"Наўрад ці ў беларускіх турмах катуюць"

Сярод сёньняшніх тэмаў:

"Разам з існаваньнем ГУЛАГу мы прызвычаіліся і да паралельнага існаваньня сьвету інфармацыйных тэхналёгіяў"

Слухачы абмяркоўваюць тэму турэмных прыбіральняў і відэакамэр над турэмнымі парашамі

"Наўрад ці ў беларускіх турмах катуюць". Такой думкі прытрымліваецца большасьць апытаных мінакоў на вуліцаў Магілёва

"У гарадзенскай турме здараліся містычныя рэчы", сьведчыць колішні яе вязень. Беларускія турмы — гісторыя і сучаснасьць

Ці атрымае Дзьмітрый Вус умоўна-датэрміновае вызваленьне па інваліднасьці? Турма і здароўе.


ЗВАРОТНАЯ СУВЯЗЬ


Нам можна напісаць на адрас: 220005, Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 2 663952.

Мы ўдзячныя тым нашым слухачам ды наведнікам сайту, якія не пасаромеліся такой досыць саромнай тэмы, як турэмныя прыбіральні. Нагадаю, што падставай для адмысловага сюжэту ў нашай праграме стаў ліст студэнта-гісторыка зь Вільні і тэлефанаваньне зьняволенага з Івацэвіцкай калёніі. У прыватнасьці, асуджаны паведаміў, што над парашамі ў ШЫЗА ставяць відэакамэры.

Свабода ў турмах, 14.08.2001, частка 1

Your browser doesn’t support HTML5

Свабода ў турмах, 14.08.2001, частка 1


Свабода ў турмах, 14.08.2001, частка 2

Your browser doesn’t support HTML5

Свабода ў турмах, 14.08.2001, частка 2



"Відэакамэры і сьвінства ў адносінах да людзей — гэта па-нашаму, па-тутэйшаму"



Наш сталы чытач і слухач Зьміцер Каляда, які сёлета вясной вызваліўся з гэтай жа калёніі, піша:

"Што тычыцца відэакамэр, то мне зразумела, для чаго іх павесілі ў ШЫЗА над унітазамі. І тут хочуць кантраляваць... Каб маглі, то і вантробы ўсе б высьвецілі. Зона, дзе знаходзіцца параша, дрэнна праглядаецца празь дзьвярное вочка. Там звычайна, акрамя ўсяго іншага, зэкі кураць і гатуюць гарбату (чыфір), што паводле Крымінальна-выканаўчага кодэксу забаронена. Дарэчы, пазбаўленьне тытуню, гарбаты лічу сапраўдным катаваньнем. Хоць сам я не куру і чыфір ня п'ю. Дык вось, відэакамэры — проста спосаб дадатковага кантролю. У такім выпадку адміністрацыя заадно паглядзіць, як людзі патрэбу спраўляюць. Прыкольнае шоў, праўда ж?

Увогуле, тэма турэмных прыбіральняў далікатная, але гаварыць пра гэта трэба. І вырашаць неяк трэба. Сапраўды, многія саромеюцца і церпяць. Напрыклад, у "сталыпіне" (вагон-зак), калі выводзяць у прыбіральню, то дзьверы зачыняць забараняюць. А вартаўнік, баран-вертухай, стаіць і глядзіць. Цікава, ён сам мог бы, калі б апынуўся ў падобнай сытуацыі? У мяне, дый ня толькі ў мяне, нічога не ўдавалася. Мусіў цярпець — добра, што адлегласьці ня надта вялікія. Але болі былі. Таксама лічу такія рэчы катаваньнем".


Катаваньнем лічыць сытуацыю з турэмнымі прыбіральнямі і ўдзельнік нашай мінулай перадачы, колішні начальнік СІЗА на Валадарцы Алег Алкаеў. Паводле ягоных слоў, сытуацыя цалкам залежыць ад заканадаўцаў, а тыя, у сваю чаргу, пакуль самі ня сядуць, падобнымі пытаньнямі турэмнага побыту не цікавяцца.

Наведнік сайту пад нікам OMG убачыў у абмеркаваным намі пытаньні больш глыбінныя рэчы, а менавіта — стан сьвядомасьці. Штосьці падобнае было ў 1930-я, калі зь людзей зьдзіралася покрыва культуры. Тады пра гэта гаварылі тыя, хто належаў да старой інтэлігенцыі. Усе яны былі бясьсільныя перад кашмарам. Як на мой погляд, усё ідзе адтуль.

