Затрыманьні актывістаў і журналістаў па ўсёй Беларусі

У Менску, абласных цэнтрах і шмат якіх іншых гарадах Беларусі адбылася чарговая акцыя маўклівага пратэсту «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку». Затрымалі сотні чалавек, у тым ліку журналістаў.

Яшчэ задоўга да прызначанага часу ўвесь цэнтар Менску быў напоўнены супрацоўнікамі спэцслужбаў у цывільным: каротка стрыжаныя дзецюкі з рацыямі ў вушах і руках шпацыравалі па тры-чатыры на Прывакзальнай плошчы, на плошчы Свабоды, Кастрычніцкай плошчы і ўсіх бліжэйшых вуліцах. Там жа, у дварах, стаялі аўтобусы, напоўненыя такім жа кантынгентам. Дзьве паласы праспэкту Незалежнасьці супрацоўнікі ДАІ блякавалі для руху аўтамабіляў, а сілавікі ў цывільным забаранялі людзям спыняцца яшчэ на падыходах да Кастрычніцкай і ўздоўж яе. Гэта шмат у каго выклікала абурэньне, некалькіх чалавек затрымалі. Адзін зь іх паведаміў падрабязнасьці такой сустрэчы:
З пункту гледжаньня прававой і свабоднай краіны я маю права здымаць што хачу, дзе хачу і хадзіць, дзе я хачу.

«Гэта мая ня першая размова зь імі: калі я ішоў па плошчы і рабіў фатаздымкі, да мяне падышоў супрацоўнік у цывільным, але паказаў дакумэнты і папрасіў прайсьці зь ім у аўтобус. Там узялі мой тэлефон, павыдалялі ўсе фатаздымкі і відэа, якія там былі яшчэ зь мінулых акцый, спрабуючы пры гэтым пераканаць, што ўсё так і трэба. З пункту гледжаньня прававой і свабоднай краіны я маю права здымаць што хачу, дзе хачу і хадзіць, дзе я хачу».

Пасьля жорсткага зьбіцьця і захопу ўдзельнікаў «Рэвалюцыі праз сацыяльную сетку» 3 ліпеня на Прывакзальнай плошчы, гэтым разам у Менску акцыя прайшла ў новым фармаце: людзі зьбіраліся напачатку каля сваіх дамоў, а пасьля ішлі да цэнтральных месцаў у сваіх раёнах. Але там іх, як і падчас папярэдняй акцыі, жорстка разганялі і затрымлівалі. Ізноў былі затрыманыя журналісты шэрагу беларускіх незалежных і замежных тэлерадыёкампаній, у тым ліку два нашых калегі, журналісты Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч і Алесь Дашчынскі. Масавыя затрыманьні адбываліся каля Лядовага палаца, крамы «Беларусь», забаўляльнага цэнтру «Тытан», Нацыянальнай бібліятэкі і ў іншых месцах сталіцы.

Паводле праваабаронцаў, толькі ў Менску затрымалі каля 140 чалавек, агулам па Беларусі — больш за 260.