Марыя Мартысевіч (1982) — паэтка, эсэістка, перакладніца, вясельны кансультант, ахвяра кляшча. Культаглядальніца газэты "Новы час", намесьніца старшыні Беларускага ПЭН-Цэнтру. Перакладае мастацкую літаратуру з шэрагу славянскіх моваў і з ангельскай. Выдала дзьве кнігі ўласных твораў: "Цмокі лятуць на нераст: эсэ ў вершах і прозе" (Логвінаў, сэрыя "Галерэя Б", 2008) і — колькі тыдняў таму — "Амбасада: вершы свае і чужыя" ("Кнігазбор", сэрыя "Кнігарня пісьменьніка"). Жыве ў Менску. І ў блогу "Радыё Марыйка". users.livejournal.com/maryjka_
У культурным жыцьці лета традыцыйна — мёртвы сэзон. Але лета-2011 — як маё пэрсанальнае, так і маёй краіны — выдалася надзіва жывым, насуперак таму, што менавіта ўлетку ў маладым веку пайшлі з жыцьця мае сябар і сяброўка, а ў краіне высьпеў хрусткі каштэль эканамічнага апакаліпсісу.
Маё сачыненьне на тэму "Як я прабавіла лета" магло б атрымацца вострасюжэтным. Можна было б расказаць, як напрыканцы чэрвеня ў адной зь менскіх кавярняў я пазнаёмілася з баўгарскім паэтам Дзімітрам Кенаравым, ня ведаючы яшчэ, што празь нейкі тыдзень яго пасадзяць у мазырскую турму, а я буду абрываць тэлефон амбасады Баўгарыі і ў выніку бязьдзеяньня гэтай установы ператваруся ў амбасаду Баўгарыі сама, пазнаёмлюся з мамай Дзімітара ды яго сябрамі і пачну разумець гутарковую баўгарскую.
Можна было б расказаць, як на пачатку ліпеня я прабавіла кароткі адпачынак на фамільным хутары на Броннай Гары, і мяне там угрыз фірмовы браннагорскі клешч, і як я лётала скардзіцца на яго ў Менскую інфэкцыйную больніцу па вуліцы Крапоткіна. Пра тое, як напрыканцы ліпеня я не змагла сплысьці ў чарговы байдаркавы паход з Валянцінам Акудовічам і даслала замест сябе па вадзе вядзерца балянэзы, якую паходнікі патрушчылі халоднай на першай жа стаянцы, не прычакаўшы, пакуль зварыцца макарона.
Можна было б расказаць пра жнівеньскую падзею, да якой я ішла ўсё лета, — фінал конкурсу маладых літаратараў імя Чэслава Мілаша ў Вільні. Пра тое, як з намі ў Вільню прыехаў бойфрэнд адной зь фіналістак — малады гісторык, які на паверку выявіўся блогерам з прыгожым нікам Агмень Сутнасьці, прыхільнікам балтакрывіцкай тэорыі беларускага этнагенэзу, і гады два таму праславіўся сярод беларускіх пісьменьнікаў тым, што памераў ім чарапы, даволі прафэсійна вызначыўшы іх расавыя падтыпы па фатаздымках з інтэрнэту. Пра тое, як, уведаўшы нікнэйм юнага арыйца, у знак павагі да яго жыцьцёвай пазыцыі фіналісты конкурсу да трэцяй ночы гарлалі пад дзьвярыма яго пакою песьні на ідыш.
Можна было б расказаць, як бязрадасна заканчваецца маё лета — з анучай у руках, з фарбай пад пазногцямі — у працэсе касмэтычнага рамонту на сядзібе Беларускага ПЭН-Цэнтру.
Але раскажу я пра тое, што адбывалася ўнутры мяне. Пра рэакцыі на падзеі, што найбольш шакавалі ўлетку, — тэракт у Осла 21 ліпеня і арышт Алеся Бяляцкага 4 жніўня.
Шокам для мяне былі нават ня самі навіны, якія нагадвалі сюжэт нейкага пачварнага трылера ў першым выпадку і фільмы з удзелам Джэймса Бонда ў другім, а рэакцыя на іх беларускіх карыстальнікаў інтэрнэту. Калі голас народу ў гэтых выпадках — голас Бога, то, баюся, я канчаткова зьняверылася.
Сытуацыя ў Осла вечарам 21 ліпеня праясьнялася паступова — сьпярша мы даведаліся пра выбух у цэнтры гораду, бліжэй да ночы з Нарвэгіі пачалі паведамляць пра страляніну на высьпе Ўтоя. З гэтай нагоды вельмі пазнавальна пачытаць камэнтары да артыкула пра ўсё гэта на сайце "Нашай нівы" . Як вядома, сайт НН практыкуе пастаяннае абнаўленьне матэрыялу па выніках разьвіцьця падзеяў — знакамітыя "онлайны". Дык вось, навіна рэдагавалася, а камэнтары пад ёй засталіся. Яны тычацца розных варыянтаў аднаго і таго ж тэксту, і зь іх вынікае, што напачатку, калі не было вядома, хто "аўтар" тэракту, СМІ па інэрцыі прыпісалі яго ісламістам. Камэнтатары на сайце НН (і на шэрагу іншых папулярных беларускіх парталаў) расквітнелі абурэньнем і нянавісьцю да мусульманаў і ўвогуле — да "гэтых чорных", вельмі дзіўнай для народу, які сутыкаецца з жыхарамі, напрыклад, Усходу раз на тыдзень, і гэтая сустрэча, хутчэй за ўсё, адбываецца каля латка з прыправамі на Камароўцы. (Фантастычныя, трэба сказаць, прыправы. Няхай хоць адзін камэнтатар зробіць мне гэткую ж прыправу "для бокложан", якую зьмешвае ўзбэцкая цётачка з Камароўскага рынку — тады і падыскутуем).
