1991-шы год вачыма ўдзельніка
Мы сядзелі з Алесем Адамовічам ў ягонай менскай кватэры -- у пачатку 1991-га году ён прыехаў з Масквы на некалькі дзён да сям’і. Алесь Міхайлавіч прыгадваў вясну 86-га, калі ён даведаўся пра сапраўдны маштаб чарнобыльскай катастрофы.
Тая мая гутарка з Алесем Адамовічам была не звычайным журналісцкім інтэрвію – я папрасіў яго прыгадаць падзеі 1986 года, паколькі быў членам Часовай Камісіі Вярхоўнага Савета БССР па ацэнцы дзейнасьці службовых і іншых адказных асобаў у сувязі з ліквідацыяй наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС (была ў мяне задума і кніжку пра тыя падзеі напісаць, ды за палітычнымі клопатамі адклалася) .
Цягам двух гадзінаў я задаў Алесю Міхайлавічу толькі некалькі пытаньняў – тое, фактычна, быў маналёг Адамовіча, які захаваўся на магнітафоннай стужцы.
Падаю яго тут з мінімальнымі тлумачэньнямі.
“Так атрымалася, што ў ноч катастрофы я ляцеў у санаторый, у Жалезнаводзк, і пралятаў якраз над Чарнобылем . Але ня ведаў, канешне, над чым пралятаю. Праходзіць дзень, другі, -- і раптам чую па радыё, што на Чарнобыльскай АЭС адбылася нейкая аварыя. Сказана было як бы між іншым. Але мяне гэта насьцярожыла – калі ўжо паведамляецца (а нашы прызвычаіліся ўсё замоўчваць) – значыць, нездарма ўсё гэта. Пазваніў дахаты, а мне кажуць, што над Менскам ужо прайшла гэтая ёдыста-цэзіевая хмара. Ну, я кажу сваім, кажу Васілю Быкаву: давайце, прыяжджайце сюды, я вас тут ўладкую. Быкаў не пагадзіўся ехаць, а мая жонка і дачка прыехалі, пабылі нейкіх два тыдня. Але ўсе гэтыя дні я трымаў сувязь з Быкавым – калі дома бяда, а ты ўдалечыні, дык ад гэтага трывога і напружаньне яшчэ большыя..
Вяртаюся я ў Менск, у гэтую кватэру – і да мяне пачынаецца паломніцтва навукоўцаў і журналістаў. Сустрэўся я з Барысевічам, прэзыдэнтам Акадэміі навук БССР, каб даведацца з першых вуснаў – “ад навукі” – што адбываецца. Паразмаўляў з Васілём Барысавічам Несьцярэнкам, які ўзначальваў тады спэцыялізаваны цэнтар пад Менскам. Ён мне даў ужо вельмі канкрэтныя дадзеныя, атрыманыя за месяц – што ўжо заражана радыяцыяй, які яе ўзровень, і чым гэта пагражае. Сустрэўся я з Кузьміным Аляксандрам Трыфанавічам, тагачасным сакратаром ЦК па ідэалёгіі – гэта быў адзіны чалавек у ЦК, які гэтую бяду ўспрыняў па-чалавечы. Ён езьдзіў у Маскву, сустракаўся з Якаўлевым, Рыжковым, і там ўзьняў трывогу, сказаў, што нас праклянуць унукі, калі мы так будзем паводзіць сябе.
І вось гэтыя тры чалавекі- Барысенка, Несьцярэнка і Кузьмін , маючы доступ да значных крыніцаў інфармацыі, хутка мяне пасьвяцілі ў тое, што адбываецца. Праз іх я пазнаёміўся і зь іншымі навукоўцамі. Тое-сёе казалі і родзічы, якія працавалі ў “Белкаапсаюзе” і атрымлівалі інфармацыю пра прадукты. Адным словам, нагрузілі мяне дастаткова, прычым я адчуваў, што нагружаюць ня проста, а нібыта шукаюць праз мяне нейкае выйсьце гэтаму, таму што ўсе яны былі зьвязаныя службай, зьвязаныя становішчам, зьвязаныя забаронамі і сакрэтнасьцю, а я – нічым не зьвязаны.
