Кузін пра Лукашэнку: "Хлопец, ты нам надакучыў!"

Сяргей Кузін

Прадусар Сяргей Кузін — знакавая асоба для ўкраінскага шоў-бізнэсу. Ён сябра рады дырэктараў радыёгрупы "Тавр", якая аб'ядноўвае самыя папулярныя FM-станцыі краіны — "Радыё Рокс", "Хіт-FM", "Рускае Радыё Ўкраіна", "Kiss-FM". Ягоны голас — візытоўка шэрагу ранішніх праграмаў у FM-эфіры. Апроч таго, Кузін арганізуе і вядзе папулярныя тэлешоў і канцэрты. На мяжы 1990—2000-х ён гэтак жа каціраваўся і ў Беларусі, аднак палітыка на манапалізацыю мэдыйнай прасторы паставіла крыж на праекце "Альфа Радыё", і апошнія сем гадоў "радыёэмігрант" жыве ў Кіеве. І хоць некалькі гадоў таму ён атрымаў украінскае грамадзянства, падзеі ў Беларусі не пакідаюць яго абыякавым. Інтэрвію зь ім запісаў Ігар Карней.

Сяргей, вось ужо месяц з ініцыятывы інтэрнэт-суполкі "Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку" ў Беларусі ладзяцца так званыя акцыі маўклівай салідарнасьці. Як ты да гэтага ставісься?

Любая праява чаго б там ні было, калі яна сапраўдная і шчырая, мае права на жыцьцё. Я ня ведаю, наколькі гэтая справа структураваная, таму што, на жаль, мяркуючы па ўкраінскім досьведзе, вельмі часта такія акцыі насамрэч зьяўляюцца бізнэс-пазыцыямі, яны маюць дакладна пастаўленую схему, за імі стаяць арганізатары, бізнэсоўцы ад палітыкі і г.д.

Але што да тых умоваў, у якіх зараз знаходзіцца Беларусь... Ну што ж гэта такое? Калі вэтэранам пляскаць у ладкі можна, а камусьці нельга, то ў маім разуменьні гэта ўжо выйшла за рамкі мэдыцыны. Цалкам натуральна, што калі няма іншых спосабаў, неяк чалавек усё ж мусіць выказваць сваю нязгоду. О'кей, няхай сабе 180% яго абажаюць, гатовыя зь ім у апошні бой... Але ж ёсьць нейкая колькасьць людзей, якім ён не падабаецца. Дык чаму яны ня маюць права сказаць: хлопец, тым нам надакучыў! Так, іх меней, але чаму яны адразу становяцца адмарозкамі, уродамі ці як ён яшчэ іх абзывае?

Your browser doesn’t support HTML5

Сяргей Кузін пра "маўклівыя акцыі"


Чаму ўлады так напалоханыя выступамі не "прафэсійнай" апазыцыі, а звычайных людзей?

Самае галоўнае, што ён спрабуе зрабіць, гэта проста выбіць з генатыпу беларусаў такое паняцьце, як жаданьне прымаць самастойнае рашэньне, жаданьне жыць уласным жыцьцём, жаданьне жыць сваёй галавой, каб кожны мужык быў гаспадаром сваёй сям'і, а не глядзеў па тэлевізары, што яму скажа нейкі дзядзька пра цану на малако. "Ды на хрэн ты мне патрэбны, — скажа яму любы ўкраінскі фэрмэр. — Ідзі ты са сваімі цэнамі, я сам іх вызначу, я гэтае малако раблю, ці там хлеб". Раней ці пазьней усё гэта накрыецца. Я разумею вэтэранаў. Я разумею сталых людзей. Але ж трэба бачыць, што самая галоўная праслойка — людзі, якія актыўна жывуць і якія папросту пражываюць жыцьцё дарэмна. Вось што самае страшнае. Пакаленьне цэлае вырасла! Пражываюць жыцьцё, цалкам залежачы ад пэўнага сэгмэнта краіны, які нічога ні ў статыстычным сэнсе, ні ў ай-к'ю зь сябе не ўяўляе. Гэта, канечне, жахліва.

Сытуацыі ў Беларусі і Ўкраіне ўвогуле можна параўнаць?

Што тычыцца самой сытуацыі ў Беларусі, то яна з майго гледзішча, ужо знаходзіцца за межамі дабра і зла. Пры ўсё той весялусе, у якой я жыву тут усе гэтыя сем гадоў, уявіць нешта падобнае немагчыма. З аднаго боку, пэрманэнтныя выбары, бізнэс-майданы — палітызавана ўсё абсалютна. Зь іншага боку, сфармавалася нейкая паралельная рэальнасьць: адным жыцьцём жывуць 450 мільянэраў, якія тусуюць па Радзе, зусім іншым жыцьцём жыве соцыюм. Пры ўсім тым бардаку, як любяць называць наша жыцьцё тыя, хто жыве ў абсалютным парадку, я, прыкладам, адчуваю сябе нашмат больш камфортна, таму што тут хоць штосьці залежыць ад мяне асабіста. Я не ідэаліст і не рамантык і разумею, што ўсё прадаецца, купляецца і некарумпаваных дзяржаў, палітычных сыстэмаў не існуе ў прынцыпе. Больш за тое, не было б карупцыі, не было б з чым параўноўваць некарупцыйнае грамадзтва, як наяўнасьць бога і сатаны, што таксама моцна дыскутуецца. Таму з гледзішча працы і ў галаву ніколі не прыходзіла нешта параўноўваць, нават нагоды такой не было. Тым больш — я працую ў мэдыях, гэта надзвычай насычаны рынак. Мяркуйце самі: рынак рэклямы ва Ўкраіне ўжо перавысіў 2 мільярды даляраў, і ў адным толькі Кіеве пад сорак радыёстанцый.

