Дзяніс Шут: "1991—1994 — найлепшы час у Беларусі за апошнія сотні гадоў"

20 гадоў таму — 25 жніўня 1991 году — Беларусь здабыла незалежнасьць. За дакумэнтам, які стаў падмуркам нашай свабоды, лёсы людзей. Сваім жыцьцём яны пісалі гісторыю — верылі і змагаліся, любілі і ненавідзелі. А ў спадчыну дзецям пакінулі цэлую краіну. Як склаліся лёсы тых, хто зрабіў Беларусь незалежнай? Як ацэньваюць зробленае іх дзеці? Пра гэта ў праграме "Бацькі і дзеці беларускай незалежнасьці" штотыдзень у эфіры і на сайце Радыё Свабода.

Аляксандар Шут — доктар-хірург, бацька дваіх дзяцей і дзядуля аднаго ўнука, быў дэпутатам Вярхоўнага савету 12 скліканьня. Ягоная дэпутацкая біяграфія паўтарае ў сухім энцыкляпэдычным фармаце дзейнасьць іншых дэпутатаў парлямэнцкай апазыцыі. Ён удзельнічаў у распрацоўцы і прыняцьці Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, падрыхтоўцы законапраектаў да нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету 24—25 жніўня 1991 г. У ценявым урадзе апазыцыі БНФ займаў пасаду кіраўніка Міністэрства аховы здароўя. У красавіку 1995 году падчас галадоўкі дэпутатаў яго моцна зьбілі.

Гэты пунктуальны ўдзел ва ўсіх ключавых дзеяньнях апазыцыі ВС — сьведчаньне адданасьці і пасьлядоўнасьці дэпутата і чалавека Аляксандра Шута.

Аляксандар Шут у залі Вярхоўнага савету

Аляксандар Шут: Апазыцыя — быў рухавік таго Вярхоўнага Савету. Ён бы застаўся шэры-шэры. Яго б, можа, і "ўпіхнулі" ў незалежнасьць, бо тады камуністы бараніліся, баяліся Ельцына, баяліся, што іх будуць "вешаць". А апазыцыя якраз выступала за тое, каб незалежнасьць была сапраўдная. Таму генэратарамі многіх законаў, якія тычыліся незалежнай палітыкі, эканомікі, гербу, сьцяга, мовы, была якраз апазыцыя.

Калі я абіраўся, "візаві" ў мяне быў першы сакратар райкаму партыі. І зь першага тура людзі яго выкасавалі. Мая перадвыбарная кампанія праходзіла пад лёзунгамі самастойнасьці краіны, чарнобыльскіх падзеяў. Размова была і пра рэлігійныя адносіны — што чалавек павінен быць свабодны ў выбары рэлігіі, а тады ж насаджваўся атэізм. Ну, і людзі мяне ведалі: я ўжо 10 год працаваў у Лагойскім раёне, быў намесьнікам галоўнага ўрача".

За пасьлядоўнасьцю і вонкавай стрыманасьцю доктара Шута хаваўся грунтоўны духоўны пераварот. У кароткім слове пра калегаў і сяброў, зьмешчаным пры канцы кнігі "Дэпутаты адраджэньня", Зянон Пазьняк піша: "Я быў сьведкам нялёгкага расставаньня Алеся з камуністычнай партыяй. Гэта было душэўнае змаганьне і пераасэнсаваньне шмат чаго. Магчыма, ён меў да гэтага нейкія ілюзіі. Я не задаваў пытаньняў і ня ўмешваўся, не штурхаў, казаў толькі пра антыбеларускую сутнасьць і злачынствы гэтай арганізацыі, злачынствы супраць чалавецтва. Алесь усё пераасэнсаваў сам. Гэта была яго воля, яго рашэньне, яго разьвіцьцё асобы".


…людзі пасьля падзей апошніх не жадаюць размаўляць. Катуюць іх, а яны ня могуць нічога сказаць
Дзед Аляксандра быў рэпрэсаваны як польскі шпіён і кулак. Гэтая гісторыя доўга замоўчвалася ў сям’і, пакуль, стаўшы дэпутатам, Аляксандар Шут не запатрабаваў справу дзеда ў КДБ:

"Бацькі мае былі русыфікаваныя, таму што маці ў тры гады вывезьлі зь Беларусі падчас рэпрэсіяў у 30-я гады. Дзеда "зрабілі" кулаком і польскім шпіёнам, хоць ён не прызнаўся, што на некага працаваў. Я глядзеў у КДБ пратаколы яго допытаў. І яму захавалі жыцьцё. Тыя, хто згадзіўся, што ён нешта рабіў і падпісаў, усе былі забітыя.

