… Два вялікія драўляныя крыжы пасярод даўжэзнага, аж за небакрай, жытняга палетка, з надпісамі «Героям паўстаньня 1863». І год, калі ўпершыню ўсталявалі — 1891. 20 год таму крыжы пасьля стагодзьдзя забыцьця ізноў паставілі мясцовыя беларусы. Пісьменьніца Вольга Іпатава, зь якой стаялі тады побач на цырымоніі, мне шапнула: маўляў, аднаўляецца сапраўдная гісторыя Беларусі. Як заўжды цяпер у апошнюю суботу ліпеня, на памінальную імшу разам з каталіцкім ды ўніяцкім сьвятарамі сюды прыяжджаюць сучасныя адраджэнцы зь Лідчыны ды ўсяе Беларусі. Цяпер жа мы схілілі галовы перад крыжамі разам з краязнаўцам, кіраўніком суполкі Партыі БНФ Уладзімірам Круцікавым, які нагадаў тыя падзеі:
Круцікаў: «Вось у гэтым месцы, паміж Ольжавым і Мохавічамі, пахаваныя паўстанцы Кастуся Каліноўскага — казалі, тры сотні. У свае часы тут прарываўся атрад Нарбута, якому зрабілі засаду на рэчцы Дзітва расейскія войскі. Адбылася жорсткая сеча, дзе з абодвух бакоў былі вялікія страты. Іх на сваёй зямлі пахаваў мясцовы шляхціц. У царскія часы тут крыж стаяў, пры паляках быў зроблены мэмарыяльны знак. Бальшавікі яго зьнішчылі. У 91 годзе на месцы дзьвюх гэтых брацкіх магіл былі пастаўленыя крыжы…».
Па вузкай сьцяжыне ідзем 7 км да Вялікага Ольжава. Назва паміраючай, як лічылася да апошніх часоў, вёскі раптам усплыла год таму, калі па ўсёй Лідчыне загаварылі пра першыя вынікі фэрмэрскага дэсанту фірмы «Аградом», якая заснавала тут прыватную гаспадарку «Ольжава». У мінулым годзе адсюль — дайце веры — былі вывезены на продаж першыя 40 тон сапраўдных сакавітых кавуноў па больш чым прымальных коштах. Вось і шкандыбалі мы пад пякучым сонцам, каб напярэдадні новага ўраджаю на свае вочы пабачыць «альжанскі кавуновы цуд». На падыходзе сустрэўся 49-гадовы, чорны ад загару, Іван Кудзеў, у якога тут жа запытаў:
Карэспандэнт: «У Ольжаве лягчэй стала жыць з тымі гарбузамі?».
Козеў: «Вельмі нашмат! Зрабілі калёнку цяпер — а быў толькі калодзеж. А ў нас вёска — адно цялё, два хлявы. 9 хат закінутыя, 4 сям’і жывуць усяго. Было 49 дамоў. Мы адносімся зараз да птушкафабрыкі. Каб жа яны хоць убралі ў нас зарасьнікі, бо вужакі па ўсёй вёсцы пайшлі!».
Але вось і Вялікае Ольжава. Назва вёскі гучыць як зьдзек — за кінутай стайняй, пабудаванай яшчэ апошнімі валадарамі вёскі панамі Крычэўскімі, бур’яны ды кінутыя хаты. Раптоўна ўзьнікае адкрытая пляцоўка з парнікамі, гародамі ды хатай, унутры якой яшчэ кіпіць будоўля. Самых фэрмэраў знаходзім акурат побач з кавуновай плянтацыяй. Гледзячы на нязвыклыя для беларускага вока складанай формы лісьцікі, цяжка паверыць, што з-пад іх дастануць шматкіляграмовыя плады.
Ідзем пад павець з гаспадарамі — дырэктаркай Алай Козел ды аграномам Ігарам Волчакам. Абаім за 40. У пажыцьцёвую арэнду ўзялі ў Вялікім Ольжаве 45 га. Зь першых хвілін робіцца ясна — тандэм склаўся, гавораць нібы адным голасам.
Ала: «У чым ідэя? Працаваць больш на зямлі, вырошчваць розныя культуры — ад бульбы да маленькага гурка-карнішона. Фірма „АБЦ“ гродзенская закручвае іх у слоікі…».
Карэспандэнт: «Кавуны ж — не адзінае, на што зрабілі стаўку?».
