Плянка турэмнай жорсткасьці па-беларуску

Сярод тэмаў нашай праграмы:

“Такія людзі патрэбныя Беларусі не за калючым дротам”. Былы ЗК пра палітычных вязьняў

Затрыманая магілёўка: пасьля акцыі бацькі шукалі мяне ня толькі ў Магілёве, але і ў Менску

Беларускія турмы — гісторыя і сучаснасьць. Арыштант-сьмяротнік "Валадаркі" Іван Пуліхаў

Турма і здароўе. Катаваньні і плянка турэмнай жорсткасьці па-беларуску


Зваротная сувязь


Нам можна напісаць на адрас: 220005, Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 2 663952. Дзякуем усім, хто напісаў або патэлефанаваў нам.

“Такія людзі патрэбныя Беларусі
не за калючым дротам”


Сёньня мы прапануем вашай увазе чарговы ліст з Бабруйскай калёніі ад 38-гадовага палітвязьня, гісторыка Зьмітра Дразда. Ягоны папярэдні ліст быў пра тое, як начальства лічыць працу ў калёніі "галоўнай прыкметай выпраўленьня", хоць тая, насуперак вядомаму афарызму, насамрэч робіць з чалавека малпу і нічога, акрамя агіды і дэградацыі, не дае. Прачытаць яго можна ТУТ.

Цяпер пра тое, што значаць, на думку Зьмітра Дразда, маленькія радасьці ў няволі:

"Наперадзе яшчэ два гады і сем месяцаў турэмнага жыцьця. Магчыма, у будучыні, калі я выйду з калёніі і ўсё гэтае турэмнае жыцьцё стане ўспамінам, калі гэты пэрыяд можна будзе асэнсаваць ад пачатку да канца, калі я дакладна буду ведаць, што я страціў за гады няволі і што набыў, я дам гэтай частцы майго жыцьця аб'ектыўную ацэнку. Магчыма, калі цяперашняе стане мінулым, я скажу: "Гэта было шчасьцем — стаць удзельнікам тых падзей і зрабіць свой унёсак у перамены ў нашай краіне". А магчыма, і не.

Цяпер жа я магу казаць толькі пра асобныя перажываньні маленькіх радасьцяў. Так, пры пераезьдзе ў Бабруйскую калёнію я ўпершыню за пяць месяцаў убачыў гарызонт, лясы і палі. Нават вочы сьлязіліся ад радасьці. Радасьць — засынаць з выключаным сьвятлом у непракураным памяшканьні, у цішыні на мяккім матрацы. Радасьць — глядзець на птушак, на ўсё тое, што знаходзіцца там, за кратамі. Радасьць, калі водзяць гуляць у вялікі двор. Радасна, калі ўдаецца пачытаць днём, лежачы з кніжкай у руках, ну, ці паспаць днём. Цешаць лісты. Цешаць газэты — ня зьместам, а тым, што яны ёсьць, што я буду іх чытаць, а значыць, нейкі час пройдзе неўзаметку".

Ліст палітвязьня Зьмітра Дразда ў сваім допісе на "Свабоду" камэнтуе былы зьняволены Зьміцер Каляда, які сядзеў паводле крымінальнага артыкула:

"Зьміцер Дрозд піша слушныя рэчы. Апісвае адчуваньні карэктна і інтэлігентна. Такое выхаваньне. У свой час я ўсё гэта праходзіў: і радасьць ад ліста, і шчасьце ад праменьчыка сонейка. І нават адчуваньне, што жыцьцё было "да" і будзе "пасьля" турмы, а ў няволі трэба проста забіваць час. Цяпер я так ня думаю. Згодны са Зьмітром, што тупое зьбіваньне скрынь можа прывесьці да дэградацыі. Але гэта разумеюць тыя, хто можа думаць і рабіць высновы. Многім жа ўсё гэта пофіг. Галоўнае, што пад'еў, паспаў, пакурыў — так і дзень прайшоў. Вось гэта і ёсьць дэградацыя.

Таксама згодны, што нармальны чалавек не адчувае шчасьця ад пакараньня. Хаця... Да прыкладу, алькаголік ці наркаман, якіх пасадзілі на невялікі тэрмін, шчасьлівыя, што яшчэ жывыя. Калі б іх не пасадзілі, то былі б ужо ў магіле, бо самому спыніцца не хапала сіл. А там, у зоне, яны адыходзяць, становяцца адэкватнымі, нармальнымі людзьмі. Ну і скажыце, што, для іх гэта не карысьць?