Адкуль можна было зьвесткі ўзяць, калі памерлі дзяды? Бацькі мала што ведалі пра іх. А ў архівах КДБ гэта было. І гэта было вельмі цікава. Прыносяць справу. Паглядзець можна толькі справу твайго дзеда. Садзяцца два кадэбісты і дазваляюць табе пачытаць. Гартаць старонкі самому нельга. Яны культурныя, выхаваныя, размаўляюць добра. Маці мне кажа: "Глядзі, якія прыстойныя людзі". Я адказваю: "Прыстойныя яны прыстойныя, але гэта органы, у якіх на руках кроў".

Па сутнасьці, я з гэтай справы толькі даведаўся пра сваю сям’ю. Не магу цяпер знайсьці той хутар, бо ён быў зьнішчаны. Даведаўся, як яны жылі, колькі было зямлі, якая гаспадарка: колькі коней, сьвіней, кароў. І брычка была. Яны ў 1913 годзе набылі дзесяць дзесяцінаў ворнай зямлі і 14 дзесяцінаў кустоўя. І хацелі пракарміць 10 чалавек у сваёй сям’і. А іх абвясьцілі кулакамі і пачалі зьнішчаць.

Пару разоў маці расказвала, што дзеда катавалі, калі забралі ў турму. Людзі спалі на падлозе, адзін пры адным, так шчыльна, што калі іншы чалавек прыходзіў, ён ня мог легчы. Лямпачка гарэла круглыя суткі. А калі іх ужо саслалі ў Сыбір, то выганялі на мароз, залівалі ў валёнкі ваду і не давалі рухацца, пакуль не замерзнуць. Катавалі людзей, пасьля застрашвалі, каб яны пра гэта не казалі. Мне здаецца, што гэта нават на генэтычным узроўні і зараз захоўваецца. Людзі пасьля падзей апошніх не жадаюць размаўляць. Катуюць іх, а яны ня могуць нічога сказаць.

Бацька мой у вайну быў фэльчарам, афіцэрам. Пасьля вайны ўжо скончыў мэдынстытут і далей ужо доктарам працаваў у Маладэчне.

Ніколі пытаньне незалежнасьці ў нашай сям’і не падымалася. Мы ніколі ня ведалі, што такое бел-чырвона-белы сьцяг, што такое Пагоня. І, па сутнасьці, нават і мовы цураліся".

Пералом, які адбываўся тады ў краіне і кожным асобным беларусе, сапраўды ўражвае. Пра гэта асабліва яскрава сьведчаць словы сына Аляксандра — Дзяніса: "Канечне, я дзіця Савецкага Саюзу. Мае бацькі заўсёды размаўлялі ў хаце на расейскай мове. Тое, што бацька стаў дэпутатам і пачаў размаўляць па-беларуску са сваімі калегамі, а потым з намі, у сям’і; тое, што наступіла незалежнасьць у краіне, — усё гэта было такім пераломным і ў маім жыцьці пэрсанальным, і ў жыцьці кожнага грамадзяніна нашай краіны. І я б, напэўна, сказаў сёньня, гледзячы ў мінулае, што 1991—1994 год, мабыць, — самыя прывабныя часы ў нашай краіне. Самыя вольныя, самыя напоўненыя марамі і ідэямі адраджэньня, уздыму бізнэсу, палітыкі, эканомікі. Гэта былі лепшыя тры гады ў гісторыі Беларусі за апошнія, мабыць, некалькі стагодзьдзяў.

Сацыёлягі кажуць, што дзеці амаль заўсёды падтрымліваюць палітычныя погляды сваіх бацькоў, і я не выключэньне. Бацька мой на пачатку 80-х гадоў намагаўся стаць камуністам, уступіць у камуністычную партыю, якая адраджалася. Я бачыў, што ў яго душы былі намаганьні да справядлівасьці, да сумленнай працы. Гэта больш былі хрысьціянскія намаганьні, чым камуністычныя. Потым камунізм паказаў, што ён цалкам збанкрутаваў, і бацька вельмі натуральна ўключыўся ў дэпутацкую апазыцыю Вярхоўнага Савету. Вядома, гэта было спачатку нечакана для кожнага члена нашай сям’і, для ўсіх родных. Але ж мы празь некалькі месяцаў зразумелі, што гэта правільны напрамак, і сталі падтрымліваць нашага бацьку.