Жудасная катастрофа абрынулася на Беларусь. Тыя шэсьць альбо сем дзён, калі вецер дзьмуў сюды – гэта страшэнныя дні, можа, роўныя чатыром гадам вайны па свайму выніку. Я разумею, што наперадзе нас чакае яшчэ большая трагедыя, і перш за ўсё таму, што пачнецца апраменьваньне праз прадукты харчаваньня – а ніякіх прыбораў для кантролю практычна няма. Тыя прыборы, што тады існавалі, былі разьлічаныя на вялізную радыяцыю. Ну і самае галоўнае – я раптам адчуў, што нешта адбываецца дзіўнае і ў цэнтры, і тут ў адносінах да самой Беларусі. А я ўваходзіў тады ў камітэт “Савецкія навукоўцы супраць ядзернай вайны, і сустракаўся там з атамшчыкамі, спрабаваў зразумець, чаму ж ніхто не зьвяртае ўвагу на Беларусь, а ўсе гавораць толькі пра Кіеў і трыццацікілямэтровую зону. І ведаеце, было такое адчуваньне… Ну ясна, “Известия” там пішуць “К счастью, ветер дул не на Киев..” і ня думаюць, пра тое, а куды ж ён дзьмуў; альбо “Соловьи поют над Припятью” ды іншую лухту – усё гэта журналісцкае. Але чаму навукоўцы самага высокага рангу не жадаюць нічога чуць?
І ўжо ў нейкай роспачы, будучы ў Маскве ў канцы траўня, Юрыю Каракіну, свайму сябру, кажу: “У мяне ёсьць факты – але што зь імі рабіць? Ніхто нічога ня чуе”. А тое, што гэтыя факты былі дастаткова дакладныя, вы маглі цяпер пераканацца, прачытаўшы першы мой ліст да Гарбачова, дзе я называю раёны пацярпелыя. Гэта, канешне, не мае былі зьвесткі, а Несьцярэнкі – ён распавёў пра Краснапольле, Слаўгарад, Калінкавічы і гэтак далей. Усё гэта ўжо было зафіксавана, і называліся дзесяткі раёнаў, а ня тры – Брагінскі, Ельскі і Нараўлянскі – якія афіцыйна лічыліся пацярпелымі. Ну, а ў Юры быў добры знаёмы – Анатоль Чарняеў, памочнік Гарбачова. І я стаў шукаць выхад на Гарбачова.
Я ўжо зьбіраўся зьяжджаць з Масквы, і раптам мне Каракін звоніць: “Рыхтуй факты і пастарайся пасьпець да 4 чэрвеня, калі будзе пасяджэньне Палітбюро.
Я прыехаў у Менск, пачаў хутка папаўняць сваё дасье, пісаць ліст Гарбачову, паколькі мне сказалі, што ён дасьць хаду гэтаму лісту, калі палічыць яго дастаткова пераканаўчым. І калі сабраўся ехаць, я Кузьміна пытаюся: “Я вось еду да Гарбачова, як Вы лічыце, сказаць Сьлюнькову пра гэта?” – ну, каб не ўступаць у канфрантацыю, у мяне тады яшчэ былі ілюзіі, быццам яны толькі і чакаюць нашай дапамогі. Ён прыкінуў – так, напэўна, трэба сказаць. Патэлефанаваў я памочніку Сьлюнькова, кажу, што вось такая справа, зьбіраюся да Гарбачова. Ён мяне не зразумеў, альбо зразумеў гэтак, як яны звычайна разумеюць – што ў мяне якая-небудзь просьба, і параіў зьвярнуцца да нейкага Пятрова з Саўміну... Я кажу – не патрэбны мне Пятроў, ды, уласна, і да вас у ЦК Беларусі я не зьбіраюся ісьці, я проста зь ветлівасьці вас інфармую, што еду ў Маскву. Ён не ўспрыняў гэта сур’ёзна, напэўна. Я быў на працы – званок з дому: цябе расшукваюць з ЦК, вось тэлефон. Званю, а мне кажуць: Мікалай Мікітавіч просіць вас прыйсьці заўтра раніцай.
І вось я да Сьлюнькова прыйшоў, у той жа кабінэт, дзе калісьці з Машэравым сустракаўся незадоўга да яго сьмерці (у мяне з Машэравым быў канфлікт некалькі гадоў, і вельмі вялікі – у сувязі са справай Сіняўскага і Даніэля).
Ну вось, прыходжу я ў той жа кабінэт, сядзяць нейкія там міністры на прыёме, выклікаюць мяне. Я разумею, што не я яму цікавы – цікава тое, з чым я еду ў Маскву. І ім трэба даведацца, чым я ўзброены. Ён шырока ўсьміхаецца, шырокія жэсты. Ну, і пачаў я сваю трывогу выказваць. Што, па-першае, Беларусь пацярпела больш за астатніх, а ніхто пра гэта ня ведае, і ведаць ня хоча. І ў Маскву паступае ня тая інфармацыя. Што гэта катастрофа, роўная вайне, а можа быць, і болей. І самае галоўнае – ад навукоўцаў я ведаю, што няма прыбораў, а ўнутранае апраменьваньне людзей нясе яшчэ большую небясьпеку, чым зьнешняе, прычым па ўсёй рэспубліцы.