Такім чынам, для кагосьці няволя — цяжкі пэрыяд жыцьця, а для кагосьці — дабро, бо гэта замест роднага дому, якога ён ня мае. Дыялектыка, аднак. Ёсьць яшчэ адзін нюанс. Зьміцер Дрозд сядзіць у калёніі для першаходаў. Калі і ёсьць хаджалыя, то мізэр. Таму ён ня бачыў усёй прозы турэмнага жыцьця. Хачу пажадаць яму ніколі і ня ўбачыць усяго гэтага. Такія людзі патрэбныя Беларусі не за калючым дротам".

Зваротная сувязь


А цяпер пра адсутнасьць зваротнай сувязі. З гэтай праблемай сутыкаюцца ўжо ня толькі палітвязьні, але і затрыманыя паводле адміністрацыйных артыкулаў удзельнікі вулічных акцыяў, у тым ліку і журналісты. Паводле існуючых правілаў, міліцыя мусіць паведаміць прынамсі блізкім затрыманых ці іх сваякам, дзе яны знаходзяцца. Аднак…

“Пасьля акцыі бацькі шукалі мяне ня толькі ў Магілёве, але і ў Менску”

У размове з нашым карэспандэнтам незалежная магілёўская журналістка Аліна Скрабунова распавяла, як ўсё адбывалася менавіта зь ёй.

Аліну Скрабунову затрымалі 3 ліпеня ў цэнтры роднага гораду, калі яна выконвала рэдакцыйнае заданьне. За фатаграфаваньне "маўклівых" яе асудзілі на 15 сутак арышту ў магілёўскім ізалятары часовага ўтрыманьня. Дзяўчына ня мела магчымасьці пазваніць сваім родным і сказаць, дзе яна. Не паведамілі пра гэта сваякам, як патрабуе закон, і міліцыянты. Бацькі, ня ведаючы, дзе шукаць дачку, перажылі не адну бяссонную ноч.
Скрабунова: Ад маіх сяброў бацькі ведалі, што мяне затрымалі, аднак яны абсалютна ня ведалі, дзе я. Мой тата езьдзіў у Менск на Акрэсьціна. Выпытваў, ці там мяне трымаюць. А міліцыянты ім нават не пазванілі. Потым бацькі ўсё ж даведаліся, дзе я.

У самыя першыя дні, нязгодная з арыштам і ўмовамі ўтрыманьня, Аліна распачала галадоўку, але мусіла яе спыніць з-за кепскага самаадчуваньня. Дзяўчыне пагражала абязводжваньне. Паведаміць жа бацькам, каб яны прынесьлі ёй вады, дзяўчына не магла.

Скрабунова: Ніхто зь міліцыянтаў не сказаў ім пра галадоўку, якую я трымала напачатку, што мне неабходна было пітво. У ізалятары ж людзям выдаюць максымум літар, літар дзьвесьце вады. Гэтага недастаткова для чалавека, які галадае. Пасьля трох дзён галадоўкі ў мяне пачала кружыцца галава. Зьявіліся зорачкі перад вачыма, былі такія моманты, калі здавалася, што сілы сканчаюцца. Потым я спыніла гэта, каб не аслабляць свой і без таго слабы імунітэт. Кіраўніцтва ізалятара зь першага ж дня, то бок зь першай жа маёй скаргі, паставіла сябе такім чынам, што калі ты будзеш скардзіцца, то табе будзе яшчэ горш. Яны далі мне зразумець, што калі мне патрэбныя яшчэ горшыя ўмовы, то я іх атрымаю.

Карэспандэнт: Супрацоўнікі ізалятара, наглядчыкі — гэта спрэс мужчыны. Вы — дзяўчына. Якое было стаўленьне міліцыянтаў да вас?

