Някляеў: Суд у Беларусі — аддзел Лукашэнкавай адміністрацыі

Менскі гарадзкі суд пакінуў бязь зьменаў вырак экс-кандыдату на прэзыдэнта Ўладзімеру Някляеву, а таксама кіраўніку ягонага перадвыбарчага штабу Андрэю Дзьмітрыеву, вынесены Фрунзэнскім раённым судом. Ад сёньня прысуд уступіў у сілу — Уладзімер Някляеў асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на 2 гады, Андрэй Дзьмітрыеў — на 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з выпрабавальным тэрмінам 2 гады.

Працэс па касацыйнай скарзе Ўладзімера Някляева і Андрэя Дзьмітрыева быў хуткацечным, з абвінавачаных прыйшоў толькі спадар Някляеў, іншыя судовы працэс другой інстанцыі праігнаравалі. Не прыйшоў на суд і адвакат Някляева, паколькі ён быў заняты на іншым працэсе.

Уладзімер Някляеў адразу выступіў з адводам калегіі судзьдзяў на чале зь Сяргеем Хрыпачом:

«Па-першае, я заявіў адвод суду з той прычыны, што яны зьяўляюцца мэханічнай часткай рэпрэсіўнай машыны. Па сутнасьці, гэта аддзел Лукашэнкавай адміністрацыі. Такой судовай сыстэме ніхто ня можа давяраць. А па-другое, яны мне даслалі паведамленьне, што перадалі крымінальную справу з Фрунзэнскага суду ў гарадзкі за 4 дні да сёньняшняга суду, 18 ліпеня. 30 тамоў крымінальнай справы судзьдзям трэба было ня проста пагартаць, а ўнікнуць, каб прыняць рашэньне, а яшчэ пратаколы паседжаньняў, скаргі… Яны нават і не разгортвалі гэтую крымінальную справу, рашэньне для іх было загадзя напісанае».

Your browser doesn’t support HTML5

Уладзімер Някляеў камэнтуе прысуд па касацыі



Паводле спадара Някляева, гарадзкі суд ніяк не адказаў на заявы пра парушэньні ў часе сьледзтва і суду першай інстанцыі, якія ён з адвакатамі выклаў у касацыйнай скарзе. Нягледзячы на гэта, спадар Някляеў зьбіраецца падаваць скаргу ў Вярхоўны суд і ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Уладзімер Някляеў заявіў пасьля абвяшчэньня рашэньня гарадзкога суду, што яго зьдзіўляе ня сам вырак, а тое, што людзі, якія яго вынесьлі, згодныя працаваць часткай рэпрэсіўнай машыны:

«У гэтай сыстэме, ва ўсёй вэртыкалі, няма людзей, якія б несьлі ў сэрцах і душах тую годнасьць, якую нясуць у сваіх душах тыя людзі, якіх яны ў гэтыя турмы садзяць».

Раіса Міхайлоўская
Праваабаронца Раіса Міхайлоўская кажа, што суды другой інстанцыі па справах удзельнікаў Плошчы аднатыпныя:

«Тут я ня бачу ніякага спаборніцтва бакоў, яўна, што выносяцца загадзя падрыхтаваныя рашэньні. Судзьдзі, як мне падаецца, ня слухаюць ні довадаў адвакатаў, ні довадаў абвінавачаных, ні нават довадаў пракурораў, якія выступаюць з завучанымі фразамі».

Пракурор Артур Мірошнік у сваім выступе заявіў: довады абвінавачаных аб тым, што іх заклікі выйсьці на Плошчу 19 сьнежня былі абгрунтаваныя фактамі фальсыфікацыі выбараў прэзыдэнта, — беспадстаўныя. Паводле пракурора, гэта было пацьверджана праслухоўваньнем тэлефонных размоў пасудных, зь якіх нібыта вынікала, што тыя нічога ня ведалі пра вынікі выбараў да апошняга моманту.

Само ж праслухоўваньне тэлефонных размоў кандыдатаў на прэзыдэнта пракурор Мірошнік назваў «дапушчальным доказам».