Суд пакінуў Цімашэнку пад арыштам

Судзьдзя Пячэрскага раённага суду Кіеву Радзівон Кірэеў, які старшынюе на працэсе па "газавай справе" супраць Юліі Цімашэнкі, адмовіўся зьмяніць меру стрыманьня ў выглядзе арышту для экс-прэм'ер-міністра Ўкраіны.

Адпаведнае хадайніцтва абаронцы Ю. Цімашэнкі Юрыя Сухава судзьдзя адхіліў ў панядзелак.

"Хадайніцтва не ўтрымлівае зьвестак аб тым, што неабходнасьць у абранай меры стрыманьня ў выглядзе арышту адпала", – гаворыцца ў пастанове суду, зачытанай Р. Кірэевым.

Такім чынам, як падкрэсьліў Р. Кірэеў, няма падстаў для зьмены меры стрыманьня для Ю. Цімашэнкі.

5 жніўня судзьдзя Р. Кірэеў зьмяніў Ю.Цімашэнцы меру стрыманьня з падпіскі аб нявыезьдзе на арышт па хадайніцтве дзяржаўнага абвінаваўцы. Пракуроры заявілі гэтае хадайніцтва пасьля допыту ў якасьці сьведкі прэм'ер-міністра Мікалая Азарава.