Калі ж стала вядома, што "аўтар" сьмерцяў — блакітнавокі бляндын Андрэас Брэйвік, тон камэнтароў рэзка зьмяніўся на спачувальны: во, давяла набрыдзь харошага хлопца... Маўляў, праз тое, што ў Нарвэгію панаехалі арабы, гаротны скандынаўскі Андрэй пацягнуўся да зброі. Хлопец аўтаматычна (ненаўмысны, сумны калямбур) абвяшчаўся харошым — блакітнавокі бляндын у сьвядомасьці абываталя ня можа быць падонкам. Выходзіць, што калі страляе араб, ён па азначэньні нехарошы пацан. Калі ж страляе эўрапэец, ён па азначэньні пацан харошы, і рабіць нехарошыя рэчы яго змусілі выключна абставіны.
Здаецца, 21 ліпеня, "дзякуючы" нарвэскаму беспрацоўнаму, у цэлага фронту сьвядомых беларусаў зьявілася новае нацыянальнае сьвята. Безназоўнае, лятэнтнае — гэткае сьвята-заўсёды-з-табою. Сьвята ўсьведамленьня таго, што "чорных" — ці, правільней, за ляяльнасьць да "чорных" — дзесьці ў сьвеце масава забіваюць. Беларускія традыцыяналісты вокамгненна начапілі партрэт Брэйвіка на іканастас — поруч з адкапаным з мулу крыху пазьней Расонскім ідалам. Іншы нарвэскі беспрацоўны і па сумяшчальніцтве беларускі паэт Славамір Адамовіч нават заявіў у інтэрвію "Польскаму радыё", што "Брэйвік — нармальны і адэкватны грамадзянін". І адзінай памылкай маладзёна было тое, што перад тым, як выправіцца на масакру, ён не перагаварыў зь ім — Адамовічам. Бо наш Адамовіч, у прынцыпе, верыць ува ўсё тое самае, толькі змагаецца з нарвэскімі эмігрантамі (не, вы што, не такімі, як ён, — іншымі) спрадвечным Словам.
Дзьмітры Гурневіч, які гутарыў з Адамовічам, ня мог, як прафэсіянал, ня ўзяць для раўнавагі другое інтэрвію — у жыхара Швэцыі, журналіста і літаратара Дзьмітрыя Плакса. Плакс стаўся добрым апанэнтам Чалавеку-Які-Зашыў-Сабе-Губу, але, у прынцыпе, сказаў дзяжурныя словы прыстойнага эўрапейскага лібэрала. Пра крызіс эўрапейскага лібэралізму з нагоды вычыну Брэйвіка не змаўчаў нават стары Славой Жыжэк. У эсэ "Казус Брэйвіка, або Чаго хоча Эўропа" ён назваў эўрапейскі лібэралізм "кавай без кафэіну": "Я падтрымліваў чарнаскурых, але ніякім чынам не гатовы слухаць гучны рэп".
Што да Эўропы, то, у прынцыпе, хоць неяк супакоіў Лёлік Ушкін, які паведамляе ў "Новым часе" пра рэзкае падзеньне ў Эўропе рэйтынгу правых партыяў і пра тое, што кіраўнікам гэтых партыяў цяпер даводзіцца праяўляць цуды казуістыкі, каб разьмежаваць свае перакананьні і маніфэсты Брэйвіка. Усе пагаджаюцца на тым, што для добрага хрысьціяніна павінна быць зразумелым: сьмерць — гэта сьмерць, і, у прынцыпе, зусім няважна, якую з ідэалягічных камбінацыяў ("люблю геяў, але ненавіджу арабаў", "люблю арабаў, але ненавіджу геяў") вызнае забойца.
Што да Беларусі, дык тут спакою няма. Увесь 2011 год шалёным, як на беларускі кнігадрук, попытам карыстаўся раман "галоўнага расіста айчыннай прозы", "гуру праварадыкалаў" Юрыя Станкевіча "П’яўка". Галоўны герой гэтага раману ў сваёй недалёкай будучыні займаецца тым жа, чым і Андрэас Брэйвік увечары 21 ліпеня — адстрэльвае тых, каго лічыць недачалавекамі. "П’яўка" рэклямавалася яе выдаўцом як "найлепшая кніга 2010 году", а ўсё тыя ж камэнтатары ў сеціве аднагалосна заяўлялі, што кніга "чытаецца на адным дыханьні". Я сама з жахам і агідай кінула гэтае чытво на 75-й старонцы, агаломшаная тым, што дыхаю са сваім народам нагэтулькі не ва ўнісон. У інтэрнэт-рэцэнзіях кнігу рашуча раскрытыкавалі толькі... маладыя літаратары, фіналісты ПЭН-цэнтраўскіх конкурсаў. Але што зь іх возьмеш — яны вунь і песьні на ідыш начамі гарлаюць...
Што да арышту Алеся Бяляцкага, у чужую для мяне сфэру нюансаў міжнароднага падаткаабкладаньня я залазіць ня буду. Адно толькі выказваю спадзяваньні, што ва ўсіх вас, хто праваабаронцу Алеся Бяляцкага катэгарычна асудзіў і пракляў за ўсе яго літоўскія рахункі, не надарыцца нагоды патрабаваць даведку аб падатках ад тых спагадлівых незнаёмцаў, якія гэтай восеньню ў выпадку арышту ні за што пасярод вуліцы перададуць вам за краты зубную шчотку і мыла.