Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Пінская шляхта
Пінская шляхта. Тэкст
Дунін-Марцінкевіч зь ягонай “Пінскай шляхтай” – Кустурыца беларускай літаратурнай клясыкі. Тут табе і шляхціцы з тэмпэрамэнтам ня горш чым у балканскага цыгана – зь любой нагоды гатовыя даць у пысу, пусьціць сьлязу або пусьціцца ў скокі, тут і эротыка па загуменьнях, і інтрыгі на фоне пастаральных краявідаў, і прыродны, нязьменны, як зорнае неба над галавой, хабар, і п’янства пад раблезіянскую закуску, і шчымлівасьць фанерных скрыпак: шчасьце абсалютнай самадастатковасьці. І, вядома, тут жа і дзяржава, абсалютна бясьсільная супраць усяго гэтага стракатага карнавалу, бо яе ўласныя чыноўнікі-бюракраты ня толькі не замінаюць пераможнаму шэсьцю вясёлага хаосу – гэты карнавал на іх і трымаецца.
Умела карыстаючыся кічам, Кустурыца ў тысячны раз адкрыў сьвету Балканы – несапраўдныя, прыдуманыя ім самім, але такія прыцягальныя. Выдае на тое, што паўтара стагодзьдзя таму стваральнік нашага нацыянальнага кічу Дунін-Марцінкевіч меў падобныя мэты – наноў адкрыць Беларусь. Але спачатку яе трэба было прыдумаць. Прыдумаць і ўціснуць у найбольш папулярную і лёгка засваяльную мяшчанскім мозгам форму. Кустурыцам скарыстаўся Галівуд, Дунін-Марцінкевіч дужа прыдаўся раньняму, балівудзкаму пэрыяду разьвіцьця беларускай літаратуры і за гэтыя заслугі атрымаў чын клясыка, зь якім пасьпяхова дабрыў да нашых дзён, штурхаючы паперадзе свой адпаліраваны вадэвільчык. Ягоная ўяўная дыетычнасьць, ненавязьлівае франдзёрства і асабліва недатыкальнасьць аўтара дазваляюць дагадзіць практычна любой публіцы і надалей трымаць беларушчыну там, дзе яе хоча бачыць бальшыня насельніцтва – у музэйна-фальклёрным гета: побач з хрэнам-табе-ў-вочы і прэснымі маладзіцамі.
“Пінскую шляхту” паводле дурной філфакаўскай звычкі называюць сатырай. Вядома, ніякай сатырай у гэтым творы ня пахне – для гэтага
аўтар занадта любіць сваіх герояў. У ёй ёсьць хіба што сатыры – ну, як мінімум адзін сатыр, прычым пажылы: сэксуальна заклапочаны шасьцідзесяцігадовы шляхціц Куторга; але сатыры – не, не відаць. Хто ведае, можа, аўтару і сапраўды хацелася паказаць выраджэньне і маральную дэградацыю зьбяднелай шляхты, якая, маўляў, у часы Дуніна-Марцінкевіча нічым ужо не адрозьнівалася ад звычайнага мужыка – толькі сьмешнай пыхай. Але пра якое выраджэньне можа ісьці гаворка – калі б у жыцьцялюбаў і прыстасаванцаў “Пінскай шляхты” былі ў дупах разеткі, ад іх можна было б зараджаць акумулятар. Цьвікі можна рабіць з такіх людзей – ці запалкі “Пінскдрэў”. Праміне сто гадоў, і пра тое, як чэзла і гінула беларуская шляхта, паспрабуе напісаць Караткевіч – і гэта будзе ў пэўным сэнсе “чырвоная кніга”, кніга ценяў, бо ад гурмы вясёлых мужыкоў-шляхцюкоў застанецца адзін Дубатоўк, такі пазнавальны – нібыта запазычаны Караткевічам з нашага вадэвілю.