Скрабунова: Дужа некарэктнае. Дужа часта даводзілася рабіць ім заўвагі. Прычым аднолькавыя штодня. Штодзень раніца пачыналася з агляду. Усе нашыя рэчы выносілі ў калідор. Там стаялі шэсьць мужчын. І яны іх правяралі. Гэтыя мужчыны лезьлі ў маю ніжнюю бялізну, прадметы гігіены сваімі рукамі. Калі мужчыны перарыюць усе твае рэчы, навядуць у камэры вэрхал, то прыходзіць наглядчыца-жанчына. Цябе зноў выводзяць на поўны агляд. Разьдзяваюць дагала, і там твае рэчы зноў шманаюць яшчэ раз. Навошта тады іх глядзець мужчынам, зьневажаць мяне так?

Карэспандэнт: Якія высновы зрабілі пасьля 15 сутак няволі?

Скрабунова: Не хацелася б трапіць у такую сытуацыю яшчэ раз. Нікому такога досьведу не жадаю. Для сябе я яго лічу карысным. Цяпер я магу на сваім досьведзе расказаць, за што ў нас садзяць на пятнаццаць сутак, што там чакае, якія адносіны ў нашых турмах і якія там умовы.

Беларускія турмы: гісторыя і сучаснасьць


У гэтай рубрыцы мы расказвае пра мінуўшчыну і цяперашчыну беларускіх астрогаў, а таксама пра іх вядомых сядзельцаў. Сёньня мы працягнем расповед вязьняў “Валадаркі” пачатку 1900-х.

Арыштанты-сьмяротнікі пачатку 1900-х

"Валадарка" –“Пішчалаўка”, 25 лютага 1906 году.

Дзесьці позна ўвечары сядзельцы адной з камэр менскага астрогу пачулі стук у сьцяну, які ішоў з суседняй адзіночкі, ад арыштанта-сьмяротніка.

Апошнія словы на мове турэмнага перастукваньня

У перакладзе з мовы турэмнага перастукваньня тэкст пасланьня быў наступны (Цытую паводле зьвестак з прыватнага архіву маскоўскага бібліяфіла і матэматыка Барыса Розэнфэльда, які ў 1990-я эміграваў у ЗША):

"Калі дом гарыць, ніхто не заўважае пабітага шкла на вокнах – так сказаў Дурнаво (тагачасны міністар унутраных спраў – рэд.). Я толькі адзін з асколкаў у шматпавярховым будынку самадзяржаўя і капіталізму. Хай маё жыцьцё сёньня абарвецца, але праз пабітае шкло, я веру, уварвецца моцны вецер, які разьдзьме тое гарачае полымя, і стары будынак нарэшце абрынецца. Я шчасьлівы. Бывайце".

Іван Пуліхаў
Гэта было апошняе пасланьне 26-гадовага зьняволенага Івана Пуліхава да сваіх паплечнікаў. Яшчэ ня ведаючы часу пакараньня, ён пэўна адчуваў свой хуткі канец.

А літаральна празь некалькі гадзін уначы ў камэру да Пуліхава прыйшоў памочнік начальніка турмы Дабрынеўскі…

Весткі па астрогу разыходзіліся хутка. Многія палітвязьні падбеглі да вокнаў, каб разьвітацца з Пуліхавым, калі таго вялі па турэмным двары.

Ля турэмнай брамы арыштант убачыў лекара, сьвятара, чалавека ў масцы — ката ды шмат іншых людзей: памочніка паліцмайстра, таварыша пракурора, некалькіх прыставаў і некалькі дзясяткаў гарадавых. Пуліхаву паведамілі, што неўзабаве тут ля брамы будзе зьдзейсьнены сьмяротны прысуд. Пуліхаў выслухаў гэтыя словы спакойна.

Пра вязьня-сьмяротніка "Валадаркі" Івана Пуліхава і ягоную крымінальную справу, распачатую 14 студзеня 1906-га і скончаную 26 лютага таго жа году — Іна Студзінская:

Іван Пуліхаў нарадзіўся ў сям’і калескага асэсара ў 1879 годзе. Рэвалюцыйнымі ідэямі адносна справядлівага пераўтварэньня сьвету зацікавіўся ў Менскай рэальнай вучэльні. Захапленьне атрымала разьвіцьцё ў Пецярбургу, падчас вучобы ў каморніцкім інстытуце, дзе Пуліхаў ўступіў у шэрагі ПСР –партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. За ўдзел у рэвалюцыйных падзеях 1905 году быў арыштаваны і высланы дадому ў Менск пад паліцэйскі нагляд. У студзені 1906-м зьдзейсьніў замах на менскага губэрнатара Паўла Курлова.