Аднак вернемся да камэнтара OMG, які мы вырашылі працытаваць цалкам

"Відэакамэры і сьвінства ў адносінах да людзей — гэта па-нашаму, па-тутэйшаму. Прыклад быдлячага стаўленьня да людзей падаецца ў прайм-тайм па беларускіх тэлеканалах, а таму гэта прысутнічае ў беларускім соцыюме на ўсіх узроўнях. Мы прызвычаіліся да гэтага. Да таго, што адны "людзі" вядуць сябе па-быдлячаму зь іншымі. І наагул, чалавек у такім грамадзтве — гэта жывёла. У яго функцыі жывёлы. Чарка, скварка, параша. А годнасьць, культура, правы чалавека — гэта для іншаплянэтнікаў. У турмах жывёлы ў форме папіхаюць і размазваюць тых, хто трапіў у іх поўнае распараджэньне. Разам з існаваньнем ГУЛАГу мы прызвычаіліся і да паралельнага існаваньня сьвету інфармацыйных тэхналёгіяў. Калі беларускія чыноўнікі гундосяць словы "нанатэхналёгіі" і "матрыца", у іхных вачох сьмяротны сум па знаёмых словах з табуіраванай лексыкі. Яны думаюць гэтымі роднымі ім словамі...

У турмах жывёліны ў форме размазваюць тых, хто трапіў да іх у поўнае распараджэньне.


І вось я ўяўляю, як такі працаўнік пэнітэнцыярнай сыстэмы прыходзіць дадому пасьля "працы", мэта якой — пастаяннае прыніжэньне іншага чалавека, і, ня дай Бог, пачынае выхоўваць сваё дзіця ... Жудасная двудушнасьць і двудумства — вось што руйнуе ўсіх нас знутры і дае мала надзеі на акрыяньне. Гэта заражанае паветра, якім мы ўсе дыхаем.

Пра гэта трэба казаць наўпрост і як мага часьцей, выклікаць з інспэкцыяй міжнародных назіральнікаў, каб выпрацаваць у начальнікаў турмаў, у наглядчыкаў безумоўны рэфлекс, што можна і чаго нельга... З жывёламі ж гэта ўдаецца".


"Ці катуюць у беларускіх турмах вязьняў?" — такое апытаньне "Свабода ў турмах" правяла на вуліцах Магілёва.

Як высьветлілася, шмат хто з апытаных сумняецца ў гэтым.

Маладыя спадар і спадарыня. Спадар: "Думаю, што там такога няма. Да такога яшчэ не дакаціліся. Усё ж трэба хоць разьлічваць на лепшае. Наўрад ці да такога дакоціцца. Не, мы так ня думаем".

Спадарыня: "Я таксама спадзяюся, што там такога няма. Такой жорсткасьці. Не вітаецца там такое, мне так падаецца. Гэта мой спадзеў, гэта мая вера, што людзі не жывёлы й што яны не заслугоўваюць такіх сур’ёзных захадаў да сябе".

Малады спадар: "Пакуль не давялося там сядзець, але мне падаецца, што там ня ўсё так, як павінна быць. Нейкія зьдзекі зь людзей там робяць. Мне сябра распавядаў, ён трапляў у такія структуры, і размову там зь ім вялі жорсткімі мэтадамі".

Спадар: "Ня ведаю. Калі чалавек рабіў дрэннае для другога чалавека, чаму ён не павінен цярпець тыя ж мэтады?".

Спадар: "Мне самому давялося пабываць у турме, на жаль. Мне там паказвалі некаторыя цікавыя прыёмы. Па нагах білі. Дужа "прыемна" было. Я ня думаю, што гэта неабходна. Наагул, ім гэта падабаецца. Я так прыкмеціў, што калі яны са мной гаварылі такімі мэтадамі, яны мелі асалоду ад гэтага".

Два спадары: "Не, я ня думаю, што там нешта такое дзікунскае адбываецца. Там усё мірна. Пасадзілі — сядзяць. Там жа прыглядаюць за імі. Наконт таго, што катуюць — наўрад ці. У кожнага ж ёсьць такія знаёмыя — кажуць, што там усё нармальна".

Спадар: "Я мяркую, што так. Канкрэтна, праўда, не скажу, але чуў, што там нешта незразумелае адбываецца. Але сам нічога такога не скажу. Толькі чуў. З аповядаў знаёмых".

