Пяцёра ўдзельнікаў акцыі салідарнасьці са Зьмітром Дашкевічам — на волі

Вячаслав Барысаў, Юлія Міхайлава, Яўген Скрабец, Тацяна Шапуцька

Вячаслава Барысава, Юлію Міхайлаву, Яўгена Скрабца, Максіма Сямёнава ды незалежную журналістку Тацяну Шапуцьку Горацкі раённы суд пакараў дзесяцьцю суткамі арышту за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце ля адміністрацыйнага будынка папраўчай калёніі № 9. У гэтай турме адбывае двухгадовае пакараньне лідэр "Маладога фронту" Зьміцер Дашкевіч.

Пікет актывісты арганізавалі пасьля таго, як адміністрацыя калёніі адмовіла адвакату ў сустрэчы са зьняволеным актывістам. Патрабаваць гэтага да турмы прыехалі больш за чатыры дзесяткі актывістаў. Пасьля разгону акцыі пратэсту пятнаццаць яго ўдзельнікаў былі затрыманыя.

Тацяну Шапуцьку затрымалі за тое, што яна здымала разгон пікету. Калі разглядалі яе справу, яна даводзіла гэта суду, але марна.

"Сядзелася ў ізалятары нармальна, асабліва ў параўнаньні зь менскім Акрэсьціна. Тут нас прынялі даволі гасьцінна. Мясцовыя міліцыянты, канваіры яшчэ не набраліся той азлобленасьці, якая ёсьць у іх менскіх калегаў. Усё рабілі паводле закону. У нас нават былі штодзённыя прагулкі, якіх не дачакаесься ў Менску. Ставіліся да нас са спагадай і разуменьнем нават. Наагул, цяжка зразумець матывы, чаму мяне затрымалі. У ізалятары сядзелі два хлопцы, якія ня ўдзельнічалі ў пікеце, яны проста прысутнічалі ля калёніі, і іх таксама затрымалі. Таму й мяне затрымалі разам з усімі, нягледзячы на тое, што я выконвала сваю працу журналіста", зазначыла адразу па вызваленьні Тацяна Шапуцька.

Тацяна Шапуцька


Як паведамілі вызваленыя дзяўчаты, хлопцы стараліся падтрымліваць іх. Напрыклад Вячаслаў Барысаў перадаў у камэру дзяўчатам вырабленыя з падручных матэрыялаў кветкі й мэдалі:

Вячаслаў Барысаў

"Хацелася нешта зрабіць прыемнае нашым дзяўчатам. Зрабіў тульпаны й мэдалі "За адвагу". Трэба было рабіць і "За прыгажосьць". Яны проста малайцы", кажа Вячаслаў Барысаў.

На волі арыштантаў сустракалі бацькі й паплечнікі.


Юлія Міхайлава


Па вызваленьні пяці актывістаў у ізалятарах застануцца яшчэ чацьвёра пікетоўцаў. Мікола Дземідзенка выйдзе на волю 19 жніўня, яго пакаралі на 17 сутак. 14 жніўня — Наста Палажанка, у яе 12 сутак. Ганна Шаруба — 15 жніўня пасьля 13 сутак. 19 жніўня выйдзе на волю Вячаслаў Барысаў. Яго судзілі 9 жніўня і пакаралі дзесяцьцю суткамі. На судзе 3 жніўня ён запатрабаваў адваката.