З архіўных дакумэнтаў:

“18 кастрычніка 1905 году ў Менску на плошчы Віленскага вакзалу адбылася дазволеная губэрнатарам Паўлам Курловым шматтысячная дэманстрацыя чыгуначнікаў ды іншых працоўных. Дэманстрацыю расстралялі. Распараджэньне выдаў сам губэрнатар Курлоў: "Халастых патронаў ня браць. У паветра не страляць".

Пасьля крывавых падзеяў на плошчы Віленскага вакзалу, у выніку якіх было забіта болей за 80 чалавек і некалькі сотняў параненыя, абураная група эсэраў вынесла менскаму губэрнатару прысуд — пакараньне сьмерцю.

Выканаўцу прысуду вызначала лёсаваньне, але той, каму выпаў гэты кон, спалохаўся і адмовіўся. Тады за справу добраахвотна ўзяўся 26-гадовы Іван Пуліхаў. Яго саўдзельніцай стала дачка менскага генэрал-лейтэнанта артылерыі 27-гадовая Аляксандра Ізмайловіч.

Доктар гістарычных навук, прафэсар Анатоль Грыцкевіч кажа:

"Пуліхаў, як вядома, быў прыхільнікам тых, хто змаганьне лічыў самым галоўным. У асноўным гэта былі эсэры. Прычым да сваіх учынкаў яны не зусім добра рыхтаваліся, за некалькі крокаў не маглі трапіць у ахвяру. Жаданьне праславіцца было, а забіць чалавека — гэта ж вялікі грэх, нават для тых, хто і ня верыў...".

З матэрыялаў судовай справы:

"Пуліхаў і Ізмайловіч нанялі кватэру побач з домам Курлова і доўга за ім сачылі. 14 студзеня 1906 году выкарысталі момант пасьля адпяваньня ў Петрапаўлаўскім саборы генэрал-маёра Курча. Калі труну вынесьлі з сабору і Курлоў, паставіўшы яе на катафалк, выпрастаўся, Пуліхаў кінуў у яго бомбу. Трапіў у галаву, але бомба ня выбухнула, а ўпала Курлову пад ногі. Вакол было шмат народу і паліцыянтаў. Пуліхава схапілі, пачалі біць. Але нечакана раздаліся стрэлы. Гэта Ізмайловіч страляла ў паліцмайстра Норава з браўнінгу".

“Шкадую, што спроба была няўдалай”

З паказаньняў Аляксандры Ізмайловіч у Менскім ваенным судзе

"Страляла я, на жаль, няўдала. Наколькі я памятаю, мне ўдалося стрэліць у паліцэйскага толькі двойчы. Потым ужо я ляжала на зямлі, на сьнезе, зьбітая з ног паліцыяй. Гарадавыя пачалі мяне біць нагамі. Ужо потым у пастарунку я заўважыла, што абодва рукавы майго жакету прастрэленыя, тады ж я ня чула стрэлаў. Потым я даведалася, што ў мяне страляў паліцмайстар…

Я ўзрадавалася цёмнай камэры з голымі нарамі: прынамсі, цяпер я была пад замком, а яны ўсе — там, звонку... Перад тым як мяне замкнулі, я бачыла ў тым пакоі, дзе мяне білі, нейкага сьвятара ў атачэньні гарадавых. Я чула, як нехта з паліцэйскіх чыноўнікаў казаў яму: "Як вам ня сорамна, а яшчэ сьвятар...". Потым я даведалася, што сьвятара ўзялі за тое, што ён сказаў на плошчы паліцыі: "Хіба можна так біць?". У пастарунку нас трымалі да вечара наступнага дня, есьці нічога не давалі. На другі дзень нас з Пуліхавым выводзілі ў двор, куды для апазнаньня прывялі дворнікаў з кожнага ўчастку. Хацелі высьветліць нашы асобы. Выгляд у нас быў жудасны. Сябе я ня бачыла, але магла адчуваць, што адна шчака моцна разбухла, так што заплыло адно вока. Пуліхава мне ўдалося ўбачыць праз акенца. У яго ўвесь твар і вушы былі ў закарэлай крыві. На другі дзень увечары нас адвялі ў турму. Турма здалася мне раем. Тут не было паліцыі".
"Валадарка" - "Пішчалаўка"

