Сярод асноўных тэмаў:
Сындром прызвычайваньня да несвабоды – гартаючы пошту
Ці варта баяцца асуджаных жанчын? Апытаньне на вуліцах Гомеля
“У 1991 глыбоцкія вязьні чакалі такіх жа расстрэлаў, што і ў 1941”. Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць
“Пакараньне ежай”, або ці перажылі б кіраўнікі краіны турэмны абед? Турма і здароўе.
Зваротная сувязь
Нам можна напісаць на адрас: 220005, Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 2 663952
Свабода ў турмах, 28.08.2011, частка 1
Your browser doesn’t support HTML5
Свабода ў турмах, 28.08.2011, частка 2
Your browser doesn’t support HTML5
Былы зьняволены Івацэвіцкай калёніі берасьцеец Генадзь напісаў нам, што яго паведамленьне пра колішняга сябра з атраду — 43-гадовага турэцкага грамадзяніна Эрола Башоза, агучанае намі ў праграме і зьмешчанае на сайце, убачылі прадстаўнікі амбасады Турэччыны.
Нагадаю, што ў 2007 годзе Эрол Башоз быў асуджаны на чатыры гады калёніі за кантрабанду. Як пісаў Генадзь,
"Эрол Башоз меў шанцы вызваліцца ўмоўна-датэрмінова яшчэ летась, каб не яго прынцыповая пазыцыя наконт харчаваньня ў турэмнай сталоўцы. Як вядома, Каран забараняе вернікам есьці сьвініну. Нягледзячы на тое, што мяса ў рацыёне вязьняў амаль няма, кухары ўсё ж дадаюць у супы ды кашы варанае сала са скуркамі. За адмову ад гэтай ежы Эрола Башоза пакаралі карцэрам, яму не даюць сустрэцца з прадстаўнікамі турэцкай амбасады ды консульства, з адвакатамі ды блізкімі. Яшчэ ён пазбаўлены права на атрыманьне пасылак і перадач, а грашовую суму, на якую можна купляць у турэмнай краме, яму скарацілі з 140 тысяч да 35. З боку турэмнай адміністрацыі на адрас вязьня гучаць абразы. Адзін з кіраўнікоў калёніі казаў яму: "Ненавіджу ўсіх мусульманаў".
Як паведаміў Генадзь, пасьля таго, як у Івацэвічы прыбылі прадстаўнікі турэцкай амбасады і разабраліся з сытуацыяй вакол Эрола Башоза, у стаўленьні пэрсаналу да зьняволенага шмат што зьмянілася. Змаглі яго наведаць і адвакаты, і блізкія. Тэму турэмнага харчаваньня мы працягнем пры канцы праграмы ў рубрыцы “Турма і здароўе”.
А цяпер да іншых лістоў. Іх аўтары — жанчыны. Дарэчы, гэта ўпершыню ў нашай праграме. Адзін ліст — ад непаўналетняй асуджанай Каці, якая трапіла за краты за ўдзел у рабаваньні. Другі — ад маці 26-гадовай Наташы, якую пасадзілі за наркотыкі. Абедзьве дзяўчыны сядзяць у Гомелі — адна ў жаночай калёніі, а другая ў калёніі для непаўналетніх. Абедзьвюм неўзабаве выходзіць на волю. Абедзьве адседзелі за кратамі больш за паўтара года і цяпер адчуваюць сябе негатовымі да вольнага жыцьця.
Сындром прызвычайваньня да несвабоды
Паводле псыхолягаў, падобны стан тлумачыцца так званым сындромам прызвычайваньня да несвабоды. Псыхолягі кажуць, што праз тры гады няволі ў чалавека адбываюцца незваротныя зьмены ў псыхіцы. І ён ужо баіцца не турмы, а волі.
17-гадовая Каця мае дзьвюх малодшых сясьцёр, паходзіць з маламаёмнай сям’і, адзіная іх карміцелька — маці. Бацька дзяўчынкі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. Кацю і яе сяброў асудзілі за крадзяжы на лецішчах. Дзяўчына прызналася, што ўлезла ў чужую хату і скрала некалькі слоікаў хатніх закрутак, бо вельмі хацелася есьці. Каця піша:
"Кожную нядзелю я ўдзельнічаю ў розных мерапрыемствах, толькі гэта мяне і адцягвае ад дрэнных думак. Мне засталося ў калёніі 4 месяцы. Сваё жыцьцё я магу падзяліць на тры часткі: да суду, пасьля суду, пасьля вызваленьня. Я ня ведаю, якім яно будзе пасьля вызваленьня, але я ведаю, якое яно цяпер. Мне ня вельмі падабаецца: крочыць строем, рабіць зарадку ў 6.00, далей праца і зусім мала асабістага часу, яшчэ няспынны падлік, няспынны кантроль, не памыцца нармальна.
