Швэд спрабаваў пабудаваць ядзерны рэактар у сябе на кухні

Швэдзкая паліцыя затрымала 31-гадовага жыхара мястэчка Ангелгольм у заходняй Швэцыі пасьля таго, як ён спрабаваў пракансультавацца з уладамі на прадмет законнасьці пабудовы ядзернага рэактара ў кухні свайго дому.

Гэты мужчына пачаў свой экспэрымэнт шэсьць месяцаў назад, і, як паведамляецца, ні ад каго не хаваў плянаў пабудаваць ядзерны рэактар у сваёй кватэры ў невялікім прыбярэжным мястэчку. Да таго ж ён вёў блог пра свае ядзерныя прыгоды.

У паліцыі затрыманы патлумачыў, што яго цікавасьць да ядзернай фізыкі пачалася яшчэ ў падлеткавым узросьце і расказаў, што замовіў радыяактыўны матэрыял за мяжой і яшчэ троху яго здабыў, разабраўшы хатнюю пажарную сыгналізацыю.

Ня гледзячы на тое, што затрыманы дзейнічаў цалкам адкрыта, у поле зроку праваахоўных органаў ён трапіў толькі пару тыдняў таму, калі зьвярнуўся ў Швэдзкую ўправу радыяцыйнай бясьпекі, каб даведацца, наколькі законнай будзе пабудова рэактара ў хатніх умовах.

У адказ на зварот да яго ў кватэру паслалі спэцыялістаў для вымярэньня ўзроўню радыяцыі і, паводле суседкі затрыманага, узровень аказаўся нармальным.

Гаспадар кватэры быў арыштаваны паліцыяй і дастаўлены на допыт. Ён расказаў пра свае пляны і быў адпушчаны. Пасьля ён распавёў газэце, што калі б яму ўдалося пабудаваць ядзерны рэактар, ён бы пазбавіўся ўсялякіх праблемаў з атрыманьнем любой энэргіі для сваіх хатніх патрэбаў.

Гэты швэд пасьпеў выдаткаваць на свой праект каля 6000 крон ($ 950), але ўсё ягонае абсталяваньне было канфіскаванае. У выніку ён паведаміў журналістам, што мае намер засяродзіцца на "тэарэтычных" аспэктах ядзернай фізыкі.

Пра гэтую гісторыю расказала швэдзкае англамоўнае выданьне The Local