«Пасьля танкаў — як па пральнай дошцы»

Падчас дзьвюх рэпэтыцый параду 27 і 30 чэрвеня па шэрагу вуліц Менску прайшлі танкі, пашкодзіўшы дарогі. Рамонтнікі зьбіраюцца падлічыць нанесеную шкоду пасьля параду, калі танкі праедуць трэці раз.

Паводле вайскоўцаў, парад будзе каштаваць ад аднаго да дзесяці грамаў каўбасы на аднаго жыхара. Аднак у Міністэрстве абароны не ўдалося высьветліць, ці ўлічваліся пры гэтым выдаткі на рамонт менскіх дарог, пашкоджаных танкамі, і хто наагул будзе яго аплачваць.Начальнік упраўленьня інфармацыі галоўнай управы ідэалягічнай працы ўзброеных сілаў Уладзімер Макараў цытаваў Янку Купалу і Ларысу Геніюш, але па сутнасьці пытаньня адзначыў:

«Ніякіх праблемаў няма і ня будзе. Ніякай праблемы адносна нейкай нібыта шкоды для Беларусі, для горада Менску, ніякай праблемы эканамічнай і гэтак далей тэхніка не прынясе. Усё будзе зроблена ў лепшым выглядзе. І таму ў нас парады былі, ёсьць і будуць».

«А хто будзе аплачваць рамонт дарог — Міністэрства абароны?»
Я ведаю, чаму вы задаяце гэтыя пытаньні. Бо галоўнае сьвята беларускай дзяржаўнасьці 3 ліпеня — гэта ня сьвята радыкалаў-апазыцыянэраў.

«У вас пытаньне мае цікавую падаплёку. Я ведаю, чаму вы задаяце гэтыя пытаньні. Бо галоўнае сьвята беларускай дзяржаўнасьці 3 ліпеня — гэта ня сьвята радыкалаў-апазыцыянэраў».

Кіроўцы таксовак абураюцца якасьцю дарог пасьля праезду танкаў. Адзін зь іх выказаў свае ўражаньні непадалёк ад Нацыянальнай бібліятэкі:

«Ну якая можа быць дарога? Дарогі наагул ніякай няма пасьля гэтых танкаў. Едзеш як па пральнай дошцы. Гэта яшчэ з таго году, калі яны яшчэ езьдзілі мінулы раз, такая дарога і засталася, а цяпер будзе яшчэ горш».

У дэпартамэнце «Белаўтадор» патлумачылі, што ў Беларусі па магістральных дарогах, па асфальтава-бэтонным пакрыцьці забаронены рух гусенічнага транспарту. Для такой тэхнікі трэба выкарыстоўваць адмысловыя гумовыя накладкі на гусеніцы, як гэта робіцца ў цывілізаваным сьвеце. Аднак у Беларусі іх няма, яны не закупленыя. У выніку псуецца пакрыцьцё і разьметка. Прычым разьметка — гэта самае таннае пытаньне. Колькі каштавалі рамонты дарог пасьля танкаў на ранейшых парадах, у Гаррамаўтадоры Менгарвыканкаму не паведамілі, спасылаючыся на розныя прычыны. Аднак вядома, што адзін кілямэтар якаснай дарогі каштуе каля мільёна даляраў. Ці будзе горад рамантаваць дарогі са свайго бюджэту?

Намесьнік гендырэктара прадпрыемства Анатоль Жамозьдзік: «Калі горад дасьць грошы. На гэта, відаць, павінны быць выдзеленыя грошы. Усё залежыць ад таго, якое будзе прынятае рашэньне і якая будзе нанесена шкода. Колькі будзе каштаваць, я не гатовы сказаць. Пасьля правядзеньня параду будзе зробленае абсьледаваньне спэцыялістамі і будзе складзены дэфэктны акт. І тады будзе падлічана, колькі гэта будзе каштаваць. Потым толькі будзем ведаць нанесеную шкоду».

Ці прызначаныя менскія вуліцы для танкаў?

Вядома, для гусенічнага транспарту не прызначаныя. Але гэта ж форс-мажор, вы ж самі разумееце.

«Вядома, для гусенічнага транспарту не прызначаныя. Але гэта ж форс-мажор, вы ж самі разумееце».

Кожны раз, як танкавая калёна праходзіць па Менску, яе суправаджае камунальны транспарт. Спадар Жамозьдзік распавёў, як гэта выглядае:

«Для таго каб меней падымаўся пыл, мы перад калёнай пускаем палівальна-мыечныя машыны, якія мочаць асфальт, сьледам ідзе калёна, пасьля мэханізаванай калёны зноў ідуць некалькі палівальна-мыечных машын, зноў змываюць. Пасьля ідуць трактары са шчоткамі, які ўвесь гэты пыл, мокры бруд зьмятаюць да борта. Пасьля шчотак зноў ідуць палівальна-мыечныя машыны. І апошні этап — гэта падмятальныя машыны „Брадвэй“, падмятаюць ля борта, зьбіраюць і вывозяць».


Танкі замест тралейбусаў.
Міліцыянты і салдаты вяртаюць на месца вывернуты гусеніцамі каналізацыйны люк.