Вельмі часта ўзгадваю маму і сястрычак. Толькі тут зразумела, як люблю іх. Такога пачуцьця на волі ў мяне раней не было. Сярод іншых незнаёмых пачуцьцяў, якія прачнуліся тут у няволі, — страх. Ён прыйшоў да мяне, калі чакала суду. Вельмі баісься таго, што чакае ў залі суду і пасьля.
Яшчэ сорам... У калёніі я навучылася ўсьведамляць, што вельмі часта ня мела рацыі.
І нарэшце, нянавісьць... Ненавідзіш увесь сьвет. За што? За тое, што пазбавілі волі, за ўсё. Многія тут лічаць сябе невінаватымі і не гатовыя дараваць".
Аўтарка наступнага ліста — Галіна, маці 26-гадовай асуджанай за наркотыкі Наташы. Упершыню гераін дзяўчына паспытала за мяжой, на вучобе ў адным з прэстыжных эўрапейскіх унівэрсытэтаў. Пасьля гэтага яна ўвесь час на цяжкіх наркотыках. Бацька Наташы — бізнэсовец, які даўно сышоў зь сям’і і даччыным лёсам не цікавіцца. Свой ліст Галіна напісала пасьля паездкі ў калёнію.
"Падчас апошняга спатканьня Наташа сказала мне: "Мама, вось тут усё ясна. Пад'ём, сьняданак, пастраеньне, абед, пастраеньне, вячэра. Ты ня думаеш, што табе трэба здабываць сабе ежу, набываць адзеньне, плянаваць, што зрабіць сёньня, і потым ажыцьцяўляць гэта. На волі я мушу ізноў падпарадкоўвацца гульні бяз правілаў, дзе ані закон, ані мараль, ані абавязак збольшага не адыгрываюць аніякай ролі. Цябе на кожным кроку могуць абразіць, ашукаць роўныя табе. А тут, лічыць дачка, ты мусіш зьвяраць свае ўчынкі, каб не папсаваць жыцьцё іншым. Турэмныя правілы, якія дзейнічаюць сярод зьняволеных і могуць падацца звонку больш жорсткімі ды дзікімі, дачцэ падаюцца больш справядлівымі.
Наташы вызваляцца праз паўгода. Самае жудаснае, што яна ізноў вернецца да наркотыкаў. Пра гэта яна мне заявіла. Нягледзячы на тое, што яна ўвесь гэты час пасьпяхова абыходзілася бяз гэтай гадасьці, а яе колішнія ломкі былі сапраўдным кашмарам і для яе, і для мяне. Я кажу дачцэ: "Глядзі, якая ты бязь іх стала прыгожая, сьвежая, у цябе лепш са скурай, пячонкай". А яна — усё роўна буду. Яе не палохае, што яна можа апынуцца тут зноў. А я ў поўным жаху ад прадчуваньня новага кашмару".
Ці варта баяцца асуджаных жанчын?
Апытаньне на вуліцах Гомеля
Ці варта баяцца асуджаных жанчын? Ці заслугоўваюць яны такога ж утрыманьня, што і асуджаныя мужчыны? Як вы ставіцеся да таго, што ў горадзе ёсьць калёнія? З такімі пытаньнямі наш карэспандэнт зьвярнуўся да жыхароў гомельскага мікрараёну "Гомсельмаш", якія жывуць побач з жаночай папраўчай установай.
Спадарыня: "Ой, нам усё адно. Я на дзявятым паверсе жыву, гляджу туды й бачу, як яны там бегаюць. Але шуму яны не ўчыняюць і нам не перашкаджаюць. Я лічу, што калі за крадзеж, то ня варта жанчын садзіць. Але калі яна забіла кагосьці, пакалечыла дзіця альбо пакінула яго на сьметніку — тут жа й такія сядзяць, — то я б іх наагул карала па-іншаму".
