Ад чаго 100 гадоў таму маглі пусьціць сьлязу арыштанты "Валадаркі"?

Менская турма "Валадарка" — "Пішчалаўка"

Наша перадача адрасаваная тым, хто апынуўся ў няволі, а таксама сваякам і блізкім гэтых людзей. Згодна з афіцыйнай беларускай статыстыкай, наўпрост ці ўскосна з турмой зьвязаны кожны сёмы жыхар краіны — пакараньне адбываў або сам чалавек, або яго сваякі.

Сярод тэмаў нашай сёньняшняй праграмы:


"У турме радасьць можа выклікаць такая драбяза, як цукар". Зь ліста палітвязьня

"Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць". Ад чаго 100 гадоў таму маглі пусьціць сьлязу арыштанты "Валадаркі"?

"Турма і здароўе". "Адбівалі вантробы ўсім, хто павольна бег".

"Ці праўда, што супрацоўнікаў калёній пачалі вучыць прыёмам адцісканьня цывільных дэманстрантаў?" Пытаньне з Ваўкавыску.

Зваротная сувязь


Нам можна напісаць на адрас: 220005, Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 2 663952. Дзякуем усім, хто напісаў або патэлефанаваў нам.

Ліст з Бабруйску


Яго напісаў з калёніі 38-гадовы палітвязень, гісторык-дасьледчык паводле адукацыі Зьміцер Дрозд.

За ўдзел у падзеях 19 сьнежня Зьміцер, сябар ініцыятыўнай групы кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава, асуджаны на тры гады ўзмоцненага рэжыму. У сваім заключным слове на судовым працэсе 5 траўня Зьміцер сказаў словы, якія ўразілі шмат каго:

"Усе свае 40 гадоў я не рыхтаваўся да турмы, абмінаў блатныя кампаніі. Я не экстрэміст, а чалавек, які любіць сваю краіну, — сказаў Зьміцер у заключным слове на судовым працэсе. — Для мяне як гісторыка тое, што я назіраю, проста як падарунак лёсу. Я прашу даць мне восем, дзесяць гадоў, але каб я мог рэалізоўваць свае творчыя пляны".

Ліст Зьмітра з Бабруйскай калёніі перадала на "Свабоду" Людміла, маці Фёдара Мірзаянава — таксама палітвязьня, асуджанага за Плошчу. Вось ужо больш за паўгода яна атрымлівае з-за кратаў шматлікія лісты ад сына і ад ягоных паплечнікаў. Палітвязьні пішуць ёй пра сваю адаптацыю да ўмоваў няволі, пра свой псыхалягічны стан і пра тое, што прыносіць ім моцныя пазытыўныя перажываньні ў турме.

Мірзаянава: Турма — гэта зьнешняе абмежаваньне чалавека і яго свабоды. А ўнутры чалавек застаецца свабодным. Асабліва гэта тычыцца палітвязьняў. І яны, як пісаў Валодзя Яроменак, калі апынаюцца за кратамі, пачынаюць больш рэфлексаваць, то бок асэнсоўваць свае ўласныя дзеяньні, пазнаваць самога сябе, свой унутраны сьвет. Яны імкнуцца ўсьвядоміць, навошта яны жывуць, што адбываецца зь імі, краінай, народам, паколькі яны ў курсе ўсіх падзеяў. У якасьці выніку гэтай рэфлексіі выступае і ўсьведамленьне сваёй ролі ў гісторыі краіны. Ва ўмовах, калі ўнутрана свабодны чалавек апынуўся за кратамі, гэтай рэфлексіі становіцца ўсё болей.

Ліст Зьмітра Дразда:

"Тут у турме шмат якая драбяза выклікае шчасьце. Хоць ня шчасьце, а радасьць, бо шчасьце — гэта нешта вялікае. Вось цукру няма — не належыцца, п'ем гарбату і каву несалодкія. Дробязь — цукар — выклікае радасьць. Няма газэт. Чакаем заўтра. Хутчэй за ўсё, заўтра нам прыйдуць лісты і газэты. Даведаемся, што там адбываецца ў Беларусі. Парадуемся...".

