Маўклівыя акцыі ўзялі "тайм-аўт"

Аляксандар Класкоўскі

Сёньня ўпершыню за два апошнія месяцы не адбудуцца, як звычайна ў сераду, акцыі маўклівага пратэсту. Гэтым разам інтэрнэт-супольнасьць "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" не прапаноўвае сваім удзельнікам выходзіць на загадзя прызначаныя месцы. Такім чынам, у правядзеньні акцыяў пратэсту робіцца перапынак. Колькі ён працягнецца, пакуль невядома.

"Лягічным" назваў гэтае рашэньне ў размове са "Свабодай" палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

"Хоць самі лідэры-ініцыятары кажуць пра сябе, што мы не арганізатары, а толькі адміністратары, і ўсё ідзе зьнізу, — усё адно каардынацыя гэтая адчувалася. І я думаю, што, валодаючы гэтымі вагарамі, варта было злавіць момант піку гэтых акцыяў, каб прыгожа і больш элегантна зрабіць гэтую паўзу. Арганізатары постфактум прызналіся, што ім не хапіла досьведу і ў гэтым сэнсе яны нарабілі памылак.

І ўсё ж варта найперш падкрэсьліць не памылкі, а тое, што сваю ролю гэтыя акцыі адыгралі. У тым сэнсе, што яны паказалі моц новых тэхналёгіяў. І яны паказалі таксама, што грамадзтва не скарылася, не збаялася, што пратэстны патэнцыял ёсьць.

Я думаю, што ў новых варунках, а яны будуць складанымі і для ўлады, і для грамадзтва, гэта яшчэ спрацуе. І падчас нейкіх новых забурэньняў, новай хвалі пратэстаў яны будуць рэалізоўвацца, у тым ліку і ў гэтых новых формах — празь сеціва, праз інтэрнэт".

Усяго ў Беларусі прайшло дзесяць падобных акцыяў. Падчас іх затрымана каля дзьвюх тысяч чалавек.