Такім чынам, мы на Беларусі, дзевятнаццатае стагодзьдзе нядаўна пераваліла свой экватар, сярод шляхты яшчэ жывая памяць пра перамогі гетмана Хадкевіча і Літоўскі статут – але гэта ўжо неістотна. Аўтар пачынае п’есу з тлумачэньня, што дзея адбываецца ў ваколіцах О… О, гэтае “О”, ды яшчэ ў вакОліцах – яно зь юнацтва не дае мне спакою. То бок з самага пачатку твора перад намі ўзьнікае круг, кола, упісанае ў іншае кола. Кола са старажытных часоў – прошча, сымбаль цэльнасьці і замкнёнасьці, колам абводзілі сябе жрацы і магі, каб абмежаваць, сканцэнтраваць чароўную сілу. Ці не намякае Дунін-Марцінкевіч з самага пачатку на тое, што сваім творам ён зьбіраўся абараніць, адасобіць выдуманы ім сьвет, а зусім ня выставіць яго на ўсеагульны глум? Бо гэты сьвет каштоўны і жывы ў межах абведзенага вакол яго двайнога кола, па-за ім ён нічога ня значыць і нікому не цікавы. У ХХІ стагодзьдзі гэтыя два “О” будуць заключаныя ў трэцяе, апошняе – беларускі Нацбанк выпусьціць да юбілею драматурга памятную манэту, ідэальная кругласьць якой нібы завершыць ператварэньне драматурга Марцінкевіча ў “рэч у сабе”.
Больш за тое, гэтае О… у п’есе – “паміж балотаў”. Узьнікае спакуса ўявіць балоты як трохкутнік і ўспрыняць тады ўступ за замаскаваны масонскі знак. Дасьледчыкі сыходзяцца на тым, што “О” азначае мястэчка “Ольпень”, але, здаецца, яны проста надта давяраюць біяграфіям. Невядома, ці быў Дунін-Марцінкевіч масонам, але яго пінская шляхта існуе ў творы паводле законаў масонскай ложы – нібыта і падпарадкаваная дзяржаве, але пры гэтым выключна па сваіх уласных правілах, кіруючыся выключна сваёй маральлю і сваімі інтарэсамі, і ціха точыць імпэрыю знутры, робячы само існаваньне далёкай цэнтральнай улады проста абсурдным.
Слова “вадэвіль” паходзіць ад францускага “val de Vire“, даліна Віру: менавіта жыхары даліны ракі Вір у Нармандыі лічацца вынаходнікамі вясёлых тэатральных сцэнак з абавязковымі песенькамі-скокамі і немудрагелістым, замяшаным на каханьні і інтрыгах сюжэтам. Вядомы з XVII стагодзьдзя, у часы Дуніна-Марцінкевіча вадэвіль у Эўропе ўжо аджываў сваё, але ў Расейскай імпэрыі ўсё яшчэ трымаўся. Вадэвіль ад прыроды непераборлівы: Грышка кахае Марысю, Марыся Грышку, гэта само па сабе ўжо можа скончыцца ня толькі цяжарнасьцю, але і п’ескай. Далей аўтар “Пінскай шляхты” не рызыкуе і сьціпла пазычае ў Шэксьпіра трошкі вэронскіх жарсьцяў: няхітры, вульгарны, але надзейны прыём. Бацькі Марысі – злосныя Пратасавіцкія-Мантэкі, Грышкаў бацька Іван Цюхай-Ліпскі – удавец Капулеці. Паміж імі паволі тлее пінска-шляхецкая вэндэта: некалі бацькі выпівалі разам, і пасьля трэцяга кілішку грапы Ліпскі назваў Прaтасавіцкага мужыком, а той пакрыўдзіўся і адлупцаваў сабутэльніка. Мае прыехаць суд. Грышка падгаворвае судовага засядацеля памірыць бацькоў ды адкрыць тым самым шлях да ягонага шлюбу з Марысяй. Усе старанна робяць выгляд, што страшэнна баяцца прыезду судзьдзі. На Марысю тым часам прэтэндуе ўжо згаданы няшчасны сатыр Куторга, і добры мусью Пратасавіцкі просіць сатыра (бо ён чалавек “бывалы”) дапамагчы залагодзіць чыноўніка ў абмен на дачку. Але стаць мадам Куторга дзяўчыне не наканавана. Марыся, з жахам уяўляючы, як сатыр будзе стрыгчы валасы ў носе і “кашляць і стагнаці” ў ложку, сохне па маладым Грышку і нават напрыканцы абяцае ўтапіцца ў Прыпяці, калі яе ня злучаць з каханым. Сюжэт жа ўжо на самым пачатку абяцае ўтапіцца ў нармандзкай рацэ Вір… -- калі нарэшце прыяжджае судовы засядацель Кручкоў.