"Чалавек у турме, — працягвае Зьміцер, — пастаўлены, напэўна, у самае ненатуральнае становішча, якое толькі можа быць. Ведаючы, што ён сьмяротны і нават больш, як казаў Воланд, "раптам сьмяротны", чалавек у турме пастаўлены па-за межы жыцьця. Ён упэўнены, што жыцьцё было "да" і будзе "пасьля", а цяпер ён вымушаны проста забіваць час. Засынаючы ў турме, чалавек дзякуе Богу за тое, што дзень прайшоў. Але не таму, што дзень прайшоў асэнсавана, што ён быў карысны, што ён быў шчасьлівы... А таму, што на адзін дзень стала бліжэйшым вызваленьне. Самае каштоўнае ў турме — гэта тое, што дае табе магчымасьць забіваць час максымальна хутка. Адбой — тэрмін пакараньня стаў на дзень карацейшы. Але ж карацейшым стала і тваё астатняе жыцьцё. І ты вымушаны гэтаму радавацца.

Вядома, было імкненьне выкарыстоўваць тэрмін з найбольшай эфэктыўнасьцю: чытаць, вучыць мовы... Здавалася б, адміністрацыя павінна вітаць тваё імкненьне. Але для яе галоўнае — даць справаздачу, што зэк загружаны працай. Чамусьці тут праца — галоўная прыкмета выпраўленьня, нават калі гэтая праца, насуперак вядомаму афарызму, робіць зь цябе малпу, маю на ўвазе зьбіваньне скрыняў або скручваньне спружынак. Табе не адкруціцца ад такой працы. Напэўна, акрамя агіды і дэградацыі, такое "выпраўленьне" нічога не дае. І, вядома, як у клясыкаў марксізму-ленінізму, раб не зацікаўлены ў сваёй працы. Выходзіць, што на зоне ты толькі вымушаны забіваць час, але ты ня маеш права выбіраць, як гэта зрабіць, ня маеш права надаць гэтаму часу асэнсаваны характар. Іншымі словамі, і без таго сумны занятак становіцца максымальна пустым. Безумоўна, усё гэта робіць пазбаўленьне волі не выпраўленьнем, а пакараньнем. А нармальны чалавек, калі ён не мазахіст, наўрад ці здольны зьведваць шчасьце ад пакараньня", — піша з Бабруйскай калёніі палітвязень, гісторык-дасьледчык паводле адукацыі Зьміцер Дрозд.

Яго кніга "Землеўладальнікі Менскай губэрні, 1861—1900", выдадзеная ў 2010 годзе ў Менску, атрымала высокую ацэнку айчынных і замежных калегаў, занесеная ў каталёгі вядучых бібліятэк Польшчы, Вялікабрытаніі, Расеі, Украіны, Нямеччыны, Латвіі, Канады.

У нашай наступнай праграме мы пазнаёмім вас зь іншымі допісамі Зьмітра Дразда і яго сяброў да Людмілы Мірзаянавай і з ацэнкай, якую яна дае гэтым лістам як псыхоляг.

Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць


У гэтай рубрыцы мы расказваем пра мінуўшчыну і цяпершчыну беларускіх астрогаў, а таксама пра іх вядомых сядзельцаў. Сёньня пра адну з самых старых турмаў Беларусі, што ў цэнтры Менску, на вуліцы Валадарскага, пра тое, якой была "Валадарка" 100 гадоў таму і як паўплывала яна на аднаго тагачаснага сядзельца.

Валадарка-1911. Палітвязень К. Міцкевіч

Якуб Колас перад зьняволеньнем, 1908 год
"Валадарка", ліпень 1911 г. За высокай каменнай брамай, у чыстым двары, дзе ў самым цэнтры стаіць прыгожы трохпавярховы будынак з чатырма вежамі па баках, прагульваюцца арыштанты. Сярод іх 29-гадовы настаўнік Кастусь Міцкевіч. У літаратурных колах Меншчыны ды Віленшчыны ён ужо вядомы як Якуб Колас. У 1910 годзе ў Вільні выйшла яго першая кніжка "Песьні жальбы" з напісанымі тут, у "Валадарцы", вершамі.