Нядаўна я прачытаў у “Звяздзе” інтэрвію Антановіча Івана Іванавіча (у 1986 г. - загадчык аддзелу ЦК КПБ, пры Лукашэнку - міністар замежных спраў -- С.Н.), дзе ён пра Сьлюнькова кажа, што гэта – кампутар, і гэтак далей. Ну, чаму так Антановіч піша, мы ведаем, ён быў у яго проста хлопчык на пабягушках. Калі “на траіх” “соображают”, і нехта бегае ў краму – зрэшты, ім там ня трэба ў краму бегчы. У звычайным жыцьці такія бегаюць з авоськамі, але там ён быў, канешне, не іншым ўзроўні. Аднак ён правільна заўважыў – тое быў ня мозг, а кампутар.
Сьлюнькоў мне пачаў называць мілірэнтгены, лічбы, раёны, стаў даставаць нейкія прасьціны папяровыя, паказваць, прыціскаць мяне гэтай інфармацыяй.
Сьлюнькоў не адрынаў, што “нешта ёсьць”, але пераконваў, што ўзровень радыяцыі – нізкі. Я разумеў, што здымкі рабіліся з самалёта, і ня вельмі верыз гэтай заспакойваючай інфармацыі. Кажу Сьлюнькову: “Але прыбораў жа для вымярэньня радыяцыі няма!”. Ужо было вядома, што радыяцыя захапіла ня толькі Гомельскую і Магілёўскую, але нават і Менскую вобласьць, і ў Сьлюнькова, канешне, гэтая інфармацыя была.
Сьлюнькоў гаворыць з павагай, дае мне свае, сустрэчныя лічбы. Тады я спрабую яго па-іншаму дастаць. Вось, кажу, на Украіне ёсьць хаця б рэкамэндацыі для людзей – як весьці сябе, куды хадзіць, куды не хадзіць, што піць, а што ня піць.
Сьлюнькоў падымае трубку і тут жа робіць разнос Саўчанку, міністру аховы здароўя – гэта значыць, паказвае мне, што прымае ўсе мае прапановы, нібыта перад ім зьявіўся найвялікшы спэцыяліст. Я ж разумею гэтую гульню: каб я менавіта тут разрадзіўся. Маўляў, ну што яшчэ мне трэба? Усё, што я сказаў – усё прынята, усё ўлічана. Ідзі дамоў, кладзіся спаць – куды табе ехаць?
... Размаўляе цярпліва, шэсьць з паловай гадзін. Там, у прыёмнай, міністры чакаюць, але яму вельмі не хацелася, каб я ехаў у Маскву. І мне трэба было зразумець адразу, што гэта – галоўнае ягонае жаданьне. А ў мяне, як і ў ва ўсіх інтэлігентаў, ілюзіі пэўныя. Я думаў: ну, напэўна, яму, члену Палітбюро, езьдзіць, прасіць, выпрошваць у апаратчыкаў дапамогі – сьмерці падобна, таму што ў Маскве гэтага ня любяць. Яму нават самому выгодна, каб нейкі там пісьменьнік паехаў, узьняў вэрхал – і да Беларусі павернуцца, нешта сюды пойдзе.. Я менавіта так і думаў. Хаця павінен быў разумець, што калі ён шэсьць з паловай гадзінаў мае непрафэсійныя меркаваньні, як манну нябесную, прымаў, -- дык гэта значыць, што страшэнна ня хоча, каб я туды ехаў. Але я зразумеў, што размаўляць бяссэнсава, гэту сьцяну тут прабіць немагчыма. Трэба ехаць. Я яму не кажу пра ліст, не хачу, каб ён прапрасіў яго, каб прачытаць. Чытаць я яму ня дам, а выпраўляць таксама ня буду.
Ён хітравата спытаў, праз каго я да Гарбачова спрабую прайсьці. І я, палічыўшы ніжэйшым за сваю годнасьць хлусіць, адказваю: праз Чарняева. Напэўна, ня трэба было гэтага казаць, таму што звычайна робяць сустрэчныя захады. Але мяне, калі сустракаюся з такімі людзьмі, як Машэраў, Сьлюнькоў ці Гарбачоў, заўсёды нясе на нейкую гранічную прамату. Маўляў, я магу схлусіць дзеля добрай мэты на нейкім іншым узроўні, а там я, як Ванька-дурань, луплю ўсё, што думаю.
У нейкі момант я паглядзеў у вакно сьлюнькоўскага кабінэту. З-за дрэваў бачыўся дах музэю Вялікай Айчынай вайны А на даху – вялізны такі нэонавы транспарант “Подвиг советского народа – бессмертен”. І я яму кажу: “Вы ведаеце, гэта важны момант для Вас асабіста. Вы застаняцеся ў гісторыі, але вось як – гэта залежыць ад таго, што Вы зробіце для гэтага народа”. Але ён неяк не ўспрыняў гэтае маё злавеснае прадказаньне...
Пачалі разьвітвацца. Ён: “Заходзьце, прыходзьце!”. І глядзіць на мяне гэтак: як, маўляў, што вырашыў? Я яму не кажу, паеду ці не паеду. Ну, а квіток у мяне ў кішэні.