Да суду абодвух эсэраў утрымлівалі ў Пішчалаўскім замку. Аляксандра Ізмайловіч спадзявалася на бацькавы сувязі. Івана Пуліхава вырашылі ратаваць — арганізаваць уцёкі. У той час камэры палітычных ахоўваліся вельмі пільна. Згодна з плянам, арыштанту Пуліхаву рыхтавалі ўцёкі праз камэру крымінальнікаў. Пасьля падзеяў 1905 году было пастаноўлена ўтрымліваць палітычных не ў суседніх камэрах, а праз адну ад крымінальнікаў — каб не маглі перастуквацца. З крымінальнікамі эсэры дамовіліся. У куце пуліхаўскай камэры палітычныя разабралі столь. Пуліхаў ужо рыхтаваўся перабрацца да суседзяў. Але тут у камэру ўвайшоў наглядчык і ўбачыў дзіру...

Гэта не было выпадковасьцю. Пуліхава выдаў ягоны сукамэрнік, машыніст Лунінецкага дэпо Аляксандар Хахлоў, якога арыштавалі за ўдзел у дэманстрацыі 18 кастрычніка.

У Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі захоўваецца ліст да начальства дэпо, які аўтар настойліва просіць зьнішчыць пасьля прачытаньня. У лісьце Хахлоў пакорна просіць хадайнічаць перад губэрнатарам аб яго вызваленьні ў сувязі з тым, што на дэманстрацыі апынуўся выпадкова, зь цікаўнасьці, а таксама ў сувязі з дапамогай, якую ён аказаў начальніку турмы ў раскрыцьці змовы пра ўцёкі Пуліхава.

“У сьвядомасьці некаторых савецкіх партапаратчыкаў старыя бальшавікі — гэта тэрарысты...”

16 лютага Івана Пуліхава і Аляксандру Ізмайловіч судзіў тэрмінова ўтвораны ў Менску часовы ваенны суд. Тэрарысту Пуліхаву суд вынес сьмяротнае пакараньне.

Праз 20 гадоў былыя паліткатаржане, якія з’ехаліся ў Менск на сустрэчу з нагоды гадавіны страты свайго паплечніка, зьвярнуліся да кіраўніцтва гораду з просьбай увекавечыць памяць Івана Пуліхава — назваць адну з вуліц рабочай слабодкі ў Ляхаўцы ягоным імем. Так яна завецца і дагэтуль. Праўда, цяпер гэта прэстыжны раён, які ў народзе называюць "андатравым". Пісьменьнік Уладзімер Арлоў, які вывучаў асобу Івана Пуліхава, распавёў:

"Я зрабіў маленькае дасьледаваньне на гэтай вуліцы, пытаўся знарок у немаладых жыхароў, тых, якія хадзілі калісьці ў андатравых шапках, якія працавалі ў ЦК, Саўміне, атрымлівалі там кватэры — я ў іх пытаўся: хто такі Пуліхаў? Большасьць мне адказвала, што ён стары бальшавік. Значыць, у сьвядомасьці гэтых людзей недзе засела думка, што старыя бальшавікі — гэта таксама тэрарысты...".

(Пра судовы працэс над Пуліхавым і Ізмайловіч, пра тое, як было зьдзейсьненае пакараньне, пра пахаваньне менскага тэрарыста — у нашай наступнай праграме).

Турма і здароўе. Катаваньні


Наша сёньняшняя размова — пра катаваньні ў беларускіх турмах: наўмысныя дзеяньні турэмнікаў, каб вязень пакутаваў як фізычна, так і псыхалягічна. Апошнім часам пра іх усё часьцей пачалі сьведчыць ня толькі палітзьняволеныя, але і тыя, каго арыштоўваюць паводле адміністрацыйных артыкулаў.

З паказаньняў затрыманага падчас акцыі 6 ліпеня Сяргея Крэйды. Ён быў асуджаны на 10 "адміністрацыйных" сутак з утрыманьнем спачатку ў менскай турме на Акрэсьціна, а потым у Жодзінскім СІЗА.

