«Будзе высшы клас! Канец сьвету!»


Сёлета дзякуючы «Комсомольской правде в Белоруссии» краіну абляцела сэнсацыйная навіна, што пад Салігорскам развальваюцца хаты ў вёсцы Крывічы, якая знаходзіцца па-над аварыйнымі шахтамі. Ці сапраўды ў Крывічах існуе сэйсмалягічная пагроза? Ці гэта толькі чуткі? Па дарозе на Крывічы я падвёз крыху падпітага калгасьніка. Мужык быў яўна горды, што пра родную вёску пайшла слава на ўсю краіну.


— Народ верыць, што зямля праваліцца?


— Яны вераць. Усе Крывічы і Краснадворцы. І мая ж цётка. «Ой, Воўка! Мы правалімся!» Я кажу — што ты ў паніку кінулася? Усё праваліцца. Ніколі не ўпадайце ў паніку. І будзе высшы клас. Канец сьвету.


Вёска Крывічы — паселішча вялікае і вельмі ахайнае. Цэнтральная сядзіба ня самага беднага СПК. Гэта бачна па некалькіх вуліцах навюткіх аграгарадошных дамкоў. На першы погляд — абсалютна беспраблемная вёска. Прынамсі, выглядаюць Крывічы нашмат больш прэзэнтабэльна за суседнія Краснадворцы і Астроўкі. Насупраць дзяржаўнай крамы ёсьць нават прыватная. Сьляды апакаліпсісу ў вочы ня кідаюцца. Але варта прагуляцца па вёсцы, і язык прывядзе вас да людзей, якія яшчэ некалькі гадоў таму рэальна маглі загінуць пад цаглінамі свайго дома, які пачаў руйнавацца. Знаёмцеся — аграном Уладзімір Біч і яго жонка Надзея. Якія жывуць у зусім новым доміку. А што сталася са старым?


— Тут пра Крывічы пайшла слава на ўсю Беларусь. Што тут шахта пад вамі. Тут праўда ўсё рушыцца і валіцца?


Праўда. Мы жылі. Домік быў калгасны. Мы яго выкупілі. За месяц ён рухнуў. Так рэзка пайшоў, што ўсё. Мы выклікалі камісію зь «Белкалія». Прыехала камісія. Забаранілі нам жыць. Ён такі страшны. Я кажу: «Дапамажыце, зрабіце. У счэпку вазьміце ці ў сьцяжку. Я ня ведаю». — «Мы, — кажуць, — ня возьмем. Бо ў вас няма дакумэнту пра дазвол на будаўніцтва гэтага дома». Раней ні ў кога не было. Уся Садовая вуліца рухаецца. І ўсё. Мой домік рухнуў. Я перад гэтым зрабіла капітальны рамонт. Уставіла шклопакеты, уставіла новыя дзьверы. Ён рухнуў, і нам давялося выселіцца адтуль. Пасьля прыйшла папера, што калгас вінаваты. «Судзіся з калгасам».


— А калі гэта было? У якім годзе?


Тры гады ўжо. Нам тую хату далі ў 78-м годзе. Будаваў нябожчык Найман такі. Павінны былі пакласьці тры маналітныя паясы. Наш дом пабудаваны проста так. Безь ніякіх маналітных паясоў. Мне, як уладальніку гэтага дома, нічога не сказалі. І ў 2001-м годзе па нашым доме пайшлі трэшчынкі невялічкія. А я зрабіў эўрарамонт. І ў адзін цудоўны дзень сьпім. Пятніца была, як сёньня помню. Такі грукат — ух! Мы аж страсянуліся. Усталі, паглядзелі. І з таго дня ўсё рухацца пайшло. А мы ж аформілі. Нам прадалі. Калі ведалі цудоўна, што такі дом, навошта было?..


Дзяржстрах нічога ня даў. «Белкалій» нічога ня даў. Усё страціла.


— Я раблю галоўным аграномам. І дзякуючы гэтаму далі нам домік. А так бы апынуліся пад плотам.


А што сказаў Дзяржстрах?


— Дзяржстрах сказаў, што вінаваты «Белкалій». Таму што вырабатка пад домам.


— Сказалі, што «Вы страхуеце хату ад стыхійных навал».


А гэта што?


— А гэта віна «Белкалія». А «Белкалій» адказаў, што ня мы вінаватыя, а вінаваты Найман. Бо не пабудаваў маналітныя паясы.


Карацей, крайніх няма.


— Крайні ўжо нябожчык.


Чуць што, заўжды вінаваты Найман.


Гучыць, пагадзіцеся, анэкдатычна. Начальнік ПМК Найман пакінуў без жытла агранома Біча. Але дом Бічоў у суседняй вёсцы Астроўкі пачаў разбурацца тры гады таму. І біць трывогу трэба было ўжо тады. Бо відовішча сапраўды ўражвае. Салігорскія белыя горы ўздымаюцца на далёкім даляглядзе, кілямэтраў за дзесяць адсюль.


Цяжка нават уявіць, што пад табой, на шматмэтровай глыбіні, праходзіць шахта. На якой здараецца загадкавая аварыя.


Але і дом, і гараж, і гаспадарчыя пабудовы — усё ў вялізных трэшчынах.


І падмуркі, і сьцены.


Усярэдзіне дома — сапраўдны Сталінград.


