Ператрус у кватэры блогера Яўгена Ліпковіча

Яўген Ліпковіч

Як паведаміла Радыё Свабода жонка Яўгена Вольга Ліпковіч, ператрус праходзіў па заведзенай крымінальнай справе па артыкуле 370 Крымінальнага кодэксу "Зьнявага дзяржаўных сымбаляў".

Ператрус праходзіў каля гадзіны. У Ліпковіча забралі кампутар.

У пастанове напісана, што на Інтэрнэт-рэсурсе lipkovich.livejournal.com "знайшлі сваё адлюстраваньне выявы дзяржаўнага сьцягу РБ зьняважлівага і кашчуннага характару".

Крымінальная справа была заведзеная намесьнікам генэральнага пракурора Мікалаем Куклісам.

Панятымі ў кватэры зьяўляліся знаёмыя Ліпковіча юрыст Дар'я Каткоўская і праваабаронца Алена Танкачова.

Сам Яўген Ліпковіч таксама знаходзіўся ў кватэры, але паведаміў нам, што ён даў падпіску аб неразгалошваньні і таму ня можа нічога камэнтаваць.

15 ліпеня Яўген пабываў на допыце ў сьледчай управе ГУУС у якасьці сьведкі па крымінальнай справе па "зьнявазе сымбаляў".

Your browser doesn’t support HTML5

Ператрус у Ліпковіча


Яўген Ліпковіч зрабіўся вядомым дзякуючы барацьбе за вяртаньне ў продаж абястлушчанага кефіру, спальваньню кнігаў Мікалая Чаргінца. У 2010 годзе балятаваўся ў дэпутаты Менскага гарадзкога савета дэпутатаў.

10 чэрвеня Менскі гарадзкі суд пакінуў бязь зьменаў рашэньне судe Першамайскага раёну Менску, які пакараў штрафам Яўгена Ліпковіча. Ліпковіча зьвінавацілі ў абразе кіраўніка афіцыйнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца, якое выявілася ў спальваньні ягоных кніг. Па завяршэньні суду Яўген Ліпковіч заявіў, што будзе абскарджваць прынятае гарадзкім судом рашэньне.