Спадар: "Нармальна, а як ставіцца? Што ім, сярод чыстага поля пакараньне адбываць? Тут уся інфраструктура, можна прывезьці, адвезьці. А ў чыстым полі што будзем мець? Ці ў глыбіні палескіх балотаў? Мужчыны, жанчыны — закон парушаны, трэба адказваць. Бывае, жанчыны ўчыняюць такія злачынствы, якія ў галаву мужчыну ня прыйдуць. Фобія ёсьць у многіх: калі чалавек адседзеў, значыць, парушыў закон і якісьці ён не такі".
Спадарыня: "Я ня ведаю, каб камусьці яна перашкаджала, і мне не перашкаджае. Калі па справядлівасьці, то, канечне, павінны адседзець. Але бывае, што й несправядліва. Я кандуктарам працавала і ведаю, што жанчыны злабы ня маюць. Відаць было, што з тэчкамі едуць, дакумэнт паказваюць, што вызваліліся. Але ёсьць і такія, у якіх позірк страшны — агрэсіўныя".
Спадар: "Такія ўстановы павінны быць за горадам, як і ўва ўсіх цывілізаваных краінах сьвету. Як гэта так: турма — і грамадзкія месцы? Я думаю, што хапае месца й па-за горадам. Сытуацыі розныя бываюць — за забойствы сядзяць, за наркотыкі. Але за бідон, што з калгаса ўкралі, за гэта нельга. А сядзяць жа па паўтара, два гады. Лепей бы штраф заплацілі. У нас нейкія законы незразумелыя. У Беларусі на тысячу чалавек найбольш сядзельцаў у турме".
Спадарыня: "Я жыву насупраць турмы — мне яна не перашкаджае. Я нікога там ня ведаю. Дзяржаву раскралі, а хто па дробязі — таго ў турму пасадзілі. Шкада, вядома, іх, асабліва дзяўчат. Шмат хто па маладосьці, па дурасьці сядзіць".
Спадар: "Вядома, адмоўна стаўлюся. Жанчынам трэба быць на волі".
Спадарыня: "Тут зь Берасьця маладыя дзяўчаты сядзелі — іх мацяркі прыяжджалі. Мы гутарылі зь імі тут, у краме. Казалі, што за бойку трапілі, але хутка амністыя, выпусьцяць. Ведаю, што бабуля, якой 80 гадоў, дзеда забіла. Ён у яе нешта краў. Дык яна за гэта й сядзела тут раней, а цяпер ня ведаю, сядзіць ці не. Пабойваюся мець справу з такімі. Турму трэба прыбраць, было б лепей. А то неяк жудасна".
Спадарыня: "Кожны павінен адбываць пакараньне, калі ён гэта зрабіў. Незалежна ад таго, жанчына гэта ці мужчына. Іншы раз не асуджаных трэба асьцерагацца, а тых, якія міма ідуць. Не заўсёды асуджаныя — кепскія людзі".
Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць
У гэтай рубрыцы мы традыцыйна расказваем пра мінуўшчыну і цяпершчыну беларускіх астрогаў ды лёсы іх вядомых сядзельцаў. Звычайна ў аснове гэтых апавяданьняў — архіўныя матэрыялы, мэмуары, публікацыі навукоўцаў. Але, як прызнаюць і афіцыйныя гісторыкі, беларускія турмы, нягледзячы на іх шматвяковую гісторыю, дасьледаваныя надзвычай мала і фрагмэнтарна.
Тым ня менш, да апошняга часу турэмны летапіс вёўся вусна самімі вязьнямі — у камэрах старыя зэкі пераказвалі маладым пакаленьням розныя арыштанцкія байкі, у свой час пачутыя імі гэтаксама. Як ні дзіўна, у гэтых байках была пэўная рацыя. Празь некаторы час падобныя расказы рабіліся падставай для досьледаў гісторыкаў — навукоўцаў ды мясцовых краязнаўцаў — і часам знаходзілі сваё пацьверджаньне.
Гісторыі, якія ходзяць сярод астрожнікаў
Нямала баек зьвязана з Глыбоцкай калёніяй. Кажуць, у жніўні 1991-га, калі ў Маскве адбыўся путч, вязьні гэтай калёніі — тады яшчэ самага жорсткага ў турэмнай герархіі "асобага рэжыму" — перажылі немалы стрэс: чакалі прыкладна такога ж разьвіцьця падзеяў, што і на самым пачатку вайны. Тады ў чэрвені 1941 году супрацоўнікі НКВД учынілі ля Глыбокага самачынны расстрэл зьняволеных. Гісторыю гэтых крывавых падзей шырока агучылі ў Беларусі толькі два гады таму, у жніўні 2009 году. Дагэтуль яна таксама хадзіла пераважна ў арыштанцкіх байках. Сёньня мы пазнаёмім вас зь некаторымі гэтымі вуснымі гісторыямі.