Не пытайце, не прасеце
Сьветлых песень у мяне,
Бо, як песьню засьпяваю,
Жаль вам душу скалыхне.


"Колас ніколі ня быў маладым"

Якім быў Колас у маладосьці, у час, калі пісалася першая кніжка? Тыя, хто яго ведаў, сьцьвярджалі, што такім жа, як і ў больш сталым веку. Нешматслоўны, чарнявы, моцнага складу, сярэдняга росту… Сяргей Дубавец мяркуе, што "Колас ніколі ня быў маладым. З тых строга выхаваных вясковых дзяцей, якія адразу дарослыя. Трымаўся паўвайсковага стылю, супэрмэтанакіраваны, але пры тым гіпэрсарамяжлівы аскет".

На "Валадарку" Кастусь Міцкевіч сеў за палітыку ў 1908. Было яму 26. Тэрмін турэмнага пакараньня заканчваўся ў верасьні 1911-га. Як чалавек дастаткова цьвярозы і да таго ж абвінавачаны ў скліканьні нелегальнага, шкоднага для Расейскай імпэрыі, настаўніцкага зьезду, ён, зразумела, не выключаў, што пасьля турмы яго як "палітычна нядобранадзейнага" могуць чакаць самыя сур’ёзныя праблемы з прафэсійнай дзейнасьцю. Па сутнасьці, так яно і здарылася.
Менская турма "Валадарка" — "Пішчалаўка"

Кажуць, вершы нараджаюцца, калі цяжка. За два месяцы да вызваленьня Колас мае некалькі сшыткаў уласных вершаў. Таксама працуе над сваёй першай паэмай "Новая зямля". У задумах другая паэма — "Сымон-музыка". Усё гэта на Валадарцы.

Як у Менскай губэрні клапаціліся пра "абнаўленьне турэмнага чалавека"

Трэба ўдакладніць, што 100 гадоў таму "Валадарка" называлася "Пішчалаўкай". Тады гэта быў ускраек Менску. Прыгожы гмах зь вежамі на Раманаўскім пагорку быў відаць здалёк. Рэдкі выпадковы падарожнік не цікавіўся ім і вельмі дзівіўся, калі чуў, што гэты рамантычны замак — астрог. Толькі назва вуліцы, у канцы якой знаходзіўся гэты будынак — Турэмная (дарэчы, досыць шырокая, як на менскія меркі), ды павозкі, якія дастаўлялі ў "Пішчалаўку" арыштантаў з усяго Паўночна-заходняга краю (цяперашніх Беларусі ды Літвы), не пакідалі сумненьняў — гэта сапраўды турма.

Перад турэмнай брамай месьціўся сымпатычны сквэр — дрэвы ў ім высаджвалі самі вязьні. На пачатку 1900-х сядзельцы астрогу перасыпалі масты, рамантавалі гарадзкі брук, турэмныя павозкі, насыпалі земляныя валы, малацілі на ручных млынах жыта, садзілі гародніну на турэмным гародзе, пяклі хлеб. У турэмным камітэце Менскай губэрні дбалі пра тое, каб асуджаныя працавалі і "выходзілі на волю абноўленымі людзьмі, а ня язвай грамадзтва". Тым ня менш працэс "абнаўленьня турэмнага чалавека" не ішоў гладка. Адны вязьні халтурылі, другія кралі, трэція адмаўляліся працаваць прынцыпова.

Як ставіўся будучы пясьняр Беларусі да турэмнай працы і як зарэкамэндаваў сябе ў вачох адміністрацыі, нашчадкам засталося невядомым. Мяркуючы па тым, што Коласу давялося пасядзець у карцэры, пэўныя нараканьні на яго з боку турэмнага начальства былі. Пра сваё ўтрыманьне там ён піша ў лісьце да сяброўкі Аляксандры Зотавай. Колас адзначае (цытую па някляеўскім "папулярным біяграфічным нарысе" "Празь лес, празь лёс", што архітэктар Пішчала, які спраектаваў Менскую турму, апраўдаў сваё прозьвішча: "Пішчалі людзі там".