Ігар: «Не — гуркі каля га, зерневыя 20 га, больш за 10 га бульбы, капуста, цыбуля, хрэн спрабуем. Стаўка — на імпартазамяшчальныя культуры. Дайкон сёлета пасеялі — сумесь радыскі ды рэдзькі. Кавуны пасадзілі другі год — прыняліся. У тым годзе былі 7–11 кг. Растуць у адкрытым грунце — галяндзкія сарты, раянаваныя да нашых умоў. На 80 сотках пры нармальным надвор’і дасьпяваюць ня горш за астраханскія…».
Ала: «Цяпер надвор’е цёплае — дасьпяваньне будзе лепшае, чым у мінулым годзе, у кавуна ж карані ад 3 да 5 мэтраў…».
Карэспандэнт: «Мае знаёмыя фэрмэры, перад тым як браць сур’ёзную плошчу, спачатку робяць гароднінасховішча…».
Ігар: «На вялікія плошчы пакуль не выходзім, бо тэхнікі па лізінгу ня ўзяць і кошты высокія. Ёсьць трактар, капалка, саджалка. Плянуем дабіраць паціху».
Карэспандэнт: «Чым усё-ткі фэрмэрская справа лепшая?».
Ігар: «Працай на сябе. Хочам зрабіць цэх па перапрацоўцы гародніны…».
Ала: «Пачыналі з руінаў — вунь разваленыя гумны, а ўсё аплачваем, як арандуем. Таму стараемся рабіць усё сваімі сіламі…».
Карэспандэнт: «Улады робяць перашкоды?».
Ігар: «Ёсьць крыху. Будынак раней узялі ў арэнду — значыць, ужо скарыстоўваўся і пад нядаўні ўказ пра аплату адной базавай не падпадае. І пад тое, каб танна выкупіць…».
Карэспандэнт: «У вас ужо мясцовыя падпрацоўваюць?».
Ігар: «Працуюць дзьве жанчыны як паляводы — праполка гуркоў, пасадка, выбарка. Могуць зарабляць пад мільён за месяц…».
Прыяжджайце, купляйце — у вёсцы Ольжава вырошчваюць вялікія кавуны!
Карэспандэнт: «Што з рынкамі збыту ў вас?».
Ала: «У Лідзе ў крамах. Кавуноў нашых кошты адрозьніваюцца ад астраханскіх удвая — у мінулым годзе па 600 рублёў за кг здавалі. Прыяжджайце, купляйце — у вёсцы Ольжава вырошчваюць вялікія кавуны!». (Сьмех.)
Карэспандэнт: «За кошт чаго іх нізкі сабекошт дасягаецца?».
Ігар: «Мінімальная хімічная апрацоўка плюс транспарт — не на цягніку возім. Працуем без падаткаў першыя гады. Унутры вады шмат — вельмі сакавітыя. Гэта ж такі фрукт, што калі няправільна ляжыць, хутка пачынае псавацца. Таму дасьпелі — рэзка зьелі, сабралі, прадалі…».
Ала: «І праца фэрмэра — практычна што суткі. Наш сэзон — ніякай стомы! А з кавунамі на Гарадзеншчыне мы першыя — экзотыка!». (Сьмех.)
Карэспандэнт: «Паміраючую вёску з гучнай назвай Вялікае Ольжава вы невыпадкова абралі?».
Ігар: «Яна ўсё-ткі за 12 км ад гораду. Менш „дапамогі“ ад гараджан у сэнсе крадзяжоў — хто ў прыгарадзе, мае больш праблем…».
Карэспандэнт: «Што дае вам аптымізму ў жыцьці?».
Ала: «Усё заплянаванае мае быць зроблена — ад расьлінагадоўлі да жывёлагадоўлі. Усё хочам! (Сьмяецца.) Да людзей нармальна ставімся, і яны да нас — соткі садзім ім, апрацоўваем фітафторай, хіміяй, ваду правялі. Кавун самы вялікі быў 11 кг, і ўвесь палетак у кавунах. Сёлета яшчэ лепш будзе!». (Сьмяецца.)
* * *
На невялікім пляцы пасярод вёскі тым часам сабраліся амаль усе нешматлікія тутэйшыя, што прачулі пра прыезд «карэспандэнта аж зь Менску». Я ж разгаварыўся з 15-гадовай зграбнай бляндынкай Кацяй Астравец.
Карэспандэнт: «Каця, ці будзеш заставацца ў вёсцы?».