Спадарыня: "Ня думаю, што грамадзтва так зьдзічэла, што засталося ў тых яшчэ часах, каб катаваць, зьбіваць, гвалтаваць, выкарыстоўваць фізычную сілу. Практыку праходзілі ў тых месцах, таму…".

Спадар: "Мяне не катавалі. Калі ты вінаваты, ці не вінаваты, яны ў прынцыпе вырашаюць і так. У мяне быў выпадак са знаёмцам. Не, яны яго не чапалі, толькі чатыры чалавекі задавалі розныя пытаньні з розных бакоў. Ня ведаеш, як адказваць. Губляесься. Потым яму кепска стала. Падпісаў дакумэнты, каб толькі адпусьцілі".

Спадар: "Так, я дапускаю гэта. Ведаючы пра нашу сыстэму агулам, я нікога не хачу вінаваціць, але калі паглядзець на людзей, якія адтуль выходзяць, — нават вонкава, нават як іх там кормяць, — гэта ўжо катаваньні".

Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць


У гэтай рубрыцы мы расказваем пра мінуўшчыну і цяпершчыну беларускіх астрогаў, а таксама пра іх вядомых сядзельцаў. Сёньня расповед пра адну з найстарэйшых турмаў краіны — гарадзенскую.

"Турма самага строгага рэжыму ў Беларусі"

Гарадзенскі астрог будаваўся на пачатку 19 стагодзьдзя як перасыльная турма. Асноўнай мерай пакараньня ў тагачаснай Расейскай імпэрыі была катарга, і менавіта праз Горадню арыштантаў этапавалі ў Сыбір — у кайданах, спачатку пешшу, потым на калёсах, потым чыгункай. У 1880-я гарадзенская турма стала найбуйнейшай у Паўноча-Заходнім краі. Лічыцца, што большасьць арыштантаў тут заўсёды складалі палітвязьні, бо на гарадзенскім астрогу адбіваліся ўсе ўзрушэньні ў краі. Гэта паўстаньне Кастуся Каліноўскага ў 1863—1864 гадах, калі праз турму прайшло каля дзьвюх тысяч паўстанцаў, страйкі канца 19 — пачатку 20 стагодзьдзяў, хваляваньні ў 1920—1930-я гады.

За польскім часам палітвязьнямі Гарадзенскай турмы былі старшыня Беларускай Грамады, мовазнаўца Браніслаў Тарашкевіч, лідэр Кампартыі Заходняй Беларусі Сяргей Прытыцкі, беларускі паэт і літаратуразнаўца Валянцін Таўлай, беларускі пісьменьнік Піліп Пестрак ды іншыя.

Пра гарадзенскую турму, якая мае самы жорсткі рэжым утрыманьня ў Беларусі і якую ў крымінальным сьвеце называюць "крытай" — Сяргей Астраўцоў.


Гарадзенцы: "Нельга трымаць у цэнтры гораду гэтую страшэнную энэргетыку "

У старой частцы Горадні, у цэнтры гораду амаль цэлы квартал абнесены высозным мурам. Там знаходзіцца турма № 1: у адной камяніцы — сьледчы ізалятар, у астатніх — зьняволеныя за цяжкія злачынствы. У часы беларускай незалежнасьці сюды пачалі саджаць палітычных. У гэтым ізалятары сядзелі журналісты Павал Шарамет і Андрэй Пачобут, лідэры прадпрымальніцкага руху Валеры Леванеўскі, Аляксандар Васільеў, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.

За турэмнай сьцяной на высокай званіцы адлічвае час вежавы гадзіньнік, якому паўтысячы гадоў. Самім вязьням мець гадзіньнікі яшчэ ня так даўно забаранялася. Другую частку кварталу займае курыя каталіцкага біскупа. Яна і турма калісьці разам складалі вядомы ў Рэчы Паспалітай езуіцкі кляштар з калегіюмам. Расейскі цар Аляксандар І зрабіў тут турму, нядаўна мінула 190 гадоў з таго часу. Праўда, лічыцца, што яшчэ раней расейцы трымалі тут палонных французаў, так што астрожным традыцыям амаль дзьвесьце год.

Уладам заманулася цяпер прапанаваць у сьпіс сусьветнай спадчыны ЮНЭСКО каля дваццаці аб’ектаў — на выбар, а сярод іх — гарадзенскі езуіцкі касьцёл і "кляштарны комплекс". Непадалёк ад іх жыве краязнаўца Алесь Госьцеў. Што ён думае наконт гэтых шанцаў?