Карцэр і камэра "Валадаркі" 100 гадоў таму

"Карцэр — прадвесьнік магілы", — сьпяваецца ў адной арыштанцкай песьні. І ў гэтым ёсьць праўда. Уявіце сабе вузкую і цесную нару ў каменнай сьцяне, у падзямельлі, шчыльна закрытую цяжкімі, акаванымі жалезам дзьвярыма, куды ня можа пранікнуць ні прамень сьвятла, ні струмень сьвежага паветра... Сыра. Падлога на паўвяршка пакрытая брудам. Ні пасьцелі, ні падушкі. Валяесься, як жывёла, у гразі. Харчавацца даводзіцца толькі хлебам і вадою. Сядзіш з завязанымі вачыма... як крот у падзямельлі", піша будучы пясьняр Беларусі.
Менская турма "Валадарка" — "Пішчалаўка"

"Звычайную" камэру "Валадаркі" пачатку мінулага стагодзьдзя Колас апісвае ў вершы " Турэмная камэра" (зборнік "Песьні жальбы").

Цесна камэра, як клетка, —
Вузкі ход праміж дзьвюх нар;
Пры вакне жалеза сетка,
Над дзьвярамі "каляндар",

Разьлінеены ў радочкі,
Ды "буфэт" зь пяці дасок.
У павуцьці ўсе куточкі,
Ў пыле кожны вугалок.

[…]

Абабіт пабел усюды,
А праз столь цячэ вада.
Ў закарвашках зьвярок руды,
Клоп і ўсякая брыда.

Пахне потам чалавечым...
Цяжкі, сьпёрты, кіслы дух.
Рана ўстанеш — дыхнуць нечым,
Проста вешай хоць абух.


Ад чаго 100 гадоў таму маглі пусьціць сьлязу арыштанты "Валадаркі"

Сярод турэмных твораў Коласа ёсьць верш пад назвай "Краска". Гэта пра кветку, што неяк трапіла ў камэру на "Валадарцы" і зьвяла. У тых, хто чытаў "Краску" 100 гадоў таму, верш найперш асацыяваўся з папулярным рамансам Аляксея Канстанцінавіча Талстога і Пятра Булахава "Колокольчики мои".

Якуб Колас узгадвае, як пісаліся радкі гэтага верша і як моцна, да сьлёз ускалыхнулі арыштантаў, якія нямала пабачылі ў жыцьці, дзьве сьцяблінкі лугавых званочкаў у камэры:

Якуб Колас пасьля вызваленьня, 1911 год
"У нядзелю некаму з маіх аднакамэрнікаў дазволілі спатканьне са сваякамі, і ён прынёс разам зь перададзенай бялізнай і хлебам дзьве сьцяблінкі лугавых званочкаў. Паставілі мы іх у ваду, а самі пасталі наўкруга і нібы ўкамянелі. Глядзім, вочы ва ўсіх вільготныя, і на волю наўсьверб хочацца. Здаецца, каб выпусьцілі зараз, лёг бы на зямлю і пакачаўся, як змакрэлы конь на ворыве. А ўсё ж, што ні кажы, сьвятлейшы быў дзень той з кветкамі. Хацелася, каб яны даўжэй пакрасавалі. Але на раніцу нашы званочкі пачалі апускаць галоўкі. Гасьлі на вачах, а ў кожнага пачуцьцё такое, быццам чалавека жвірам засыпаюць.

А тут яшчэ Мардуховіч, быў у нас такі, сьпявак не сьпявак, але ахвотнік да сьпеваў, з голасам моцным і прарэзьлівым, ходзіць па камэры і ные: "Колокольчики мои, цветики степные". Мы яго ўсяк суцішалі… не памагае. Падвечар утаймаваўся, а я прыпёрся на нарах — дай, думаю, перакладу гэтыя "Колокольчики". Пачаў, ды цалкам верша ўспамянуць ня мог. Прыпляліся думкі пра астрог, і пайшло на свой лад. Праўда, голас Талстога чуецца… радок "Дзень вясёлы мая" так і застаўся неперароблены".