далучыўся да Народнага Фронту, бо я лічу, што гэта самыя прыстойныя людзі…
Аляксандар Шут: "Жаданьне было і працаваць неяк, прасунуцца, падняцца па службе. Я быў малады чалавек. Гэта склалася ў асабістае жаданьне нешта рабіць і быць у перадавых шэрагах. А потым паступова мы пачалі чытаць кнігі — "Архіпэлягі" сталі чытаць. Глядзіш, ужо гэты міт бясхібнасьці камуністаў, таго, што яны як кажуць, так і робяць, зьнікаў. А потым паўплывала інфармацыя пра падзеі ў Курапатах, а пасьля ўжо і падзеі ў Вярхоўным Савеце — як яны паводзілі сябе, як манілі проста ў вочы. А пасьля путчу сталі адкрывацца жахлівыя рэчы. Таму я адышоў ад гэтай партыі і выйшаў зь яе. Далучыўся да Народнага фронту, бо я лічу, што гэта самыя прыстойныя людзі. З прыстойнымі людзьмі хочацца прыстойна сябе паводзіць. Зянон Станіслававіч Пазьняк — гэта чалавек, які і ідэалягічна нас падрыхтаваў, і заўсёды паводзіў сябе прыстойна. Ён нават тых, хто здрадзіў, ніколі ня бэсьціў, мужна ўспрымаў: "адышоў чалавек і адышоў".

Аляксандар Шут быў, як ён сам кажа, "нявызваленым" дэпутатам. Падчас актыўнай працы ў Вярхоўным Савеце надалей працаваў хірургам, апэраваў, дзяжурыў у больніцы, а таксама прымаў выбарцаў, аб’яждждаў сваю выбарчую акругу, вырашаў надзённыя пытаньні:

мара пра тое, каб мы ў сваёй краіне распараджаліся як гаспадары, была ў кожнага чалавека
Аляксандр Шут: Ня ведаю, як паводзіў бы я сябе як шараговы грамадзянін Беларусі. Але на мне была ж адказнасьць — я ж быў дэпутат ВС. Я разумеў, што нехта мяне падтрымліваў, калі выбіраў дэпутатам. Гэта па-першае, а па-другое, блакітная мара была — незалежнасьць. Яна ж у руках ужо была. З кім яе адстойваць? Са сваімі людзьмі. Ніхто ня думаў, што трэба хавацца. Адкрыта ішлі. Ішлі абараняць краіну — зьвяргаць, прыбіраць, зьнішчаць гэтую ўладу, якая ўжо заелася, стала злоснай, непрыстойнай. А тут ГКЧП. Зразумела было, што яны проста непрыстойныя людзі, сядзелі і нешта расказвалі пад балет. Спаганілі балет…

Дэпутаты БНФ зганяюць з трыбуны першага сакратара ЦК КПБ Анатоля Малафеева, 24 жніўня 1991 г.

У нечым незалежнасьці мы хацелі ўсе тады. І людзі хацелі незалежнасьці. Былі дэфіцыты тавараў, прадуктаў. Людзі разумелі, што ўсё вывозіцца з краіны на прасторы вялікага Савецкага Саюзу, а мы як жабракі — проста працуем на той Савецкі Саюз. Таму мара пра тое, каб мы ў сваёй краіне распараджаліся як гаспадары, была ў кожнага чалавека.

Жыцьцё ў невялікім мястэчку недалёка ад Менску мела свае перавагі і недахопы. Асабліва няпроста давялося дзецям — дачцэ Дар’і і сыну Дзянісу:

Дар’я Шут: Я помню, што ў тыя гады было шмат непаразуменьня сярод як дарослых, так і дзяцей пра тое, што адбываецца. Я, напэўна, не зусім разумела, чаму нашая сям’я "іншая", чаму да мяне іншае стаўленьне. У тым раёне, дзе бацьку выбралі, ён быў адзіным і першым дэпутатам, таму да мяне была сапраўды ўвага. Іншым разам гэта было прыемна, іншым разам я адчувала, што мяне вылучаюць у клясе некаторыя настаўнікі, іншыя, наадварот, спрабавалі прынізіць.