Бічы сапраўды маглі загінуць у сваёй спальні. Бо сьцены ў куце, дзе стаяла канапа, разыходзяцца ўбакі, як падчас землятрусу.


— Вось, капітальны рамонт зрабіла.


Вы рабілі рамонт, і пасьля пачалося гэтае чорт ведама што?


— Так. Вось была спальня.


І вы жылі як пры бамбёжцы.


— Ложак стаіць, а на цябе цэгла падае.


Па дакумэнтах усё ясна, чыя гэта віна.


— Віна «Беларуськалія».


Яны ўсё звалілі на калгас. А калі б вы не працавалі ў калгасе?


— Не далі б нічога.


І што? Жыві на вуліцы?


— На вуліцы.


Суседка Надзеі Біч, кабета, якая ўсё жыцьцё прарабіла на «Беларуськаліі», таксама магла страціць сваё жытло — двухпавярховы цагляны дом. Але, пабачыўшы дом Бічоў, спахапілася своечасова.


— Сьцяжку рабілі. А клець развальваецца.


А чаму развальваецца? Гэта праўда, што з-за шахты?


— Мы так мяркуем. А адкуль нам ведаць? Яны разумнейшыя там сядзяць. Ім лягчэй нас падмануць. Яны разумнейшыя, раз мы ўсё за свой кошт робім.


Чаму за свой?


— Таму што прыехала камісія, сказалі, што нейкіх там даведак няма. «Белкалій» — ён багаты. Але ж нам дапамогі няма.

Яны разумнейшыя там сядзяць. Ім лягчэй нас падмануць. Яны разумнейшыя, раз мы ўсё за свой кошт робім.

Вось я гэтую хату паглядзеў, дзе Надзея Біч жыла...


— Душа баліць, на гэтую хату глядзеўшы. Якія былі гаспадары, які быў парадак. А цяпер глянеш — руіны. І гэтаму дому было б так. Каб не сьцягнулі своечасова. Цяпер жа на памылках вучацца. Калі бачыш разваліны, дык стараюцца як-небудзь сваё ўжо зрабіць. Бо надзеі няма, што нехта зробіць.


А вы, вашы суседзі — не баіцеся тут жыць? У гэтым градзе Кіцежы?


— А дзе нам дзецца?


Усё гэта нагадвае домік кума Гарбуза.


— А дзе ж нам падзецца? Паслухаеш, што зараз творыцца, дык усе вёскі на такім сядзяць. Кажуць, нейкае там возера ёсьць. Усе вёскі як на парахавой бочцы сядзяць. Але ж нам трэба жыць. Людзі ўсё перажываюць. Чалавек — такая натура, што ўсё вытрымлівае. Трэба жыць, і жывем.


Але ж у Астроўках развальваюцца ня толькі цагляныя дамы. Ходзіць зямля і пад драўлянымі. Даярцы, што працуе і на пэнсіі, Марыі Бубцы цяжка стрымліваць сьлёзы, апісваючы свае цяжбы зь «Беларуськаліем».


— У мяне драўляная хата. Падмурак вываліўся. Я напісала тры лісты. Адказваюць — драўляную хату мы ня будзем рабіць.


Чаго?


— Таму што гэта не цагляная хата. У хаце ў мяне цагляная сьцяна. Дзьверы ў мяне пакасіла, падлога паад’яжджала, падлога паадыходзіла. «Гэта ня нашы праблемы». У мяне ў каморы бэтон патрэскаўся. Яны ня хочуць нічога мне рамантаваць. Летась я падмурак сама рабіла пад хатаю. Дапамагаць ніхто ня хоча. Хай аплоцяць. Страхоўку таксама плачу па дзевяноста тысяч. Страхоўку не выплочваюць. Пайду да Рымашэўскага — начальнік наш салігорскі. Але ж я раблю, пэнсіянэрка, на фэрме, дык няма калі. Памажыце мне.


Пад старымі дамамі, кожны зь якіх каштуе ня самыя вялікія грошы, дзяржава здабывае валюту. Цікава, якая доля працэнту ад штодзённай выпрацоўкі пайшла б на рамонт усіх гэтых хат? Дзясятая ці сотая? Мне не пашчасьціла пагаварыць з генэральным дырэктарам прадпрыемства Валерыем Кірыенкам, які цяпер на бальнічным. На сустрэчы зь вяскоўцамі генэральны дырэктар «Беларуськалія» сказаў, што прадпрыемства бярэ на сябе рамонт будынін, якія разбураюцца менавіта з-за дзейнасьці шахцёраў. Што, пагадзіцеся, ня так проста давесьці. І, мяркуючы па тым, што я пабачыў на свае вочы, у гэтай гісторыі будзе працяг. Абы без ахвяраў...


http://maps.google.com/maps/ms?ie=UTF8&hl=en&oe=UTF8&msa=0&msid=209683680851718841608.00046355b62ab3e327e28&num=200&start=400&sll=52.850629,27.40943&sspn=0.028612,0.084543&t=p&vpsrc=6&ll=52.93043,27.322998&spn=0.28973,0.723724&z=10&iwloc=lyrftr:msid:209683680851718841608.00046355b62ab3e327e28,0004abba100326e1ce67f,,,0,-31&output=embed
Падарожжы Свабоды