Спынены крымінальны перасьлед Аляксандра Арастовіча

Будынак КДБ у Менску

Супраць сябра аргкамітэту па стварэньні БСДП "Народная грамада", сябра перадвыбарчага штабу Мікалая Статкевіча Аляксандра Арастовіча спыненая крымінальная справа па падзеях 19 сьнежня з-за адсутнасьці складу злачынства.

Ліст ад сьледчага спадар Арастовіч атрымаў па пошце ўвечары 25 жніўня. На яго была заведзена справа па частцы 1-й і 2-й артыкула 293 Крымінальнага кодэксу па факце ўчыненьня масавых беспарадкаў.

Цяперашні крок уладаў палітык патлумачыў так: "Прыйшоў час — і напісалі лісты. Тое, што было зроблена сьледчымі, паказала, што людзі, якія атрымалі гэтыя лісты, ні ў чым не вінаватыя, не вінаватыя па тых артыкулах, па якіх іх абвінавачвалі. Я спачатку даведаўся, што адносна Анатоля Лябедзькі спыненая справа, а потым увечары паглядзеў у паштовую скрыню, а там ляжыць канвэрцік".

Таксама спынілі крымінальны перасьлед кіраўніка АГП Анатоля Лябедзькі,
журналісткі Натальлі Радзінай, дэмакратычнага актывіста Алега Корбана.