“Адтуліны ад НКВД-шных куляў можна і цяпер знайсьці ў турэмных сьценах”
Наш сталы карэспандэнт, колішні асуджаны, 37-гадовы Зьміцер Каляда сядзеў у Глыбокім на пачатку 2000-х. У рэдакцыю ён даслаў мне ўспаміны, зь якімі мы пазнаёмім вас у бліжэйшых праграмах. Сёньня ж спынімся на адным фрагмэнце, прысьвечаным падзеям 1991 году.
"За савецкім часам гэта была вядомая ў СССР калёнія асобага рэжыму, куды з усёй неабсяжнай краіны этапавалі асабліва небясьпечных рэцыдывістаў. Некаторых мне ўдалося засьпець. Вясёлыя гэтыя людзі — асабліва небясьпечныя рэцыдывісты. Шмат пра што расказвалі з гумарам і да таго ж вельмі артыстычна.
Дык вось, у адзін з гарачых жнівеньскіх дзён 1991-га, расказваў мне адзін з старых сядзельцаў, калі танкі ўвайшлі ў Маскву, у калёнію нагналі вайсковую тэхніку. Пазьней зьявіліся экскаватары, якія пачалі капаць адмысловыя катлаваны. Сярод зьняволеных пачалася паніка. Бо ў 1937-м, паводле згадак некаторых, такія глыбокія ямы на тэрыторыі турмаў капалі, каб штабэлямі класьці туды расстраляных. Згадалі і іншую, тады яшчэ малавядомую, гісторыю, што здарылася ў чэрвені 1941-га. У першы дзень вайны, калі ў небе зьявіўся нямецкі самалёт, вязьні таксама спалохаліся і запанікавалі. Супрацоўнікі НКВД, прадчуваючы, што немцы неўзабаве зоймуць гэты гарадок і вызваляць усіх небясьпечных "антысаветчыкаў", пачалі з уласнай ініцыятывы расстрэльваць ня толькі асуджаных на "вышку", але і падсьледных, і асуджаных на кароткія тэрміны — напрыклад, за самавольны пераход на іншую працу. За кароткі час тэрыторыя ўсяго кляштара, у якім дагэтуль месьціцца турма, была залітая крывёю, а адтуліны ад тых НКВД-шных куляў можна і цяпер знайсьці ў сьценах старых пабудоваў. Былы стары кляштар наўрад ці калі грунтоўна рамантаваўся — і Саветамі, і потым беларускімі ўладамі".
"У 1991-м глыбоцкія вязьні чакалі такіх жа расстрэлаў, што і ў 1941-м"
Як сьведчыць яшчэ адзін удзельнік нашай праграмы, былы зьняволены Андрэй, які сядзеў у Глыбокім пры канцы 1990-х, ён таксама чуў у калёніі гэтую гісторыю пра 1991 і 1941 гады, але ўжо ад іншага зэка. Андрэй мяркуе, што ў турмах большасьці постсавецкіх краін існуе негалоснае правіла — у выпадку надзвычайнай сытуацыі ліквідаваць асабліва небясьпечны кантынгент вязьняў.
Андрэй: "Калі быў распад СССР, у Глыбокім усе, хто на той час сядзеў, а гэта небясьпечныя рэцыдывісты, расказвалі, што тыя падзеі прымусілі іх істотна пахвалявацца. Бо калёнію абкружылі БТР, і пры першай жа адмашцы яны б зраўнялі тут усё зь зямлёй. Я ведаю, што ў іх ёсьць такое ўказаньне, калі вельмі небясьпечны рэцыдывіст — а на турэмны рэжым часта накіроўвалі паводле 21 артыкула — сацыяльна небясьпечны для грамадзтва. І калі нейкая вайна ці ваеннае становішча, гэтую катэгорыю асобаў ліквідуюць. Хоць гэта нідзе не прапісана, аднак пра гэта ўсе ведаюць".