Дар’я Шут зь Зянонам Пазьняком. 1996 г.

Асоба Аляксандра Шута надта раздражняла мясцовае кіраўніцтва.

Аляксандар Шут: І ў газэтах друкавалі ўсякія пасквілі, фэльетоны непрыстойныя, якія проста абражалі мяне і маю сям’ю. Але гэта няхай на іх сумленьні будзе, бо я гляджу — тыя людзі, якія пісалі, цяпер яны ўжо састарэлі, гэтая ўлада іх выкінула пад плот. Яны ходзяць такія "аблезлыя". Зьвяртаюцца да мяне як да доктара. Ну, дапаможаш, ня будзеш жа помсьціць ім.

Аляксандар Шут у часе паездкі ў ЗША, пачатак 1990-ых гадоў

Як скончылася маё дэпутацтва, я вылучаўся на другі раз — у 13 скліканьне, але мяне не абралі. У тое скліканьне аніводзін дэпутат ад БНФ ня трапіў. Нават для Пазьняка зрабілі штучны цэйтнот. Так не бывае, каб ніводзін чалавек ня трапіў. Гэта нейкая хлусьня.

Улада памянялася, я разумеў, што і кар’ернага росту ў мяне ня будзе. Я ўжо 12 год адбыў намесьнікам галоўнага ўрача, і працягваць так таксама немагчыма — альбо трэба наверх, альбо трэба рабіць сваю справу. На што вучыўся, на тое і прыгадзіўся. Таму я пайшоў проста працаваць хірургам.

У газэтах друкавалі ўсякія пасквілі, фэльетоны непрыстойныя, якія проста абражалі мяне і маю сям’ю
Сын Дзяніс таксама мэтанакіравана адмовіўся ад дзяржаўнай кар’еры і стаў перакладчыкам-фрылансэрам.

Дзяніс Шут: "Мой выбар ніяк не стасаваўся з тым, кім быў мой бацька — хірург, дэпутат, палітык. Я разумеў, што калі дэпутацкая апазыцыя перацягне да сябе больш галасоў людзей, можа, пачнуць рэфармавацца міністэрствы, можа наступіць люстрацыя ў краіне. І, магчыма, пэрсанальна для мяне адчыняцца нейкая дзьверы ці ў Міністэрстве замежных спраў, ці ў Міністэрстве зьнешнеэканамічных сувязяў. Але калі прайшлі выбары 1994 году, я пабачыў, што нават і працаваць у новым складзе ўраду мне не хацелася б.

А ў ін'язе падчас вучобы ў мяне і не было сяброў. Тады на перакладчыцкім факультэце амаль усе, хто вучыўся, былі дзеці намэнклятуры. Калі мы ўжо скончылі, дык палова пайшла ў бізнэс, у каго не было моцных бацькоў, а ў каго былі моцныя бацькі, дык яны апынуліся ў КДБ і ў Міністэрстве замежных спраў. Але і мая кар’ера пасьля заканчэньня ін'язу ўсё ж добра разьвівалася…"

Меншая за Дзяніса на 9 гадоў Дар’я абрала зусім іншы шлях і вывучае ў Нарвэгіі паліталёгію:

Дар’я Шут: "Першапачаткова ідэя ці мэта майго ад’езду была такая ж, як і ўва ўсім сьвеце, — маладыя людзі хочуць даведацца, як жывуць людзі ў іншых краінах, вывучыць новую мову, пазнаёміцца з новымі людзьмі. Я хацела зьехаць на адзін год. У Беларусі я вывучала харавое дырыжыраваньне. Напэўна, з-за таго, што палітычная кар’ера майго бацькі перастала разьвівацца пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады, я, калі была студэнткай, палітыкай не цікавілася. Я нават прынцыпова пазьбягала гэтай тэмы — гаварыць пра палітыку, удзельнічаць у мітынгах. Але, зьехаўшы ў Нарвэгію, я зразумела, што гэта глупства — вывучаць харавое дырыжыраваньне, калі я з маім багажом магу зрабіць нешта іншае і неяк дапамагчы сытуацыі.

