Чаргінец хоча прадстаўляць беларускую грамадзкасьць ва «Ўсходнім партнэрстве»

Якія недзяржаўныя арганізацыі будуць прадстаўляць Беларусь на форуме Грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства»? Як яны павінны каардынаваць сваю дзейнасьць, каб супраца з эўрапейскімі структурамі давала найбольшы плён? Гэтыя пытаньні былі ў цэнтры ўвагі канфэрэнцыі Нацыянальнай плятформы Форуму грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства», якая прайшла сёньня ў Менску.

Міжнародны форум Грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняга партнэрства» адбудзецца 28–30 лістапада ў Познані. На пачатку канфэрэнцыі яе арганізатары абвясьцілі, што ад Беларусі ёсьць 80 ахвотных удзельнічаць у гэтым зьезьдзе. Сярод іх — прыўладны саюз пісьменьнікаў на чале зь Мікалаем Чаргінцом і прадстаўнікі дзесяці галіновых прафсаюзаў.

А беларуская квота складае 24 месцы. Адкуль узялася гэтая лічба, тлумачыць сустаршыня Форуму Ўлад Вялічка:

Улад Вялічка
«Яна зыходзіць з агульнай прапорцыі па краінах. І калі падзяліць 140 месцаў на шэсьць краін-удзельніц „Усходняга партнэрства“, а яны прадстаўленыя ў роўнай ступені, то атрымліваецца 23–25 месцаў. Таксама можа быць дададзена яшчэ адно-два месцы дадаткова за кошт высокай актыўнасьці пры падачы заявак».

Дэлегатаў на познанскі форум сёньня вызначалі праз таемнае галасаваньне. Аднак ягоныя вынікі носяць выключна рэкамэндацыйны характар, кажа спадар Вялічка. І тлумачыць, як будзе зроблены канчатковы адбор:

«На падставе рэкамэндацыйных сьпісаў плюс сьпісаў Эўракамісіі і сьпісаў працоўных груп рашэньне будзе прымаць кіруючы камітэт Форуму грамадзянскай супольнасьці, які складаецца з 17 чалавек. І гэтае рашэньне будзе ўзгадняцца яшчэ з эўрапейскай службай зьнешніх стасункаў».

Такі складаны адбор, калі галоўнае слова застаецца за міжнароднымі структурамі, Аляксандар Ваўчанін называе яскравым прыкладам недаверлівага стаўленьня Брусэля да Беларусі. На яго думку, гэта перашкаджае супрацоўніцтву:

«Хто зь Беларусьсю працаваў? Эўразьвяз? Яны калі-небудзь запрасілі нашу ці нейкую іншую арганізацыю да сябе? Яны спыталіся, што мы хочам? Яны зацікавіліся нашымі цяжкасьцямі? Ніхто не запрашае. Мы сустракаемся толькі раз на год. Дый там усё ідзе па загадзя падрыхтаваных лякалах».

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў лічыць: неабходна спачатку ў сябе вызначыць беларускія прыярытэты. А ўжо пасьля лабіраваць іх у эўрапейскіх структурах:

«Трэба засяродзіцца і выпрацаваць вельмі невялікую колькасьць, але вельмі дакладных пасланьняў да ЭЗ, да краінаў-сябраў, да нашых партнэраў, якія цяпер актуальныя для ўсяго грамадзтва. Я кажу пра палітычных зьняволеных, пра візавае пытаньне, гэта салідарнасьць у эўрапейскіх краінах і краінах-партнэрах зь Беларусьсю. І гэта дапамога беларускай грамадзянскай супольнасьці і незалежнаму грамадзтву нашай краіны».