Тым, хто мусова вучыў Коласа ў школе

Тыя, хто прыйшоў да Коласа аднойчы, прымусова, у раньнім веку і ў межах школьнай праграмы, асацыююць яго асобу з галоўным героем "На ростанях" — Андрэем Лабановічам. Па аналёгіі з апошнімі старонкамі трылёгіі робіцца выснова, што ў "Валадарцы" Колас гэтак жа, як і Лабановіч, пад узьдзеяньнем сукамэрніка-бальшавіка за тры гады ператварыўся зь вясковага настаўніка ў палымянага паэта-рэвалюцыянэра.

У сваіх нататках у ЖЖ Марыя Мартысевіч раіць усё ж перачытаць гэтую трылёгію ў сталейшым веку, бо ў раньнім юнацтве "шмат якія пасажы могуць не зайсьці з-за браку адукацыі і недаразьвітасьці ў сьветапоглядным пляне".

Марыя Мартысевіч
"Тры турэмныя гады Колас апісвае на апошніх 30 старонках раману. Яно і зразумела: дапісваў у 1920-я, у аўральным парадку, калі ўжо было ясна, які выбар правільны. Дый чаго там расьпісваць, усё заканамерна: тры гады на адных нарах з камуністам тыпу "палымяны позірк" — як тут не памяняць палітычную арыентацыю? Фінал прадказальны і таму абсалютна не істотны.

А істотна вось што. Яны маладыя, але амбітныя, разумныя, але безразважныя. Яны проста жывуць…".

Як лічаць некаторыя іншыя знаўцы Коласа, досьвед трох турэмных гадоў, праведзеных на "Валадарцы", дапамог паэту прыйсьці да яго галоўнай паэмы.

Паводле паэта і палітвязьня Ўладзімера Някляева, "сапраўды, самая аўтабіяграфічная паэма Якуба Коласа — "Сымон-музыка". Калі мець на ўвазе не біяграфію цела (дзе і калі яно было, што ела і піло), а біяграфію душы — у якія вышыні яна ўздымалася і ў якія прорвы падала. Як па мне, дык "Сымон-музыка" — паэма пра творцу, мастака, пра мройную душу, якая ўсяму таму, што ёсьць цела, што ўмее толькі спаць, жэрці ды піць, нідзе і ніколі не была і ня будзе патрэбная. Таму непатрэбнай была чвэрць стагодзьдзя — з 1928 (год апошніх уздыхаў беларускага Адраджэньня) па 1953 (год скону Сталіна) — і сама паэма".

"Песьня жальбы ў стылі рок"

Сёньня да турэмнай творчасьці Коласа зьвяртаецца істотна болей маладых беларусаў. Падчас нядаўняй прэзэнтацыі альбома "Белая яблыня грому" Лявона Вольскага коласаўскае "Ў турме" гучала ў стылі рок і было "вельмі жыва", як сьведчыць музыка, прынятае моладзьдзю.

Вольскі: Па-першае, у Беларусі турма — некалькі пяцігодзьдзяў актуальная тэма. У мяне таксама ёсьць знаёмыя, якіх вінавацілі ў розных эканамічных і палітычных злачынствах. Таму, мне падаецца, гэта такая беларуская актуалія. Па-другое, хацелася такую цяжкую музычную стылістыку ўвесьці ў альбом. Безумоўна, турэмная тэматыка і грувасткія словы, яны падыходзілі да такога мэталу. Я пазначаў некалькі вершаў, глядзеў, што мяне прываблівае, ці самому не абыякава? Там няма выпадковых вершаў. У Коласа вельмі шмат узялі "Песьняры". Я Коласа гартаў-гартаў і ў самым канцы быў гэты караценькі вершык "У турме", і так мы і спрацавалі.

Сонца ўстане, сонца зойдзе,
Дзень заменіць ночкі цьма,
А над намі чорнай хмарай
Вісьне цесная турма.