Мітынг у Лагойску

Нарвэгія — цікавая краіна ў сэнсе дэмакратыі. І ёсьць шмат інстытутаў, якія дапамагаюць разьвіцьцю дэмакратыі ўва ўсім сьвеце. Гэта добрая магчымасьць вучыцца і зразумець, чаму ў Беларусі такая сытуацыя і як я магу яе зьмяніць".

Дэпутат Аляксандар Шут у залі паседжаньняў ВС

Радыё Свабода: "Сп. Аляксандар, вам не шкада, што дачка зьехала?".

Аляксандар Шут: "Мне шкада, што людзі зьяжджаюць. І ў тым ліку і мая дачка. Шкада, што яны ня бачаць тут пэрспэктывы. Шкада, што яны не будуюць сваю краіну. Шкада, што мазгі ўцякаюць. Да такога ўзроўню дайшлі, што я проста не разумею, як гэта можна ўспрымаць нармальнаму чалавеку. Гэта вар’яцтва. Яны не жадаюць жыць у вар’яцтве. Не жадае жыць у вар’яцтве і тая моладзь, якая тут застаецца. Ёсьць такое паняцьце — унутраная эміграцыя. Шкада, што не размаўляюць на сваёй мове. Шкада, што ня ведаюць сваёй гісторыі сапраўднай, шкада, што не карыстаюцца сваімі сымбалямі. Шкада.

Але цяпер нават цяжка сабе ўявіць, калі змогуць вярнуцца ў Беларусь маладыя людзі з такім досьведам, калі нават іх бацькі ня могуць цалкам рэалізаваць сябе:

Дар’я Шут: Прачытаўшы дастатковую колькасьць кніг і тэорыі, я зразумела, што сытуацыя ў Беларусі настолькі складаная, што мне адной не пад сілу яе зьмяніць. І гэтая сытуацыя ня зьменіцца яшчэ на працягу некалькіх гадоў, таму рабіць палітычныя прагнозы ў краіне, дзе зьмены мінімальныя, напэўна, ня так цікава, як мне, так і маім магчымым чытачам.

Ня ведаю, як будуць сябе адчуваць дзеці тых людзей, якія сёньня ва ўладзе
Шчыра кажучы, мне цяжка сабе ўявіць, пры якіх умовах я магла б прымяніць свае веды на беларускай глебе. Напэўна, гэта б мусіў быць, найперш, іншы ўрад. Па-другое, гэта мусіла б быць краіна без карупцыі. Пад карупцыяй я разумею сытуацыю, пры якой маладыя людзі трапляюць на працу. Наколькі я разумею, у Беларусі вельмі часта бяруць людзей на працу не па аб’яве, а проста па знаёмстве. Тут, у Нарвэгіі, гэта нонсэнс. Мне складана ўявіць, як бы я атрымала цікавую для сябе працу ў Беларусі.

Аляксандар Шут: Зараз глянуць назад, дык здаецца: як можна было столькі пералапаціць за пяць год? Такі вялікі досьвед ёсьць. Па сутнасьці, ён цяпер непатрэбны. Шкада. А было такое вельмі бурнае, актыўнае жыцьцё, калі заставаўся толькі час на сон. Астатняе ўсё было ў працы.

Галадоўка дэпутатаў. Аляксандар Шут — чацьвёрты справа. Фота Лявона Дзейкі

Як можна займацца палітыкай, калі ты чакаеш, што табе нешта падпаляць, удараць? Я ж біты, біты гэтай краінай, гэтымі людзьмі, гэтым кіраўніцтвам, фізычна біты. За аднаго бітага двух нябітых даюць.

Дзяніс Шут: Як бы цяжка ні было нашай сям’і пасьля ўсіх гэтых падзей, пасьля таго як наш бацька быў зьбіты на Дзень касманаўтыкі ўладамі ў парлямэнце, нягледзячы на тое, што і кар’ера ў майго бацькі і ў маёй маці, і ў мяне, і ў многіх нашых родных з-за гэтых бацькавых "паводзінаў" ня склалася, — я скажу, што мне ніколі не было сорамна за майго бацьку.

Дзяніс Шут з сынам Кастусём. 2011 г

Я ня ведаю, як будуць сябе адчуваць дзеці тых людзей, якія сёньня ва ўладзе, і як яны сёньня сябе адчуваюць. Але ўпэўнена скажу вам, што я ганаруся сваім бацькам, і калі табе ня сорамна за родных, дык гэта ж найвялікшае шчасьце".