Сяргей Крэйда распавёў прадстаўнікам праваабарончага цэнтру "Вясна":

"Па прыезьдзе ў Жодзіна нам вырашылі арганізаваць "паказальны выступ". Выходзячы з машын, мы бачылі вялікую колькасьць міліцыянтаў, брахалі сабакі, адразу пры выхадзе з машыны стаяў АМАПавец у масцы з дубінкай. Спусьціліся ў сутарэньне, усіх паставілі тварам да сьцяны.

Затым усіх праганялі па адным цёмным тунэлі, дзе стаялі 2 чалавекі ў масках: адзін біў у жывот, каб зьбіць дыханьне, а другі — у патыліцу. Нас, 20 чалавек, пасадзілі ў адну камэру, пакуль не разьмеркавалі ўсіх па розных. Выводзілі па 3—4 чалавекі, разьдзявалі да бялізны, праводзілі агляд вопраткі. І толькі пасьля разьмяркоўвалі па камэрах.

У Жодзіне я адчуў сябе кепска, прасіў ахоўнікаў выклікаць мне доктара, але гэтыя просьбы яны ігнаравалі. Толькі калі нас павялі на прагулку, я зьвярнуўся да старэйшых супрацоўнікаў".

Пра катаваньні і стаўленьне да іх у Беларусі і Эўропе — Тацяна Поклад:

Катаваньні вядомыя ад старажытных часоў як сродак пакараньня, запалохваньня і атрыманьня прызнаньняў ці інфармацыі. Толькі ў 20 стагодзьдзі міжнароднае права пачало іх асуджаць і забараняць, але катаваньні ўжываюцца ў турмах і дагэтуль. Беларускія турмы — не выключэньне, хоць нават самі вязьні глядзяць на гэта па-рознаму: тое, што адны абурана называюць катаваньнямі, іншыя ўспрымаюць як звычайную турэмную рутыну.

Плянка жорсткасьці па-беларуску

Парадокс у тым, што амаль ва ўсіх краінах сьвету ўжываньне катаваньняў лічыцца паводле заканадаўства крымінальным злачынствам, але само азначэньне — што лічыць катаваньнямі, а што не — далёка ня яснае.

Публіцыст Сяргей Дубавец:

"Калі ўявіць сытуацыю графа Монтэ-Крыста, ён бы ніколі не назваў катаваньнем тое, што робяць зь вязьнямі ў беларускіх турмах. Ці Кірылу Тураўскага, які сам сябе замураваў, так яму было за шчасьце гэтае гвалтаваньне плоці дзеля вызваленьня духу, а тым больш яшчэ калі цябе нехта катуе… Так і нашыя вязьні цяперашнія. Калі параўнаць Алеся Міхалевіча і Паўла Севярынца — розныя сьветапогляды і розная рэакцыя на гэтыя ўмовы. Тое, што Міхалевіч называе катаваньнямі, для Севярынца — "піянэрскі лягер". Думаю, гэта розныя людзі і ў пляне сьветапоглядаў, і ў пляне эпохаў. Севярынец эвалюцыянуе ў бок Кірылы Тураўскага, а Міхалевіч — тыповы прадстаўнік сучаснага беларускага грамадзтва, мяккага, расслабленага, вельмі неагрэсіўнага".

"На постсавецкай прасторы лічыць катаваньнямі тое, што ўжываецца ў СІЗА КДБ, — несур'ёзна", кажа адзін зь беларускіх вязьняў сумленьня Павал Севярынец. Але ён не адмаўляе, што катаваньні ў турмах Беларусі ўжываюцца, як фізычныя, так і маральныя. Тых, каго не закранаюць фізычныя пакуты, "б’юць" псыхалягічна:

"Тое, што тварылася ў часы сталінізму, — гэта катаваньні. А цяпер — гэта выдаткі пераходнага постсавецкага пэрыяду. Па эўрапейскіх мерках — так, катаваньні, але ў нас тут, на жаль, не Эўропа, а постсавецкае грамадзтва. І катаваньні пачынаюцца тады, калі чалавека загортваюць у два матрацы і пачынаюць зьбіваць дубінкай, каб сьлядоў не засталося. Вось гэта можна назваць катаваньнем. Пра такое я ня чуў у СІЗА КДБ. Стаяць на расьцяжцы 15—20 хвілін лёгка для чалавека, які мае 34 гады і 80 кг вагі, як для мяне, напрыклад. Для чалавека пад 60, як Саньнікаў, альбо для маладзейшых, якія першы раз трапляюць туды, — гэта шок.

