Журналісцкае пасьведчаньне ў Беларусі не дае адчуваньня бясьпекі

3 ліпеня ў часе разгону маўклівых акцыяў пратэсту ў розных гарадах Беларусі было затрымана ня менш за 15 журналістаў. Большасьць зь іх адпусьцілі, але на некалькіх склалі пратаколы аб адміністратыўным правапарушэньні.

На лаву падсудных сёньня сеў і наш гарадзенскі карэспандэнт Міхал Карневіч. Яго затрымалі і склалі пратакол, нягледзячы на тое, што ён у часе акцыі ў Горадні выконваў свае прафэсійныя абавязкі і рэдакцыйнае заданьне.

А ў Магілёве разгляд справы карэспандэнта БелаПАН Алеся Асіпцова, якога таксама затрымалі і склалі пратакол, адклалі да серады.

У нядзелю затрыманьні журналістаў пачаліся яшчэ ў першай палове дня, падчас параду на праспэкце Пераможцаў. У 12:30 ля стэлы "Менск — горад-герой" быў затрыманы рэпартэр "Эўрарадыё" Павал Сьвярдлоў. Сувязі з журналістам не было чатыры гадзіны. Як стала вядома пазьней, Паўла Сьвярдлова спачатку адвезьлі ў Фрунзэнскі РУУС Менску, а пасьля ў турму на Акрэсьціна. Каля 23-й гадзіны журналіста нарэшце выпусьцілі. Ягонае вызваленьне прэсавы сакратар менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі ў сваім твітэры падаў як вялікае дасягненьне, вынік сваёй тытанічнай працы.

"Сам зь цяжкасьцю веру ў гэта, але факт", і потым — "Больш старайцеся не трапляцца, Паша. Выцягнуць у апошні момант з 17.1 артыкула — больш такога ня здолею", — напісаў Ластоўскі ў твітэры. Вось што распавёў Павал Сьвярдлоў пра абставіны свайго затрыманьня:

"Натуральна, у мяне быў бэджык, і яго бачылі тыя людзі, якія мяне затрымлівалі, яны трымалі яго ў руках. Ува Фрунзэнскім РУУС я зноў паўтараў, што я журналіст. Гэта нікога не цікавіла, бо ў іх была "праграма" (гэтае слова гучала) "закрыць" усіх да наступнай раніцы, да суду. З 23-х затрыманых на парадзе пляскалі і адварочваліся ад прэзыдэнта толькі 2—3 чалавекі, астатніх узялі ні за што".

На пытаньне, ці можна заўважыць у затрыманьнях журналістаў нейкую сыстэму або ўсё адбывалася больш рэфлекторна, Павал Сьвярдлоў адказаў:

"Затрыманьні насілі даволі выпадковы характар. Пасьля мяне ў аўтобус прывялі двух карэспандэнтаў нейкіх невялікіх ведамасных дзяржаўных газэтаў, зьвязаных з транспартам. Таксама міліцыянтаў не цікавіла, што гэта журналісты дзяржаўных выданьняў. Мяне, можа, затрымалі таму, што ў мяне прыкметная зьнешнасьць, але потым, калі даведаліся, што я журналіст, ужо ня сталі нічога спыняць. Журналісцкае пасьведчаньне ў Беларусі ужо не дазваляе сябе адчуваць у бясьпецы".

Увечары 3 ліпеня на плошчы ля чыгуначнага вакзалу ў Менску часова былі затрыманыя фотакарэспандэнтка Юлія Дарашкевіч і тэлежурналіст Алесь Баразенка, а таксама журналіст газэты "Белорусы и рынок" Ігар Ільяш.. Журналістаў таксама "вызваляў" асабіста прэс-сакратар ГУУС Аляксандар Ластоўскі. Калі Ластоўскі паведаміў Юліі Дарашкевіч, што яна можа быць вольнаю, журналістка адказала — "Па-вашаму, я павінна сказаць вам дзякуй?".

Іншыя прадстаўнікі міліцыі паводзілі сябе ня гэтак карэктна. Сумнавядомы намесьнік начальніка ГУУС Менгарвыканкаму Ігар Яўсееў асабіста адабраў у карэспандэнткі Радыё Свабода Галіны Абакунчык відэакамэру і перадаў яе сваім падначаленым, каб тыя зьнішчылі відэа.

Фотакарэспандэнтцы Ксеніі Авімавай разьбілі аб’ектыў фотакамэры. У Магілёве ў часе разгону шэсьця, на якое сабралася каля тысячы мінакоў, міліцыя арыштавала журналістаў, сябраў БАЖ Алеся Асіпцова і Ганну Ільіну. Асіпцова адпусьцілі позна ўвечары да серады, калі яго будуць судзіць, а Ільіна засталася на ноч у пастарунку. ...

Але рэкорд быў пастаўлены ў Гародні, дзе затрымалі 8 журналістаў і сябраў БАЖ: Алеся Дзянісава, Андрэя Фралова, Міколу Дзятчэню, Юрыя Гуменюка, Ігара Банцара, Ганну Наўмовіч, Гражыну Шалкевіч, Міхала Карневіча. Раніцай у панядзелак Ігар Банцар атрымаў 10 сутак арышту паводле клясычнага абвінавачаньня ў нецэнзурнай лаянцы.

Беларуская асацыяцыя журналістаў жорстка асуджае зьбіцьцё, затрыманьне і атручваньне сьлезацечным газам удзельнікаў акцыі супрацоўнікамі сілавых органаў 3 ліпеня ў Менску і іншых гарадах Беларусі.

Асаблівую ўвагу кіраўніцтва журналісцкага аб’яднаньне зьвяртае на брутальнае парушэньне правоў рэпартэраў, якія знаходзіліся на месцы падзеяў пры выкананьні службовых абавязкаў, мелі пры сабе журналісцкія пасьведчаньні і не маглі быць затрыманыя, аднак ня толькі апынуліся ў пастарунках, але і былі незаконна пазбаўленыя адзьнятага матэрыялу, а ў Гародні — яшчэ і адпраўленыя ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

"Інакш як гвалтоўнае ўмяшаньне ў дзейнасьць журналістаў расцэньваць гэтыя ўчынкі проста нельга, — кажа старшыня БАЖ Жана Літвіна. — Прадстаўнікі праваахоўных органаў не ўспрымаюць журналістаў як людзей, якія таксама выходзяць на працу".