Госьцеў: "Увесь гэты комплекс езуіцкага кляштара, які займаў цэлы гектар зямлі, адведзенай яшчэ Стэфанам Баторыем, можна сказаць, велізарную каштоўнасьць сабой уяўляе. Але пакуль там знаходзіцца турма, гэта дзікавата нейк гучыць".

Алесь Госьцеў распавядае пра свае асабістыя ўражаньні:

"Мне давялося гадоў пяць таму пабываць унутры на экскурсіі, я прыйшоў проста ў жудасьць. Там сядзіць больш ці менш паўтары тысячы чалавек, і тая аўра, якая там унутры, яна, канечне, ня можа не ўплываць на навакольле. І трымаць у цэнтры гораду, тым больш такога, як Горадня, страшэнную энэргетыку — таксама немагчыма. Турму адтуль трэба выводзіць. І потым за нейкі час можна прывесьці ў стан, больш-менш адпаведны ўзроўню ЮНЭСКО. Я ня думаю, што гэта зусім бязглуздая ідэя".

Дагэтуль у Горадні апавядаюць пра пісьменьніка Піліпа Пестрака, які ў гарадзенскай турме арганізаваў паўстаньне ў верасьні 1939-га. Існуе шмат легендаў пра тое як Пестрак захапіў турму і ўтрымліваў яе некалькі дзён. Паэт Юрка Голуб асабіста ведаў Піліпа Пестрака, але сумняваецца наконт турэмнага паўстаньня:

"Ды наўрад. Гэта, канечне, домыслы. Ну якое там паўстаньне? Ніхто пра паўстаньне ў гарадзенскай турме ні гу-гу. Нідзе такога няма, ні ў якай дакумэнталістыцы".

Але тое, што пісьменьнік Піліп Пястрак быў вязьнем гарадзенскай турмы за польскім часам — гэта неаспрэчна.

Голуб: "Канечне, сядзеў, і яго як вызвалілі, яму не было куды падацца, дык ён хадзіў туды начаваць — у сваю камэру. Гэта факт. Хто расказваў? Ён сам, і, па-мойму, Васіль Уладзіміравіч гаварыў".

Маецца на ўвазе Васіль Быкаў, які добра ведаў Піліпа Пестрака.

Аднойчы ў Горадні праходзілі дні літаратуры. Юрку Голуба як мясцовага паэта папрасілі заапекавацца Піліпам Пестраком, які пасяліўся ў гасьцініцы "Беларусь", распавядае Юрка Голуб:

"Ён стаіць, глядзіць у вакно, гаворыць: ведаеш, Юрка, я люблю ў Горадню прыяжджаць. Ну, я, жэўжык такі, пытаюся: чаму, Піліп Сямёнавіч? А ён кажа: а я тут адзінаццаць гадоў у турме праседзеў".

Валеры Леванеўскі некалькі месяцаў знаходзіўся за сьценамі турмы, гэта было ў 2004 годзе. Яго і Аляксандра Васільева зьняволілі на два гады за публічную зьнявагу прэзыдэнта.


Леванеўскі: "Па-першае, я згодны, што турма ў цэнтры гораду не павінна быць увогуле. У большасьці камэраў узімку страшэнны холад, улетку—страшэнная сьпёка. Там папросту няма чым дыхаць, калі камэры перапоўненыя. Сьцены настолькі прапахлі ўсім, што інфэкцыю падхапіць вельмі лёгка. Ёсьць камэры з пацукамі. Цябе аднаго замыкаюць, ты прачынаесься, яны па табе ходзяць. У маю бытнасьць гэта быў першы паверх, трынаццатая камэра"

Валер Леванеўскі называе гэта "разнавіднасьцю катаваньняў". Асабліва цяжка ў турме тым, хто мае праблемы з сэрцам, кажа былы палітвязень.

Бібліятэка і бібліятэкар

Яшчэ ў 1880 пры турме была створаная бібліятэка. Калі пры канцы 19-га пачатку — 20-га стагоддзяў арыштантам дазвалялася чытаць толькі адну кнігу — Біблію, то цяпер выбар пашырыўся. Калі сядзеў ён, у бібліятэцы можна было набыць расейскую клясыку (Дастаеўскі, Пушкін, Купрын, Бунін), гістарычныя творы, асноўнымі ж кнігамі былі працы Леніна і Маркса.