Турма і здароўе


"Сілы, якія робяць нас інвалідамі"

Гэтую тэму прапанаваў для абмеркаваньня ў нашай рубрыцы былы зьняволены Ўладзімер М. Пасьля адбыцьця пакараньня ён зьехаў за межы краіны. У лісьце на "Свабоду" ён распавёў пра тое, як пад выглядам вучэньняў унутраных войскаў у турэмных установах невядомыя ў масках і камуфляжы ня проста зьдзекуюцца з асуджаных і падсьледных, але і робяць зь іх інвалідаў. На ягоную думку, цяпер падобная тактыка пераносіцца і на бяззбройнае насельніцтва на волі.

"Тое, што апошнім часам адбываецца па серадах на вуліцах Менску ды іншых гарадоў, калі "качкі" ў цывільным жорстка і пачварна захопліваюць бяззбройных "маўклівых", вяртае мяне ў канец 1990-х, у магілёўскую калёнію "Вейна". Тады мне было ўсяго 23 і я быў асуджаны на 2 гады агульнага рэжыму", — піша Ўладзімер М. і працягвае:

(Цалкам ліст і яго абмеркаваньне чытаць ТУТ.)

"У 1997-м у Беларусі здарылася гучнае забойства. Забілі сябра Лукашэнкі — Мікалуцкага. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што зямля будзе гарэць пад нагамі ўсіх крымінальнікаў. Аднойчы раніцай, як памятаю, хутка пасьля пад’ёму ў баракі ўляцелі людзі ў масках і камуфляжы. Невядомыя загадалі ўсім стаць тварам да сьцяны, паставілі нас "на расьцяжку", і ўжо празь некалькі cэкундаў многія з нас ляжалі на бэтоннай падлозе. Усю калёнію прагналі праз прымусовае падпісаньне асуджанымі дамовы аб супрацоўніцтве з адміністрацыяй. Яны стаялі з дубінкамі ў два рады і ўсяляк правакавалі нас, каб моцна зьбіць.

Ведаю таксама, што падобнае адбывалася і ў іншых калёніях. А нядаўна адзін зь сяброў, ізноў асуджаных, паведаміў мне, што перажыў "вучэньні" летась у Жодзіне. Тады праводзілі трэніроўкі па пажарнай бясьпецы".

А вось сьведчаньні, якія мы атрымалі праз тэлефон ад зьняволенага Міколы, які стаў сьведкам падобных вучэньняў летась, калі быў у якасьці падсьледнага ў СІЗА.

"Адбівалі вантробы ўсім, хто павольна бег"

"Яны быццам бы праводзілі вучэньні па пажарнай бясьпецы. Аднак нават падчас такога мерапрыемства білі ўсіх, хто павольна бег. Людзі вымушаныя былі бегчы, губляючы тапкі. Бегчы трэба было да другога корпусу па падземных пераходах. А людзі ў масках стаялі на ўсім шляху са шчытамі, а хто не пасьпяваў, таго зьбівалі, як маглі. З нас, падсьледных, па сутнасьці, дазволілі зрабіць гарматнае мяса. Нашмат лепш сабе перарэзаць вены, аднак захаваць свае вантробы".

І яшчэ адзін допіс, які трапіў да нас у праграму. Яго аўтар паведамляе, што ў Ваўкавыску супрацоўнікаў калёніі вучаць прыёмам здушэньня не беспарадкаў у калёніі, а вулічных акцыяў цывільнага насельніцтва. І гэта хвалюе людзей.

"У Ваўкавыску ня так даўно ў ПК-11 завезьлі шчыты і ўсіх (акрамя зэкаў, натуральна) сталі вучыць прыёмам адцісканьня натоўпу з дапамогай шчытоў. Опэры на зоне абураюцца. Але што рабіць? Гавораць, што сказалі, што яны тыпу трэцяй хваляй, калі што, будуць пасьля АМАПу і міліцыі".

На просьбу аўтара паспрабаваць высьветліць сытуацыю мы патэлефанавалі ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў — галоўнае ведамства, якое адказвае за сытуацыю ў папраўчых установах краіны. Адказ на наш запыт быў кароткі: такой інфармацыяй у ДВП не валодаюць.

Ніяк не пракамэнтавалі інфармацыі і ў самой папраўчай калёніі-11.

Тым часам колішні начальнік "Валадаркі" Алег Алкаеў не выключае падобнага разьвіцьця падзеяў.

