Алесь Краўцэвіч: “Праваслаўная царква прыкрываецца рэканструкцыяй Каложы”

Алесь Краўцэвіч

Над Барысаглебскай (Калоскай) царквой у Горадні ізноў навісла пагроза пашкоджаньня. Паблізу помніка XII стагодзьдзя распачаліся актыўныя будаўнічыя работы, плянуецца з сучасных матэрыялаў аднавіць разбураную падчас паводкі на Нёмане сьцяну, а на сам храм ускласьці цыбулепадобны купал. Што стаіць за гэткай рэканструкцыяй, і якое аптымальнае выйсьце прапануецца?

Пра гэта ды іншае – у гутарцы з доктарам гістарычных навук Алесем Краўцэвічам.

Міхась Скобла

— Алесь, калі я трапляю ў Горадні на Савецкую плошчу і азіраюся на ўтвораную там пустэльню, мне робіцца дзіўна, чаму да гэтай пары гарадзкія ўлады не дадумаліся неяк абсучасьніць старыя касьцёлы, што знаходзяцца ў цэнтры. І вось, здаецца, чарга дайшла і да храмаў. Што ўлады плянуюць зрабіць з Каложай?

— Да касьцёлаў улады не дабраліся, таму што яны маюць гаспадара – Каталіцкі касьцёл, які бароніць свае будынкі. Што да Каложы, то я вам скажу адназначна – над ёю заўсёды навісае вялікая небясьпека, калі гарадзенскія і наогул беларускія ўлады зьвяртаюць увагу на гэты помнік. Я заяўляю гэта з поўнай адказнасьцю, бо працаваў у сыстэме рэстаўрацыі 15 гадоў. Я аб’езьдзіў усю краіну і бачыў на свае вочы, што ўяўляе з сябе гэтак званая рэстаўрацыя па-беларуску – гэта заўсёды зьнішчэньне помніка.

— Але ж нейкая рэстаўрацыя Калоскай царквы павінна адбыцца? Трэба ж неяк аднавіць мураваную сьцяну, якую падмыў Нёман дзьвесьце гадоў таму.

— Пасьля тае паводкі, якая адбылася 200 гадоў таму, фрагмэнты сьценаў – паўночна-заходняй і ўсходняй – стаяць. Самая вялікая небясьпека для Каложы сёньня – гэта ўсё той жа падмыў берагу. Нёман увесь час падмываў бераг Каложы. Там былі ў пяску пусткі, напоўненыя вапнай, вада вымывала вапну, ствараліся пустыя ямы – і бераг асядаў. Гэта самая вялікая небясьпека, і калі што рабіць на Каложы – гэта, перш за ўсё, умацоўваць бераг. Асяданьне нібы стрымалася, на беразе каля вады зрабілі бэтонныя канструкцыі – яны трымаюць. Але брацца на сёньняшнім узроўні беларускай рэстаўрацыі за Каложу – гэта яе зьнішчыць. Драўляная сьцяна можа быць як-небудзь далікатна замененая на лёгкія матэрыялы, але што такое пусьціць беларускіх будаўнікоў да Каложы? Гэта значыць – усё зьнесьці і збудаваць з сылікату і бэтону. Нельга чапаць Каложу па дзьвюх вельмі важных прычынах. Першая прычына – тэхнічная. У Беларусі няма адпаведных спэцыялістаў-рэстаўратараў. У краіне з дзесяцімільённым насельніцтвам няма аніводнага майстра, які мог бы выкласьці арачны праём. Няма аніводнага цагельнага заводзіка, які можа рабіць старажытную цэглу-плінфу. У Літве такую цэглу вырабляюць яшчэ з 70-х гадоў. Дарэчы, калі пачыналі рэстаўрацыю Мірскага замка, куплялі цэглу ў Шаўляі. Гэта вельмі дорага.

