Менску вулічнай акцыі супраць афіцыйных вынікаў парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму. Па амністыі тэрмін абмежаваньня волі быў скарочаны на год.
  • Кіраўнік аргкамітэту ў справе стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада).​
  • 2010 Статкевіч вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты. Пасьля пратэстаў на Плошчы яго арыштавалі і затым асудзілі да 6 гадоў з адбыцьцём тэрміну пакараньня на падставе ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады). З тэрміну ён адседзеў 5 гадоў, катэгарычна адмовіўся пісаць на імя Лукашэнкі прашэньне аб памілаваньні, аднак усё адно выйшаў на волю пасьля ўказу апошняга.
  • 2011 Адбываючы тэрмін зьняволеньня, Мікола Статкевіч узяў шлюб з Марынай Адамовіч. Дзьве ягоныя дачкі ад першага шлюбу жывуць у Нямеччыне.
  • 2017 Статкевіча затрымліваюць і зьмяшчаюць у СІЗА перад Днём Волі.
  • 31 траўня 2020 Статкевіча затрымалі па дарозе на выбарчы пікет Сьвятланы Ціханоўскай. Спачатку яго пакаралі адміністрацыйным арыштам на 15 сутак, да якіх пасьля дадалося яшчэ столькі ж. Аднак па адбыцьці гэтага тэрміну палітыка ня вызвалілі, а перавялі ў СІЗА № 1 Менска і выставілі абвінавачаньне паводле крымінальнага артыкулу 342. Ён зноў адмаўляецца пісаць Лукашэнку прашэньне на памілаваньне, называе яго ўзурпатарам і дыктатарам, вітае канвой на закрытым судзе ў Гомлі нацыянальным воклічам «Жыве Беларусь!»​.

Дзьмітры Вус

Дзьмітры Вус
Нарадзіўся ў 1971 годзе ў Менску.

Юрыст, завочна скончыў Гарадзенскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Правазнаўства».

З 16 гадоў працаваў рабочым на заводзе «Інтэграл», пасьля будаўніком.

1999–2003 гг. Дэпутат Менскага гарсавету дэпутатаў.

2007 г. Таксама ішоў на дэпутата, але яго не зарэгістравалі.

2008 г. Вылучаўся на дэпутата ў Палату прадстаўнікоў.

2010 г. Удзельнічаў у мясцовых выбарах, але не прайшоў у Менгарсавет.

Ачольвае выдавецтва «Трывіюм».

Жанаты, мае двух сыноў.

Беспартыйны.

Зьміцер Дашкевіч


Зьміцер Дашкевіч
Нарадзіўся 20 ліпеня 1981 г. у вёсцы Кушняры Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Да пяці гадоў жыў у Расеі на Далёкім Усходзе. Потым сям’я перабралася ў Старыя Дарогі. Там скончыў школу № 2. Вучыўся ў Гарадзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. У 2001 годзе прыйшоў у "Малады фронт". Увосень 2001 г. быў адным з абаронцаў Курапатаў. Пазьней паступіў у Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт на факультэт славістыкі. Быў абраны кіраўніком Менскай гарадзкой арганізацыі "Маладога фронту". Актыўны ўдзельнік і арганізатар масавых акцыяў і мерапрыемстваў. За сваю палітычную дзейнасьць неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. У 2004 г. абраны старшынём "Маладога фронту".