Бібліятэкарам працуе маёр Вячаслаў Лісіцын. Ня так даўно ён напісаў кнігу пра гісторыю гарадзенскай турмы, якая называецца "За турэмнай сьцяной". У кнізе зьмешчаныя чарцяжы турэмных будынкаў, фатакопіі розных загадаў, малюнкі кайданоў ды іншых прылад, што ўжываліся ад пачатку 1800-х па 1939 год. Таксама ў кнізе апісваецца сучасны побыт вязьняў.

У інтэрвію розным выданьням пасьля выхаду кнігі Лісіцын адзначаў, што памятае многіх вязьняў, у тым ліку і палітычных — Леванеўскага з Шараметам, напрыклад.

"Палітычны вязень ці не палітычны" — гэта выключна сучасная ацэнка

З інтэрвію В.Лісіцына "Белорусской газете":

"Шарамет сядзеў тут, таму што яго не хацелі нікуды перавозіць. У дачыненьні да яго абсалютна не было аніякага перадузятага стаўленьня: тое, што належыць, ён атрымліваў. Калі б зьявілася пастанова аб яго вызваленьні, мы б адчынілі браму і выпусьцілі яго.

Леванеўскі сядзеў у агульных камэрах і пісаў скаргі ва ўсе інстанцыі. У яго была такая ж норма харчаваньня, як і ў астатніх, яму дастаўлялі перадачы, газэты. Даслалі неяк Дэклярацыю правоў чалавека, дык ён так пачаў зь ёй насіцца! Я казаў: "Растлумачце яму, што дэклярацыя — гэта не закон. Гэта ўзор таго, як павінна быць ва ўзаемаадносінах паміж людзьмі, гэта тое, да чаго чалавецтва павінна імкнуцца, а не юрыдычная норма...". Ані Шарамета, ані Леванеўскага ані разу не каралі. Гэта пры тым, што пакараць чалавека па адпрацаванай сыстэме можна заўсёды. Мы тлумачым зьняволенаму ягоныя правы і абавязкі, і ён разумее, што ад яго патрабуецца. Калі ён не пераступае рысу, мы таксама не павінны яе пераступаць".


Паводле Вячаслава Лісіцына, "палітычны вязень ці не палітычны" — гэта выключна сучасная ацэнка. Маёр Лісіцын падкрэсьлівае, што "за царом усё лічылася крымінальным злачынствам: паўстанцкая агітацыя, баявыя дзеяньні і г.д. Так, Каліноўскі для многіх сучасных людзей — герой, а з пункту гледжаньня ўладаў той пары — крымінальны злачынец, ваенны арыштант".

З інтэрвію В.Лісіцына "Белорусской газете":

На пасаду загадчыка бібліятэкі гарадзенскай турмы Вячаслаў Лісіцын трапіў у 1998 годзе, ужо выйшаўшы на пэнсію. Дагэтуль зрабіў у пэнітэнцыярнай сыстэме кар’еру ад самай нізкай турэмнай пасады да дзяжурнага памочніка начальніка турмы, або так званага "начнога начальніка".

"За савецкім часам мы спэцыялізаваліся на тым, што "здымалі карону" з злодзеяў у законе. У савецкі час турму нездарма называлі "чырвонай зонай". Яна і цяпер ёю застаецца: гэта месца, дзе ня дзейнічаюць законы злачыннага сьвету. Да 1980-х гарадзенская турма была адзінай падобнай установай ва ўсёй Беларусі. Тут зьбіралася так званая "крымінальная эліта" з усяго СССР.

"Зьняць карону" — значыць паказаць аўтарытэту, што ён такі ж, як і астатнія сьмяротныя. Караля робіць сьвіта. Трэба пазбавіць яго гэтай сьвіты, і ўсё, "карона" падае! Для гэтага ёсьць адмысловыя мэтодыкі не для шырокага кола. Але "зьняцьця кароны" нельга дамагчыся гвалтам: калі рабіць з злодзея ў законе героя або пакутніка, будзе адваротны эфэкт"
.

Як адзначае Вячаслаў Лісіцын, "выпадковы чалавек не застанецца працаваць у турме. Такія сыходзяць, бо не вытрымліваюць. Але ж калі чалавек застаецца, то назаўжды. Тым больш што тут найбольш цяжкі кантынгент зьняволеных".