Каця: «Вядома, у горад — ані клюбу, ані моладзі няма, а там цікавей. Хачу быць аграномам, але прыяжджаць працаваць у вёску. Сястрычцы Лене 14 год, яна ў 7 клясе…».
Лена: «Я хачу стаць сьпявачкай — хаджу ў Дзітвянскую музычную школу. Падабаецца расейскі „попс“ — Слава…».
Карэспандэнт: «А беларускія рок-гурты ня чула — „Крама“, „НРМ“, „Нэйра-Дзюбель“?».
Лена: «Не люблю, такіх ня чула…».
Галіна: «„Краму“ я чула, як выступалі па тэлевізары…».
Гэта ўступіла ў гутарку 60-гадовая былая даглядчыца на фэрме, спадарыня Галіна Лябедзька. І ня проста ўставіла слоўца — павяла рэй. Яна тут самая гаваркая ды баявітая.
Карэспандэнт: «А колькі ў вас тэлепраграм?».
Галіна: «Пяць — тры беларускія, НТВ, РТР. Я аднаго Лукашэнку слухаю, а ўсю Расею не люблю, таму што ілгуць і ўсё супраць нас робяць — яны даляры падвысілі. А вы што — за Расею прыехалі тутака агітаваць?!».
Карэспандэнт: «А я што — з табой па-расейску гавару?».
Галіна: «Расіяне ўсе цэны падвысілі!».
Іван: «Канечне, не. Глядзіш — на Ўкраіну, у Польшчу паліва вывозілі — значыць, у іх яшчэ вышэй! Курс даляра абваліўся, але такое са стратнай гаспадаркай павінна было быць. Блага, што рэзка — датрымай сваю гаспадарку, сьвіней, калі мука 34 тысячы за 30 кг!».
А гэта падышлі 57-гадовы спадар Іван Астравец ды 72-гадовы дзед Міхась, самы старэйшы на вёсцы. Надалей дамаўляемся адкрыта гаварыць пра ўсё — ад бытавых праблем да «велькай палітыкі».
Галіна: «А вы думаеце, нам па кішэні выкарміць — я трымаю дзьвюх сьвіней?! А ў мяне пэнсія 550 тысяч — меней за 100 даляраў усяго! Мы пад птушкафабрыкай. А хто адтуль прыехаў да мяне і спытаў — табе трэба соткі пасадзіць ці ня трэба? Мы жывем зараз як пры першабытным ладзе! Кароў у нас было 32, а цяпер адна. Ніякай дапамогі — касіць памагалі, а цяпер ідзі сам, як хочаш. А я хадзіла ў 5 раніцы на працу — 3 км туды, 3 сюды па сьнезе, даглядала маленькіх цялятак. А цяпер пра мяне ніхто і ня ўспомніць…».
Дзед Мікола: «Была калісьці ў нас лазьня, 20 коней — прыйшоў ды сена на лузе накасіў…».
Іван: «Тут столькі было дамоў! Сажалка была з бэтанаваным дном. Як улезьлі ў яе бальшавікі — усё засохла. А колькі рыбы было! Крама была — аўталаўка, праўда, прыяжджае раз на тыдзень…».
Галіна: «Я прыехала з гораду на сваю Бацькаўшчыну. У мяне муж хворы — прарабіў 25 год у міліцыі. І я ў горадзе не магу жыць — паветра не дазваляе. Я 20 год працавала ў аддзеле кадраў на „Оптыцы“ і пастаянна хварэла. Прыехала сюды — і няма хвароб! Улетку я зьбіраю лісічкі, здаю — о, на 3 мільёны! І жыву — у мяне дзеці, унук, я ім памагаю. А за тыя 200 тысяч калгасныя я б і на працу не пайшла!».
Я 20 год працавала ў аддзеле кадраў на „Оптыцы“ і пастаянна хварэла. Прыехала сюды — і няма хвароб!
Дзед Мікола: «У яе мянушка ў вёсцы — Лісічка, нясе два судкі адразу…».
Карэспандэнт: «А Лукашэнка кажа, што аграгарадкамі вёску падняў…».
Іван: «Ага, падняў! А цэны якія?! Хуткую дапамогу выклікаць — ці даедзе…».
Галіна: «Гэты дзед кожны месяц ляжыць у бальніцы. Чаму фэльчар Крычэўская зь Дзітвянскай бальніцы ані разу не прыехала, не паглядзела яго — хоць павінна, месяц як выпісаўся з кардыялёгіі? Тым больш — стары, адзінокі чалавек. Я адзін раз пазваніла — у мяне мужык таксама па 6-8 месяцаў у бальніцы — што яна на мяне толькі ня несла!».
