Вянок памяці: Віталь Скалабан

Ня стала Віталя Скалабана. Вядомы беларускі гісторык, бібліёграф і архівіст пайшоў з жыцьця ў 64 гады.








Віталь Скалабан – архівіст, навуковец, літаратуразнаўца, які шмат зрабіў для папулярызацыі беларускай гісторыі і літаратуры. Згадвае гісторык Уладзімер Ляхоўскі:


"На трэцім курсе гістфаку я шукаў сабе новую, сьвежую тэму для дасьледаваньня. Трэцякурсьнікам я прыйшоў да яго ў "Беларускую энцыкляпэдыю", і ён мне прапанаваў некалькі дзесяткаў маладасьледаваных тэмаў. Я абраў тэму, якой стараюся займацца і цяпер. З гісторыі Менскага настаўніцкага інстытута. Гэта альмаматэр дзеячаў беларускага нацыянальнага руху. Тады і парады першыя я атрымліваў ад яго. Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту я пайшоў працаваць у "Беларускую энцыкляпэдыю", у рэдакцыю, якую ўзначальваў Віталь Скалабан. Потым я працаваў у Нацыянальным архіве, таксама пад яго кіраўніцтвам у аддзеле публікацый. Шмат было блізкіх тэмаў, шмат адкрыцьцяў. Гэта быў чалавек-энцыкляпэдыя. Шмат хто ўдзячны яму за падказкі, за новыя крыніцы. Яго цікавіла ўсё, што тычылася беларушчыны. Тут ён быў як бульдозэр, ён здабываў новае і актуальнае для беларушчыны, гэтым займаўся. Ён шмат зрабіў па палітычным руху, па Ўсебеларускім зьезьдзе, напрыклад, для беларускай літаратуры новага часу, па тэатры... Гэта шматгранная постаць".

Адзін з самых дасьведчаных беларускіх архівістаў у справе адраджэньня беларускай гісторыі і культуры. Так згадвае Віталя Скалабана намесьнік старшыні грамадзкай кампаніі “Гавары праўду”, палітоляг Аляксандар Фядута:


"Мы пазнаёміліся зь Віталём Уладзімеравічам падчас зьезду Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, якую ўзначальваў Станіслаў Шушкевіч. Ён шмат мяне кансультаваў як адзін з самых вопытных і дасьведчаных беларускіх архівістаў. Насамрэч без Віталя Скалабана адрадзіць карціну таго, то адбывалася ў вельмі складанай, у вельмі супярэчлівай беларускай гісторыі ХХ-га стагодзьдзя будзе немагчыма. Працай гэтага чалавека былі апублікаваныя шмат якія матэрыялы, якія тычацца першых асобаў беларускай культуры, такіх як Янка Купала і Якуб Колас, Зоська Верас, і шмат якіх дзеячаў беларускай гісторыі першага шэрагу, тых жа братоў Луцкевічаў. Гэта быў чалавек, які ўвасабляў сабой добразычлівасьць".

Віталь Скалабан быў адным з тых, хто запаўняў "белыя плямы" беларускай гісторыі, літаратуры, вяртаў імёны, згадвае пісьменьніца Людміла Рублеўская.

"Мне выпаў гонар працаваць зь ім над шэрагам артыкулаў. Мы разам напісалі п'есу "Людвіка і Фабіян" пра каханьне Фабіяна Шантыра і Зоські Верас. Дзякуючы Віталю Скалабану, у беларускую літаратуру і яе гісторыю вярнулася вельмі шмат чаго. Гэты чалавек валодаў здольнасьцю здабываць дакумэнты, да якіх іншыя не дабраліся б. У выніку атрымліваліся вельмі нечаканыя высновы і адкрыцьці, паўставала нават новая панарама гісторыі нашай літаратуры. Вельмі шмат мы зь ім працавалі над артыкуламі пра лёсы расстраляных пакаленьняў, хто загінуў у 20-30-я гады. Але ж былі матэрыялы і пра нашых клясыкаў, пра невядомыя старонкі. Без энтузіязму, без незвычайнага архівіскага таленту Віталя Скалабана многія матэрыялы засталіся б невядомыя. Апошнім часам у яго былі цікавыя архіўныя знаходкі ў Маскве, ён прывёз, напрыклад, невядомыя аўтографы Максіма Танка. Ён браў удзел у вечарынах, канфэрэнцыях, пісаў сцэнары, яго можна было бачыць у тэлеперадачах, на старонках розных выданьняў, усюды, дзе можна было сьведчыць пра беларускую гісторыю. Яго вельмі будзе не хапаць. Да апошняга ў яго была прага ведаў і жаданьне яшчэ нешта вярнуць Беларусі, аднавіць гістарычную справядлівасьць".

Віталь Скалабан нарадзіўся 5 жніўня 1947 году ў вёсцы Шылавічы Слонімскага раёну.

У 1970 скончыў Ленінградзкі ўнівэрсытэт. Кандыдат гістарычных навук. 3 1972 працаваў у выдавецтве «Беларуская Энцыкляпэдыя» рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі. У 1995—2000 намесьнік дырэктара, дарадца Беларускага навукова-дасьледчага інстытуту дакумэнтазнаўства і архіўнай справы. З 2000 намесьнік дырэктара Нацыянальнага навукова-асьветнага цэнтру імя Ф. Скарыны, з 2002 навуковы супрацоўнік Нацыянальнага архіву Рэспублікі Беларусь.

Сярод ягоных навуковых зацікаўленьняў, паводле яго самога, былі - Доўнар-Запольскі, Улашчык, Янка Купала, Гарэцкі, Ігнатоўскі, Платонаў, КПБ; гісторыя беларускага нацыянальнага руху, культура ХІХ-ХХ ст., пытанні гістарыяграфіі, архівазнаўства, краязнаўства і бібліяграфіі.

Скалабан быў унікальным знаўцам гісторыі беларускага нацыянальнага руху. Менавіта ён выявіў, хто быў аўтарам паэмы «Тарас на Парнасе». Ён стаяў ля вытокаў стварэньня найлепшых энцыкляпэдый на беларускай мове, у тым ліку 6-тамовай «Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі». Aўтар дзясяткаў публікацый у газэтах і часопісах, пісаў пра постаці і эпізоды беларускай гісторыі.