Маці Мікіты Ліхавіда не выключае, што той зноў у карцэры

Ад Мікіты Ліхавіда тыдзень няма лістоў, і ягоная маці мяркуе, што ён зноў мог трапіць у карцар. Алесь Атрошчанкаў супраць таго, каб Эўропа гандлявалася зь беларускім рэжымам з-за палітвязьняў. «Зьміцер Дашкевіч быў штучна пастаўлены ва ўмовы, якія прывялі яго ў карцэр», — мяркуе Наста Палажанка. Зьміцер Бандарэнка яшчэ знаходзіцца ў турэмным шпіталі. Ва Ўфе прайшоў чарговы пікет у падтрымку Фёдара Мірзаянава і іншых беларускіх палітвязьняў.

Болей за тыдзень таму Алена Ліхавід атрымала апошні ліст ад сына Мікіты, калі той выйшаў пасьля чарговай адсідкі ў турэмным карцэры. Паколькі новых лістоў ад сына няма, жанчына не выключае новага пакараньня карцэрам:

«На наступным тыдні паедзем у калёнію з адвакатам. А пакуль ніякіх дадзеных пра яго не даюць і лістоў ад яго няма, што вельмі непакоіць. Баюся, што яго зноў кінулі ў „шыза“».
Ніякіх дадзеных пра яго не даюць і лістоў ад яго няма.

Мікіта Ліхавід ужо 4 разы быў у турэмным карцэры, бо адмаўляецца прызнаць сябе вінаватым і падпісаць паперу, што «стаў на шлях выпраўленьня». Актвіста руху «За свабоду» Мікіту Ліхавіда суд пакараў за Плошчу 3 гадамі зьняволеньня, а «Міжнародная амністыя» прызнала яго палітвязьнем. Адбывае пакараньне Ліхавід у Наваполацкай калёніі.

У карцэры ў калёніі ў Горках знаходзіцца і лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч, якога толькі на мінулым тыдні перавялі з жодзінскага ізалятара ў карантын горкаўскай калёніі. Намесьніца старшыні «Маладога фронту» Наста Палажанка мяркуе, што яе сябар трапіў у карцэр ў выніку мэтанакіраванай правакацыі:

«Гэта абсалютна зразумела, бо калі ў карантыне вядомаму чалавеку загадваюць памыць прыбіральню, гэта значыць, яго правакуюць на непадпарадкаваньне. Бо ў турме ёсьць пэўная гіерархія, пэўныя чэргі, а ў карантыне тым болей такога ня мусіць адбывацца ў прынцыпе».

Зьмітра Дашкевіча пакаралі 2 гадамі калёніі нібыта за хуліганства 18 сьнежня. Актывіст кажа, што яго наўмысна ізалявалі напярэдадні выбараў.

Каардынатар «Эўрапейскай Беларусі» Зьміцер Бандарэнка па-ранейшаму знаходзіцца на лячэньні ў рэспубліканскім турэмным шпіталі. У палітвязьня значныя праблемы са здароўем, яму цяжка хадзіць з-за хваробы хрыбетніка і ног.

«Мне ставяць па 2 кропельніцы штодня і даюць жменю пілюляў. Лепш ад гэтага толькі псыхалягічна. Усё ж ведаю, што знаходжуся пад кантролем дактароў. Але колькі тут будуць трымаць, ня ведаю, бо ўсё ж гэта лекары ў форме, і калі ім скажуць, тады і выпішуць. У адрозьненьне ад шпіталя цывільнага, тут ніхто нічога не тлумачыць. Спачатку лекарка казала, што будуць лячыць мяне тыдні два — месяц, але зараз бачу, што хочуць ад мяне пазбавіцца як мага хутчэй», — напісаў Зьміцер Бандарэнка ў лісьце дамоў.

Пасьля вялікага перапынку атрымала некалькі лістоў ад мужа Дар’я Корсак, жонка палітвязьня Алеся Атрошчанкава, былога прэсавага сакратара Андрэя Саньнікава. Атрошчанкава трымаюць у калёніі пад Віцебскам, Саньнікава — яшчэ на Валадарцы. Алесь Атрошчанкаў, як і ягоны былы начальнік Андрэй Саньнікаў, таксама супраць таго, каб Захад прапаноўваў беларускаму рэжыму крэдыты ў абмен на вызваленьне палітвязьняў.
калі зараз, у 21-м стагодзьдзі, тут пачнецца гандаль людзьмі, то гэта будзе здрада нашым продкам, якія аддалі жыцьці за свабоду краіны.

Дар’я Корсак: «Ён кажа, што наша гісторыя заўсёды была зьвязаная з барацьбой за свабоду. І калі зараз, у 21-м стагодзьдзі, тут пачнецца гандаль людзьмі, то гэта будзе здрада нашым продкам, якія аддалі жыцьці за свабоду краіны. Таму ён супраць увогуле нейкага гандлю. Тое ж, што казалі і Саньнікаў і Статкевіч у апошнім слове. Таму гэта недапушчальна».

