Алеся Бяляцкага трымаюць у камэры з падазраванымі ў эканамічных злачынствах

Алесь Бяляцкі

Амбасадар Літвы ў Беларусі выбачыўся перад жонкай Алеся Бяляцкага ад імя літоўскага боку. Кіраўніку "Вясны" перадалі ў камэру лекі і сьвежыя газэты. Працягваецца збор паручальніцтваў за вызваленьне яго да суду.

У Камітэце Дзяржкантролю, куды ўваходзіць Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў, не камэнтуюць той факт, што абвінавачаньне кіраўніку праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесю Бяляцкаму дагэтуль ня выстаўленае. Бяляцкага падазраюць у нявыплаце падаткаў з асабліва вялікай сумы прыбыткаў і з 4 жніўня трымаюць пад вартай.

"Там паводле закону тэрмін утрыманьня — 10 дзён, таму праверка працягваецца. Нам, ва ўсякім разе, нічога не перадавалі для распаўсюду", — паведамілі ў КДК.

10 жніўня, як і днём раней, адваката Алеся Бяляцкага для ўдзелу ў сьледчых дзеяньнях з удзелам падазронага не выклікалі. Праваабаронца Ўладзімер Лабковіч сказаў, што днём раней для Бяляцкага прынялі харчовую перадачу, а сёньня — газэты і лекі. Пра ўмовы ўтрыманьня Бяляцкага вядома няшмат:

"Ён знаходзіцца ў камэры разам з асобамі, якіх падазраюць у эканамічных злачынствах. Ня скардзіцца. Ва ўсякім разе, пра тое, што адносна яго ўжываюць катаваньні ці нейкі ціск, нам невядома".

10 жніўня стала вядома, што напярэдадні амбасадар Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас перадаў жонцы кіраўніка праваабарончага цэнтру "Вясна" Алеся Бяляцкага Натальлі Пінчук выбачэньні Літвы ў сувязі зь непаразуменьнем, якое прывяло да арышту яе мужа. Пасол таксама праінфармаваў, што Літва вельмі сур'ёзна ставіцца да інцыдэнту і часова прыпыняе аказваньне прававой дапамогі Беларусі паводле двухбаковай дамовы.

Тым часам у Вільні міністар юстыцыі Літвы Рэмігіюс Шымашус у размове з рэдактарам сайту "Хартыя-97" Натальляй Радзінай паведаміў падрабязнасьці пра перадачу інфармацыі аб банкаўскім рахунку Алеся Бяляцкага ды іншых грамадзянаў Беларусі, на якіх былі запыты зь Беларусі. Паводле спадара Шымашуса, чыноўнікі міністэрства паставіліся да запыту адносна Алеся Бяляцкага як да "руціннага пытаньня".

"На жаль, нават тыя людзі, якія добра вядомыя ў Беларусі, іх імёны не заўсёды вядомыя нават высокаадукаваным людзям у Літве. Намі быў зроблены запыт у банкі. Пасьля таго, як інфармацыя была атрыманая ад банкаў, яна была перададзеная Мін'юсту Беларусі", — цытуе сайт "Хартыі-97" прызнаньне міністра юстыцыі Літвы Рэмігіюса Шымашуса. Міністар дакладна ня змог сказаць, ці быў гэта запыт толькі на Бяляцкага, ці яшчэ на аднаго чалавека. "Адначасовых запытаў на вялікую колькасьць людзей ніколі не было", — запэўніў Рэмігіюс Шымашус Натальлю Радзіну.

Тым часам у Беларусі працягваецца збор паручальніцтваў за вызваленьне Алеся Бяляцкага на час сьледзтва. Уладзімер Лабковіч распавёў:

Уладзімер Лабковіч

"Самыя першыя, хто падпісаўся, — гэта Алег Гулак, Гары Паганяйла, Жана Літвіна, Іна Кулей, Аляксандар Мілінкевіч. Вельмі шмат людзей падпісваюцца з грамадзкага сэктару. Вось пакінула паручальніцтва вядомая праваабаронца Алена Танкачова. Паколькі хутка будзе вырашацца пытаньне пра меру стрыманьня, мы разьлічваем неўзабаве перадаць першую частку паручальніцтваў у пракуратуру і таму будзем вельмі рады ўсім грамадзянам, якія ў самы блізкі час далучацца да гэтай кампаніі. Мы 15 год дапамагалі людзям, нам ня сорамна за нашу працу, і таму цяпер ня сорамна прасіць у людзей дапамогі".