Сталы ўдзельнік нашай перадачы, таксама ў мінулым асуджаны, які адбываў пакараньне ў турмах СССР, Беларусі ды Літвы — Валеры Савянкоў лічыць, што такая інфармацыя пра дзеяньні турэмнікаў у так званы час "Ч", то бок час адмысловай вайсковай апэрацыі ў зонах пакараньняў, на сёньняшні дзень застаецца таямніцаю ня толькі ў Беларусі, але і ў Літве.
Савянкоў: "Мы да сёньня ня ведаем, якія павінны быць дзеяньні турэмнага канвою на выпадак ваеннай сытуацыі. Бо для Беларусі гэта вельмі схаваная інфармацыя. Як, дарэчы, і для Літвы. Калі ў час вайны немцы наступалі, то тут у турмах зьняволеных расстрэльвалі — вядома, палітычных. Гэта вядома з вусных турэмных гісторый, арыштанцкіх баек. Яны паміж сабой іх расказваюць, седзячы ў камэрах. Калі везьлі эшалёны з ковенскай турмы, немцы наступалі, прыйшлося іх расстраляць у бліжэйшым лесе. А марыямпальская турма — калі нямецкія войскі ўжо ўвайшлі ў гэты гарадок у Літве, то на пляцы яны ўбачылі яшчэ цёплыя целы тых забітых, якія адбывалі там пакараньне. І вось да сёньняшняга дня мы ня ведаем пра цяперашнія пляны дзеяньняў на выпадак ваеннай сытуацыі".
“Захацеў начальнік турмы праявіць ініцыятыву — узяў і расстраляў”
Пракамэнтаваць пачутыя намі "арыштанцкія байкі" я прашу беларускага гісторыка Ігара Кузьняцова.
"Ведаеце, я ў тэме расстрэлаў зьняволеных ужо ня першае дзесяцігодзьдзе і лічу, што параўнаньні жніўня 1991-га з чэрвенем 1941-га зьвязаныя з тагачаснымі суб’ектыўнымі адчуваньнямі вязьняў. Зразумела, вязьні маглі моцна спалохацца, убачыўшы вайсковую тэхніку. Падобны ўвод войскаў у калёнію цалкам верагодны. Гатоўнасьць магла быць. Бо ў кожнай калёніі, турме існуе плян баявой гатоўнасьці на выпадак надзвычайнай сытуацыі. Першае — як дзейнічаць ва ўмовах пажару, па-другое — падчас бунту ў турме, трэцяе — пачатку вайны, эвакуацыі зьняволеных. Аднак я ня думаю, што быў нейкі загад у 1991-м. Там была такая неразьбярыха. Тады ніхто не прымаў ніякіх рашэньняў. Тым больш тыя, хто працуе ў гэтай сыстэме, ведаюць, як скончылі іхныя папярэднікі. Зразумела, нейкую ініцыятыву хтосьці і мог праявіць, аднак без загаду. У любым выпадку лічу, што да нейкай крайнасьці ў той сытуацыі не дайшло б. Проста людзі нярэдка праводзяць нейкія гістарычныя паралелі і робіць адпаведныя высновы: а, такое было ў 1941-м, а цяпер 1991-шы — хто іх, турэмнікаў, спыніць? Але, паўтаруся, гэта больш суб’ектыўныя адчуваньні".
Вядоўца: "Вы сказалі, загаду не было, аднак ініцыятыву нехта заўсёды мог праявіць. Калі ўзяць масавыя расстрэлы вязьняў у першыя дні вайны (маю на ўвазе ня толькі Глыбокае, але і ковенскую турму, іншыя астрогі былых заходніх рэгіёнаў СССР), тады ўжо былі выдадзеныя адпаведныя загады савецкага кіраўніцтва або гэта таксама была ініцыятыва на месцах, а самі загады зьявіліся толькі потым?"
Кузьняцоў: "У ніводным НКВД-шным дакумэнце нават у 1941-м не было прапісана, што ў выпадку ўзьнікненьня пагрозы вызваленьня зьняволеных праціўнікам, які падыходзіць, трэба іх расстраляць. Нідзе гэта не запісана. То бок такія каманды даваліся праз тэлефон, тэлеграф. Такія пісьмовыя загады — вельмі рэдкі выпадак. Вельмі рэдкі выпадак, калі такія пісьмовыя загады можна было б дзесьці знайсьці. Гэта заўсёды па абставінах. І, дарэчы, нейкіх загадаў зьверху не было. Вось захацеў начальнік турмы праявіць ініцыятыву — ён узяў і расстраляў. Другі, напрыклад, частку расстраляў, частку паспрабаваў эвакуяваць".