Чыноўнік Кручкоў – такі самы пінскі шляхціц, але з шырокімі паўнамоцтвамі і добрым нюхам на халяўную спажыву. Як сапраўдны дэтэктыў, такі сабе скотлaнд-ярдаўскі лестрэйд, ён пачынае з таго, што садзіць пад арышт абсалютна бяскрыўднага пэрсанажа, беднага Куторгу – каб не замінаў Дуніну-Марцінкевічу пісаць п’есу далей. Напярэдадні Кручкоў ужо атрымаў хабар ад апантанага сваімі матрыманіяльнымі плянамі Грышкі – “двух зайцоў, тры пары цецерукоў і кадобчык мёду”. То бок цяпер ён стратэгічны саюзьнік Грышкі і Марысі. Кручкоў прыяжджае ў О…, каб сабраць даніну з астатніх і скончыць справу самым выгодным для сябе чынам. Што яму бліскуча ўдаецца. Мімаходзь, на разьвітаньне, пасварыўшы яшчэ двух шляхціцаў (make your business!), Кручкоў махае ўсім ручкай, абяцаючы хутка наведаць О… ізноў. П’еса сканчаецца мірам, песьнямі і п’янкай. „Усё“ – як пісаў ў школьных сачыненьнях па белліце дваццаць пяць гадоў таму мой аднаклясьнік Хмурко. “Дайце брава – ды і з богам”. Такое вось беларускае кіно 1866 году. Падобна на добры трэнажор для рэжысэра-пачаткоўца: вось табе тэатар, а вось табе вешалка. Аднак ня ўсё так проста.
Зразумела, што насамрэч Кручкоў ніякі не чыноўнік, а, хутчэй, археоляг ці нават землямер. У гэтую кароткую экспэдыцыю ў самую сярэдзіну двайнога О… яго накіроўвае аўтар (а можа, і сам выпраўляецца зь ім, інкогніта, з пашпартам на імя Вінцэнта Пісулькіна). Сапраўдная мэта аўтара і Кручкова – адшукаць страчаны нацыянальны характар. Бываюць і такія мэты ў літаратуры. Ці знаходзіць яго Кручкоў? Наўрад ці нехта з герояў п’есы затаіў на Кручкова крыўду – асэсар усё зрабіў па-боску, бо ён асэсар. Відавочна, што пінскай шляхце больш даспадобы заўжды будзе Кручкоў, які хай сабе і строгі, і “дзярэ”, але зь якім можна выпіць і пасьмяяцца і які ў разуменьні шляхты паводзіць сябе па-чалавечы, усьведамляючы, што ён ня дзесьці там, у Пецярбургу, Парыжы ці Варшаве, а ў О…, у самым цэнтры двайнога кола і балотнага трохкутніка; справядлівыя судзьдзі тут нікому не патрэбныя, бо зь імі О… страціць сам падмурак свайго існаваньня. Як не патрэбная ў п’есе і арыгінальнасьць аўтарскіх рашэньняў – “Пінская шляхта” коціцца па законах жанру, як трамвай па рэйках, усе ведаюць, куды гэты трамвай прыедзе, колькі ў ім месца і якая цана квітка (а вялікія творы, да якіх “Пінская шляхта” наўрад ці належыць, менавіта таму і вялікія, што з пэўнага моманту іхныя трамваі сыходзяць з рэек, узьлятаюць або адразаюць галовы бэрліёзам). Герархія сьвету О… апісана тым самым Куторгам:
…Добра стара казка вучыць:
Дзярэ коза ў лесе лозу,
Воўк дзярэ ў лесе козу,
А ваўка – мужык Іван,
А Івана – ясны пан,
Пана ўжо дзярэ юрыста,
А юрысту – д’яблаў трыста!
А трыста д’яблаў сядзяць і прыдумляюць старыя казкі, што вучаць нас таму, што дзярэ коза ў лесе лозу, воўк дзярэ ў лесе козу і гэтак далей, па коле. Выпадзеньне нейкага зьвяна ў гэтым сьпісе няўхільна пацягнула б за сабой руйнаваньне ўсяго О…, якое ператварылася б тады ў немаведама што: Ю, W або нават Ы. Юрыст тут на пачэсным другім месцы зьверху, над ім адно д’яблы. Варта юрысту паўстаць супраць тых д’яблаў, а драматургу – хаця б на сантымэтар адступіцца ад законаў жанру, як усё разваліцца: Іван стане драць пана, каза – юрыста, воўк – лазу, а псэўдасялянскі кічавы вадэвіль стане літаратурай, чаго ніяк ня мог дапусьціць былы менскі юрыст Дунін-Марцінкевіч, які ў 1834 годзе падаваў прашэньне аб прызнаньні яго дваранінам і сам добра ведаў, якое на дотык судовае сукно.