Так, сапраўды, у гарадзенскага астрогу ёсьць пэўныя асаблівасьці. Тут сядзяць тыя, хто не дабыў пакараньня ў калёніях, таму што адмовіўся супрацоўнічаць з адміністрацыяй, парушаў правілы, не выконваў загады турэмнікаў. У выніку гэтых вязьняў паводле рашэньня суду караюць дадатковым пазбаўленьнем волі з утрыманьнем ужо менавіта ў гэтай "крытай" турме, у камэрах № 73—121.

"Амэрыканка" і "бастыён"

Адзін з колішніх сядзельцаў, Ігар М., трапіў у гарадзенскі астрог з Магілёўскай калёніі агульнага рэжыму. Пры канцы 1990-х Ігара пазбавілі волі за хуліганства. У калёніі ён адмовіўся супрацоўнічаць з адміністрацыяй, некалькі разоў сядзеў у ШЫЗА. За што і быў асуджаны паўторна з утрыманьнем у "крытай" гарадзенскай турме.

Ігар добра памятае бібліятэкара Лісіцына. Дзеля цікавасьці азнаёміўся з кнігай "За турэмнай сьцяной", а таксама са шматлікімі ягонымі інтэрвію. Ігар гатовы палемізаваць з аўтарам дасьледаваньня.

Ігар: "Нікога, ніколі ў жыцьці са злодзеяў у законе там не ламалі, дый не маглі зламаць. Не было такога ў гісторыі Беларусі. У Расеі — было, на Ўрале ва ўстанове "Белый лебедь" было такое. Аднак ня ў нас. Ведаеце, камэрна-турэмны рэжым — ён, зразумела, самы жорсткі паводле Крымінальна-выканаўчага кодэксу. А зь іншага, боку, там адчуваеш сябе найбольш свабодным. Таму што гэта апошні прыпынак, далей не завозяць. Далей за турэмны рэжым нічога няма. Напрыклад, у калёніі даводзіцца даражыць пэўнымі рэчамі. Тым жа сьвежым паветрам. Прамаўчыш іншым разам, праглынеш несправядлівасьць, ня скажаш начальству тое, што хацелася б і трэба сказаць. А там, калі цябе туды пераводзяць, мусіш адбыць ад году да трох. Сядзіш з такімі ж, як і ты. 10—15 чалавек у камэры. Праўда, ёсьць тэлевізар, нават прыстаўка з гульнямі. І ў кантралёраў той жа прынцып — не правакаваць. Інакш яны такое ў адказ атрымаюць! Турма жыве адным арганізмам: калі кагосьці нават з падсьледных стукнуць, дык камэры пачынаюць выбіваць дзьверы, пратэставаць".

Тыя фоты з гарадзенскай турмы, якія бачыў у газэтах Ігар і на якіх былі зэкі-працаўнікі з замілаванымі тварамі, шчасьлівыя, што іх паставілі на шлях выпраўленьня, нагадваюць Ігару аматарскі тэатар.

Ігар: "Звычайна ЗК не ідуць на тое, каб іх фатаграфавалі.

Тыя фоткі для газэт рабіліся ў камэрах, дзе "пакрыўджаныя" або тыя, хто прайграўся, хто прайграўся ў калёніі ў карты, не разьлічыўся з крэдыторамі. У калёніі гэтыя людзі хаваюцца ў ШЫЗА, а потым іх рашэньнем суду пераводзяць у "крытую" і хаваюць там. Гэты кантынгент і працуе на прамзоне. Там розныя цэхі ёсьць. Раней рабілі труны. Цяпер розныя драўляныя рэчы. Усяго камэр дзесяць з усёй турмы працуюць".


У гарадзенскай турме два будынкі — стары і новы. Новы з камэрамі на 4 месцы называюць яшчэ "амэрыканкай", ад параўнаньня з сучаснымі заходнімі турэмнымі пабудовамі. Стары будынак, у якім сядзеў Ігар, клічуць "бастыёнам".

"У старой гарадзенскай турме здараліся містычныя рэчы"

Паводле Ігара, калі абстрагавацца ад таго, у якой установе ты апынуўся, то адчуваньне, што трапіў у даўніну.Па-першае, "вельмі прыгожая архітэктура. Там камэры, дзе раней былі кельлі На прагулку ў дворык ідзеш праз турэмную вежу, па крутой лесьвіцы. Па-другое, здараюцца тут і містычныя выпадкі. Ва ўсялякім разе, тыя, хто ня верыў у Бога ці іншыя вышэйшыя сілы, прынамсі на нейкі час пачыналі сумнявацца, ці сапраўды іх няма.

