Сідарэвіч: "Мін'юст хоча бачыць кіраўніком партыі Ляўковіча"

Міністэрства юстыцыі не прызнала чарговы зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), праведзены 5 чэрвеня. Зь юрыдычнага пункту гледжаньня ніякага легітымнага кіраўніцтва партыя цяпер ня мае.

Міністэрства юстыцыі Беларусі адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі зьменаў, унесеных у статут Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), прызнаўшы праведзены зьезд партыі нелегітымным.

"Гэты зьезд прызнаны Міністэрствам юстыцыі нелегітымным, прынята рашэньне аб адмове ў дзяржаўнай рэгістрацыі ўнесеных у статут БСДП (Грамада) зьмяненьняў і дапаўненьняў", — заявілі агенцтву Інтэрфакс-Захад у прэс-службе Мін'юста. Міністэрства заяўляе, што вывучэньне пададзеных дакумэнтаў паказала, што "альтэрнатыўны аргкамітэт пасьпешліва, без належнай падрыхтоўкі, з шэрагам грубых парушэньняў патрабаваньняў статуту БСДП (Г) ажыцьцявіў выбары дэлегатаў і правёў паўторны зьезд гэтай палітычнай партыі".

Маецца на ўвазе зьезд 5 чэрвеня, на якім кіраўніком партыі была абраная Ірына Вештарт, кіраўніца гарадзенскай абласной арганізацыі партыі.

Для лідэра партыі Анатоля Сідарэвіча такое рашэньне Мін'юста ня стала нечаканым.

Сідарэвіч: "Я быў амаль упэўнены, што зьезд зноў не прызнаюць легітымным. Рэч у тым, што Міністэрства па ўказцы зьверху хоча падпарадкаваць партыю Анатолю Ляўковічу. І колькі б зьездаў партыя ні правяла, яны ня будуць прызнавацца легітымнымі. Аднак Ляўковіч з прыхільнікамі ня здольны правесьці зьезд, паколькі ў яго няма для гэтага ані інтэлектуальных, ані кадравых, ані маральных рэсурсаў. Бо ўсе абласныя арганізацыі не прызнаюць за ім такога права".

На дадзены момант юрыдычна, з пункту гледжаньня Мін'юста, у партыі няма ніякага легітымнага кіраўніцтва. 10 кастрычнiка 2010 старшынём партыі абраны Анатоль Сідарэвіч, але зьезд не прызнала Міністэрства юстыцыі і некалькі сябраў арганізацыі на чале з былым кіраўніком партыі Анатолем Ляўковічам.