Восень: іншага канца сьвету ня будзе

Марыя Мартысевіч

Марыя Мартысевіч (1982) — паэтка, эсэістка, перакладніца, вясельны кансультант, ахвяра кляшча. Культаглядальніца газэты "Новы час", намесьніца старшыні Беларускага ПЭН-Цэнтру. Перакладае мастацкую літаратуру з шэрагу славянскіх моваў і з ангельскай. Выдала дзьве кнігі ўласных твораў: "Цмокі лятуць на нераст: эсэ ў вершах і прозе" (Логвінаў, сэрыя "Галерэя Б", 2008) і — колькі тыдняў таму — "Амбасада: вершы свае і чужыя" ("Кнігазбор", сэрыя "Кнігарня пісьменьніка"). Жыве ў Менску. І ў блогу "Радыё Марыйка". users.livejournal.com/maryjka_


Мой асабісты прагноз на восень даволі схематычны, паколькі ўся мая восень даўно расьпісаная ў штодзёньніку — у адрозьненьне ад лета, якое я магла плянаваць, як мне заманецца. Прагноз на восень для ўсёй краіны просты: эканоміка канчаткова ператворыцца ў гной, які ляжа пад карэньне літаратуры, і мы ўсе напішам пра ўсё, што з намі станецца, сумныя вершы. І чым больш будзе сьмярдзючага гною, тым больш будзе гэтых
прыўкрасных у сваім суме вершаў.

Але да аптымістычнага. 8—9 верасьня ў Менску адбудзецца Міжнародны фэстываль Чэслава Мілаша. Ён аб’яднае паэтаў-спадчыньнікаў Вялікага Княства Літоўскага — беларусаў, літоўцаў, палякаў, украінцаў. У Менск прыедуць, між іншых, клясык польскай паэзіі Рышард Крыніцкі, а таксама жывая легенда дэмакратыі — расейская паэтэса Натальля Гарбанеўская, адна тых васьмі, хто выйшаў на Красную Плошчу ў жніўні 1968 году.

11 жніўня ПЭН-Цэнтар ладзіць вялікую вечарыну-шанаваньне пераможцаў конкурсу маладых літаратараў імя ўсё таго ж Чэслава Мілаша. Тых, якія былі ў Вільні і нават зладзілі творчую вечарыну, на якой выступоўцаў было 19, а слухачоў — тры. Трэба спадзявацца, у Менску ўвосень лік крыху выраўняецца.

Чэслаў Мілаш, безумоўна, — трэнд сэзону. Да ўсяго дзейства вакол яго імя 8—11 верасьня прымеркаваны выхад тоўстага чатырохтомніка перакладаў яго вершаў і эсэістыкі на беларускую мову. А вось перавыданьне дзьвюхмоўнага зборніка паэзіі "Іншага канца сьвету ня будзе" ўжо зьявілася, і на блогу кнігарні "Логвінаў" з гэтай нагоды нават абвясьцілі конкурс прыпевак. Наведнікі выдавалі прыўкраснае:

*

Нобель многа каму дадзен,
I кажу я чэсна:
Зь нiм, цi безь няго, праслаўлен
Мiлаш. Той, што Чэслаў.

*

Чэслаў Мілаш, Чэслаў Мілаш
за акном катаецца.
Чэслаў Мілаш, Чэслаў Мілаш
дзеўкам очэнь нравіцца.

*

Мясарубка, мясарубка,
я цябе пакручваю,
а сама ў гэты час
Мілаша завучваю.

*

Гэта вам не абы-што,
Мілаш на паліцы,
вось як будзе ператрус,
узнаюць і ў міліцыі.


14—18 верасьня ў братнім Львове — традыцыйны Форум выдаўцоў. На міжнародны літаратурны фэстываль з гэтай нагоды едзе вялікая дэлегацыя беларускіх пісьменьнікаў. Проза: Уладзіслаў Ахроменка, Павал Касьцюкевіч, Сяргей Календа. Паэзія: Андрэй Хадановіч, Віталь Рыжкоў, Сяргей Прылуцкі, Цімур Хоміч.

Ну так, я там вышэй паўсюль таксама буду.

Потым я яшчэ дзесьці паеду, але я спадзяюся ўсё гэта шчасьліва перажыць і выплысьці ў канцы верасьня, калі я сыду ў зацяжны творчы адпачынак.

Ну вось, Божанька. Я расказала пра свае пляны. Можаш сьмяяцца.