“Вінаватыя, можа, і два бакі, але каб міліцыянты зьбівалі лекара ў шпіталі...”

Выпадак, калі супрацоўнікі ДАІ зьбілі ў ваўкавыскім шпіталі дзяжурнага лекара, вялікай агалоскі ў горадзе, са слоў тутэйшых жыхароў, не атрымаў. Шмат хто даведаўся пра гэта з інтэрнэту ці ад знаёмых.

Інцыдэнт здарыўся ў Ваўкавыскім шпіталі, куды супрацоўнікі ДАІ прывезьлі ўначы для агляду кіроўцу, якога западозрылі ў тым, што той не цьвярозы. Іх не задаволіла, як лекар праводзіў экспэртызу, таму яны надзелі на яго кайданкі і зьбілі.

Мэдсястра Людміла Сакалоўская якая сталася сьведкам усяе гэтае гісторыі, распавядала нашаму радыё, што супрацоўнікі ДАІ білі лекара нават нагамі.

Сакалоўская: “Адпачатку яны вялі сябе па-хамску. І вось цяпер яны ўрываюцца ў працэдурны кабінэт, куды нельга ім уваходзіць. І там пачалі біць, закручваць рукі і надзяваць кайданкі. Лінга біў яго галавой аб сьценку і кулакамі, Марцуль ударыў у левы бок нагою, каленам па скабах і кулакамі таксама”.

Учора на сайце УУС Гарадзенскага аблвыканкаму апублікавана міліцэйская вэрсія інцыдэнту ў прыёмным пакоі, згодна зь якой лекар нібыта сам выштурхоўваў супрацоўнікаў ДАІ з кабінэту і нават парваў аднаму зь іх форму.

А вось што думаюць жыхары Ваўкавыску, якія не былі сьведкамі інцыдэнту, а ведаюць пра яго з аповедаў знаёмых і з таго, што напісана ў СМІ.

Спадар: “Уражаньне такое, што міліцыянты пераходзяць усякія межы. Каб той лекар быў нейкім парушальнікам… Але ж не чапляць на яго кайданкі. Больш за тое, гэта ж былі супрацоўнікі ДАІ, а не ППС, якія пастаўлены глядзець за парадкам. Па-другое, гэта службовая асоба, і калі ён ня меў рацыі, то ДАІшнікі павінны былі выклікаць нарад, каб яго забралі. Але рабіць такое…”.

Спадар: “Думаю, што лекар таксама ня меў рацыі, і наагул там два бакі ня мелі рацыі, а хто зь іх болей вінаваты, няхай разьбіраецца суд — такая мая думка. Адзінае, дадам, што ў горадзе гэты выпадак асаблівага рэзанансу ня меў, усім усё да аднаго месца”.

Спадар: “Магчыма, лекар і ня меў рацыі, але навошта распускаць рукі? Раз вы прадстаўнікі закону, то і павінна быць усё паводле закону, а ня так, як у “Каўкаскай палоньніцы”.

Спадарыня: “А мне мая сяброўка казала, якая там працуе, што гэты лекар ня вельмі і быў зьбіты, проста яго паклалі ў шпіталь, каб замяць гэтую справу”.

Спадар: “Мне здаецца, што вінаватыя абодва бакі, бо маці маёй знаёмай працуе санітаркай у прыёмным пакоі і распавядае, што лекар таксама занадта “прынцыповы”. Магчыма, ён пачаў задзірацца з гэтымі ДАІшнікамі, а потым пайшло і паехала…”.

А вось як пракамэнтаваў сытуацыю праваабаронца зь Беларускага Хэльсынскага камітэту Раман Юргель.

Раман Юргель

“Тут яўнае перавышэньне службовых паўнамоцтваў з боку ДАІшнікаў. Я магу дапусьціць, што лекар таксама размаўляў зь міліцыянтамі на павышаных тонах, але ён быў пры выкананьні сваіх службовых абавязкаў. На жаль, думаю, што надзеі на справядлівы зыход гэтае справы няма і з боку пракуратуры і суду, бо апошнія ліпеньскія падзеі сьведчаць, што ўсё будзе вырашана так, як загадаюць зьверху”.