У адваката, якая абараняла Някляева і Міхалевіча, адабралі ліцэнзію

Тамара Сидарэнка

Кваліфікацыйная камісія па пытаньнях адвакацкай дзейнасьці Міністэрства юстыцыі Беларусі пастанавіла спыніць дзеяньне ліцэнзіі адваката Тамары Сідарэнкі, якая абараняла экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

Таксама, пасля пазбаўленьня ліцэнзіі адваката Алега Агеева, яна абараняла экс-кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча.

У інтэрвію "Свабодзе" Тамара Сідарэнка сказала: "Я пакуль ня ведаю падставаў для такога рашэньня. Але мне паведамілі, што мая ліцэнзія спынена. Цяпер я падаю заяву, каб мне выдалі копію рашэньня. А калі гэта Мін'юст зробіць — ня ведаю".

Тамара Сідарэнка згадала, што раней атрымала два прадпісаньні ад Мін'юста. Першае — пасьля інтэрвію, у якім сказала, што адвакатаў мэтанакіравана не дапускаюць да Ўладзімера Някляева. А другое — калі пасьля праверкі ў яе знайшлі пэўныя недахопы пры афармленьні справаздачаў
.
"Я гэта паправіла і паведаміла міністэрству. Іншых парушэньняў і прэтэнзій да мяне не было. У мінулым годзе Міністэрства юстыцыі ўзнагародзіла мяне граматай, а раней — Рэспубліканская калегія адвакатаў".

У Міністэрстве юстыцыі сказалі, што па гэтым пытаньні ня будзе ніякіх камэнтароў. Таксама там не адказалі на пытаньне, спынена дзеяньне ліцэнзіі альбо не.