Прыяжджаю ў Маскву. Прыношу ліст свой на шасьці старонках Чарняеву. Ён прачытаў, сказаў: “Гэта – сур’ёзна”, -- і перадаў Міхаілу Сяргеевічу.
Назаўтра – ужо было 4 чэрвеня – Чарняеў мне звоніць і кажа, што ўвогуле быў намер не зачытваць ліст. Лігачоў быў супраць, але падтрымаў мяне Грамыка – усё-ж такі зямляк, з Гомельшчыны родам. На Палітбюро Гарбачоў зачытаў гэты ліст.
(Такім чынам, ужо самае позьняе 4 чэрвеня 1986 году, праз пяць тыдняў пасьля выбуху на чацьвертым энэргаблёку Чарнобыльскай АЭС, вышэйшае кіраўніцтва СССР мела дастаткова поўную (і, як паказаў час, рэальную!) карціну радыяцыйнай забруджанасьці Беларусі. Аднак яшчэ некалькі гадоў – аж да таго моманту, калі пра Чарнобыль не пачаў казаць Беларускі Народны Фронт – небясьпечнымі для пражываньня лічыліся толькі тры раёны. -- С.Н.)
Еду ў Менск. Квіток звычайна я браў купэйны, а тут мне дасталася СВ. Заходжу ў вагон, гляджу – Сьняжкова (у той час – намесьнік старшыні Савету міністраў Беларусі - С.Н.), Рэўт з Дзяржпляну. Высьветлілася, што зь імі – Ізраэль, Ільін, намесьнікі саюзных міністраў. Я абсалютна не ўцяміў, што гэта – па маім лісьце. А яны, канешне, ня ведаюць, што гэта я іх “вязу”. І я тут яшчэ пачаў з Рэўтам спрачацца наконт Чарнобылю, ён мяне асаджваў, асаджваў...
Прыехалі ў Менск. Увечары званю Кузьміну, ён кажа: “Па рашэньню ПБ прыехала камісія з нагоды Вашага ліста”. ПБ – так называлі Палітбюро.
Правялі яны нараду, запрасілі нашых навукоўцаў – Барысевіча, Несьцярэнку. А паколькі Ізраэль, Ільін і іншыя вызнавалі канцэпцыю сакрэтнасьці, ім ня трэба было дабірацца да ісьціны. Ім трэба было “закрыць пытаньне” і дакласьці “наверх”. Выступаў перад імі і Сьлюнькоў. Маўляў, нічога страшнага няма, усё гэта – панікёрства, мы тут справімся самі. Мы яшчэ і самі гатовыя дапамагчы, каму трэба – у Кіеў вось накіравалі свае палівачныя машыны. Словам, мы і не такое ў вайну перажылі, і нам усё гэта ня страшна.
Несьцярэнка, Барысевіч пачалі пярэчыць – і тут Сьлюнькоў на іх накінуўся. З гэтага і пачалося іх падзеньне. Пад Несьцярэнку пачалі капаць, у выніку зьнялі з працы і пакінулі бяз сродкаў да існаваньня. На Барысенку, прэзыдэнта АН, напусьцілі нейкіх плявузгальнікаў. Рабіць гэта, калі ім трэба, яны ўмелі. І тут жа пачалі капаць пад Кузьміна. Ён зразумеў, што павінен альбо сысьці сам, альбо яго здымуць і таксама пазбавяць усялякай магчымасьці для далейшага існаваньня.
Што ў той раз даклала ў Крэмль камісія – я ня ведаў. Забягаючы наперад, скажу, што потым, гады праз два, у красавіку 88-га, мы прыйшлі да Гарбачова з Даніілам Граніным, і ў мяне вырвалася падзяка за тую камісію па чарнобылі. Гарбачоў: “А, гэта па твайму пужліваму лісту!” Я адказаў: “Так, Міхаіл Сяргеевіч, пужлівае, але я тады яшчэ недастаткова спужаўся, і вельмі шкада, што не напужаў Вас”. Я зразумеў, што камісія тады даклала, быццам гэты пужлівы інтэлігент-пісьменьнік ўзяў ды й насачыняў эмоцый.
Спрабаваў і яшчэ таго-сяго дамагчыся. Праз Маскву прасіў прыборы для вымярэньня ўзроўню радыяцыі. А дамагліся толькі ліста Архіпава, намесьніка Рыжкова, што валюты ў краіне няма, і абыходзьцеся, маўляў, уласнымі сіламі і ўласнымі тэхналёгіямі.