Экспэрты не выключаюць падрыхтоўкі опэраў для падаўленьня народных хваляваньняў

Алег Алкаеў
"Я гэта так магу сфармуляваць: гэта падрыхтоўка лякальных сілаў на пэрыфэрыйных участках. Праблема ў тым, што калі ўсе сілы кінутыя на Менск, на вялікія гарады, то такія сярэднія населеныя пункты, дзе разьмешчаныя папраўчыя ўстановы, застаюцца без прыкрыцьця. Там няма спэцпадразьдзяленьняў кшталту АМАП, яны нават і ня ў кожным абласным цэнтры маюцца. І таму там, у Ваўкавыску, калі народ выйдзе на вуліцы з маўклівым пратэстам, то там няма каму іх разганяць. У мясцовай міліцыі сілаў ня хопіць, а калёнія — гэта сама меней 200 супрацоўнікаў. Амаль усе — афіцэры. Да таго ж мужыкі ўсе здаровыя, баявога ўзросту. Таму я думаю, што ў гэтых гарадах рыхтуюць падобныя рэзэрвы. Зразумела, афіцэры ня могуць быць гэтым задаволеныя. Паверце, я гэту сытуацыю добра ведаю. Як нас калісьці вучылі, задача опэра — не даводзіць сытуацыю да такога. Калі патрэбныя шчыты ды каскі, калі да гэтага ўжо дайшло, то гэта кепскія опэры. І ў міліцыі я прадбачу такую ж незадаволенасьць. Адна справа, калі супрацоўнікі калёній праходзяць звычайныя трэніроўкі па спыненьні хваляваньняў у турмах, зусім іншая, калі трэніруюцца для ўціску грамадзкіх настрояў на волі".

Былы палітвязень і заснавальнік праваабарончага сайту "Зона" Валер Леванеўскі таксама лічыць, што падобная падрыхтоўка цалкам магчымая, бо "дзесьці прыкладна 1,5 месяца таму Саўмін, прычым вельмі пасьпешліва, прыняў палажэньне, зьвязанае з надзвычайным становішчам. Улічваючы апошнія падзеі, рэжым можа рыхтавацца да гэтай сытуацыі, і, адпаведна, пакрысе рыхтаваць да гэтага і супрацоўнікаў міліцыі".

Леванеўскі: Існуе востры недахоп міліцэйскага кантынгенту для працы пры так званых народных хваляваньнях. Ня трэба забывацца пра тое, што тыя ж опэры, як і ўсе службоўцы калёніяў ды турмаў, — супрацоўнікі Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў (ДВП), які, у сваю чаргу, падпарадкоўваецца МУС. Цалкам верагодна, улічваючы апошнія падзеі, што будуць навучаць нейкім сілавым дзеяньням "для адцісканьня натоўпу".

Паводле Леванеўскага, сам ён перажыў трэніроўкі спэцназу ў ПК "Ваўчыныя норы" (пэрыяд 2005—2006 гадоў). Тады ў Івацэвіцкую калёнію прыгналі і тэхніку, і вайскоўцаў. На вучэньнях частка вайскоўцаў імітавала беспарадкі, а іншыя іх нібыта здушвалі.

"Асуджаных тады загналі ў нейкае памяшканьне, — узгадвае Леванеўскі. — Вайскоўцы адпрацоўвалі на нас запалохваньне шчытамі. Яны нас нібыта акружалі і імітавалі, што блякуюць. Зьбіваць — не зьбівалі. Хоць "старыя" ЗК, якія сядзелі ў 1990-я, калі калёнія належала да асобага рэжыму, расказвалі, што такое раней практыкавалася. Тады падчас вучэньняў асуджаных маглі здорава адмалаціць і нават забіць".

Слухаць праграму можна тут:

Свабода ў турмах, 17 ліпеня 2011 году, частка 1

Your browser doesn’t support HTML5

Свабода ў турмах, 17 ліпеня 2011 году, частка 1



Свабода ў турмах, 17 ліпеня 2011 году, частка 2

Your browser doesn’t support HTML5

Свабода ў турмах, 17 ліпеня 2011 году, частка 2