— Дык жа Краснасельскі завод будматэрыялаў ужо вырабіў першую партыю “старажытнай” цэглы для Каложы. Ці гэта рэальна – злучыць у адной сьцяне цэглу ХІІ стагодзьдзя і зробленую ў Краснасельску?

— Невядома. Краснасельскую цэглу трэба правяраць гадоў дваццаць, ці яна прастаіць, ці не пачне ламацца праз пяць гадоў. Потым, у нас няма магчымасьці аднавіць Каложу ў яе першапачатковым выглядзе. Праект, які прапанаваў архітэктар Лаўрэцкі, – гэта яго думка. І калі над Каложай будзе ўсталяваны купал, мы будзем ведаць, што гэта – прыдумка архітэктара, гэта не аўтэнтыка. Уся бяда ў тым, што нашыя ўлады, беручыся за рэканструкцыю, ня ведаюць вартасьці аўтэнтыкі. Я магу спрагназаваць, як будзе адбывацца рэканструкцыя Каложы. Прыйдзе звычайны будаўнічы трэст, таму што ў нас няма спэцыяльных рэстаўрацыйных установаў, няма майстроў. Трэсту трэба даваць аб’ёмы, каб даць зарабіць рабочым. Потым, глядзіце, Каложа, якая прастаяла амаль 900 гадоў, мае падмурак глыбінёй усяго 1 мэтар, мае сьцены, якія захаваліся не на ўсю вышыню. Па нашых інжынэрных нормах глыбіня падмурку 1 мэтар не падыходзіць, сьцены ня
Выснова ўсіх удзельнікаў канфэрэнцыі: кансэрвацыі Каложы – так, рэканструкцыі – не ...

вытрымаюць перакрыцьцяў. На гэтыя сьцены, якія захаваліся не на ўсю вышыню, трэба класьці скляпеньні і цяжар купалу. Якая лёгіка ў нашых будаўнікоў? Прывесьці ў адпаведнасьць з сучаснымі будаўнічымі нормамі. А для гэтага трэба зьнішчыць сьцяну і збудаваць яе макет з падмуркам глыбінёй 2 мэтры. З цэглы, краснасельскай ці якой сылікатнай, пакласьці перакрыцьці, магчыма, жалезабэтонныя, пасадзіць купал – і помнік будзе зьнішчаны. Будзе зьнішчаная аўра аўтэнтычнага помніка, якая прыцягвае турыстаў з усяго сьвету. Нават паклаўшы далонь на цэглу ХІІ стагодзьдзя, чалавек адчувае гісторыю. Мы ўжо даўно гаворым пра Каложу. У мінулым годзе мы правялі спэцыяльную канфэрэнцыю па яе рэстаўрацыі. Запрасілі аўтара праекту. Выснова ўсіх удзельнікаў канфэрэнцыі: кансэрвацыі Каложы – так, рэканструкцыі – не. Калі ва ўладаў сьверб непераадольны “рэканструяваць Каложу”, – калі ласка, адыдзіце ад помніка мэтраў на 500 і рабіце ў натуральную велічыню макет помніка ХІІ стагодзьдзя. А потым паглядзім, куды пойдуць турысты.

— Адносна нядаўна, калі адзначалася 600-годзьдзе Сынкавіцкай царквы, каля яе на старую капліцу пасадзілі купал-цыбуліну, пакрыўшы яго сусальным золатам. Што, на маю думку, сапсавала выгляд усяго помніка. Але рашэньне аб рэканструкцыі Каложы прымалі не далёкія ад старажытнай архітэктуры чыноўнікі, а навукова-мэтадычная рада пры Міністэрстве культуры. Няўжо і там няма адпаведных спэцыялістаў?