Але самым нечаканым для мяне было вось што. Здавалася б, я пішу ў Палітбюро, генсек зачытвае ліст, усё адбываецца на вышэйшым узроўні. І раптам даведваюся ад вельмі ўплывовага чалавека, што званіў Чэбрыкаў (старшыня КДБ СССР – С.Н.) – і асабіста запатрабаваў інфармацыю, хто такі гэты Адамовіч, якое ў Беларусі пра яго меркаваньне. Ну, я ўяўляю, што яны там выдалі з майго старога дасье. Як мне перадалі, абурэньне ў нашым ЦК было вялікае: палез у вялікую палітыку!
Ну, думаю, а як жа на мне ўсё гэта адаб’ецца? Павінны , ня могуць не адыграцца. Якраз прадставілі мяне ў акадэмікі. Ішоў я на выбарах гладка, і тады ЦК заявіў, што ў сэктары літаратуразнаўства ў гэтым годзе выбараў у акадэмікі ня будзе. Добра, перажывем і бяз акадэміка. А рабілася ўсё з гэткай злоснасьцю.. Тады Сьлюнькоў сказаў Барысевічу: “Гэта ён хоча сказаць, што толькі яму – балюча, а нам – не балюча? Чуў я ягоны выступ на зьезьдзе пісьменьнікаў, дзе ён заклікаў не галасаваць, унесьці бюлетэні ў кішэні!”. А я, сапраўды, пратэставаў супраць тагачасных правілаў “выбараў”. Па лініі службовай дзейнасьці – больш яны ніяк расправіцца са мной не маглі.
Распраўляцца пачалі па-іншаму. Пачалі выжываць з Беларусі. Я тады жыў пацыфізмам, абсалютным адмаўленьнем ядзернай зброі – ня толькі першага, але і другога ўдару, “удару ў адказ”. Была такая дыскусія, націскаць ядзерную кнопку альбо не націскаць, нават калі цябе атакуюць. Я казаў: нельга націскаць, таму што страшны ня першы атамны ўдар, а другі – менавіта ён да рэшты зьнішчыць усё жывое. Пачалі цягаць мяне ў ЦК. Спачатку паклікаў Антановіч: “Што Вы ўсіх палохаеце атамнай вайной, усясьветнай катастрофай? Адкуль Вы ўзялі ўсё гэта?”. І тут ён мне сказаў сваю гістарычную фразу: “Ну што Вы ўсіх палохаеце, палохаеце. Ня ў гэтым справа, у рэшце рэшт – загіне, ці не загіне народ. Калі нават увесь народ наш загіне і застануцца жывымі дзесяць чалавек, дык важна ня гэта. А важна тое, каб гэтыя дзесяць заставаліся савецкімі людзьмі”.
... Потым мне сказаў адзін вельмі важны чыноўнік: “ведаеце што, вы – пад каўпаком”. Ды ведаю, кажу, мяне і праслухоўваюць, і ўсе лісты я атрымліваю, нібыта іх сабака пагрыз. Ён у адказ: “Ды не, гэта ня тое. “Пад каўпаком” – гэта зусім іншае. Кожны ваш крок, кожны крок вашых блізкіх фіксуецца”. Ну, і дзеля чаго гэта? – пытаюся. “А гэта вам рыхтуецца сюрпрыз. Антановіч і Сеўрук (тагачасны намесьнік загадчыка аддзелу прапаганды ЦК КПСС, пры Лукашэнку – супрацоўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі – С.Н.) на пару вам падрыхтавалі гэтую справу”... І я зразумеў, што паколькі КДБ села на мяне, і я пад гэтым “каўпаком” – яны мне зробяць альбо псіхушку, альбо чаго горш.
Патэлефанавалі з маскоўскага інстытуту кінамастацтва – прапанавалі дырэктарства. Я вырашыў: усё, што я хачу рабіць дзеля Беларусі, я там, бяз гэтага “каўпака”, змагу зрабіць лепей, чым тут. “Каўпак” гэты не дазволіць мне і варухнуцца.
Патрапіў я ў Маскву, але чарнобыльская інфармацыя да мяне ўвесь час ішла. Тым больш, што былі ўжо зусім іншыя часы.
Лёс пісьменьніцкі у нашым грамадзтве – ва ўсялякім разе, на тым этапе – быць у ролі тарану, якім браму разьбіваюць. Браму разаб'юць, а потым астатнія хлынуць у прабоіну..
Вельмі важна, што калі ўтварыўся БНФ, дык павёў усіх на барацьбу з гэтай сакрэтнасьцю, з гэтай хлусьнёй, з гэтай здрадай. Гэта ўжо быў зусім іншы ўзровень, тут ужо начальства спужалася гневу народнага, суду ня толькі гісторыі, але і народнага суду – і пачало адступаць.
