Маральны і фізычны стан Дзьмітрыя Вуса вельмі цяжкі, паведаміла БелаПАН жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Яўгенія.
Паводле яе слоў, Вус цяпер знаходзіцца ў карантыне ў магілёўскай калёніі, куды яго вярнулі 5 жніўня пасьля абсьледаваньня ў Менску. "Муж піша, што маральна яму вельмі цяжка, просіць заспакаяльныя таблеткі", - распавяла Яўгенія.
Яна таксама паведаміла, што калі падчас абсьледаваньня муж знаходзіўся ў СІЗА № 1 у Менску, адміністрацыя ізалятара не перадала яму пасылку зь лекамі. Атрымаць лекі Дзьмітрый Вус змог толькі пасьля актыўнага ўмяшаньня сваякоў.
Яўгенія адзначыла, што прасіць у прэзыдэнта памілаваньня Дзьмітрый ня будзе.
26 траўня суд Ленінскага раёну Менску прызнаў былога кандыдата ў прэзыдэнты прадпрымальніка Дзьмітрыя Вуса вінаватым у арганізацыі масавых непарадкаў у Менску 19 сьнежня 2010 года і прысудзіў яго да пяці з паловай гадоў пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Вус, які знаходзіўся пад падпіскай аб нявыезьдзе, быў узяты пад варту ў зале суду.
19 ліпеня Менскі гарадзкі суд пакінуў у сіле прысуд раённага суду.