Ігар называе сябе веруючым, але нецаркоўным чалавекам. Самыя ж яркія і моцныя ягоныя ўражаньні з часу, праведзенага ў Гарадзенскім астрогу, зьвязаныя з тамтэйшым каталіцкім сьвятаром і адной папяровай іконай.

Ігар: "Ксёндз хадзіў па камэрах. Падчас каталіцкага Вялікадня ад каталіцкай царквы рэгулярна прыходзіў аўтобус з кулічамі ды яйкамі. Яшчэ памятаю: мы ішлі на прагулку, а ён зьявіўся ў турэмным двары. Хтосьці сказаў: "Добрай раніцы, сьвяты айцец", а той у адказ працягнуў яму руку. Як старому знаёмаму сказаў: "Прывітаньне", ды яшчэ па імені зьвярнуўся. Гэта было ўсё ў прысутнасьці кантралёра, і той, для каго мы былі быдлам, аж скрывіўся ад злосьці.

Што да праваслаўнай царквы, дык тыя аднойчы падаравалі такія папяровыя іконы. Адну мы прымацавалі скотчам да дзьвярэй. Здаецца, моцна. А потым (гэта было ў 2004-м) неяк глядзім тэлевізар — паказвалі прамы рэпартаж зь Беслану, падчас штурму школы. Розныя БТР, вайскоўцы. Уся камэра замерла — глядзім, а ў гэты час ікона адрываецца і пачынае павольна падаць на падлогу. Мы тады зьдзівіліся таму супадзеньню. А потым празь нейкі час з навінаў даведваемся, што тады загінулі некалькі сотняў дзяцей…

Пасьля таго стараліся прыклейваць іконы як мага больш трывала".


Турма і здароўе


Артыкул 187 Крымінальна-выканаўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь прадугледжвае ўмоўна-датэрміновае вызваленьне ад адбыцьця пакараньня з прычыны цяжкай псыхічнай, саматычнай або інфэкцыйнай хваробы. На мове пэнітэнцыярнай сыстэмы гэта называецца актыроўкай. Канчаткова пытаньне аб вызваленьні арыштанта ў сувязі са станам здароўя вырашаецца мэдычнымі часткамі крымінальна-выканаўчай сыстэмы, куды асуджаных накіроўваюць на абсьледаваньне.

Тэарэтычна вязень можа атрымаць актыроўку, калі ў яго канстатуюць інваліднасьць, аднак на практыцы, асабліва ў выпадку з палітвязьнямі, такое бывае надзвычай рэдка.

У якасьці прыкладу — выпадак зь вядомым апанэнтам рэжыму Лукашэнкі, былым міністрам ды дыпляматам Міхаілам Марынічам. У аршанскай калёніі ён перанёс інсульт, яму прызначылі другую групу інваліднасьці. Але ўлады адмовілі Марынічу ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні. Палітвязень мусіў у цяжкім стане заставацца за кратамі і чакаць наступнай камісіі.

Лекар: "З гледзішча пэрспэктываў турма для Вуса — гэта вельмі кепска"

Цяпер камісію праходзіць экс-кандыдат на прэзыдэнта, асуджаны Магілёўскай калёніі Дзьмітрый Вус.

У 2004 годзе Дзьмітрый Вус падчас плянавай апэрацыі атрымаў перадазіроўку наркозу, у выніку чаго перанёс некалькі клінічных сьмерцяў і доўгі час праляжаў у коме.

Пасьля лячэньня яму прызначылі 2-ю групу інваліднасьці.

Летась на пачатку сьнежня, напярэдадні выбараў, Дзьмітрый Вус у размове са мной прызнаўся, што да актыўнага жыцьця — прадпрымальніцкага і палітычнага — яго вярнула фізычная актыўнасьць ды псыхалягічная падтрымка блізкіх. У якасьці лекаў — штодзённыя заняткі спортам: прабежкі, падцягваньні на турніку, які ў яго дома, халодны душ. Што да мэдыкамэнтаў, то Дзьмітрый Вус абыходзіцца бязь іх.