— Тэндэнцыя “абцыбульваць” нашы старажытныя помнікі вельмі даўняя. Гэта зьвязана з вялікім палітычным праектам ліквідацыі нацыянальнай адметнасьці нашай краіны, папросту кажучы – з русіфікацыяй. Калісьці яшчэ Ленін казаў, што найвялікшае мастацтва – гэта кіно. Таму “Беларусьфільм”, здымаючы сцэны з жыцьця беларускай вёскі, змушае ўсіх беларускіх сялянаў гаварыць па-расейску. Памятаеш экранізацыю аповесьці Ажэшкі “Хам”? Полька пад Горадняй гаворыць па-польску, беларукі селянін, як мой і твой бацька, гаворыць на чыста расейскай мове. Беларусы не павінны былі мець беларускага кінэматографу і сваіх помнікаў архітэктуры, таму што гэтыя дзьве зьявы маюць найбольшае эмацыйнае ўзьдзеяньне на людзей. Беларуская мова – гэта фармаваньне нацыі, эўрапейская беларуская архітэктура – гэта наша гістарычная канцэпцыя. Таму, адпрацаваўшы 15 гадоў у сыстэме рэстаўрацыі, я ўбачыў, што ў нас на яе месцы была і ёсьць імітацыя. На ўзроўні праекту магло быць добра. На ўзроўні выкананьня ўсё зьнішчалася. Няма ні матэрыялаў, ні спэцыялістаў. У лепшым выпадку робяцца макеты помнікаў. Архітэктура зьнішчалася мэтанакіравана і ў савецкія часы, і ў часы царскай Расеі, пры Чагіне – мураўёўскім архітэктары.

— Калі так, то навошта Гарадзенскаму аблвыканкаму было арганізоўваць грамадзкія слуханьні ў справе рэстаўрацыі Каложы?

— Ёсьць цікавая вэрсія, навошта спатрэбіліся тыя слуханьні. Усё распачала
Пад маркай рэканструкцыі нацыянальнай сьвятыні царква адхапіла вельмі ласы кавалак зямлі – абсалютна задарма ...

сама праваслаўная царква, і рэканструкцыя Каложы – толькі прыкрыцьцё. Таму што паблізу Каложы, у самым цэнтры гораду, выдзелілі для царквы гэктар зямлі. Там будзе нейкая школка, нейкі гатэль праваслаўнай царквы, праца ўжо распачалася. Пад маркай рэканструкцыі нацыянальнай сьвятыні царква адхапіла вельмі ласы кавалак зямлі – абсалютна задарма. Гэта, відаць, і стала прычынай слуханьняў. Да таго ж, архітэктар Лаўрэцкі працуе ў Філярэта. Мяне, праўда, зьдзіўляе, чаму Арцемій – епіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі, інтэлігентны чалавек, які многія рэчы разумее, так актыўна ўдзельнічае ў гэтай справе. Нават, наколькі я ведаю, патрабуе зрабіць ацяпленьне ў Каложы – помніку, які прастаяў амаль 900 гадоў без ацяпленьня.

— А рабіць гэтага нельга?

— Катэгарычна нельга, бо невядома, як сябе павядуць сьцены, якія захаваліся. Карацей, тут злучэньне інтарэсаў з цемрашальствам. Таму мы гаворым: “Рукі прэч ад Каложы!”. Калі рэстаўраваць Каложу, то толькі прыцягнуўшы замежных спэцыялістаў – польскіх, францускіх.

— Дык якраз старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Сямён Шапіра і зьбіраецца раіцца адносна Каложы з ЮНЭСКА. Там нам могуць дапамагчы?

— У старшыні аблвыканкаму хапіла розуму, каб прыслухацца да голасу ўдзельнікаў леташняй канфэрэнцыі, але я ня ўпэўнены, што тыя кансультацыі што-небудзь дадуць. У нас як робіцца? Атрымалі кансультацыю, а зрабілі па-свойму. Вось гэта небясьпечна. Трэба, каб на Каложы працавалі адмыслоўцы, хоць бы майстры-рэстаўратары з Польшчы. Гэта вельмі дорага і вельмі павольна, але іначай нельга. У Каложы цэгла дыхае. Зьнялі алейную фарбу з нутраных сьценаў, якая была нанесеная ў ХІХ стагодзьдзі. Гэта для помніка добра, але што будзе са сьценамі, калі на іх пакладуць перакрыцьці купала? Што зь імі будзе? Невядома. Найлепшае цяпер – не чапаць Каложу. Закансэрваваць.