Вядоўца: "Ці маюць зэкі рацыю, калі кажуць, што гісторыя пра масавыя расстрэлы ў Глыбокім стала вядомай у нашай краіне толькі два гады таму?"
Кузьняцоў: "Збольшага так. Праўда, ужо ў 1946-м расьсьледавалі катынскую справу, быў адзін сьведка гэтых расстрэлаў. Яго паказаньні захаваліся, хоць і ляжалі доўгі час у архівах пад грыфам "сакрэтна". Вось ён апісвае прыблізна так: мы апынуліся на тэрыторыі былога глыбоцкага кляштара, дзе знаходзілася турма, а там мы ўбачылі, як штабэлямі ляжаць мёртвыя целы ў розных пакоях. Было шмат у польскай вайсковай форме бяз знакаў адрозьненьня.
Гэта якраз сьлед таго, што па катынскай справе ў красавіку-траўні 1940-га ня ўсіх яшчэ пастралялі. Ня ведаю, зь якой прычыны. І іх яшчэ расстрэльвалі перад прыходам немцаў у 1941-м".
Працяг пра масавыя расстрэлы вязьняў у першыя дні вайны ў нашай наступнай праграме.
Турма і здароўе
Ці перажылі б кіраўнікі краіны турэмны абед?
У лістах нашых слухачоў згадваецца абуральная сытуацыя з харчаваньнем у беларускіх установах пазбаўленьня волі. "Катаваньні ежай" — так называюць гэта самі вязьні. Праваабаронцы, якія апошнім часам атрымліваюць усё больш скаргаў ад зьняволеных і іх сваякоў, кажуць, аднак, што на турэмную ежу скаргаў ім не падавалі. Магчыма, сапраўды іншыя грубыя парушэньні правоў чалавека ў турмах здаюцца больш важнымі.
У суседняй Літве скаргаў на турэмнае харчаваньне пішуць шмат. Да таго ж лічыцца нармальным, калі турэмную сталоўку незаплянавана наведае хтосьці з кіраўнікоў краіны і разам з арыштантамі пакаштуе іхняй ежы. Так, як гэта нядаўна зрабіла ў Панявескай калёніі прэзыдэнт Даля Грыбаўскайце. Ці перажылі б беларускія кіраўнікі турэмны абед, падрыхтаваны нібыта паводле нормаў, зацьверджаных імі самімі?
Пра харчаваньне ў беларускіх і літоўскіх турмах — Тацяна Поклад.
“Літоўскія вязьні скардзяцца на турэмную ежу, а беларускія – не”
Зьняволены адной зь беларускіх калёній Сяргей напісаў у перадачу пра ўмовы ў сучасных беларускіх турмах і параўнаў сытуацыю з 1990-мі гадамі. Паводле аўтара ліста, цяпер стала значна горш.
"Маю на руках пастанову Савету міністраў, — піша Сяргей. — Згодна зь ёй на кожнага чалавека ў суткі прыпадае: мяса (ялавічына, сьвініна, бараніна 1-й катэгорыі) — 150 г.
Рэальна мяса маем у выглядзе нейкага перакручанага фаршу (незразумела з чаго), які кідаюць у кашу. Той, хто каштаваў гэта, ніколі не назаве гэта мясам і ня скажа, што паводле вагі гэта больш за 50 г.
Таксама нам павінны выдаваць рыбу па 100 г на чалавека. Наўрад ці падобная норма захоўваецца, бо рыба заўсёды падаецца з галавой.
Гародніна — 350 г. Усе забыліся, што значыць гэтае слова. За выключэньнем рэдкіх дзён, калі выдаюць або суп з буракоў або з капусты.
Бульба — 500 г. Яе апошнім часам ня бачылі ўвогуле.
Шмат хто з асуджаных не атрымлівае ані грашовай дапамогі з дому, ані харчовых пасылак. Атаварыцца ў турэмнай краме няма за што".