Залежнасьць Дуніна-Марцінкевіча ад сваіх герояў амаль фатальная: як і ў большасьці такіх масонскіх п’есаў, літаратар жыве тут толькі дзякуючы сваім адмоўным героям – калі прайграюць зло, сквапнасьць і няпраўда, зьнікне і сам аўтар. Зрэшты, знайсьці тут станоўчых герояў таксама праблематычна: Грышка і Марыся, магчыма, і маглі б увасабляць нейкі сьветлы пачатак – калі б ня іхная відавочная вырачанасьць: зразумела, што пасьля таго, як заслона апусьціцца, яны ажэняцца… Што далей? Атрымаюць у спадчыну патаньнелы шляхецкі гонар, які нікому асабліва і не прадасі; хутка састарацца, Грышка ператворыцца ў копію свайго азызлага, задзірыстага і сквапнага бацькі – навуку прыстасаванства і хабарніцтва ён ужо засвоіў; а Марысю, якая пасьля першых родаў стане тоўстай, сварлівай і падазронай, чакаюць Kinder, Küche i Kirche. Не забываймася на моц “ваколіцаў О…” -- нават калі гэтыя героі здолеюць вырвацца з аднаго кола, за ім іх непазьбежна чакае другое. Адсюль няма выйсьця, адсюль нават аўтар, адшукаўшы тое, што хацеў, ня здолеў вярнуцца, так і застаўшыся Пісулькіным, хай сабе і клясыкам.
Праўда, вадэвіль, асабліва калі ён – фарс, пільнай патрэбы ў станоўчых героях ня мае. У чым ён мае патрэбу – дык гэта ў вясёлых інтрыжках, салёных жартах і вострых языках. Сьмех у “Пінскай шляхце”, вядома, спэцыфічны. Набокаў пісаў пра літаратуру ХІХ стагодзьдзя, што тады камар быў сьмешны сам па сабе, камар на носе – сьмешны ўдвая, а камар на носе гарадзкога галавы мог давесьці чытача да гістэрычнага рогату. Прыкладна тое самае сустракаем у “Пінскай шляхце”. Гумар у “Пінскай шляхце” скрозь фізіялягічны, гэта гумар чаргі на мэдагляд у правінцыйнай паліклініцы. Задраны ўгару вус “фурыёзнага” Кручкова – адзін з галоўных камічных элемэнтаў п’есы, а прымаўка Ліпскага “хрэн табе ў вочы” – яе парафраз. “Гарачая, ой, гарачая!” – кажа маці Марысі пра крупнік, а Кручкоў успрымае гэта як сэксуальную характарыстыку Марысі. “Ні верашчака, каўбасы дзялянка, нішто не смакуе безь цябе, каханка” – скардзіцца юрлівы Куторга. Сьмешна, аж жывоцікі надарваць можна. Але народны гумар заўжды быў і будзе фізіялягічны, хай эпоха і карэктуе значэньні асобных словаў. Мала хто задумваецца, што для цяперашніх школьнікаў, якія рагочуць зь “Пінскай шляхты”, выраз “Хрэн у вочы” выклікае трывалыя парнаграфічныя асацыяцыі.
