У Бярозе судзяць за ліпеньскую «маўклівую» акцыю

6 верасьня ў Бярозе (Берасьцейская вобласьць) разгледзяць адміністрацыйную справу супраць старшыні мясцовай суполкі стваранай Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Галіны Кавалевіч. Яе вінавацяць у тым, што яна не падпарадкавалася міліцыянтам падчас акцыі маўклівага пратэсту 13 ліпеня.

Галіна Кавалевіч кажа, што падчас разгону акцыі яна сядзела на лаўцы ля гарадзкой плошчы і чытала газэту. Міліцыянты запатрабавалі ў жанчыны пашпарт. Галіна Кавалевіч мела пры сабе толькі пэнсійнае пасьведчаньне. Яна адмовілася пад канвоем ісьці дадому па пашпарт. У выніку міліцыянты яе затрымалі і зьбілі, калі закідвалі ў аўтазак.

Судова-мэдычная экспэртыза зафіксавала на целе Галіны Кавалевіч шматлікія крывападцёкі. Аднак сьледчы пракуратуры Міхаіл Селех ня ўбачыў у дзеяньнях міліцыянтаў перавышэньня ўлады і службовых паўнамоцтваў.

Галіна Кавалевіч напярэдадні суду заявіла праваабаронцам «Вясны», што судзіць павінны міліцыянтаў, якія незаконна ўжылі супраць яе сілу.