Пра што пытаюць на допытах у справе Бяляцкага

Алесь Бяляцкі

25 жніўня працягваліся допыты сяброў праваабарончага цэнтру "Вясна" па справе Алеся Бяляцкага. Алену Лапцёнак дапыталі ў Менску, а Віктара Сазонава ў Горадні.

Сябра праваабарончага цэнтру "Вясна" Алена Лапцёнак распавяла, што яе дапытваў сьледчы Данііл Пазьняк, бо Тацяна Касынкіна, якая ўзначальвае сьледчую групу, знаходзілася ў Горадні на допыце Віктара Сазонава.

Паводле Алены Лапцёнак допыт праходзіў у кабінэце Касынкінай, сьледчы тэлефанаваў да яе і пытаўся, дзе і што адчыніць у кампутары:

"Мяне выклікалі як сьведку па крымінальнай справе, якую заявілі на Бяляцкага. Але насамрэч вельмі шмат пытаньняў, якія задаюцца, тычацца асабіста цябе. Яны ня тычацца гэтай крымінальнай справы. Таму я ня ведаю, дзеля чаго тая падпіска аб неразгалошваньні. Сярод пытаньняў большасьць тычыліся, канечне, мяне асабіста. А як я магу на іх адказваць, калі я сьведка? Пытаньні былі сфармуляваныя крыху дзіўна, там нават цяжка разабрацца, што канкрэтна ў цябе пытаюць. Вельмі шматзначныя".

Паводле сьледчага, яшчэ аднаго сьведку выклікалі на 10 гадзіну раніцы, але ён не прыйшоў. Яго імя сьледчы не паведаміў.

"Я мяркую, што паколькі нам позвы не ўручаліся асабіста ў рукі, а былі ўкінутыя ў паштовыя скрыні, то гэты чалавек, я ня ведаю, хто ён, магчыма, проста не дастаў са скрыні. Бо я позву дастала ўчора ўвечары, бо скрыня распухала.То бок сёньня яшчэ нехта быў выкліканы, але хто, я ня ведаю," – заявіла Лапцёнак.


Віктара Сазонава ў Горадні дапытвала асабіста Касынкіна, якая выказала незадаволенасьць тым, як на сайтах напісалі пра ўручэньне ёю позвы Сазонаву на допыт. Што гэта, маўляў, была нейкая дэтэктыўная, крымінальная гісторыя. Сазонаў сказаў, што яшчэ не чытаў пра гэта на сайтах.

"Спачатку мне Касынкіна патэлефанавала. Я сказаў, што не магу сустрэцца, бо ў мяне ёсьць прыватныя справы. Яна спыталася, ці можа яна завезьці позву дахаты. Я сказаў — добра. Але тым ня менш празь некалькі гадзін яны ўсё ж прыйшлі на Будзённага, 48-а, дзе ў нас офісы, у памяшканьне суседняй арганізацыі, дзе я знаходзіўся. Вылічылі нейкім чынам, дзе я знаходжуся, і пэрсанальна ўручылі мне гэтую позву. Але праўда ў тым, што ў дзьверы ламасталіся, шукалі. З офіса сканфіскавалі два кампутары".

Віктар Сазонаў распавёў, што адказаў фактычна толькі на адно пытаньне Касынкінай, а менавіта, што ён ведае Алеся Бяляцкага.

"Практычна на ўсе пытаньні я адмовіўся адказваць, карыстаючыся 27-м артыкулам Канстытуцыі, што я магу не адказваць на пытаньні, якія мне зашкодзяць. Практычна я адказаў толькі на адно пытаньне, ці ведаю я Алеся Бяляцкага. Я адказаў — так, ведаю, бо гэта мой сябар".

Падчас допыту спадар Сазонаў спрабаваў даведацца ў сьледчай, як адчувае сябе Алесь Бяляцкі, ці даходзяць да яго лісты.

"Сама Касынкіна ня ведае, як там Бяляцкі. Яна вядзе справу ў іншым кантэксьце і так мне адказвала. Безумоўна, я задаваў шмат пытаньняў і пра Алеся, і наагул пра справу. І націскаў на тое, што гэта палітычны аспэкт справы. І тлумачыў, што яе падставілі, даўшы ёй гэтую справу. Бо калі яна давядзе яе да канца, яна падставіцца перад сумленьнем. Але калі яна сумленна спрацуе і апраўдае Бяляцкага, то ёй гэтага не даруюць. Гэта заведама пройгрышная справа. Яна мне ўвесь час гаварыла, што яна ніякага дачыненьня да палітыкі ня мае і робіць сваю справу. Яна так мусіла гаварыць. Тым ня менш, гэта яна мяне дапытвала, а ня я яе. На некаторыя мае рэплікі яна заўсёды гаварыла: вы хочаце, каб я занесла гэта ў справу? Я казаў, што кажу гэта па-чалавечы".