Але адступаць, па-мойму, вельмі спрытна, захоўваючы асноўныя пазыцыі. Усе, абсалютна ўсе пазыцыі, якія маюць значэньне для Чарнобыля, заняты тымі ж людзьмі, якія здрадзілі народу. Прыклад – былы міністар аховы здароўя Саўчанка, які парушыў усе законы міласэрнасьці, а цяпер ўзначаліў “Фонд міласэрнасьці”. Яны гатовыя ўзяць усю фразэалёгію ў “Народнага Фронту”, у змагароў супраць атамнай энэргетыкі, крытыкаваць цэнтар, ісьці на словах яшчэ далей – але ўсё гэта дэмагогія. Яны ня могуць да канца раскрыць праўду, таму што гэта аголіць іх віну – і гэтым бяруць на сябе віну яшчэ большую.
Немцы, каб выпрабаваць карнікаў з нашых людзей, прымушалі рабіць іх асабліва жудаснае. І ўжо калі ты сваю вёску расстраляў – дык табе давяраць будуць бязьмежна. Чыноўнікі, якія здрадзілі і заклалі свой народ – ім ужо апарат можа давяраць бясконца.
Я ўсё больш прыходжу да думкі, што імпульсы забароны і сакрэтнасьці ішлі ня толькі з Палітбюро, КДБ, армейскіх чыноў. Галоўнае – традыцыйнае імкненьне жыць па завядзёнцы. Няма нейкага аднаго вінаватага. Хлусіла эфэктыўна ўся сыстэма. Павінны былі хлусіць мэдыкі – таму што чарнобыльскі выбух выявіў іх поўную непадрыхтаванасьць да падобных сытуацыяў. Хлусілі прыборабудаўнікі – яны аказаліся проста тэхнічна непрафэсійныя. Хлусіла ведамства атамнай энэргетыкі – галоўны віноўнік выбуху. Усе зацікаўленыя ў тым, каб падаць бедзтва як маленькае здарэньне.
У выніку гэтых чатырох гадоў хлусьні іхняя віна павялічылася бясконца”.
Так гаварыў Алесь Адамовіч у студзені 1991-га.
У тыя ж дні я спрабаваў зьвязацца са Сьлюньковым – неўзабаве пасьля чарнобыльскай аварыі яго ўзялі ў Маскву, на падвышэньне, зрабілі сакратаром ЦК КПСС і членам Палітбюро (“І ўжо калі ты сваю вёску расстраляў – дык табе давяраць будуць бязьмежна”). У пачатку 1991-га ён быў ужо на пэнсіі, і праз сваякоў мне перадалі, што ён ня выказаў цікавасьці да размовы.
Словы Адамовіча, сказаныя ўсёмагутнаму тады кіраўніку Беларусі, аказаліся прароцкімі. Першы сакратар ЦК КПБ Мікалай Мікітавіч Сьлюнькоў увайшоў у гісторыю менавіта гэтак, як назваў яго аднойчы Алесь Адамовіч – “чарнобыльскім Пілатам”.

Гэта страшэнныя дні, можа, роўныя чатыром гадам вайны па выніку

Сьлюнькоў не адрынаў, што “нешта ёсьць”, але пераконваў, што ўзровень радыяцыі – нізкі.

Сьлюнькоў не ўспрыняў гэтае маё злавеснае прадказаньне
У нейкі момант я паглядзеў у вакно сьлюнькоўскага кабінэту. З-за дрэваў бачыўся дах музэю Вялікай Айчынай вайны А на даху – вялізны такі нэонавы транспарант “Подвиг советского народа – бессмертен”. І я яму кажу: “Вы ведаеце, гэта важны момант для Вас асабіста. Вы застаняцеся ў гісторыі, але вось як – гэта залежыць ад таго, што Вы зробіце для гэтага народа”. Але ён неяк не ўспрыняў гэтае маё злавеснае прадказаньне...
Пачалі разьвітвацца. Ён: “Заходзьце, прыходзьце!”. І глядзіць на мяне гэтак: як, маўляў, што вырашыў? Я яму не кажу, паеду ці не паеду. Ну, а квіток у мяне ў кішэні.
Прыяжджаю ў Маскву. Прыношу ліст свой на шасьці старонках Чарняеву. Ён прачытаў, сказаў: “Гэта – сур’ёзна”, -- і перадаў Міхаілу Сяргеевічу.
Назаўтра – ужо было 4 чэрвеня – Чарняеў мне звоніць і кажа, што ўвогуле быў намер не зачытваць ліст. Лігачоў быў супраць, але падтрымаў мяне Грамыка – усё-ж такі зямляк, з Гомельшчыны родам. На Палітбюро Гарбачоў зачытаў гэты ліст.
(Такім чынам, ужо самае позьняе 4 чэрвеня 1986 году, праз пяць тыдняў пасьля выбуху на чацьвертым энэргаблёку Чарнобыльскай АЭС, вышэйшае кіраўніцтва СССР мела дастаткова поўную (і, як паказаў час, рэальную!) карціну радыяцыйнай забруджанасьці Беларусі. Аднак яшчэ некалькі гадоў – аж да таго моманту, калі пра Чарнобыль не пачаў казаць Беларускі Народны Фронт – небясьпечнымі для пражываньня лічыліся толькі тры раёны. -- С.Н.)
