Аднойчы ўвосень

Яўген Ліпковіч

Яўген Ліпковіч, блогер зь Менску.
lipkovichea.livejournal.com
www.facebook.com/profile


На пажаданьне Насты Палажанкі прырабіў аптымістычнае заканчэньне

— Гэта ж мой сын! Што ён робіць?
— Табе лепш ня ведаць.
— Чаму? Што ты на мяне так глядзіш?
— Проста павер мне.
— Што гэта ў яго ў руках?
— Хадзем.
— Ты ўвогуле хто?
— Аб.
— Хто?
— Аб.
— А крылы ў цябе нашто?
— Хадзем.
— Глядзі, Аб: ён усьміхаецца. Глядзі, усьміхаецца, хлопчык мой.
— Хадзем.
— Што ты заладзіў адно і тое ж, нібы папугай.
— Нас чакаюць.
— Падушка ў яго ў руках? Нашто падушка? Кінуў яе на падлогу, лоб выцірае, рукі трасуцца, вочы бегаюць, нэрвуецца…
— Трэба ісьці.
— Пакой знаёмы, люстра як у мяне, шпалеры…
— Ты ідзеш?
— Занавескі на вокнах падобныя… І ложак як мой, італьянскі… Процьму грошай каштаваў. Ён кажа нешта. Нічога не чуваць. Што ён кажа, ты разумееш?
— Хадзем.
— Дзіўнае кіно такое.
— Хадзем.
— Хто здымаў, нашы ці замежнікі? Не, нашы так ня ўмеюць. Галівуд, напэўна. Ты можаш гуку дадаць?
— Не.
— Чаму?
— Не магу.
— Я ж цябе па-людзку прашу.
— Не.
— Бяз гуку незразумела. Чыю ён руку трымае?
— Нас чакаюць.
— Гэта ён пульс мацае? Ён што, лекар? Дзіўнае кіно.
— Чакаюць нас.
— Ён ніколі лекарам не хацеў быць. У яго адны дзеўкі ў галаве. Ганяць на машыне, дыскатэка і дзеўкі. Хто ў ложку ляжыць, чыю ён руку трымае, Аб?
— Хадзем.
— Ты штосьці ведаеш? Чаго ён зноў гаворыць? Чаму падушка?
— Хадзем.
— Чаму гуку няма? Чаму? ЧАМУ?
— Хадзем.
— РАБІ ГУК! РАБІ ГУК! ГУК ДАЙ!
— Табе не спадабаецца.
— Рабі, рабі, міленькі! ААААА! БАЛІЦЬ!!! БАЛІЦЬ! ААА!!!!!
— Я папярэджваў.
— ЯК БАЛІЦЬ! ДЫХАЦЬ НЯМА ЧЫМ, ПАВЕТРА НЕ ХАПАЕ! ААА!!!

— Ты! Ты што? Ты што надумаў, шчанюк?!!!
— Тата, ты жывы???
— Ты на каго руку падняў, вырадак?
— Тата…
— Ты на бацьку руку падняў!!! Бацьку роднага падушкай задушыць хацеў!!! Ахова! Ахова!
— Тата, гэта ня тое, што ты думаеш!
— Арыштаваць гэтага… гэтага… Я сам яго дапытаю. І прывядзіце лекара… Не яму, мне прывядзіце… Лекара! Хутчэй лекара!

— ЛЕКАРА! ДОКТАРА!!!
— Я ж казаў, што табе не спадабаецца.
— Нас яшчэ чакаюць, Аб?
— Вядома.
— Хадзем хутчэй…

Канец