Цікава параўнаць “Пінскую шляхту” зь іншымі драматургічнымі выштукамі эпохі. У той самы час, калі Дунін-Марцінкевіч дапісваў свой фарс-вадэвіль, іншы эўрапейскі драматург, не настолькі вядомы ў О…, акурат правіў рукапіс новай п’есы пад назваю “Пэр Гюнт”. Калі мы гаворым пра адставаньне нашай літаратуры ад замежнай, то не павінны забываць: Ібсэн меў перад Дуніным-Марцінкевічам істотную перавагу – па-першае, яму ня трэба было прыдумляць Нарвэгіі, па-другое, ён мог дазволіць сабе вырвацца з абдымкаў уласных герояў, бо ня меў абавязку спадабацца публіцы – тое, што шукае Пэр Гюнт, асабістае і ўжо таму агульначалавечае. Пэр Гюнт пакідае радзіму і вандруе па сьвеце, Ібсэн закідвае яго то ў Марока, то ў пустэльню, то ў Каір, ён можа параўноўваць: краіны, людзей, неба, веравызнаньні – героі “Пінскай шляхты” такой магчымасьці ня маюць, як ня маюць і такой патрэбы: навошта ім выпраўляцца далей за найбліжэйшае “места”, яны й так жывуць у цэнтры сусьвету. Сымбалічна, што калі Пэр Гюнт вяртаецца, то ад яго патрабуюць адказу: хай патлумачыць, дзе і калі ён быў самым сабой. Глупства якое – кожны герой “Пінскай шляхты” ведае, хто ён, грае самога сябе і цьвёрда ўпэўнены ў слушнасьці сьветабудовы, а калі хто засумняваецца – хрэн таму ў вочы. У гіерархіі “Пэра Гюнта” чалавек стаіць на самым версе і сам па сабе варты трохсот д’яблаў. Таму так цяжка штурхаць перад сабой вадэвільчык – колцы захрасаюць у сьлядах ад шырокіх ступакоў Пэра Гюнта і яму падобных.
Вось і атрымліваецца, што ўратаваць аўтара здольная адно мова. А мова ў Дуніна-Марцінкевіча сапраўды адметная, сакавітая, як грудзі юнай Марысі – відаць, што п’еса зьявілася з чагосьці большага, чым жаданьне аднаго пана трохі “папрастарэкаваць”; мова – вось стыхія Дуніна-Марцінкевіча, а зусім не тэатар. Адна толькі “Пінская шляхта” цягне на паўнавартасны слоўнік арыгінальнай, безэквівалентнай народнай лексыкі. У мове п’есы (прынамсі, п’есы ў яе кананізаваным выглядзе) там-сям сустракаюцца і першыя ў новай беларускай літаратуры спробы скарыстаць з камічнымі мэтамі трасянку – той самы прыём, які потым будуць браць на ўзбраеньне пакаленьні літаратараў – ад Купалы да Зьмітрака Аглаблёвага. Расейскі канцылярыт у “Пінскай шляхце” – несумненная ўдача ці то аўтара, ці то ягоных пазьнейшых перапісчыкаў: усе гэтыя “жалуюшчыеся”, “цяжушчыеся”, “дзерушчыеся” “прэступнікі” і “упатрэблённая” імі ў “апрэдзелённых абстаяцельствах” “гербавая бумага”…
Вось мы тутака гаворым, гаворым – а сур’ёзныя дасьледчыкі ўжо даўно намякаюць, што з Дуніным-Марцінкевічам пара канчаць. У тым сэнсе, што: а ці быў наогул хлопчык? Ці сапраўды Марцінкевіч – такі Дунін, як пра яго звыклі думаць? І калі Дунін – то ці напраўду Марцінкевіч? Ці ён сам “Пінскую шляхту” напісаў – ці ўсё ж яму яе прыпісалі? І калі ўсё ж сам, хрэн яму ў вочы, то ці “пінская” гэта шляхта – бо некаторыя сьмелыя лінгвісты сумняваюцца ў прыналежнасьці “пінскашляхецкай” мовы да пінскіх гаворак? І ці беларускаю мовай яна напісаная – а мо хутчэй, з увагі на арыгінал, паляшуцкай валодай? А можа, Дунін-Марцінкевіч наогул – дагэтуль ня выкрыты польскі шпіён у хрэстаматыях па белліце? Пінскай местачковай шляхце хацелася выпіць і пабіцца, а менскай навуковай шляхце хочацца займець свайго шэксьпіра, хай і ў такі дзіўны спосаб. Напэўна, Дунін-Марцінкевіч зь “Пінскаю шляхтай” пражывуць з намі яшчэ парачку вечнасьцяў. Урэшце, для таго, каб пакідаць пасьля сябе загадкі, неабавязкова быць вялікім – а загадкі застаюцца, як круглыя мокрыя адбіткі бутэлек на судовым сукне.

Прашэнне В. Дуніна-Марцінкевіча ў Мінскі дваранскі дэпутацкі сход аб пацвярджэнні яго дваранскага паходжання. 28 студзеня 1834