Еду ў Менск. Квіток звычайна я браў купэйны, а тут мне дасталася СВ. Заходжу ў вагон, гляджу – Сьняжкова (у той час – намесьнік старшыні Савету міністраў Беларусі - С.Н.), Рэўт з Дзяржпляну. Высьветлілася, што зь імі – Ізраэль, Ільін, намесьнікі саюзных міністраў. Я абсалютна не ўцяміў, што гэта – па маім лісьце. А яны, канешне, ня ведаюць, што гэта я іх “вязу”. І я тут яшчэ пачаў з Рэўтам спрачацца наконт Чарнобылю, ён мяне асаджваў, асаджваў...
Прыехалі ў Менск. Увечары званю Кузьміну, ён кажа: “Па рашэньню ПБ прыехала камісія з нагоды Вашага ліста”. ПБ – так называлі Палітбюро.
...мы і не такое ў вайну перажылі, і нам усё гэта ня страшна.
Правялі яны нараду, запрасілі нашых навукоўцаў – Барысевіча, Несьцярэнку. А паколькі Ізраэль, Ільін і іншыя вызнавалі канцэпцыю сакрэтнасьці, ім ня трэба было дабірацца да ісьціны. Ім трэба было “закрыць пытаньне” і дакласьці “наверх”. Выступаў перад імі і Сьлюнькоў. Маўляў, нічога страшнага няма, усё гэта – панікёрства, мы тут справімся самі. Мы яшчэ і самі гатовыя дапамагчы, каму трэба – у Кіеў вось накіравалі свае палівачныя машыны. Словам, мы і не такое ў вайну перажылі, і нам усё гэта ня страшна.
Несьцярэнка, Барысевіч пачалі пярэчыць – і тут Сьлюнькоў на іх накінуўся. З гэтага і пачалося іх падзеньне. Пад Несьцярэнку пачалі капаць, у выніку зьнялі з працы і пакінулі бяз сродкаў да існаваньня. На Барысенку, прэзыдэнта АН, напусьцілі нейкіх плявузгальнікаў. Рабіць гэта, калі ім трэба, яны ўмелі. І тут жа пачалі капаць пад Кузьміна. Ён зразумеў, што павінен альбо сысьці сам, альбо яго здымуць і таксама пазбавяць усялякай магчымасьці для далейшага існаваньня.
Што ў той раз даклала ў Крэмль камісія – я ня ведаў. Забягаючы наперад, скажу, што потым, гады праз два, у красавіку 88-га, мы прыйшлі да Гарбачова з Даніілам Граніным, і ў мяне вырвалася падзяка за тую камісію па чарнобылі. Гарбачоў: “А, гэта па твайму пужліваму лісту!” Я адказаў: “Так, Міхаіл Сяргеевіч, пужлівае, але я тады яшчэ недастаткова спужаўся, і вельмі шкада, што не напужаў Вас”. Я зразумеў, што камісія тады даклала, быццам гэты пужлівы інтэлігент-пісьменьнік ўзяў ды й насачыняў эмоцый.
Спрабаваў і яшчэ таго-сяго дамагчыся. Праз Маскву прасіў прыборы для вымярэньня ўзроўню радыяцыі. А дамагліся толькі ліста Архіпава, намесьніка Рыжкова, што валюты ў краіне няма, і абыходзьцеся, маўляў, уласнымі сіламі і ўласнымі тэхналёгіямі.
Але самым нечаканым для мяне было вось што. Здавалася б, я пішу ў Палітбюро, генсек зачытвае ліст, усё адбываецца на вышэйшым узроўні. І раптам даведваюся ад вельмі ўплывовага чалавека, што званіў Чэбрыкаў (старшыня КДБ СССР – С.Н.) – і асабіста запатрабаваў інфармацыю, хто такі гэты Адамовіч, якое ў Беларусі пра яго меркаваньне. Ну, я ўяўляю, што яны там выдалі з майго старога дасье. Як мне перадалі, абурэньне ў нашым ЦК было вялікае: палез у вялікую палітыку!
Ну, думаю, а як жа на мне ўсё гэта адаб’ецца? Павінны , ня могуць не адыграцца. Якраз прадставілі мяне ў акадэмікі. Ішоў я на выбарах гладка, і тады ЦК заявіў, што ў сэктары літаратуразнаўства ў гэтым годзе выбараў у акадэмікі ня будзе. Добра, перажывем і бяз акадэміка. А рабілася ўсё з гэткай злоснасьцю.. Тады Сьлюнькоў сказаў Барысевічу: “Гэта ён хоча сказаць, што толькі яму – балюча, а нам – не балюча? Чуў я ягоны выступ на зьезьдзе пісьменьнікаў, дзе ён заклікаў не галасаваць, унесьці бюлетэні ў кішэні!”. А я, сапраўды, пратэставаў супраць тагачасных правілаў “выбараў”. Па лініі службовай дзейнасьці – больш яны ніяк расправіцца са мной не маглі.
