Чыгір: Калі пачнуць разварочваць рубель да афіцыйнага курсу — будзе бяда

Сёньня адбыліся другія па ліку таргі на дадатковай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы. У параўнаньні з 14 верасьня рубель умацаваўся на 100 пунктаў — рынкавы курс усталяваўся на адзнацы 8500 рублёў за даляр на тле ўчорашніх 8600. Аналягічныя тэндэнцыі дэманструюць і камэрцыйныя банкі, якія выстаўляюць курсы істотна меншыя, чым напярэдадні. Так, калі па выніках першых таргоў даляр можна было здаць па 8650 рублёў, то сёньня паказьнікі вагаюцца ў межах 8100—8400.

На думку былога кіраўніка "Белаграпрамбанку" Міхаіла Чыгіра, калі б кіраўніцтва краіны раней прыслухалася да дзелавой супольнасьці, якая настойвала на правядзеньні аналягічных таргоў яшчэ ў красавіку, прывязаць рубель да даляра можна было б у межах курсу 4000, што ўдвая меней за цяперашні. Зь іншага боку, як кажа спадар Чыгір, казаць, што Нацбанку ўдалося ўзяць фінансавую сфэру пад поўны кантроль, зарана:

"Я лічу, што падставаў да ўмацаваньня рубля ў нашай краіне не
трэба было б рабіць своечасова, бо цягнуць час у гэтай справе вельмі небясьпечна ...

прадбачыцца. Вядома, што з крэдытамі ў нас "аблом" здарыўся, таму дай Бог, каб яшчэ на гэтым узроўні засталося. Усё гэта, натуральна, трэба было б рабіць своечасова, бо цягнуць час у гэтай справе вельмі небясьпечна. І тады быў бы курс не 8500, а быў б нашмат меншы, можа і на 4000 усё затрымалася б. Таму ў гэтай сытуацыі будзе добра, калі ўсё застанецца прынамсі на цяперашнім узроўні. Бо калі пачнуць разварочваць да афіцыйнага курсу, да 5000, то наагул будзе бяда, трагедыя будзе. Бо хацець — гэта адно, а зусім іншае — дзе ж грошы браць дзеля таго, каб разьвярнуць яго ў адваротным кірунку? Многа даляраў патрэбна для гэтага. Ну, вядома ж, можна прадаць "Белкалій" ды прасьвісьцець гэтыя грошы, вярнуць курс на той узровень. А потым што? Потым будзе ўсё тое ж самае…".

Бальшыня аналітыкаў сыходзяцца на думцы: цяпер шмат што будзе залежаць ад таго, як надалей будуць сябе паводзіць улады. Паводле эканаміста Сяргея Балыкіна, калі задзейнічаюць адміністрацыйны рэсурс, пачаўшы штучна ўмацоўваць рубель "калідорамі" з забаронай на адхіленьні ад нейкіх паказьнікаў, то вяртаньне чорнага рынку — справа часу. Калі ж дадуць магчымасьць працаваць па законах рынку, то ёсьць шанец прынамсі вызначыць вартасьць нацыянальнай валюты на падставе рэальнага попыту і прапановы:

Сяргей Балыкін

"Трэба ж разумець: чым меней будзе перашкодаў на валютным рынку, тым больш рынкавы і больш нізкі будзе курс даляра ці больш высокі будзе курс беларускага рубля — што адно і тое ж. Таму што розьніцу паміж рынкавым курсам і афіцыйным, па якім адбываецца абавязковы продаж валюты, экспартэры адносяць на свае страты і імкнуцца кампэнсаваць іх, прадаючы астатнюю частку валюты па вышэйшым курсе. Гэта першае. Па-другое, калі на рынку ёсьць абмежаваньні, ёсьць рызыка, то гэтую рызыку таксама закладаюць у валютны курс, у кошт тавараў і г.д. І калі існуе дэфіцыт, калі імкнуцца суб'екты гаспадараньня, грамадзяне схаваць грошы, схаваць валюту, то прапанова зьмяншаецца, а попыт, наадварот, узрастае. І таму курс расьце. А калі прапанова будзе павялічвацца, дык і курс, адпаведна, будзе зьніжацца — пры ўмове, што дзяржава ня будзе больш друкаваць грошы. Зараз чынавенства кажа, што дзяржава грошы не друкуе. Ну, паверым ім, як кажуць, на слова".

Цягам ужо першых дадатковых таргоў рынкавы курс рубля, які на пачатку году вагаўся ў межах 3000, абваліўся амаль утрая. Паводле падлікаў аналітыкаў парталу infobank.by, за прамінулы час у параўнаньні з далярам рубель абясцэніўся ў 2,8 раза, а эўра — больш чым у 3 разы (з 4000 рублёў за 1 эўра да 12 150). Адпаведна — падзеньне на 185% і 205%.

Такім чынам, калі, згодна з дадзенымі Белстату, у ліпені сярэдні заробак па краіне склаў 305 даляраў (1 мільён 850 тысяч рублёў), то пасьля ўчорашніх таргоў гэты паказьнік зьнізіўся да 215 даляраў.

Пры гэтым улады не пагаджаюцца, што мела месца чарговая дэвальвацыя, паколькі афіцыйны курс, вызначаны Нацыянальным банкам, застаецца амаль нязьменны — крыху больш як 5000 рублёў за даляр. Праўда, у абменных пунктах такога курсу няма ўжо два дні.

Цяпер у абменных пунктах назіраецца карціна, палярна адваротная той, якую можна было ўбачыць яшчэ некалькі дзён таму. Пры наяўнасьці чорнага рынку, дзе здаць валюту можна было як мінімум у паўтара раза даражэй, даляры ды эўра ў банкі ніхто не здаваў. Цяпер жа людзі нарэшце гатовыя разьвітацца з СКВ, аднак узьнікла іншая праблема — ня ўсе абменныя пункты маюць дастатковую колькасьць наяўных рублёў.