У сталіцы Башкартастану Ўфе каля прадстаўніцтва беларускага пасольства прайшоў ужо трэці пікет у падтрымку беларускіх палітвязьняў і асабіста Фёдара Мірзаянава, якога ў Беларусі асудзілі на 3 гады зьняволеньня. Пікет зладзілі сваякі і знаёмыя Фёдара Мірзаянава, якія жывуць у Башкірыі. У інтэрнэце падчас абмеркаваньня навіны прагучалі заклікі да таварыстваў беларускай дыяспары ў Расеі далучацца да акцый салідарнасьці з палітвязьнямі Беларусі.

Фёдар Мірзаянаў

Фёдар Мірзаянаў
Нарадзіўся у 1990 годзе ў Баранавічах. У 2008 г. паступіў на факультэт мэнэджмэнту Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «эканамічная кібэрнэтыка».

Падчас выбарчай кампаніі быў у камандзе кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука.

Пасьля падзеяў 19 сьнежня адбыў 15 сутак адміністратыўнага арышту ў сьледчым ізалятары Жодзіна.

Пасьля арышту 25 студзеня 2011 г. яму было высунутае абвінавачваньне ва ўдзеле ў масавых быспадарках. Утрымліваецца ў ізалятары на вуліцы Валадарскага.

Мікіта Ліхавід


Мікіта Ліхавід
Нарадзіўся 27 траўня 1990 г. у Менску. Пасьля заканчэньня сярэдняй школы № 177 паступіў на юрыдычны факультэт недзяржаўнага Менскага інстытуту кіраваньня. Навучаўся завочна. Пасьля падзей 19 сьнежня, па словах кіраўніцтва факультэту, выключаны ня быў, але аўтаматычна трапіў у акадэмічны адпачынак (не пасьпеўшы здаць адзін залік з-за арышту), аднаўленьне зь якога ў бліжэйшыя 1—2 гады наўрад ці магчымае. Хоць у той жа час хлопцу прыйшло афіцыйнае запрашэньне на сэсію.

Актывіст руху "За свабоду". Затрыманы 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці, асуджаны на 15-суткавы арышт. 23 студзеня пастанова аб арышце скасаваная. Мікіта зрабіўся абвінавачаным па справе аб падзеях на плошчы Незалежнасьці.

Зьміцер Дашкевіч


Зьміцер Дашкевіч
Нарадзіўся 20 ліпеня 1981 г. у вёсцы Кушняры Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Да пяці гадоў жыў у Расеі на Далёкім Усходзе. Потым сям’я перабралася ў Старыя Дарогі. Там скончыў школу № 2. Вучыўся ў Гарадзенскім сельскагаспадарчым інстытуце. У 2001 годзе прыйшоў у "Малады фронт". Увосень 2001 г. быў адным з абаронцаў Курапатаў. Пазьней паступіў у Віленскі пэдагагічны ўнівэрсытэт на факультэт славістыкі. Быў абраны кіраўніком Менскай гарадзкой арганізацыі "Маладога фронту". Актыўны ўдзельнік і арганізатар масавых акцыяў і мерапрыемстваў. За сваю палітычную дзейнасьць неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці. У 2004 г. абраны старшынём "Маладога фронту".

Аляксандар Атрошчанкаў

Аляксандар Атрошчанкаў
Нарадзіўся 22 сакавіка 1981 г. у Менску. Вучыўся на факультэце міжнародных адносін у БДУ, быў выключаны за палітычную дзейнасьць.

У 2001—2006 гг. быў сябрам арганізацыі "Зубр", браў удзел у яе акцыях, бываў затрыманы.

10 гадоў працаваў карэспандэнтам сайту charter97.org.

Пасьля стварэньня грамадзянскай кампаніі "Эўрапейская Беларусь" быў яе прэс-сакратаром. На выбарах-2010 — прэсавым сакратаром штабу Андрэя Саньнікава.

Затрыманы 20 сьнежня 2010 г. у сябе дома. Зьмешчаны ў СІЗА КДБ, абвінавачваецца паводле артыкула 293 КК.

Зьміцер Бандарэнка

Зьміцер Бандарэнка
Грамадзкі актывіст, сябра ГА «БАЖ». Нарадзіўся ў Менску 28 верасьня 1963 году.

У 1984 г. скончыў Інстытут фізычнай культуры.

У 1995–1996 гг. працаваў на незалежным Радыё 101.2 FM, зачыненым уладамі.

Адзін з заснавальнікаў грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97», каардынатар грамадзянскай кампаніі «Эўрапейская Беларусь».

У часе прэзыдэнцкіх выбараў 2010 г. быў актывістам штабу кандыдата на прэзыдэнта Андрэя Саньнікава. Быў арыштаваны 20 сьнежня ва ўласнай кватэры і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. Першапачаткова ў дачыненьні да яго было высунутае абвінавачваньне па арт. 293 КК (масавыя непарадкі), які прадугледжвае пакараньне да 15 гадоў пазбаўленьня волі, аднак 4 красавіка яно было перакваліфікавана на больш мяккае.

Зьміцер Бандарэнка абвінавачваецца па ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Артыкул прадугледжвае пакараньне штрафам, або арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленьнем волі на той жа тэрмін.