Літаратары і музыкі сустрэліся зь сем’ямі палітвязьняў

У Менску са сваякамі палітвязьняў сустрэліся вядомыя беларускія паэты, літаратары і музыкі. Да словаў падтрымкі яны дадалі вершы і свае кнігі з аўтографамі.

Сустрэча пачалася з сымбалічных для апошніх дзён апладысмэнтаў.;

Бацька Паўла Вінаградава Юры Вінаградаў.
Лідэр «Гавары праўду», экс-кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў з уласнага досьведу ведае, што значыць для вязьня падтрымка родных і салідарнасьць аднадумцаў. Вітаючы сваякоў цяперашніх палітвязьняў, якія сабраліся 8 ліпеня на сустрэчу ў кафэ «Маяк», нядаўні вязень «амэрыканкі» Ўладзімер Някляеў пераконваў: ня толькі перадачы харчоў ці кніг, але і думкі, спачуваньні, прывітаньні нейкім загадкавым чынам пранікаюць праз турэмныя сьцены і робяць сваю добрую справу:

«Вось я ведаў, калі Вольга з многімі з вас падыходзіла да гэтага СІЗА гэбісцкага, я адчуваў тыя гадзіны, якія яна прастойвала ў чэргах. І я адчуваў нейкім чынам, ня ведаю, як гэта, што не пусты ў адносінах да мяне той сьвет за сьценамі. І гэтая энэргія ратавала ад поўнай адсутнасьці інфармацыі, што там самае дрэннае. Бо цябе прыводзяць на допыт і кажуць, што ты вось ня ведаеш, а цябе твой сябар прадаў, ці нават нібыта тваёй маці ўжо пайшлі казаць, што ты ледзь не бандыт. Але энэргетыка падтрымкі прадзіралася неяк праз тыя сьцены і дапамагала
вытрываць».

Уладзімер Някляеў згадвае, як адчуваў падтрымку людзей у вязьніцы КДБ.

Уладзімер Някляеў нагадаў, што ніводзін зь беларускіх палітвязьняў, асуджаных за Плошчу, не скарыўся і не падпісаў ліста аб памілаваньні. «Гэта подзьвіг, і беларусы даказалі гэтым подзьвігам і Захаду, і Ўсходу, што вартыя свабоды», — падкрэсьліў Уладзімер Някляеў. Паэт прачытаў вершы з новай кнігі вершаў «Кон», якая выйшла ў сьвет у 2011 годзе. Вокладка кнігі — бел-чырвона-белая.

Your browser doesn’t support HTML5

Сустрэча з семьямі палітвязьняў



Свае вершы чытае Алесь Ліпай.
Свае вершы таксама чыталі сваякам вязьняў Сяргей Законьнікаў, Андрэй Хадановіч і Алесь Ліпай, падтрымаў палітвязьняў і іх родных вядомы музыка Лявон Вольскі. Пісьменьнік і гісторык Уладзімер Арлоў асобна вылучыў ролю жанчын у беларускай гісторыі. Калі б Рагнеда ня выратавала свой род, не было б Полацкага княства, а потым і Беларусі, перакананы гісторык. Жанчыны, якія сабраліся тут сёньня, гэтак жа бароняць ня толькі свой род, але і ўсю Беларусь, казаў Уладзімер Арлоў і згадаў пра маці Мікіты Ліхавіда Алену:

«Уяўляў, што адбывалася ў душы ў Алены, калі яна сустрэлася зь Мікітам у турме. Убачыла гэтыя танюткія ручкі, гэтую скурку блакітную, як яна распавядала, якая сьвеціцца, пад якой ужо кровушка бачна ў жылках… І вось яна выхавала такога сына, які кожны дзень знаходзіць у сабе мужнасьць сказаць, што ён незаконна асуджаны. І зноў і зноў трапляе за гэта ў карцэр. Я захапляюся і Вольгай Бандарэнкай, і Дашай Корсак, і Марынай Статкевіч. Цяжка ўсіх вас пералічыць, з кімсьці мы толькі сёньня пазнаёміліся, вось як з жонкай Аляксандра Класкоўскага».

Уладзімер Арлоў пажадаў сваякам здароўя і доўгага жыцьця: ня толькі дачакацца сваіх родных на волі, але ўбачыць і ўнукаў, народжаных у вольнай Беларусі.

У сустрэчы ўзялі ўдзел сваякі Дзьмітрыя Новіка, Фёдара Мірзаянава, Мікіты Ліхавіда, Эдуарда Лобава, Алега Гнедчыка, Міколы Статкевіча, Зьмітра Бандарэнкі, Алеся Атрошчанкава, Аляксандра Класкоўскага, Паўла Вінаградава, Дзьмітрыя Дароніна, Яўгена Сакрэта ды іншых вязьняў, асуджаных за падзеі 19 сьнежня.

Сястра Алега Гнедчыка Надзея, маці Валянціна, далей — сваякі Мікіты Ліхавіда, Аляксандра Класкоўскага.

Жонка экс-кандыдата на прэзыдэнта Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч пасьля сустрэчы сказала «Свабодзе»:

«Ведаеце, любая спроба сабраць разам людзей, чые блізкія апынуліся за кратамі, яна, безумоўна, пазытыўная. Гэта выклікае пачуцьцё ўдзячнасьці. Бо важна, каб людзі не адчувалі сябе адзінокімі і ведалі, што яны не застануцца без падтрымкі».