На пачатак слуханьняў у справе аб выбуху ў менскім мэтро 11 красавіка 2011 году прыйшлі крыху больш за 120 пацярпелых ці іх прадстаўнікоў. Усяго ў справе фігуруюць звыш 500 пацярпелых. Адкрытае судовае паседжаньне праходзіла 15 верасьня ў актавай залі менскага Дому правасудзьдзя.
Пацярпелы Ігар Вяргейчык прызнаўся, што ішоў паглядзець на абвінавачаных. Ад суду Ігар чакае справядлівасьці, азнаёміцца з матэрыяламі справы ён ня змог праз стан здароўя. Падчас выбуху знаходзіўся ў другім вагоне, недалёка ад эпіцэнтру выбуху. “Кантузія, вушы разарваныя, баратраўма, толькі нядаўна скончыліся ўсе бальнічныя”, – расказаў Ігар Вяргейчык.
Студэнт Аляксандар Александрыя яшчэ не акрыяў ад траўмы, атрыманай пры выбуху 11 красавіка. Прызнаўся, што наведваць усе паседжаньні ня зможа, але на першае прыйшоў. У перапынку дзяліўся ўражаньнямі: “Рэакцыя Канавалава і рэакцыя Кавалёва – яўна відаць, што над імі добра папрацавалі і пачысьцілі ім мазгі. Яны проста падрыхтаваныя да гэтага працэсу”. Кажучы пра сваё стаўленьне да зачытанага абвінавачаньня, Аляксандар прызнаўся: “Я ня буду казаць, што ня веру. Я веру, што за гэтым ёсьць нешта яшчэ, яшчэ нехта крыецца”.
Гэтага ж пункту гледжаньня прытрымліваецца і Аляксандрава мама Тацяна. “У стане алькагольнага ап'яненьня наўрад ці можна зьмешваць выбухованебясьпечныя рэчывы, на гэта трэба яшчэ мець рэсьпіратар і вельмі дакладную руку”, – сказала Тацяна.