Супраць народу чужая армія не дапаможа

У Маскве заяўляюць, што кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка выкарыстаў у сваіх мэтах і вульгарызаваў ідэю дапамогі з боку АДКБ. А падзеі 19 сьнежня ў Менску — унутраная справа Беларусі. Што хаваецца за гэтымі заявамі?

У Крамлі ня згодныя з Аляксандрам Лукашэнкам, што краіны-сябры АДКБ дамовіліся аб прымяненьні Калектыўных сіл апэратыўнага рэагаваньня, каб здушваць каляровыя рэвалюцыі. Тое, што адбылося ў сьнежні 2010 году ў Менску, як заявіў расейскай газэце "Известия" Генэральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа, — гэта "ўнутраная справа дзяржавы". Так у Маскве адрэагавалі на заяву кіраўніка Беларусі, зробленую ім на сустрэчы з Бардзюжам 30 жніўня ў Менску.

Мікалай Бардзюжа

"Гаворка ішла аб прымяненьні сілаў, ня толькі зьвязаным з умяшаньнем звонку і агрэсіяй звонку. Але з умяшаньнем іншых дзяржаў знутры краін АДКБ. Фронтам, вайной на нас сёньня ніхто ня пойдзе. А вось канстытуцыйны пераварот зрабіць, то рукі чэшуцца ў многіх".

Бардзюжа патлумачыў, што расейскі бок меў на ўвазе зусім іншае.

Адносна вінавачаньняў у тым, што Лукашэнка выкарыстаў у сваіх мэтах і вульгарызаваў ідэю дапамогі з боку АДКБ, кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Беларусі Павал Лёгкі пакуль устрымаўся ад камэнтароў.

усё на гэты конт у найбліжэйшы час будзе сказана кіраўніком краіныe ...

"Я думаю, што ўсё на гэты конт у найбліжэйшы час будзе сказана кіраўніком краіны. Я тут бачу, зьявілася шмат усялякіх нэрвовых выказваньняў, развагаў, меркаваньняў экспэртаў адносна таго, што сказаў прэзыдэнт на сустрэчы з Бардзюжам. Я тут нічога не камэнтую, але пастараюся, каб на гэтыя пытаньні адказаў кіраўнік краіны".

Паводле палітоляга Аляксандра Класкоўскага, цяперашні сюжэт вакол АДКБ — гэта піяраўская апэрацыя Масквы супраць Лукашэнкі.

Аляксандар Класкоўскі

"Крыніца "Известий" у Крамлі сказала, што зараз расейскаму МЗС дадзена ўстаноўка "ўсяляк мачаць Лукашэнку". Вось і мачаюць".

Аляксандар Класкоўскі лічыць, што Лукашэнку аб'ектыўна ня ўдасца выкарыстоўваць сілы АДКБ для здушэньня народных хваляваньняў.

"У АДКБ няма даверу паміж аўтарытарнымі кіраўнікамі. Кожны зь іх у душы баіцца, што Масква ўвядзе свае войскі і гэта будзе адпаведна з выслоўем — пусьці казла ў гарод. І Лукашэнка разумее, што пакуль у яго хапае сваёй сілавой моцы, каб стрымліваць сытуацыю ў краіне, ён дасьць рады без Масквы. Калі ж будзе такі форс-мажор, што ягоных сілавых структур ня хопіць, то тады Масква не дапаможа, а наадварот, падштурхне ўпасьці. Фактычна, Масква зараз чакае зручнага моманту, каб вырашыць пытаньне замяшчэньня ўлады ў Беларусі".

Маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў адзначае, што Лукашэнка — гэта ўсяго толькі найміт для ўдзелу ў праекце Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы. Кіраўнік Беларусі лічыць, што калі яму за гэта даюць нейкія паблажкі, то ён ужо можа вырашаць за расейскае кіраўніцтва, як яму распараджацца расейскімі вайскоўцамі.

Андрэй Суздальцаў

"Іншае пытаньне, што народнае паўстаньне нельга здушваць армейскімі часткамі. У любым выпадку. Нават калі адбудзецца народнае паўстаньне ў Беларусі і Лукашэнка прыменіць армію, то ён ператворыцца ў міжнароднага злачынцу. Ён, гэта разумеючы, хоча выкарыстаць чужыя рукі: нацкаваць расейскую армію на беларускі народ. Масква гэта цудоўна разумее і сказала, каб Лукашэнка не вульгарызаваў гэтыя рэчы".

Кірыл Коктыш

Палітоляг Кірыл Коктыш адзначае, што прапанова афіцыйнага Менску парушала прынцыпы сувэрэнітэту. І ў такой сытуацыі Масква вымушаная была б уцягвацца ў грамадзянскую вайну, выступаючы на нейкім баку. Гэта несла б Маскве адны выдаткі, і яе лёгка можна было б абвінавачваць у імпэрыялізьме. Таму рэакцыя Масквы даволі прадказальная, адзначае спадар Коктыш.