У праваабарончым цэнтры "Вясна" кажуць, што не даводзілася займацца скаргамі на харчаваньне ў месцах зьняволеньня. Магчыма, столькі іншых грубых парушэньняў правоў чалавека ў беларускай пэнітэнцыярнай сыстэме, што ежа адступае на другі плян. Дый не чакаюць ад турэмнай ежы асаблівай якасьці. Шмат хто, напэўна, зьмірыўся зь цяперашняй сытуацыяй, калі ўлады фактычна парушаюць уласныя ж пастановы.
"Крупінка за крупінкай ганяецца з дубінкай"
Былы зьняволены, які адбываў пакараньне ў Беларусі і Літве, а цяпер займаецца праваабарончай і грамадзкай дзейнасьцю, Валеры Савянкоў, прыгадвае:
"Памятаю, у менскай турме давалі так званую юшку. Там вада і плаваюць вочы мойвы. Самой рыбы няма. Толькі яе вочы. Ёсьць такая зэкаўская прымаўка наконт турэмнай ежы: крупінка за крупінкай ганяецца з дубінкай. Таму што ў тым супе толькі вада. З крупаў і ў Беларусі, і ў Літве даюць толькі пярлоўку ды авёс. У тыя часы кожны беларускі зэк кляўся, што калі выйдзе на волю, прынясе торт курам ды коням — за тое, што ўвесь тэрмін еў іхную ежу. Такая там кармёжка".
Валеры Савянкоў працягвае:
"Цяпер у літоўскіх турмах паводле нормаў харчаваньня кожны вязень павінен атрымліваць зь ежай 2000 кілякалёрыяў. На гэтых 2000 кілякалёрыях старажытны чалавек даганяў аленя, але ж ЗК ледзь ногі валачэ. Няма там гэтых 2000. Бо ўсё гэта расьцягваецца, раскрадаецца і г.д.".
Мясцовая адміністрацыя, якая адчувае сваю беспакаранасьць і над якой няма грамадзкага кантролю, — гэта адзін бок праблемы.
Апрача таго, праз харчаваньне турэмнае кіраўніцтва фактычна катуе зьняволеных. Існуе шмат спосабаў.
Як сьведчыць былы беларускі зьняволены Зьміцер Каляда, у дачыненьні да "палітычных" турэмнікі-міліцыянты ўжываюць тактыку дробных паскудзтваў. Паводле Зьмітра, ён не аднойчы рабіўся сьведкам таго, як адміністрацыя Івацэвіцкай калёніі абыходзілася зь Мікалаем Аўтуховічам.
Каляда: "Мікалай мае праблемы са страўнікам. А таму ён ня хоча хадзіць у сталоўку. Бо — прабачце, але там кормяць г…м. Мая бабуля ў вёсцы сьвіней карміла лепш, чым тут людзей. Бываюць выключэньні, калі прыяжджае начальства ці праверка. Тады смачна прыгатуюць. Але такое надзвычай рэдка. Заўгас, які цярпець ня можа Аўтуховіча, пойдзе, нашэпча, і на Мікалая пішуць дакладныя. Вядуць яго на размову да начальства, неяк караюць. У нас, напрыклад, крама турэмная, дзе раз на месяц можна набыць нейкіх харчоў. Строгі рэжым — 140 тысяч. А калі накладзены штраф, дык толькі 35 тысяч. Па-мойму, такое заставалася нават і пасьля інфляцыі. Што можна набыць на гэтую суму? З-за адмовы ад харчаваньня ў сталоўцы могуць паскудзіць жыцьцё, не даючы спатканьняў".
Валеры Савянкоў у часе свайго побыту ў віленскай турме на Лукішках напісаў каля 100 скаргаў на харчаваньне, але інспэктары не знайшлі парушэньняў. Савянкоў пісаў і шмат іншых скаргаў на ўмовы напрыканцы 90-х — на пачатку 2000-х, але толькі ў 2008-м выйграў справу супраць Літвы ў Страсбурскім судзе па правах чалавека, дзе ён спадзяваўся найперш на перагляд свайго, як ён перакананы, несправядлівага прысуду. Страсбурскі суд прыраўняў умовы Лукішак да катаваньняў. Прадстаўніца літоўскага ўраду ў Эўрапейскім судзе па правах чалавека Эльвіра Балтуціце назвала Савянкова адным з найбольш актыўных аўтараў скаргаў зь Літвы.
Вось прыклад з сольлю, які падае Валеры Савянкоў. Раней у Літве на аднаго зьняволенага ў суткі паводле нормаў прызначалася 20 г солі.