Гэта добра, што ў Каложы ёсьць гаспадар, што помнік ахоўваецца, што ён цэлы. Але, зноў жа, з гэтым гаспадаром былі праблемы. Калі ў пачатку 90-х гадоў Каложу перадалі праваслаўнай царкве, была цэлая эпапея са сьвятаром, якога ледзь удалося стрымаць. Ён пачаў праводзіць у Каложу паравое ацяпленьне, убіваць у сьцены ХІІ стагодзьдзя штыры для батарэяў! Пачаў ладзіць кацельную ў абсыдзе! Побач з помнікам выкапаў
Прыйшоў праваслаўны манастыр, прыехала матушка Гаўрыіла з Масквы і адразу ж пасадзіла цыбуліну на царкву! ...

катлаван для будаўніцтва ўласнага дома! Як яшчэ бераг ізноў не паехаў... І толькі дзякуючы намаганьням тагачаснай улады, у прыватнасьці, Аляксандра Мілінкевіча, удалося таго сьвятара з Каложы выперці і помнік уратаваць. Так што гаспадара – праваслаўную царкву – трэба пільнаваць. Мы памятаем, што адбылося з Базыльянскім кляштарам у Горадні. Быў праект рэстаўрацыі, зацьверджаны дзяржавай, помнік быў адрэстаўраваны дзяржавай. Прыйшоў праваслаўны манастыр, прыехала матушка Гаўрыіла з Масквы і адразу ж пасадзіла цыбуліну на царкву! Мала таго, засыпала спэцыяльна зробленыя для турыстаў вокны, праз якія былі відаць пад зямлёй фрагмэнты храма ХІІ стагодзьдзя. І ўсё гэта яна зрабіла без усялякага дазволу! Гэта праблема. У нас царква – дзяржава ў дзяржаве.

— Ты кажаш – закансэрваваць Каложу. Да якога часу гэта кансэрвацыя мае цягнуцца? Сьцяна з дошак жа недаўгавечная.

— Тая сьцяна ўжо амаль 100 гадоў стаіць. Дошкі можна памяняць. А плянуецца замест дошак паставіць сьцяну з сылікатных блёкаў. Прычым, сылікатныя блёкі паставіць усярэдзіне сьцяны, а звонку аблямаваць цэглай. А гэтага таксама ніхто не рабіў. Як гэтыя блёкі павядуць сябе хімічна, фізычна, пры зьмене тэмпэратуры? Ніхто ня ведае. Нельга ставіць экспэрымэнты на помніку! Лепш замяніць дошкі новымі лёгкімі матэрыяламі, і хай далей стаіць аблегчаная канструкцыя. Прастаяў жа храм пасьля абвалу берагу 200 гадоў, і яшчэ 200 прастаіць, толькі хай ня лезе туды будтрэст.

Нельга будаўнічыя трэсты дапускаць да рэстаўрацыі ўнікальных аб’ектаў! ...

Што нядаўна адбылося ў Нясьвіжы? Мой сябра, мастак Павал Татарнікаў, бачыў, як аўтэнтычную мураваную браму рабочыя з адбойнымі малаткамі разбурылі за 15 хвілінаў. Праз 10 дзён на тым месцы ўжо стаяла копія той брамы, вылітая з бэтону. Таму што рабочым трэба дзесяць мільёнаў засвоіць, каб атрымаць мільён. Вось гэта наша рэстаўрацыя. Пад маркай рэстаўрацыі – зьнішчэньне помніка. Нельга будаўнічыя трэсты дапускаць да рэстаўрацыі ўнікальных аб’ектаў! Трэба або гадаваць сваіх спэцыялістаў, або запрашаць замежных.