Калі нават увесь народ наш загіне і застануцца жывымі дзесяць чалавек, дык важна ня гэта. А важна тое, каб гэтыя дзесяць заставаліся савецкімі людзьмі
Распраўляцца пачалі па-іншаму. Пачалі выжываць з Беларусі. Я тады жыў пацыфізмам, абсалютным адмаўленьнем ядзернай зброі – ня толькі першага, але і другога ўдару, “удару ў адказ”. Была такая дыскусія, націскаць ядзерную кнопку альбо не націскаць, нават калі цябе атакуюць. Я казаў: нельга націскаць, таму што страшны ня першы атамны ўдар, а другі – менавіта ён да рэшты зьнішчыць усё жывое. Пачалі цягаць мяне ў ЦК. Спачатку паклікаў Антановіч: “Што Вы ўсіх палохаеце атамнай вайной, усясьветнай катастрофай? Адкуль Вы ўзялі ўсё гэта?”. І тут ён мне сказаў сваю гістарычную фразу: “Ну што Вы ўсіх палохаеце, палохаеце. Ня ў гэтым справа, у рэшце рэшт – загіне, ці не загіне народ. Калі нават увесь народ наш загіне і застануцца жывымі дзесяць чалавек, дык важна ня гэта. А важна тое, каб гэтыя дзесяць заставаліся савецкімі людзьмі”.
... Потым мне сказаў адзін вельмі важны чыноўнік: “ведаеце што, вы – пад каўпаком”. Ды ведаю, кажу, мяне і праслухоўваюць, і ўсе лісты я атрымліваю, нібыта іх сабака пагрыз. Ён у адказ: “Ды не, гэта ня тое. “Пад каўпаком” – гэта зусім іншае. Кожны ваш крок, кожны крок вашых блізкіх фіксуецца”. Ну, і дзеля чаго гэта? – пытаюся. “А гэта вам рыхтуецца сюрпрыз. Антановіч і Сеўрук (тагачасны намесьнік загадчыка аддзелу прапаганды ЦК КПСС, пры Лукашэнку – супрацоўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі – С.Н.) на пару вам падрыхтавалі гэтую справу”... І я зразумеў, што паколькі КДБ села на мяне, і я пад гэтым “каўпаком” – яны мне зробяць альбо псіхушку, альбо чаго горш.
Патэлефанавалі з маскоўскага інстытуту кінамастацтва – прапанавалі дырэктарства. Я вырашыў: усё, што я хачу рабіць дзеля Беларусі, я там, бяз гэтага “каўпака”, змагу зрабіць лепей, чым тут. “Каўпак” гэты не дазволіць мне і варухнуцца.
Патрапіў я ў Маскву, але чарнобыльская інфармацыя да мяне ўвесь час ішла. Тым больш, што былі ўжо зусім іншыя часы.
Лёс пісьменьніцкі у нашым грамадзтве – ва ўсялякім разе, на тым этапе – быць у ролі тарану, якім браму разьбіваюць. Браму разаб'юць, а потым астатнія хлынуць у прабоіну..
Вельмі важна, што калі ўтварыўся БНФ, дык павёў усіх на барацьбу з гэтай сакрэтнасьцю, з гэтай хлусьнёй
Вельмі важна, што калі ўтварыўся БНФ, дык павёў усіх на барацьбу з гэтай сакрэтнасьцю, з гэтай хлусьнёй, з гэтай здрадай. Гэта ўжо быў зусім іншы ўзровень, тут ужо начальства спужалася гневу народнага, суду ня толькі гісторыі, але і народнага суду – і пачало адступаць.
Але адступаць, па-мойму, вельмі спрытна, захоўваючы асноўныя пазыцыі. Усе, абсалютна ўсе пазыцыі, якія маюць значэньне для Чарнобыля, заняты тымі ж людзьмі, якія здрадзілі народу. Прыклад – былы міністар аховы здароўя Саўчанка, які парушыў усе законы міласэрнасьці, а цяпер ўзначаліў “Фонд міласэрнасьці”. Яны гатовыя ўзяць усю фразэалёгію ў “Народнага Фронту”, у змагароў супраць атамнай энэргетыкі, крытыкаваць цэнтар, ісьці на словах яшчэ далей – але ўсё гэта дэмагогія. Яны ня могуць да канца раскрыць праўду, таму што гэта аголіць іх віну – і гэтым бяруць на сябе віну яшчэ большую.
І ўжо калі ты сваю вёску расстраляў – дык табе давяраць будуць бязьмежна