Карэспандэнт: «А вы чулі, што Лукашэнка пасьля выбараў пасадзіў усіх кандыдатаў у прэзыдэнты?».
Іван: «Гэта ненармальна! Яны там грамілі нешта на заходнія грошы, але кожны чалавек, калі свабодны, мае права быць кандыдатам. На сёньняшні дзень я за Лукашэнку ані ў жыцьці не прагаласаваў бы!».
Мікола: «Дабавіў пару рублёў да пэнсіі, а цэны на кілбаску якія!».
Іван: «Глядзіце — у савецкія часы там стаялі калёнкі. Не было вады. У мяне тры дачкі. Я сам за свой кошт правёў. Як прыехаў старшыня калгасу ад птушкафабрыкі — якое права ты сам сабе ваду меў правесьці? А дзе я вады вазьму?! Яны мне яшчэ кампэнсаваць павінны — я і матэрыял купляў, і людзей наймаў!».
Як прыехаў старшыня калгасу ад птушкафабрыкі — якое права ты сам сабе ваду меў правесьці?
Пасьля гэтага грамадой загаварылі пра карысьць зьяўленьня ў Вялікім Ольжаве фэрмэраў.
Галіна: «Мне гэты фэрмэр пасадзіць бульбу, выкапае, апрацуе — я ўдзячна, што прыехалі да нас!».
Іван: «Калі прыйшлі фэрмэры, пайшоў да іх працаваць — ім трэба ацяпленьне праводзіць, я дапамагаю. Ідэальныя людзі — ніколі не адмовяць, што ні папрасіць. У мяне дачка захварэе — уначы, у 12, у 2 у бальніцу завязуць. Ніколі на цябе не накрычаць. Трэба бэнзапілу — ніхто не адмовіць! І плацяць добра! Раней пры калгасе што з бульбай — пасадзілі і закінулі, лебядой зарастае. Паглядзіце, як яны — сваё насеньне, апрацоўваюць ад тумана. Ураджай не параўнаць з калгасамі. Па тон 5 і мы накапалі пры фэрмэрах з 10-ці сотак, а з калгасных 30-ці і тоны ня выйшла…».
Галіна: «Дзякуючы Козелам мы ніколі не памрэм! Яны ўсё нам даюць, каб жылі і выжывалі!».
Іван: «Першы раз кавуны садзілі насеньнем, другі год 40 тон у іх было, а гэта трэці раз урадзіла. Аж есьці не было сіл!». (Сьмех.)
Карэспандэнт: «Ударым яшчэ альжанскімі кавунамі па астраханскіх хімікаліях?».
Спадарства: «О-о-о!.. Канечне!».
Дзялюся ўражаньнямі са спадарожнікам — лідзкім палітыкам Уладзімірам Круцікавым.
Круцікаў: «Ольжава паміраючай было вёскай. І пасьля размоў зь людзьмі зразумела, што фэрмэрства — адзінае, што можа яе ўратаваць. Бо аддаў птушкафабрыцы калгас — толку не было і няма. А фэрмэр дае працу, магчымасьць выжываць і зарабляць, наладзіў водазабесьпячэньне для гэтых людзей. Ня кажучы пра тое, што цётка Галя ўпершыню ў жыцьці зьела кавун, што вырас на нашай зямлі…». (Сьмяецца.)
Карэспандэнт: «Ці ўбачыў, Валодзя, зьмены ў палітычных настроях альжанцаў?».
Круцікаў: «Відавочна, прэзыдэнту можна адзін, другі раз падмануць, пасьля трэцяга наступае магутны зрух у сьвядомасьці. Відаць, што Вялікае Ольжава надалей будзе жыць сваім розумам і сваім жыцьцём…».
Фота Ўладзіміра Круцікава
http://maps.google.com/maps/ms?ie=UTF8&hl=en&oe=UTF8&msa=0&msid=209683680851718841608.00046355b62ab3e327e28&num=200&start=400&sll=53.801158,25.239887&sspn=0.027981,0.084543&vpsrc=6&ll=53.853337,25.233536&spn=0.141757,0.361862&z=11&iwloc=lyrftr:msid:209683680851718841608.00046355b62ab3e327e28,0004aaca974a0e773c6f8,,,0,-31&output=embedПадарожжы Свабоды