З тваіх слоў вынікае, што дэфіцыту інфармацыі пра Беларусь няма?

Трэба сказаць, што Беларусь асьвятляецца на радыёстанцыях Украіны вельмі шчыльна. І справа не ўва мне як у былым грамадзяніне Беларусі, а ў тым, што гэта рэальна ўсіх хвалюе. Тым больш што ў нашым холдынгу шмат беларусаў — толькі я прывёз з сабой шэсьць чалавек. Дзіма Шэпелеў транзытам ужо зьехаў у Маскву, але ў холдынгу па-ранейшаму працуюць людзі зь Беларусі, іх нямала, і яны ўсе перажываюць за тое, што там творыцца. У шмат каго там бацькі, у кагосьці сем'і. Мае мама і тата таксама жывуць у Менску. Карацей, усё зразумела.

Шмат шуму ў беларускім грамадзтве нарабіла закрыцьцё "Аўтарадыё", якое фактычна абвінавацілі ў рэтрансьляцыі перадвыбарнага роліка Андрэя Саньнікава. Пры гэтым амаль ніхто з калегаў ня выказаў словы салідарнасьці пацярпеламу калектыву…

Я не спрабую сказаць, што гэта ня так, але, працуючы раніцамі ў эфіры радыёстанцыі "Радыё Рокс" (і тут я якраз не галаслоўны), шмат гаварыў на гэтую тэму, бо меў фідбэк зь Беларусі. Дарэчы, вельмі многа слухаюць "Радыё Рокс" у онлайне зь Беларусі, старыя добрыя слухачы "Альфы" знайшліся, прынамсі яны ўсё чулі. Мы давалі і сам ролік "Аўтарадыё", мы яго камэнтавалі, мы гаварылі пра гэта. Цудоўна разумеючы, што, вядома, гэта ўсё як зайцу бакенбарды ці да печкі дзьверцы. Але магу сказаць, што ва Ўкраіне гэта паводле вызначэньня не зьяўляецца прадметам разгляду нейкіх рэгулюючых органаў, бо ўсё наша жыцьцё складаецца з падобных мэсэджаў, пасланьняў, згодаў ці нязгодаў. І такі выраз, такое пасланьне ва Ўкраіне проста прайшло б незаўважаным, ня кажучы ўжо пра тое, каб стаць прадметам разборак. Ні ў дзяржчыноўніка, ні ў сілавіка нават брыво не зварухнулася б, каб ён нешта такое тут пачуў. Таму з гледзішча Ўкраіны гэта пшык у чыстым выглядзе.

Your browser doesn’t support HTML5

Сяргей Кузін пра журналістаў на Ўкраіне і Беларусі


Сяргей, дык ці ёсьць жаль, што "завязаў" зь Беларусьсю?

Не-не. Я лішні раз удзячны "галоўнаму ды-джэю" Беларусі за тое, што ягоныя хлопцы ў свой час паставілі сытуацыю ракам і выпіхнулі мяне пад зад. Вядома, пэўны час было весела чытаць, лежачы на раскладанцы тут, на Сырцы, у адным са спальных раёнаў Кіева, пра тое, што я варочаў мільёнамі і г.д. — гэткае паранаідальнае, лузэрскае трызьненьне. Але кажу абсалютна шчыра: я ўдзячны, што гэта адбылося ў маім жыцьці, таму што тут я перажываю, як мне падаецца, самы шчасьлівы, поўны і насычаны этап майго прафэсійнага жыцьця, дый асабістага таксама. У мяне ёсьць усё ў самым добрым сэнсе гэтага слова, тым больш што мне ня так ужо шмат і трэба — машына, кватэра, каханая, сябры. Але, безумоўна, і гэта ня патасныя словы, я ўсё роўна бачу сябе старым у Беларусі. Мне здаецца, што гэта ідэальная краіна для таго, каб праводзіць там старасьць. Ва ўсялякім разе, цяпер яна менавіта такая для мяне. Такая крыху занудная, спакойная, без варушэньняў, якія, відавочна, для пэнсіянэраў — панацэя ад усіх бедаў, бо яны лічаць, што гэта і ёсьць шчасьце. Ну, можа, яны і маюць на гэта права, бо я яшчэ пэнсіянэрам ня быў, а за іншых думаць ня вельмі добра.

Сяргей Кузін нарадзіўся ў 1963 годзе ў нямецкім Патсдаме, дзе і жыў да 14 гадоў. Пасьля школы атрымліваў ваенную адукацыю ў Менскай вышэйшай інжынэрна-ракетнай вучэльні, журналісцкую — у Львоўскай палітычнай вучэльні, радыйную — у амэрыканскай Вышэйшай радыёшколе ў Сіэтле. Прафэсійна працуе на радыё з 1995 году. Генэральны прадусар менскага "Альфа Радыё" (1998—2003), генэральны дырэктар украінскага "Радыё "Хіт-FM" (2004—2006), цяпер — гендырэктар радыёстанцыі "Рускае Радыё Ўкраіна".