Цяжка вызначыць агульную шкалу для ўсіх. У СІЗА КДБ кажуць, што гэта законна. Такія мэтады ўжываюць супраць загартаваных зэкаў, якія і цалкам распранутыя могуць раптоўна выцягнуць заточку ці шпільку невядома адкуль. І ў шэрагу выпадкаў гэта апраўдана, але для палітычных гэта празьмерна, вядома".

Душэўныя пакуты

"Таксама адно з пытаньняў, як ставіцца да цялесных пакараньняў. Для кагосьці большым за фізычныя пакуты будзе тое, што яму не аддаюць ліст ад каханай ці не пускаюць сьвятара для споведзі. Для тых, каму душэўныя пакуты горшыя за фізычныя, гэтыя ўсе зьдзекі — такое здарэньне, мала вартае ўвагі", — кажа Павал Севярынец.

Паводле міжнародных нормаў, псыхалягічныя катаваньні могуць гэтаксама пагражаць здароўю і жыцьцю чалавека, як і фізычныя. Карныя органы абіраюць спосаб катаваньня, у тым ліку і зьдзекі аховы, у залежнасьці ад асобы вязьня.

"Палітвязьні назвалі ў сваіх заявах катаваньнямі звычайную турэмную рутыну — так, гэта можна лічыць катаваньнямі, вядома, але гэта не ідзе ні ў якае параўнаньне з тым, як катуюць іншых зэкаў", — кажа Валеры Савянкоў, які адбываў тэрміны зьняволеньня ў Беларусі і Літве.

"Зразумела, што гэта ня зьдзек, гэта звычайная працэдура. І расьцяжкі. Мы гэта ведаем, але зэкі, звычайныя, такія, як і я, усё гэта праходзілі. Вы скажаце, з намі абыходзяцца не як зь людзьмі — і мы гэта прымаем. Але куды скардзіцца? Хто нас чуе, хто слухае? Гэтае абыходжаньне з зэкамі запісанае ў законах. Тое, што так абурыла палітычных, — гэта звычайны вобшук. Штодзённая працэдура. Ну, на дадатак ахова зьдзекуецца, б'е па нагах, каб шырэй расстаўляў. Такія паводзіны аховы таксама ўхваленыя начальствам. Можа, ты за ноч зрабіў якую шпільку і нападзеш на турэмніка. А калі хочуць катаваць, то ёсьць формы, мэтады, і самім работнікам турмаў ня трэба нічога рабіць — ёсьць прэс-хаты. Пасадзяць — і даведаесься, што такое катаваньні, расплюшчыш свой алюмініевы кубак у блін, стукаючыся, каб тая самая ахова прыйшла".

Розныя эпохі — розныя катаваньні

Тое, што сёньняшні беларус назаве катаваньнямі, яго бацькі і дзяды, бадай, не лічылі б вялікімі пакутамі ў параўнаньні з тым, праз што даводзілася прайсьці. Так што — яшчэ адзін парадокс: сытуацыя з ацэнкай катаваньняў, падобна, паказвае, што чалавецтва робіцца дабрэйшым? Ці зьмяняецца гэты крытэрый, гэтая плянка, якая вызначае ступень жорсткасьці, сутнасьць катаваньняў?

У параўнаньні зь сёньняшнімі стандартамі дабра і зла якраз Беларусь выглядае больш жорсткай і цярпімай да зла, чым яе эўрапейскія суседзі, дадае студэнт і моладзевы актывіст Юры Алейнік.

"У Беларусі што дрэнна — гэта вось такая плянка жорсткасьці, ня ведаю, як вызначыць, заніжаная ці завышаная. Я маю на ўвазе, што тое, што ў нармальным грамадзтве лічыцца жорсткім, у Беларусі — норма.

