Лябедзька: "Інвэстыцыі прыйдуць толькі празь перамоўны працэс з апазыцыяй"

Лідэр Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька так пракамэнтаваў "Свабодзе" выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ён ня будзе весьці перамоваў з апазыцыяй, а прапануе правядзеньне "круглага стала" і перамоваў паміж усімі палітычнымі сіламі краіны.

Лябедзька: "Было б няблага, каб Лукашэнка ўсё ж такі вызначыўся, што ён хоча рабіць у бліжэйшай пэрспэктыве — ці вырашаць пытаньні, што стаяць у парадку дня перад Беларусьсю, ці займацца іх кансэрвацыяй, закотваць у трохлітровыя слоікі? Трэба вырашаць праблемы, якія існуюць, а не забалбатоўваць іх.

У апазыцыі ёсьць мажлівасьці, якіх цяпер ня мае ўлада. Інвэстыцыі могуць прыйсьці ў Беларусь пад прапановы апазыцыі, празь перамоўны працэс паміж апазыцыяй і ўладай. Калі ўлады хочуць трымацца былой тактыкі, то бок займацца імітацыяй перамоваў, то гэта іх праблемы. Мы пачакаем".