"Не прымаю. Ня тое каб прынцыпова. Проста не адчуваю ў гэтым патрэбы. Я прыхільнік таго, што дапамагае. Нават псыхалягічная падтрымка можа істотна дапамагчы. Памятаеце, адзін час у нас многія запалі на Кашпіроўскага. Гэта таксама мэдыцына. Потым яшчэ ля тэлевізара людзі ставілі розныя слоікі з вадой, клалі розныя крэмы і казалі, што дапамагае. Галоўнае, псыхалягічна сябе настроіць".

Паводле слоў Дзьмітрыя, на момант выбараў ён адчуваў, што знаходзіцца ў добрай фізычнай ды псыхічнай форме. У якасьці сьведчаньня — вынікі мэдычнай камісіі, якую ён праходзіў як паляўнічы, які мае дома стрэльбу. У сувязі з гэтым пацьвярджаць сваю інваліднасьць не адчуваў патрэбы.

Гісторыя вяртаньня Дзьмітрыя Вуса да актыўнага жыцьця ўразіла ня толькі яго блізкіх, але і спэцыялістаў-мэдыкаў.

Адмысловец-нэўроляг Васіль Аўраменка кажа:

"Гіпаксічная кома, якая здараецца падчас апэрацыі, калі пацыента пачынаюць выводзіць з наркозу, — гэта вельмі сур’ёзная рэч. Можа адмерці частка кары галаўнога мозгу.Тут могуць быць самыя розныя ўскладненьні, аднак тое, што чалавек пасьля такога вядзе вельмі актыўную дзейнасьць, — гэта сапраўдны цуд. Тым больш што калі яму далі групу, дык усё гэта прайшло не безь сьлядоў. Штосьці засталося".

Паводле лекара, турма адназначна вельмі адмоўна ўплывае на такіх хворых. Па-першае, у іх жа адбыліся зьмены ў сасудах галаўнога мозгу. На тле высокага ціску нават на волі, ня кажучы пра душныя турэмныя камэры, могуць здарыцца самыя розныя ўскладненьні. Самае небясьпечнае зь іх — інсульт.

Другі негатыўны момант: у Дзьмітрыя Вуса рэзка зьмяніўся лад жыцьця.

Аўраменка: "Рэзкая зьмена ладу жыцьця — гэта вельмі кепска.

Вось тыя людзі, якія сябе актыўна паводзяць фізычна, пасадзіць іх ва ўмовы нерухомасьці — на іх гэта адбіваецца вельмі адмоўна. Тыя, хто больш седма сядзіць, яны гэта лягчэй пераносяць. А вось калі фізычна актыўных раптам пазбавіць актыўнасьці — гэта вельмі кепска. Калі ён сапраўды актыўным быў, цяпер яго пасадзілі — гэта вельмі кепска. З гледзішча пэрспэктываў".


Як сьведчыць жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Яўгенія Вус, у турэмным шпіталі на "Валадарцы", куды яе мужа адвезьлі з Магілёўскай калёніі для пацьвярджэньня інваліднасьці, Дзьмітрыю з-за духаты ў камэры было кепска і была патрэба прымаць мэдыкамэнты.

Яўгенія Вус: "Муж адчувае сябе кепска"

Яўгенія: "На "Валадарцы" яму было вельмі цяжка. Перапоўненае памяшканьне. Душна вельмі. Ціск падняўся, сэрца пачало балець. Самі лекары ніякай дапамогі яму не аказвалі, і да таго ж прэпараты, якія я яму перадавала, ён так і не атрымаў бы, калі б настойліва не ўмяшаліся сваякі.

Цяпер муж у карантыне ў магілёўскай калёніі, яго туды вярнулі пасьля абсьледаваньня ў Менску. Піша, што маральна яму вельмі цяжка, просіць заспакаяльныя таблеткі".

Як кажа Яўгенія Вус, паводле вынікаў абсьледаваньня ў Рэспубліканскім турэмным шпіталі на Валадарцы яе мужу павінны ізноў прызначыць 2-ю групу. Рабіць гэта будуць ужо ў Магілёве. Але нават і пацьверджаная інваліднасьць — яшчэ не канечне падстава для ўмоўна-датэрміновага вызваленьня. Яго проста пазбавяць найбольш цяжкай працы.

Нагадаем, што тэрмін пакараньня экс-кандыдата на прэзыдэнта Дзьмітрыя Вуса — 5,5 года калёніі ўзмоцненага рэжыму.