У мяне такая ж паралель узьнікае з нашым звычайным жыцьцём у Беларусі. У нас няма свабоды слова, няма правоў чалавека, няма выбараў, і людзі пачынаюць гэта лічыць нормай. І калі чалавеку кажаш, што гэта ненармальна, што гэта катаваньні, ён скажа: ну не, ну, гэта так мы жывем, затое вайны няма, дзякуй Богу… А тым часам у Эўропе гэта кожны б назваў грубымі парушэньнямі правоў чалавека".

Зь Юрыем я размаўляла акурат у Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаваньняў — ёсьць і такі дзень, ён адзначаецца ў сьвеце напрыканцы чэрвеня. Яшчэ нядаўна гэты дзень беларускія актывісты згадвалі ня так і часта, але сёлета акцыі пратэсту супраць катаваньняў у турмах ладзіліся і ў самой Беларусі, і за мяжой. Юры Алейнік, каардынатар Офісу грамадзянскага і палітычнага прадстаўніцтва Беларусі ў Літве і актывіст Беларускага аб'яднанага дому ў Вільні, расказаў:

"Цяпер праходзіць у ААН працэдура адносна прызнаньня на высокім міжнародным узроўні таго факту, што ў Беларусі катуюць людзей. Напрыканцы ліпеня адмысловы прадстаўнік ААН прадставіць высновы. Упэўнены, што юрыдычна гэта будзе пацьверджана неўзабаве, а фактычна мы і сёньня дакладна ведаем, што катаваньні ў Беларусі адбываюцца".

“Напішыце ў законе — прыносіць зьняволеным каву ў ложак”

Тым часам колішні начальнік "Валадаркі", палкоўнік міліцыі Алег Алкаеў ня лічыць тыя ж "расьцяжкі" катаваньнямі. Паводле ягоных слоў, гэтая мера бясьпекі дзейнічае і ў турмах іншых краін сьвету. Алкаеў, аднак, згодны з тым, што людзей у беларускіх турмах катуюць, і залежыць гэта ў першую чаргу не ад турэмнікаў, а ад заканадаўцаў.

Алкаеў: "Закон у нас прымаецца і прымаўся людзьмі, якія маюць пра крымінальна-папраўчы кодэкс такое ж уяўленьне, што і пра космас. Потым ужо, седзячы ў турмах, дэпутаты пачынаюць сёе-тое разумець. А трэба было б, перад тым як прымаць новыя кодэксы, наведаць тыя ўстановы ці пасядзець у іх хаця б сутак па дзесяць. Тады б уцямілі, якія меры пакараньня і за што ўводзіць і як гэта можа сумяшчацца зь цяперашняй рэчаіснасьцю.

Цяпер вось скардзяцца, што камэры перапоўненыя. Аднак вы б далі яшчэ тады, калі мелі паўнамоцтвы, у рамках закону права начальніку папраўчай установы не прымаць лішніх людзей. Хоць адзін радок пра гэта напісалі. Няма. Можна пералапаціць вялікую колькасьць дакумэнтаў адносна матэрыяльнага забесьпячэньня зьняволеных ды ўсе правілы пра ўнутраны распарадак, і вы нідзе ня знойдзеце ані слова пра туалетную паперу ці забесьпячэньне жанчын рэчамі гігіенічнага прызначэньня. А чалавек ад першага дня знаходжаньня ў турме мусіць спраўляць натуральныя патрэбы. Вось гэта і ёсьць катаваньне, якое ідзе не ад адміністрацыі турмы, а ад людзей, якія складаюць ды прымаюць законы.

Калі я сустракаюся з нашымі колішнімі дэпутатамі, былым прэм’ерам Чыгіром, якіх у свой час пасадзіў Лукашэнка і чую іх жахі пра турму, заўсёды маю да іх пытаньне: а колькі разоў кожны з вас уносіў на парадак дня пытаньне аб зьмене рэжымных патрабаваньняў у турме? Вы ня ведалі, дзе турма знаходзіцца. А што ж цяпер абураецеся? Напісалі б у законе — прыносіць зьняволеным каву ў ложак, я б гэта і рабіў".

Слухаць перадачу можна тут:

Свабода ў турмах, 24 ліпеня, частка 1

Your browser doesn’t support HTML5

Свабода ў турмах, 24 ліпеня, частка 1



Свабода ў турмах, 24 ліпеня, частка 2

Your browser doesn’t support HTML5

Свабода ў турмах, 24 ліпеня, частка 2