"Тое ж самае ў Беларусі і цяпер — норма 20 г солі на чалавека ў суткі. Ну скажыце, куды столькі чалавеку? Мне паясьняла кіраўніцтва, што гэтая соль ідзе на квашаньне капусты, таму што галоўная ежа зэка — гэта кіслая капуста. Яе кожны дзень падаюць. Яе квасяць, квасяць, і штодня на стале. Я яшчэ пісаў скаргі пра тое, навошта гэтыя кіслыя памідоры зялёныя даюць увесь час. Нават згаладалыя зэкі — ніхто іх ня есьць, яны застаюцца на сталах. Навошта іх даваць? Адна соль, і такія кіслыя, аж Масква відаць. Гэта ж атрута. Кіраўніцтва кажа — так трэба паводле мэню, паложана гародніна. Вось гэта вам гародніна. Што ў Беларусі, што тут — адна і тая ж сыстэма, адны спосабы і падобныя нормы. У віленскай турме гэтую капусту цэлую восень крышаць, рэжуць, квасяць і запасаюць на ўвесь год — калі яе падаюць, яна ўжо такая раскіслая, такая гнілая, так пракісьліваецца — вось тады соль ідзе. І яшчэ соль на селядцы, іх у турме самі соляць. Калі зэкаў адпраўляюць па этапу, ім даюць пайку — чорны хлеб, бохан, і два-тры селядцы. А піць канвой не дае, а ў гэтых вагонах сталыпінскіх зэкі суткамі марнуюцца, бо яны ўдзень стаяць, едуць толькі па начах. Гэта катаваньне ежай, гэта катаваньні".
Што ж, гэта сытуацыя канца 90-х — пачатку 2000-х гадоў. Цяпер нормы зьмененыя: напрыклад, той жа солі на дзень — 2 г. Але трывалы пах кіслай капусты на Лукішках, пра які згадвае Валеры Савянкоў, застаўся — калі прэзыдэнт Літвы наведвала Лукіскую турму, яна назвала яе "адкрытай ранай" у цэнтры Вільні. Умовы ў турмах — паказьнік сытуацыі ў краіне. Магчыма, таму кіраўніцтва Літвы наведвае месцы зьняволеньня, часам нечакана абедае там разам зь вязьнямі. Напрыклад, з нагоды 150-гадовага юбілею літоўскай пісьменьніцы і грамадзкай дзяячкі Габрыелі Пяткявічайце-Біце прэзыдэнтка наведала жаночую калёнію ў Панявежысе. Чаму такім дзіўным чынам ушаноўваўся юбілей пісьменьніцы? Таму што яна была вядомай апякункай вязьняў. Дык вось, прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце адзначыла яе юбілей не ў акадэмічнай залі, а ў турме зь вязьнямі папраўчай калёніі. Там і паабедала з агульнага катла разам са зьняволенымі: расольнік і жэмайцкія блінчыкі — гэта бульбяныя аладкі зь мясам, папулярная недарагая страва ў Літве. Зьняволеныя жанчыны ня скардзіліся на ежу, яны скардзіліся на недахоп гарачай вады, расказвалі пра сваіх дзяцей, што чакалі іх на волі, і прасілі разгледзець просьбы аб памілаваньні.
Так, калі ў беларускіх турмах сытуацыя з харчаваньнем пагоршылася, у суседняй Літве тэндэнцыя адваротная — на паляпшэньне, адзначае былы зьняволены Валеры Савянкоў. Але і цяпер, кажа ён, ёсьць на што наракаць.
"Цяпер у Літве іншыя нормы, і солі ўжо нармальныя 2 грамы на суткі, і яйкі, і тварог даюць, — усяго стала меней, але больш разнастайна. А раней жа было ўсяго 10 найменьняў толькі! І гэта разам з сольлю, цукрам, ляўровым лістом — усяго разам 10. Бульба, капуста, чорны хлеб, пярлоўка, масла, якое невядома з чаго створана, да масла і блізка не падобна. Пасылкі і перадачы былі адзіным ратункам. Цяпер іначай, але — адмянілі пасылкі і перадачы, забаронена. Можна атаварыцца ў шапіку турэмным у месяц на 30 літаў, але толькі ізноў жа — калі няма парушэньняў, заўваг, а адміністрацыя заўсёды знойдзе, да чаго прычапіцца. Так што гэта стала катастрофай для немаёмных зэкаў".