Грыб: "Бяляцкі нічога не ўзяў у нашай краіны і ў нашых людзей"

Алесь Бяляцкі

Старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна”, віцэ-прэзыдэнт FIDH Алесь Бяляцкі пасьля прад'яўленьня абвінавачаньня застаецца пад вартай. Навошта ўладам новы палітвязень?

Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч патлумачыў, што асобная пастанова па меры стрыманьня Алеся Бяляцкага, які цяпер знаходзіцца ў турме на Валадарскага, выносіцца ня будзе. 12 жніўня яму прад'явілі абвінавачаньне па крымінальным артыкуле – “утойваньне прыбыткаў у асабліва буйным памеры”.

Уладзімер Лабковіч

"Сыходзячы з заканадаўства, у сьледзтва няма неабходнасьці прымаць новае рашэньне аб меры стрыманьня. Фактычна, прыняўшы рашэньне прад'явіць яму абвінавачаньне да дзесяці сутак, уклаўшыся ў гэты тэрмін, і не адмяніўшы ранейшую меру стрыманьня адносна Алеся Бяляцкага, на два месяцы сьледзтва застаецца мера стрыманьня – пад вартай".

"Вясна" ужо сабрала некалькі соцень паручальніцтваў за Алеся Бяляцкага, на падставе якіх праваабаронца можа быць вызвалены з-пад варты.

"Мы хочам закамуляваць як мага больш паручальніцтваў і будзем кансультавацца з адвакатам, каб ён перадаў гэтыя паручальніцтвы на наступным тыдні. Мы лічым неабходным сабраць яшчэ большую колькасьць гэтых паручальніцтваў. Мы чакаем іх ад нашых праваабаронцаў з рэгіёнаў, ад нашых калегаў".

Выстаўленьне афіцыйнага абвінавачаньня Ўладзімер Лабковіч назваў палітычна матываваным рашэньнем і перасьледам за грамадзкую дзейнасьць.

"Гэта выключна сфабрыкаваная справа. Безумоўна, тыя рахункі, якія мае сьледзтва, гэта не даходы. І гэта абсалютна відавочна. Гэта перасьлед за грамадзкую дзейнасьць і спроба далей ствараць страх. А з таго, што ў гэта былі ўмешаныя краіны Эўразьвязу, можна выказваць толькі шкадаваньне. Выказваючы падтрымку грамадзянскай супольнасьці яны не забясьпечылі бясьпеку інфармацыі, што кладзе на іх маральную адказнасьць за сытуацыю, якая склалася вакол Алеся Бяляцкага і іншых праваабаронцаў".

Новы палітвязень, паводле старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Алега Гулака, гэта "чарговы скандал і бар'ер паміж афіцыйным Менскам і ўсім сьветам".

Алег Гулак

"Гэта ня справа падаткаў, гэта справа палітычная. Эфэкт, які ўлада разьлічвае атрымаць, нашмат меншы, чым тыя адмоўныя наступствы на міжнародным узроўні і ўнутры краіны".

Камэнтуючы выдачу рахункаў праваабаронцаў Літвой і Польшчай, Алег Гулак адзначыў, што эўрапейская супольнасьць павінна дзейнічаць адэкватна і сур'ёзна.

"Беларускія ўлады намнога больш пасьлядоўныя і, на жаль, эфэктыўныя, чым эўрапейцы – у дасягненьні сваіх мэтаў, няхай кароткатэрміновых".

Перасьлед Бяляцкага Мечыслаў Грыб называе палітычным. Гэтай
справай улада "хоча паказаць, што яна ёсьць і яна галоўная".

Мечыслаў Грыб

"З фармальнага падыходу, там праглядаецца склад злачынства. Зь іншага боку, ні Бяляцкі і ніхто іншы ў нашай краіны і ў нашых людзей нічога не ўзяў. Сродкі, якія ахвяравалі на падтрымку людзей, у якіх парушаныя правы, гэта ж ня нашы сродкі. Яны – замежныя. Мяне вельмі засмучае, што замежнікі адной рукой працягваюць нейкую лусту хлеба, а ў другой камень трымаюць за сьпінай, каб стукнуць, калі ты пацягнесься за гэтай лустай".

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, Алесь Бяляцкі стаў закладнікам і вакол яго ўлады павядуць новы гандаль.

Анатоль Лябедзька

"Ніхто не прагназаваў такую нэгатыўную і рэзкую рэакцыю. Але калі ўжо так здарылася, то Бяляцкага можна паспрабаваць прадаць за нейкія саступкі. Па гэтым шляху будуць разгортвацца падзеі далей. З пункту гледжаньня стратэгіі, гэта больш параза ўлады, чым яе перамога. Бо дыскусія, якая цяпер пайшла, скіраваная на тое, каб у канкурэнцыі каштоўнасьцяў і прагматызму, перамагалі каштоўнасьці".