Разьбітае сэрца Освальда

  • Аляксандар Лукашук

21-ы дзень нараджэньня Освальда ў ягонай менскай кватэры. Сядзяць Освальд і Павал Галавачоў, стаяць Роза Кузьняцова і Эла Герман

Кожны дзень на працягу лета на сайце Свабоды новы разьдзел кнігі Аляксандра Лукашука “ЛІХАР. Oswald у Менску”.


Увосень 1960-га Освальд круціць раманы адразу з чатырма дзяўчатамі: Інай з кансэрваторыі, Нэляй з ін’язу, Розай з Інтурысту і Элай з заводу. Але Менск горад маленькі і здараецца непазьбежнае – яны сустракаюцца.

Дзёньнік ЛГО
18 кастрычніка 1960


Мой 21-ы дзень нараджэньня, сустракаю з Розай, Паўлам, Элай маленькім сьвяткаваньнем у мяне ў кватэры. Эла вельмі прыгожая расейская габрэйка, зь якой я апошнім часам гуляю, працуе таксама на радыёзаводзе. Роза і Эла раўнуюць адна адну, і гэта абуджае ў мяне цёплыя пачуцьці. Абедзьве ўпершыню ў мяне. Эла і Павал дораць мне папяльніцы (я не палю), сьмяемся.

Освальд ня піша, што потым на вечарынцы зьяўляецца трэцяя госьця – Іна, што пасьля выклікае бурную размову з Элай. У выніку Освальд разьвітваецца з музыканткай, спыняе паходы ў інтэрнат да студэнткі, ня звоніць перакладчыцы і выбірае Элу.

Толькі, магчыма, ня так хутка і не ў такой пасьлядоўнасьці – вернемся на пару дзёньнікавых старонак назад.

У кастрычніку 1960 году мы становімся вельмі блізкія, кульмінацыяй стаў палавы акт 21 кастрычніка. Яна была цнатлівая і вельмі цікавая. Мы сустракаліся такім чынам 4 ці 5 разоў, апошні -- 4 лістапада 1960-га.

Гэтак Освальд піша пра Іну.

Але далей з Элай усё адбываецца хутка. Нават вельмі хутка.

Дзёньнік ЛГО
1 студзеня 1961

Новы год сустракаю ў доме Элы Герман. Думаю, я закахаўся. Яна адхіліла мае менш высакародныя заляцаньні, мы п’ем і закусваем у прысутнасьці яе сям’і ў вельмі гасьціннай атмасфэры. Потым я іду дадому п’яны і шчасьлівы. Ідучы ўздоўж рэчкі дадому, я вырашаю зрабіць Эле прапанову выйсьці замуж.


Праз тры дзесяцігодзьдзі Эла Герман пераказала Мэйлеру словы, якія пачула да сваёй маці раніцай 1 студзеня 1961 году:

-- Эла, гэта твая справа – ты сама выбірай. Але я нешта хачу табе сказаць: у 1939-м цябе маглі арыштаваць толькі за тое, што ты нарадзілася ў Польшчы.

У сталінскім СССР арыштоўвалі ня толькі за тое, што нарадзіўся ў няправільнай краіне, але й за тое, што ў няправільнай сям’і ад няправільных бацькоў. Але Эла разумела, што маці казала не пра мінулае, а пра будучыню.

Дзёньнік ЛГО
2 студзеня 1961

Пасьля прыемнай прагулкі пад ручку ў мясцовы кінатэатар мы вяртаемся дадому, і на прыступках я раблю прапанову выйсьці замуж. Яна вагаецца, потым адмаўляе. Маё каханьне сапраўднае, а ў яе яго няма. У яе іншыя прычыны, апроч адсутнасьці каханьня: я амэрыканец і аднойчы мяне могуць арыштаваць, проста таму, як, напрыклад, польская інтэрвэнцыя ў 1920-я прывяла да арышту ўсіх грамадзянаў Савецкага Саюзу польскага паходжаньня. “Ты разумееш, якая міжнародная абстаноўка, зашмат усяго супраць цябе, і ты нават пра гэта ня ведаеш”.


Я ў шоку. Яна фыркае з маёй някемлівасьці і паварочваецца, каб ісьці. (Я занадта ўражаны, каб думаць!) Я разумею, што яна ніколі не ўспрымала мяне сур’ёзна, а толькі карысталася з таго, што я амэрыканец, каб іншыя дзяўчаты, якія лічылі мяне не такім, як астатнія расейскія хлопцы, зайздросьцілі. Я ў адчаі.

Мэйлеру расказвалі, што калі Освальд ішоў па цэху на сваё працоўнае месца, дзяўчаты-зборшчыцы сапраўды наперабой віталі яго “Алік, Алік!” І будучы муж Элы сапраўды зьвярнуў увагу на яе пасьля канфлікту з Освальдам з-за ўключанага радыё.
У Менску часоў Освальда

Аднойчы на беразе Сьвіслачы Освальд і “Дора” паспрачаліся, як правільна пяюць жабы. Эла казала – “ква”, Освальд – “фрок”.

Не паразумеліся.

У Беларусі жабы крэкчуць.


Працяг заўтра.

ПапярэдніЯ разьдзелЫ:

Палёт матылька
У ГУМ заднім ходам
Першы сьмех
Пакараньне Менскам
Дзёньнік гістарычнага чалавека
Шоў-шоў і прыйшоў
Дэпутат ідзе ў КДБ
Дэпутат ідзе з КДБ
Сарокі над КДБ
Удар па амбіцыях
Удар, але па мячыку
Дзьве памяці, плюс-мінус
“Russia” ці “Belorussia”?
Самагонка для Мэйлера
Acherontia atropos, сямейства чэкістых
Палёты “Справы № 34451”
Станіслаў Шушкевіч і шапка з вушамі
Першыя дні “расейскага рабочага”
Кватэра для халасьцяка
76 прыступак уверх і ўніз
Освальд і яго імёны
Першая памылка КДБ
Карацейшы ў 38,6 раза
“Ідэот”, не ідыёт
Чый Освальд?
Песьня для Хрушчова
Хэлоў, карова са штату Аёва
Найважнейшае з мастацтваў
“Аооаох!” -- і міма
Мэйлер і падзякі
Мэйлер і Цітавец
Мэйлер і “Цітавец”
Гепард з хуткасьцю чарапахі
Ці ведаў Освальд Цітаўца?
“Здрастуй!” І бывай...
Паходы ў манастыр
“Заўважана імкненьне знаёміцца з бляндынкамі”
КДБ і “мужчыны зь вялікай задніцай”
Мэйлер і гіганты сэксу
Цнота
Халтуршчыкі з КДБ